КЛІ́МАВІЧЫ,

горад, цэнтр Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. За 124 км ад Магілёва. Чыг. станцыя на лініі Орша—Унеча. Аўтадарогамі звязаны з Крычавам, Касцюковічамі, Хоцімскам. 17,1 тыс. ж. (1998).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 14 ст. ў дакументах, звязаных з родам Асмалоўскіх. З пач. 17 ст. — паселішча ў Мсціслаўскім ваяв. ВКЛ. У 1626 тут заснаваны кляштар дамініканцаў. З 1720 К. належалі Бялецкім, з 1758 — Галынскім. З 1772 у складзе Рас. імперыі. З 1777 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. У 1781 атрымалі герб (у блакітным полі выява залатой пчалы). У 1850-я г. ў К. 3 гарбарні, 5 пач. навуч. устаноў, бібліятэка, бальніца, аптэка. У 1897—4714 ж., з іх 50,2% праваслаўных, 47,9% іудзеяў, 1,5% католікаў. У пач. 20 ст. 18 вуліц, 6 завулкаў, 2 плошчы, 750 будынкаў (7 мураваных), 3 царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы, 25 рамесных майстэрань, друкарня, 2 фатаграфіі, дзейнічалі жаночая і мужчынская гімназіі (гл. ў арт. Клімавіцкія гімназіі), 4 вучылішчы, бальніца, аптэка, б-ка. З ліп. 1924 цэнтр раёна. У 1929—30 праз К. пракладзена чыгунка. У 1939 у К. 9,6 тыс. ж. З 10.8.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў K. і раёне 1346 чал., дзейнічала Клімавіцкае камсамольска-маладзёжнае падполле. У 1959—11,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. (Клімавіцкі завод масла і сухога абястлушчанага малака, лікёра-гарэлачны, хлебапрадуктаў), металургічнай, буд. матэрыялаў (Клімавіцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Клімавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Клімавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры 19 ст.Клімавіцкая царква, жылы дом.

Горад Клімавічы. Забудова вуліцы Савецкай.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)