курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.
Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).
Я.В.Малашэвіч.
Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЫ́ЛА (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 4.1.1983),
бел. паэт, драматург.Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934—39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946—57) і час. «Полымя» (1957—72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972—78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А.Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (з. А.Бажко) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́КА,
орган зроку ў чалавека, пазваночных жывёл і многіх беспазваночных (членістаногія, галаваногія малюскі). У чалавека і пазваночных складаецца з вочнага яблыка, перыферычнага аддзела зрокавага аналізатара, які зрокавым нервам злучаны з мозгам, з ахоўных дапаможных органаў (вокарухальныя мышцы, арбіта, павекі, у наземных пазваночных таксама слёзны апарат). Сценка вочнага яблыка мае 3 абалонкі: склеру, якая ў пярэдняй частцы празрыстая (рагавіца), сярэднюю (складаецца з радужнай абалонкі, або радужкі, раснічнага цела і ўласна сасудзістай абалонкі) і сятчаткі. Жоўтая пляма, што знаходзіцца ў цэнтры сятчаткі, забяспечвае дыферэнцыраваны каляровы зрок, перыферыя сятчаткі — чорна-белы. Збоку ад жоўтай плямы выхад зрокавага нерва ўтварае сляпую пляму, дзе няма фотарэцэптараў. Поласць вока запоўнена святлопраламляльнымі асяроддзямі: хрусталікам, шклопадобным целам, унутрывочнай вадкасцю. Праз адтуліну ў радужнай абалонцы (зрэнку) прамяні святла ўваходзяць у вока і, праламляючыся на паверхні вочнага яблыка, у рагавіцы, хрусталіку і шклопадобным целе, сыходзяцца на сятчатцы, утвараючы на ёй адлюстраванне бачнага прадмета. Некаторыя прасцейшыя (напр., жгуцікавыя) маюць святлоадчувальную пляму — вочка; у многіх чарвей і ўсіх членістаногіх акрамя простых вочак развіваюцца парныя вочы, у многіх членістаногіх — фасетачныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎПТМАН ((Hauptmann) Герхард) (15.11.1862, Оберзальцбрун, цяпер г. Шчаўна-Здруй, Польшча — 6.6.1946),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у г. Брэслаў, Іенскім ун-це, вывучаў скульптуру ў Рыме (1883—84). З пазіцый натуралізму напісаны яго драмы «Перад усходам сонца» (1889), «Свята перамір’я» (1890); «Адзінокія» (1891), сац. п’есы «Возчык Геншэль» (1898), «Роза Бернд» (1903), «Пацукі» (1911) і сац.-гіст. драма «Ткачы» (1892; пра паўстанне сілезскіх ткачоў 1844). Аўтар сатыр. камедыі «Бабровае футра» (1893), гіст. трагедыі «Фларыян Геер» (1896; пра сял. паўстанне 1524—25). Цікавасць да гіст. і міфалагічных тэм, цяга да ірацыяналізму ў драмах «Зімовая балада» (1917), «Белы выратавальнік» (1920), раманах «Юродзівы Эмануэль Квінт» (1910), «Ерэтык з Сааны» (1918), «Востраў Вялікай маці» (1924). Драма «Перад захадам сонца» (1932) сцвярджае гуманіст. ідэалы. Аўтар аўтабіягр. тэтралогіі ў вершах «Атрыды» (выд. 1941—48) на сюжэт грэч. легенды. Яго негатыўныя адносіны да нацыянал-сацыялізму выявіліся ў фантаст. паэме «Вялікі сон» (1942). Нобелеўская прэмія 1912. П’есы Гаўптмана ставіліся на Беларусі: «Эльга» — т-рам імя Я.Купалы (1926), «Ткачы» — на Бел. тэлебачанні (1970).
Тв.:
Рус.пер. — Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1910—12;
Пьесы. Т. 1—2. М., 1959.
Літ.:
Сильман Т. Герхард Гауптман, 1862—1946. Л.;
М., 1958;
Герхард Гауптман: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. (1891—1983). Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),
бел.паэт. Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).
Тв.:
Калі далёка ты... Мн., 1979;
Я вас люблю... Мн., 1986;
Выбранае. Мн., 1988.
Літ.:
Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖЫ́НСКІ (Вацлаў Фаміч) (17.12.1889, паводле інш. звестак 12.3.1890, Кіеў — 8.4.1950),
расійскі танцоўшчык, балетмайстар. Брат Б.Ф.Ніжынскай. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1907).
У 1907—11 саліст Марыінскага т-ра. У 1909—13 і 1916—17 вядучы танцоўшчык Рускіх сезонаў за мяжой. Першы выканаўца гал. партый у Марыінскім т-ры: Белы раб («Павільён Арміды» М.Чарапніна), Раб («Егіпецкія ночы» А.Арэнскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна); у трупе Рускі балет Дзягілева ў спектаклях «Карнавал» на муз. Р.Шумана, «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава, «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера, «Пятрушка» І.Стравінскага, «Нарцыс» Чарапніна, «Сіні бог» Р.Ана, «Дафніс і Хлоя» М.Равеля і інш. Адрадзіў мастацтва мужчынскага танца, які спалучае высокую тэхніку скачка і піруэта з выразнасцю пластыкі і пантамімы, узбагаціў танц. лексіку і сродкі выразнасці. Сярод пастановак: «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912, гал. роля) і «Гульні» на муз. К.Дэбюсі, «Вясна свяшчэнная» Стравінскага (абодва 1913), «Тыль Уленшпігель» на муз. Р.Штрауса (1916). Аўтар «Дзённіка Ніжынскага» (Парыж, 1953; Масква, 1995). Яму прысвечаны балет «Ніжынскі, клоун божы» на муз. П.Чайкоўскага і П.Анры (1971, паст. М.Бежар), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979, паст. Дж.Ноймаер), драм. спектаклі, дакумент., маст. кіна- і тэлефільмы, опера.
Літ.:
Красовская В. Нижинский. Л.. 1974;
Нижинская Р. Нижинский // Сов. балет. 1989. № 6;
1990. № 1.
Л.А.Сівалобчык.
В.Ніжынскі ў балеце «Шэхеразада». Мастак Монтэ-Негра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЕЛЬ (лац. Niccolum),
Ni, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 28, ат. м. 58,69. Прыродны Н. складаецца з 5 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 58, 60—64; найб. пашыраны 58Ni (67,88%) і 60Ni (26,23%). У зямной кары 8∙10−3% па масе (гл.Нікелевыя руды). Мікраэлемент неабходны млекакормячым (у арганізме чалавека 5—13,5 мг Н.) і раслінам. Адкрыты швед. вучоным А.Кронстэтам у 1751 пры даследаванні мінералу купфернікелю (знешне падобнага на медзь). Назва ад ням. Nickel — злы горны дух, які быццам бы ўводзіў у зман гарнякоў, што здабывалі медзь.
Серабрыста-белы коўкі метал, tпл 1455 °C, tкіп 2900 °C, шчыльн. 8900 кг/м³; ферамагнетык (пункт Кюры 631 К). Хімічна малаактыўны; паводле ўласцівасцей падобны да жалеза і кобальту. Кампактны ў паветры, пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай монааксіду NiO. Бязводныя солі мінер. кіслот звычайна жоўтага колеру, гідраты — зялёнага (гл.Нікелю сульфат). Атрымліваюць электролізам раствораў солей і інш. метадамі; чысты парашкападобны — тэрмічным раскладаннем карбанілу Ni(CO)4 (гл.Карбанілы металаў). Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі (гл.Нікелевыя сплавы), а таксама для вырабу акумулятарных электродаў, спец.хім. апаратуры, як матэрыял для антыкаразійных пакрыццяў (гл.Нікеліраванне) і каталізатар многіх хім. працэсаў. Аказвае агульнатаксічнае ўздзеянне; выклікае захворванні насаглоткі, лёгкіх, дэрматыты, экзэмы, злаякасныя новаўтварэнні. ГДК у паветры (сярэднясутачная) для метал. Н., яго аксідаў і сульфату 0,001 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНА (лац. Platinum),
Pt, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 78, ат. м. 195, 08, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродная П. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 194—196, 198, найб. пашыраны 195Pt (33,8%) і 194Pt (32,9%) і 2 слаба радыеактыўных — 190Pt і 192Pt з перыядамі паўраспаду 6,9∙1011 і 1015 гадоў адпаведна. У зямной кары 5∙10−7% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе і ў выглядзе сплаваў і злучэнняў (гл.Плацінавыя руды). Даследаванні П. пачаліся ў сярэдзіне 18 ст., калі ісп. матэматык А. дэ Ульёа прывёз у Еўропу ўзоры металу з залатых радовішчаў Паўд. Амерыкі; назва ад ісп. platina, паменшанае ад plata — серабро.
Серабрыста-белы бліскучы пластычны метал, 1769 °C, каля 3800 °C, шчыльн. 21450 кг/м³. Мае высокую электраправоднасць. Хімічна інертны; раствараецца ў царскай гарэлцы, павольна — у гарачай сернай кіслаце і вадкім броме. Пры награванні ў паветры акісляецца, пры 400—500 °C узаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам, вугляродам, крэмніем. Утварае шматлікія комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюць пераважна ў аўтамабілебудаванні (сплаў П. з паладыем — каталізатар дапальвання выхлапных газаў), электратэхніцы і электроніцы (матэрыял эл. кантактаў), як каталізатар у арган. сінтэзе і каталітычным сінтэзе азотнай і сернай кіслот, а таксама для вырабу хім. апаратуры, лабараторнага посуду, ювелірных вырабаў і інш.
Літ.:
Платина, ее сплавы и композиционные материалы. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЫЙ (лац. Radium),
Ra, радыеактыўны хім. элемент II групы перыяд. сістэмы, ат н. 88, ат. м. 226,0254, адносіцца да шчолачназямельных металаў. У прыродзе трапляюцца ізатопы з масавымі лікамі 223, 224, 226, 228, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ізатоп 226Ra (перыяд паўраспаду 1600 гадоў, α-выпрамяняльнік); прадукт распаду Р. — радон. Рэдкі і рассеяны элемент; у зямной кары 10−10% па масе. Адкрыты ў 1898 П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры; назва ад лац. radius — прамень.
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 969 °C, шчыльн. 5500—6000 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны на барый, але больш актыўны. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з азотам, кіслародам (у паветры метал. Р. хутка пакрываецца цёмнай плёнкай з сумесі нітрыду і аксіду), вадой [утвараецца водарастваральны гідраксід Ra(OH)2 і вылучаецца вадарод], растворамі кіслот, галагенамі. Вылучаюць Р. у выглядзе хларыду RaCl, і інш. солей як пабочны прадукт перапрацоўкі уранавых руд (пасля вылучэння з іх урану; у рудзе на 1 т урану прыпадае не больш за 0,34 г Р.); метал. Р. атрымліваюць электролізам раствору RaCl2 на ртутным катодзе. Выкарыстоўваюць у медыцыне як крыніцу радону для радонавых ваннаў, у сумесі з берыліем у ампульных крыніцах нейтронаў, у геалогіі 228Ra для вызначэння ўзросту акіянічных асадкавых парод і мінералаў. Вельмі таксічны; дапушчальная канцэнтрацыя ў атм. паветры 226Ra 3,1∙10−5Бк/л.
Літ.:
Погодин С.А., Либман Э.П. Как добыли советский радий. 2 изд. М., 1977.