НАРАЧА́НСКІ АНДРЭ́ЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1901 з цэглы. Касцёл — прамавугольная ў плане 3-нефавая бязвежавая базіліка з 3-граннай апсідай, накрытая агульным 2-схільным дахам. Гал. фасад з 2-схільным шчытом расчлянёны слаістымі контрфорсамі на 3 часткі: цэнтральную са стральчатым парталам і акном-ружай і бакавыя, крапаваныя арачнымі нішамі. Стракаты сілуэт фасада ствараюць пластычна насычаныя фіялы контрфорсаў. Апсіда завершана трохвугольным гранёным шчытом і шатровай вежай-ліхтаром.

Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам і аркатурным фрызам. Каларыстычнае багацце дасягаецца высакаякаснай «адкрытай» цаглянай муроўкай насычанага чырвонага колеру і паліхромнай муроўкай цокаля, выкладзенага з вапнавых блокаў. Інтэр’ер дэкарыраваны арнаментальнай размалёўкай ракайльнага малюнка. Амбон, алтары і арган выкананы ў Вільні ў стылі неаготыкі, аздоблены разьбой і скульптурай. Побач з касцёлам стаіць званіца — помнік драўлянага дойлідства 19 ст. 4-граннае 3-яруснае зрубна-каркаснае збудаванне, завершанае шатровым дахам.

А.​М.​Кулагін.

Нарачанскі Андрэеўскі касцёл.

т. 11, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЙ БО́ЖАЙ МА́ЦІ САБО́Р Нотр-Дам дэ Пары

(Notre-Dame de Paris),

помнік ранняй франц. готыкі ў Парыжы. Пабудаваны ў 1163—1257 на в-ве Сітэ. 5-нефавая базіліка (даўж. 130 м, шыр. 108 м, выш. інтэр’ера 35 м) з кароткім трансептам, хорам з двайным абыходам і вянком капэл, 2 вежамі (выш. 69 м), што фланкіруюць зах. фасад. Для архітэктуры сабора характэрна спалучэнне рыс раманскага стылю (гарыз. чляненні фасадаў, часткова неапрацаваныя паверхні сцен, прастата арх. дэкору) з новым, гатычным разуменнем прасторы будынка і выкарыстаннем новых канструкцый (стральчатая арка, аркбутаны). Фрагментарна захаваліся вітражы (ружы зах., паўд. і паўн. фасадаў, 13 ст.) і скульптура (на фасадах, каля 1165—1225; у хоры, 13—14 ст.). Інтэр’ер і фасады перабудаваны ў 17—18 ст. Сабор значна падноўлены рэстаўрацыяй 19 ст. (арх. Ж.​Б.​Ласю, Э.​Э.​Віяле-ле-Дзюк). На ўзор П.Б.М.с. пабудавана многа храмаў у Францыі і інш. краінах. Іл. гл. да арт. Готыка.

т. 12, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЕ́Р (Robert) Юбер (22.5.1733, Парыж — 15.4.1808),

французскі мастак; прадстаўнік класіцызму. Чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (з 1767), ганаровы вольны супольнік Пецярбургскай АМ (з 1802). Вучыўся ў М.​Слодца і Ш.​Ж.​Натуара. Зазнаў уплыў Дж.Б.Піранезі. Працаваў у Парыжы. У 1754—65 жыў у Італіі. З 1784 захавальнік Луўра. Майстар «арх. пейзажа». Пісаў пераважна ант. руіны, паркавыя віды; часам у кантраст з грандыёзнай архітэктурай уводзіў жанравыя сцэнкі, што прыўносіла ў пейзаж элементы ракако. Творы вызначаюцца кампазіцыйнай свабодай, тонкасцю светапаветранай перспектывы, лёгкасцю і мяккасцю колеравых нюансаў: «Інтэр’ер храма Дыяны ў Німе», «Храм Юпітэра ў Рыме», «Гавань Рыпета ў Рыме» (1767), «Павільён з каскадам», «Піраміда Цэстыя» (абодва 1760-я г.), «Пейзаж з абеліскам» (1775), «Руіны» (1779), «Разбуральнікі гнёздаў», «Уцёкі» (абодва каля 1780), «Тэраса ў Марлі» (каля 1783) і інш. У 1775 прымаў удзел у рэканструкцыі Версальскага парку.

Літ.:

Дьяков Л.А. Гюбер Робер. М., 1971.

Л.​Ф.​Салавей.

Ю.Рабер. Уцёкі. Каля 1780.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1952, адкрыты ў 1954 (у 1962—64 не працаваў) у г. Рэчыца Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 377 м², больш за 21 тыс. экспанатаў асн. фонду, 3 аддзелы, выставачная зала (2002). Сярод экспанатаў каменныя і крамянёвыя прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 7—3 ст. да н.э. з археал. помнікаў раёна, скарбы манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай, інтэр’ер сял. хаты і нац. адзенне пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі ваеннай інтэрвенцыі 1918—20. калектывізацыю, рэпрэсіі 1930—50-х г., пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, злачынствы ням. фашыстаў, агучаная дыярама пра фарсіраванне сав. войскамі Дняпра на Пд ад Рэчыцы. У экспазіцыі матэрыялы пра землякоў — Герояў Сав. Саюза, удзельнікаў вайны ў Афганістане 1979—89, удзельнікаў ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС у 1986 і інш. Музей праводзіць выстаўкі твораў прафес. і самадз. мастакоў, вырабаў нар. ткацтва, дзіцячай творчасці, дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., выпускае буклеты пра гіст. мінулае горада і раёна.

І.​А.​Шафір.

т. 14, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ МАСТА́ЦКА-ПРАМЫСЛО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя В.​І.​Мухінай,

адна са старэйшых вышэйшых маст. навучальных устаноў Расіі. Засн. ў 1876 у Пецярбургу як Цэнтр. вучылішча тэхн. малявання барона А.​Л.​Штыгліца. У 1922 уведзена ў склад петраградскага Вышэйшага тэхн.-маст. ін-та. У 1945 адноўлена як Ленінградскае маст.-прамысл. вучылішча, з 1948 ВНУ, з 1953 імя Мухінай, з 1994 сучасная назва. Рыхтуе мастакоў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасцях: дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. афармленне і мадэліраванне вырабаў, інтэр’ер і абсталяванне, прамысл. мастацтва, манум.-дэкар. мастацтва, а таксама выкладчыкаў малявання і дэкар.-прыкладнога мастацтва для маст.-прамысл. школ. Мае ф-ты манум., дэкар.-прыкладнога і прыкладнога мастацтваў; аспірантуру. Створаны музей дэкар.-прыкладнога мастацтва. У розныя часы ў вучылішчы выкладалі П.​Бучкін, С.​Васількоўскі, Р.​Фрэнц, Г.​Савіна. Вучылішча скончылі бел. мастакі М.​Кірылаў, У.​Мурахвер, Л Мягкова, М.​Міхалап, А.​Някрасаў, С.​Палякоў, Л.​Панамарэнка, У.​Пракоф’еў, М.​Рыжанкоў, А.​Салаўёў, І.​Харламаў і інш.

т. 14, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАДЖ-МАХА́Л,

помнік індыйскай архітэктуры перыяду Вялікіх Маголаў на беразе р. Джамна за 2 км ад г. Агра. Пабудаваны ў 1630—52 (арх., верагодна, Устад-Іса і інш.) як маўзалей жонкі султана Шах-Джахана Мумтаз-Махал. У ім жа пахаваны і сам султан, звергнуты з трона і зняволены ўласным сынам. 5-купальны будынак (выш. з цэнтр. купалам каля 74 м) на платформе (выш. 7 м) з 4 мінарэтамі па вуглах. У плане мае выгляд квадрата са зрэзанымі вугламі. Абліцаваны белым паліраваным мармурам з інкрустацыяй з самацветаў. Фасады аздоблены стральчатымі аркамі, рэльефамі, аформлены парталамі-айванамі. Інтэр’ер маўзалея дэкарыраваны мазаікай з паўкаштоўных і каштоўных парод каменю, разьбой па белым мармуры. Надмагіллі абкружаны мармуровай шырмай ажурнай разьбы. Помнік валодае незвычайным акустычным эфектам. Каля Т.-М. знаходзяцца; саборная мячэць (1648) і гасцініца для паломнікаў, рэгулярны кіпарысавы сад з вадаёмам, каналамі і фантанамі. Маўзалей уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка.

Тадж-Махал.

т. 15, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

самасто́йнасць, ‑і, ж.

1. Незалежнасць, свабода ад чыйго‑н. уплыву, прымусу. Палітычная самастойнасць дзяржавы. □ На палях бітваў вырашаўся лёс сацыялістычных заваёў і дзяржаўнай самастойнасць народаў СССР. «Звязда». // Уласцівасць адрознівацца, вылучацца сваімі асаблівасцямі. Мінскі інтэр’ер ужо набыў права мастацкай самастойнасці. «Маладосць».

2. Уласцівасць і стан самастойнага. Развіццё самастойнасць і ініцыятывы навучэнцаў. □ Трымаўся.. [Янка] заўсёды як дарослы, і самастойнасць гэтая ішла да яго грубаватага сур’ёзнага твару, бліскучых вачэй і крыху сутулай постаці. Чарнышэвіч. // Сур’ёзнасць у паводзінах, адносінах да справы. Зіна, як дзяўчынка, заставалася дома за гаспадыню. Гэта яе прывучыла да работы. Але гэта і надало яе паводзінам залішнюю самастойнасць. Шыцік. Маруся бясконца смяецца. Дзесяты клас канчае, а ніякай самастойнасці. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАНАМАРЭ́НКА Леанід Фёдаравіч (н. 26.1.1937, в. Вятхінь Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.​І.​Мухінай (1957), Бел. тэатральна-маст. ін-т (1968). З 1957 працаваў на Мінскім фарфоравым з-дзе, з 1964 на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 на Мінскім маст. к-це. Працуе ў галіне керамікі. Для работ характэрны творчае засваенне традыц. форм нар. ганчарнага посуду, спалучэнне традыц. і сучасных спосабаў апрацоўкі матэрыялаў, стрыманая колеравая гама з падкрэсленымі прыроднымі ўласцівасцямі матэрыялу. Сярод твораў: сервізы «Авальны» (1957), «Восень» (1962), «Вяночак» (1970), кампазіцыі «Мара» (1972), «Салют» (1975), серыі дэкар. ваз «Па родных матывах» (1970—80-я г.), «Змрок» і «Ноч» (1964—84). З 1990-х г. займаецца белай керамікай (серыі «Зямля пад белымі крыламі», «Белыя сувеніры»). Аўтар дэкар. пластоў, дробнай пластыкі, акварэляў і інш. Аформіў інтэр’ер паліклінікі ў г. Маладзечна (1980), сталовую Мазырскага з-да меліярац. машын (1982), дзіцячую б-ку № 2 г. Мінска (1983) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Панамарэнка. З серыі «Белыя сувеніры». 1990-я г.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1964, адкрыты ў 1968 як школьны ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., з 1969 народны, з 1974 сучасная назва; з 1993 размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пл. экспазіцыі 297 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае аддзелы: жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх, мастака-партызана Г.Ф.Бржазоўскага, нас. пункты Пухавіцкага раёна, Вял. Айч. вайна, нар. побыт, знакамітыя людзі краю, прырода і экалогія. Сярод экспанатаў археал. і нумізмат. калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў-удзельнікаў грамадз. вайны 1918—20, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну на тэр. раёна, асабістыя рэчы землякоў — Герояў Сав. Саюза, дзярж. дзеячаў, кампазітараў, літаратараў і інш. У экспазіцыі музея інтэр’ер сял. хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго 19 — пач. 20 ст., калекцыі карцін Бржазоўскага, прылад працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі. Мае філіялы ў вёсках Блужа, Гарэлец і г. Мар’іна Горка.

А.​А.​Прановіч.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1976, адкрыты ў 1984 у г. Салігорск Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 310 м², больш за 9 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Мае 3 залы ў выглядзе шахтавых штрэкаў (мастак А.​В.​Клязовіч). Сярод экспанатаў каменныя прылады працы 2—1-га тыс. да н.э. з археал. раскопак на тэр. раёна, калекцыі прадметаў матэрыяльнай культуры сялян 19 — пач. 20 ст. (жорны, кросны, церніца, гліняны і драўляны посуд і інш.), нар. ткацтва, інтэр’ер сял. хаты, узоры нар. адзення, матэрыялы пра падзеі грамадз. вайны, калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу, пра мастака і пісьменніка Б.​Залескага, прыродазнаўца К.​Валасовіча. Экспазіцыя Вял. Айч. вайны прысвечана дзейнасці падполля і партыз. руху на Старобіншчыне, землякам Героям Сав. Саюза А.​А.​Жуку, В.​З.​Каржу, Л.​З.​Муравіцкаму, Дз.​С.​Наруцкаму, А.​К.​Стампкоўскай, героям вайны братам М. і І. Цубам. У асобным раздзеле пра гісторыю Салігорска дэманструюцца прылады працы шахцёраў, узоры калійных солей. У зале прыроды чучалы птушак, жывёл, калекцыі насякомых рэгіёна. Музей ладзіць выстаўкі мясц. майстроў керамікі, ткацтва, саломапляцення, калекцый прадметаў этнаграфіі і інш.

З.​В.​Рамановіч.

т. 14, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)