ЖЫВА́Я БАТЛЕ́ЙКА, батлея,

выкананне асобных сцэн ці цэлых паказаў батлейкі жывымі ўдзельнікамі. Паказы Ж.б. вядомы на Беларусі, Украіне (жывы вяртэп) і ў Польшчы. Належыць да каляднага цыкла нар. паказаў. Узніклі са спробы «ажывіць» асобныя батлеечныя сцэны, найчасцей самую папулярную «Мацей і доктар». У Ж.б. часам па традыцыі выкарыстоўвалі і ўласна батлейку: яе ўносілі і ставілі на стол у пачатку ці ў канцы паказу. Усяго ў паказах Ж.б. ўдзельнічала каля 10 персанажаў. У іх захоўвалася характэрная для Каляд і ўсяго гэтага цыкла асаблівая вольная карнавальная атмасфера, святочны вясёлы настрой удзельнікаў і гледачоў. П’еса «Цар Ірад» Ж.б. была першай нар. драмай, на ўзор якой складзена папулярная нар. драма «Цар Максімілян». Гэта пацвярджае блізкасць паказаў лялечнай, Ж.б. і нар. драмы: формай, зместам і выканальніцтвам паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна фактычна не адрозніваліся.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ (Аляксандр Якаўлевіч) (н. 5.10.1944, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія),

расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1983). Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў Далёкаўсходні ін-т мастацтваў (1969, г. Уладзівасток). З 1970 у Саратаўскім драм. т-ры, з 1980 у Маскоўскім т-ры імя М.​Ярмолавай, з 1985 у Малым т-ры. Творчая манера М. адметная рамантычнасцю, мяккім лірызмам, глыбінёй псіхал. характарыстык, шчырасцю і арганічнасцю: Дорн і Міхаіл Львовіч («Чайка» і «Лясун» А.​Чэхава), цар Іван Васілевіч («Цар Іаан Грозны» А.​Талстога), Канстанцін («Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава), Джэймс («Доўгі дзень адыходзіць у ноч» Ю.​О’Ніла) і інш. З 1974 здымаецца ў кіно: «Прыезджая» (1978), «Выкраданне «Савойі» (1979), «Белы снег Расіі» (1980), «Белы воран» (1981), «Мужыкі!» (1982, Дзярж. прэмія Расіі 1983), «Адзінокім даецца інтэрнат» (1983), «Каханне і галубы» (1984), «Змеялоў» (1985), «З новым шчасцем...» (1999, тэлефільм) і інш.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мура́шка ’насякомае з атрада перапончатакрылых, Formicidae’ (ТСБМ, Гарэц., Мядзв., Зн., Яруш., Сцяшк., Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), мура́ш ’тс’ (ТСБМ, Нар. Гом.), мура́шкі ’месца, дзе многа мурашыных купін’ (Янк.), мура́шка‑пумпа́шка ’божая кароўка’, рус. арханг. мура́ш ’мурашыны цар’, ярасл. мураша́ ’усялякія дробныя кузуркі’, томск. мурашек ’мурашка’, кіргізск. мура́шка — аб нечым бурым, рыжым; польск. muraszka, muraśka ’мурашкі’ пашырыліся аж на Мазуры з бел. моўнай тэрыторыі (Зданцэвіч, Бел.-польск. ізал., 39). Утворана ад му́раха (гл.) пры дапамозе памяншальнага суфікса ‑ьk‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АШО́КА,

старажытнаіндыйскі цар, правіцель Магадхі [268—232 да нашай эры]. З дынастыі Маур’я. Праводзіў палітыку ўмацавання аб’яднанай інд. дзяржавы, якая ахоплівала амаль усю Індыю, вобласці Афганістана і Пакістана. Захаваліся яго ўказы, высечаныя на скалах, калонах, у пячорах. Садзейнічаў пашырэнню будызму ў Індыі і за яе межамі. Эпоха кіравання Ашокі адзначана развіццём інд. культуры, архітэктуры, пісьменства.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАШЭ́С I, Артаксій (? — 160 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай [189—160 да н.э.]. У 190 узначаліў паўстанне армян супраць Селеўкідаў, абвясціў незалежнасць дзяржавы і стаў заснавальнікам дынастыі Арташэсідаў. Умацаваў і пашырыў свае ўладанні, сталіцу з Армавіра перанёс ў пабудаваны ім г. Арташат. Правёў рэформу, якая ўмацавала прыватную ўласнасць на зямлю.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭЛ, Бел,

у акадскай міфалогіі абазначэнне некат. багоў, найперш Энліля. У г. Пальміра (Сірыя) — вярхоўнае бажаство, уладыка свету, галава трыяды багоў, часам эпітэт бога зямлі Арцу ці Арду. У грэч. міфалогіі — цар Егіпта, сын Пасейдона і німфы Лівіі. Належыць да персанажаў, якія не маюць развітой міфалагічнай біяграфіі, але з’яўляюцца родапачынальнікамі пакаленняў будучых герояў.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I ГЕО́РГІЕВІЧ (? — 1511),

цар Кахетыі [1492—1511]. У пошуках саюзнікаў у барацьбе супраць пагрозы тур. і іран. набегаў на Кахетыю аднавіў сувязі груз. зямель з Рус. дзяржавай. На пач. 16 ст. стаў васалам іран. шаха Ісмаіла I. Забіты ўласным сынам Гіоргі ў выніку інтрыг, звязаных з барацьбой за Грузію паміж Турцыяй і Іранам.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР II (? — 1605),

цар Кахетыі [1574—1605]. Пашырыў гандлі. сувязі з краінамі Еўропы і Азіі, умацоўваў цэнтр. ўладу. Для ўмацавання абароны краіны аднаўляў гарады-крэпасці і манастыры, набываў у Маскве зброю, выпісваў пушкароў і збройнікаў. Шукаючы збліжэння з Расіяй, у 1587 прыняў прысягу на вернасць цару Фёдару Іванавічу. Забіты ўласным сынам Канстанцінам па загадзе іран. шаха Абаса.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГІС IV (каля 262—241 да н.э.),

цар Спарты [245—241 да н.э.]. Правёў шэраг рэформаў для паляпшэння становішча грамадзян (касацыя даўгоў, перадзел зямлі, павелічэнне колькасці паўнапраўных грамадзян за кошт перыэкаў) і аднаўлення ваен. моцы дзяржавы. Разагнаў эфораў, адкрыў даўгавыя турмы і спаліў даўгавыя дакументы. Абвінавачаны ў імкненні да тыраніі і пакараны смерцю.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС II Мнемон,

персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.​Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)