франтавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да фронту (у 2, 3 знач.). Франтавы аэрадром. □ Даўно не бачыўся я з ёю [бярозкай] — З тае юнацкае пары, Калі дарогай франтавою Выходзіў з вёскі на зары. Прыходзька. Не інакш як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык. // Звязаны з дзейнасцю фронту (у 3 знач.), франтавікоў, прызначаны для патрэб фронту, франтавікоў. Франтавыя заказы. □ Выступленні камандуючых франтамі зводзіліся да таго, як яны думаюць вырашаць свае франтавыя задачы. «Звязда». // Які абслугоўвае фронт (у 3 знач.); які знаходзіцца на фронце. Франтавы друк. □ З другой паловы ночы загаварыла па-нямецку франтавая радыёстанцыя. Навуменка. Са здымкаў і архіўных і сямейных Сыны далёкіх франтавых палкоў На незнаёмых пажылых ваенных Глядзяць цяпер вачыма хлапчукоў. Чэрня. // Які ўжываецца, прыняты на фронце; уласцівы франтавікам. Сяргей падумаў: «Цікава, які гэты чалавек быў у акопах?» У яго была яшчэ свая, франтавая мерка да ўсяго. Чыгрынаў. // Такі, што ўзнік на фронце (у 3 знач.), прысвечаны фронту, пасланы з фронту. Франтавое прывітанне. □ Навекі слава нашым генералам І пяцікутнай зорцы агнявой, І зброі, што Радзіма вартавала, І непарушнай дружбе франтавой. Панчанка. // Такі, які бывае на фронце (у 3 знач.), які нагадвае фронт. Пойдуць размовы пра франтавыя і партызанскія будні, пра памятныя выпадкі ў жыцці, пра сённяшняе і заўтрашняе. Хадкевіч. У грозным франтавым агні Адны мы зносілі нягоды І разам волю ў тыя дні Мы здабывалі назаўсёды. Тарас.

2. Уст. Страявы. Франтавая выпраўка.

3. Спец. Пярэдні, франтальны. Застыла праменямі на франтавой сцяне цырульні Ёшкі, — сонца яснае, спакойнае. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напра́мак, -мку, мн. -мкі, -мкаў, м.

1. Лінія руху, бок, у які накіраваны рух, дзеянне.

Ісці ў паўночным напрамку.

Змяніць н.

2. перан. Шлях развіцця чаго-н.

Н. развіцця краіны.

3. Участак фронту.

Баі на заходнім напрамку.

4. Грамадская, навуковая і інш. плынь.

Рэалістычны н. у літаратуры.

5. у знач. прысл. напра́мкам. У кірунку да чаго-н.

Пайсці напрамкам да лесу.

Браць (узяць) напрамак — пачынаць рухацца, ісці ў якім-н. напрамку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БЯРЭ́ЗІНСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1920,

баявыя дзеянні на Беларусі войск Зах. фронту Чырв. Арміі ў грамадз. вайну. Гл. ў арт. Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920.

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЛЮ́БАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (29.5.1900, г. Чэбаксары, Чувашыя — 28.2.1956),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў акадэміі Ваен. імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з мая 1944 нач. штаба 2-га Бел. фронту. Прадуманы Багалюбавым план дзеянняў і ўмелае кіраванне штабамі злучэнняў войскаў фронту ў Беларускай аперацыі 1944 спрыялі поспеху ў разгроме праціўніка на магілёўскім напрамку. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НСКІ ФРОНТ.

Утвораны 16.8.1941, пасля 2 расфарміраванняў зноў утвораны 29.3.1943 на зах. напрамку. Камандуючыя ген.-палк. М.​А.​Рэйтар (29.3—5.6.1943), ген. арміі М.​М.​Папоў (з 6.6.1943); чл. ваен. савета ген.-лейт. І.​З.​Сусайкаў, з 7.7.1943 ген.-лейт. Л.​З.​Мехліс; нач. штаба ген.-лейт. Л.​М.​Сандалаў. У склад фронту ў розны час уваходзілі 3, 50, 61, 63, 11-я гв. агульнавайсковыя, 3-я гв. і 4-я танкавыя, 15-я паветр. арміі. Войскі фронту прымалі ўдзел у Курскай бітве 1943, правялі Бранскую аперацыю 1943. 10.10.1943 фронт расфарміраваны.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Уладзімір Саламонавіч) (14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

левафланго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, размяшчаецца на левым флангу. Левафланговы ўчастак фронту.

2. у знач. наз. левафланго́вы, ‑ага, м. Той, хто знаходзіцца на левым флангу і замыкае рад, шарэнгу. Левафланговым ва ўзводзе за свой невялікі рост быў чырвонаармеец Чыжык. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЯЛГРА́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.​І.​Талбухін), левага крыла 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.​Я.​Маліноўскі), Дунайскай ваеннай флатыліі (адм. С.​Г.​Гаршкоў), войск Айч. фронту Балгарыі і Народна-вызв. арміі Югаславіі (маршал І.​Броз-Ціта) па вызваленні Усх. і Паўн. Югаславіі і Бялграда ад ням.-фаш. захопнікаў у 2-ю сусв. вайну. Праведзена 28 вер. — 20 кастр.

У ходзе бялградскай аперацыі разбіты ням. аператыўная група «Сербія» і гал. сілы армейскай групы «Ф» (13 дывізій і брыгад), 6 дывізій групы армій «Е», вызвалены г. Бялград (20 кастр.), тэр. Сербіі і створаны перадумовы для вызвалення ўсёй Югаславіі і Албаніі. Праціўнік страціў каля 45 тыс. забітымі і палоннымі. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 18 380 чал. (з іх забітымі 4350 чал.). 13 сав. воінам прысвоена званне Народнага героя Югаславіі. 20 злучэнням і часцям, якія найб. вызначыліся ў бялградскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Бялградскіх».

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га Бел. фронту (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) 5—20 ліпеня; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 11-я гв., 31, 33, 39, 5-я гв. танк., 1-я паветр. арміі, у складзе апошняй франц. знішчальны авіяполк «Нармандыя», 3-і гв. механіз., 3-і гв. кав. карпусы. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы наступаць у агульным напрамку на Вільнюс, Каўнас, вызваліць Вільнюс і Ліду, фарсіраваць Нёман і захапіць плацдармы на яго беразе. У ходзе аперацыі пры ўзаемадзеянні з бел. і літ. партызанамі вызвалены Валожын, Маладзечна (5 ліп.), Івянец (6 ліп.), Гальшаны, Ашмяны, Юрацішкі (7 ліп.), Іўе (8 ліп.), Ліда (9 ліп.), Вільнюс (13 ліп.), правабярэжная частка Гродна (16 ліп.), створаны спрыяльныя ўмовы для выхаду войск 3-га Бел. фронту да граніц з Усх. Прусіяй. 20 часцям і злучэнням фронту нададзена ганаровае найменне «Віленскіх», 13 — «Маладзечанскіх», 4 — «Лідскіх».

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».

У.​І.​Лемяшонак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)