перарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Разарваць, раздзяліць надвае, на часткі. Перарваць дрот. / у безас. ужыв. Трос перарвала, як нітку. Мележ.

2. што. Перапыніць, спыніць на некаторы час якое‑н. дзеянне, развіццё чаго‑н. Перарваць штодзённую работу. □ Апошняя вайна надоўга перарвала перапіску паміж сёстрамі. Васілевіч. // што. Парушыць які‑н. стан, працэс. Перарваць маўчанне. Перарваць сон. □ І раптам песню перарваў гучны і радасны крык. Шамякін. Змрочныя думкі Грыбоўскага перарваў лёгкі трэск галінак. Курто. // каго. Перабіць чыю‑н. размову, гутарку. — Хто там? — адразу перарваў сам сябе на няскончаным слове Скуратовіч. Чорны.

3. што. Разарваць, парваць на часткі ўсё, многае. Перарваць усе ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Рэзкія кароткія і частыя, падобныя на трэск гукі, якія ўтвараюць насякомыя і некаторыя птушкі. [Восы] ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў. Лынькоў. Вось з яго, гэтага строкату конікаў, пчалінага звону і шапацення траў складалася песня лета. Грамовіч. / Пра гукі, якія ўтвараюцца маторам, кулямётам і пад. Зранку строкатам касілак Абудзіў лугі народ. Бялевіч. Цішыню ўскалыхнуў дружны строкат кулямётаў. Сіняўскі. // перан. Хуткая несціханая гутарка, балбатня. Быў спалоханы строкат — і охі, і ахі, калі вярнулася з бульбай кухарка; было вялікае здзіўленне на аднолькава поўных і разгубленых тварах стандартных братоў, — нага палоннага распухла яшчэ больш. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траскатня́, ‑і, ж.

1. Працяжны трэск, шум, стук чаго‑н. Затым пачулася траскатня матацыкла. Брыль. Усю ноч не змаўкае ў прыбярэжных зарасніках траскатня чарацянак. Самусенка.

2. перан. Бясконцая балбатня, размовы. Я ўжо ведаў — звалі яе Раісай Пятроўнай, а дасціпныя жыхары дома, за яе лёгкі язык і траскатню, далі мянушку — Райка-балалайка. Ракітны. // Пустаслоўе. [Сітнік:] — Я не прыхільнік вершаў, бо часам у іх многа фальшу і траскатні, але адзін з іх неяк сам мне ў душу ўлез. Ермаловіч. Век жыві спакойна ды разумна. Не, не так. На сэрцы — неспакой: Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хра́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Зламацца, пераламацца з хрустам, трэскам. [Базыль:] — Можа, у вас шворан ёсць, а то мой храснуў на грэблі, відаць, не даеду... Броўка. // Утварыць хруст, трэск. Штосьці храснула, нібы зламалася пад нагой сухая галінка, і вартавыя курчыліся ўжо на зямлі. Бураўкін. / у безас. ужыв. Пятрок што мае сілы ўпёрся плячом у борт, ад натугі аж храснула ў паясніцы. Хадановіч.

2. Разм. груб. Моцна стукнуць, выцяць. Не памятаючы, што раблю, узняў дручок і храснуў ім не то па кані, не то па жаўнер у. Сяргейчык. [Галя:] — А тады як храсне гэтая бутэлька.. [немцу] па галаве, ён і кулямёт выпусціў. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэ́снуць ‘ударыць, стукнуць’ (Шымк. Собр., Яруш., Касп., Вушац. сл., Бяльк., ТС), ‘лопнуць, раскалоцца’ (Бяльк., Скарбы), ‘стукнуць, грукнуць’ (Ласт.), ‘стукнуць, пацэліць’ (пра гром, маланку)’ (Мат. Маг. 2, Сержп. Прымхі): kab ćabʼé pʼerún trésnuŭ (zabíu, uźaŭ) (зах.-бел., Маш. Atlas). Аднакратны дзеяслоў да трэскаць (гл. трэск), выводзіцца з прасл. *trěsknǫti (ESJSt, 16, 980), параўн. укр. трі́снути ‘трэснуць, стукнуць’, рус. тре́снуть ‘лопнуць, стукнуць, выдаць моцны гук (пра гром і пад.)’, польск. trzasnąć ‘тс’, чэш. třesknouti ‘тс’, славац. tresknuť ‘тс’, балг. тресна ‘тс’, макед. тресне ‘тс’, ст.-слав. трѧснѫти ‘тс’. Утворана на базе гукапераймальнага *tresk‑, як і літ. treškė́ti ‘лопаць, трэскаць’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́тартрэск’, ‘рэха’: як даў, аж трэтар пайшоў (Касп.; полац., Волк.; в.-дзв., Шатал.), ‘водгалас, водгук, розгалас’ (Вушац. сл.; полац., Нар. лекс.), ‘шум, гвалт, піск’ (рас., Шатал.). Ca ст.-польск. treta, treter ‘шум, шуміха, гармідар, замяшанне, блытаніна, разброд’ (XVI ст.), якое разглядаецца як метафарычнае да першаснага treta ‘рынак, рыначная плошча’, што да ням. tret ‘тс’ (Вінцэнц). Няпэўна. Відаць, не звязанае са ст.-слав. тръторъ (трътъръ), што перадавала грэч. ταρταρος ‘апраметная, пекла’ (СССл.), аднак, паводле Рачавай (Slavia, 79, 1, 106), роднаснае ц.-слав. трътрати ‘выдаваць гук’, балг. търторя ‘балбатаць, мармытаць’, славен. triráti ‘тс’ і іншым гукапераймальным дзеясловам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́шчыцца ‘ўглядацца’ (Юрч. СНЛ). Відаць, першапачатковае значэнне ‘шырока раскрываць, вылупліваць, вытрэшчваць вочы’, гл. вы́трашчыць. Слова з праблемнай этымалогіяй, параўн. рус. таращить (глаза) ‘напружана ўглядацца’, для якога Фасмер (4, 23) дапускае сувязь з трахнуть ‘стукнуць, трэснуць’, гл. трахаць. Борысь (720) на аснове чэш. třeštit ‘шалець, выходзіць з сябе’, ‘вылупліваць вочы’, дыял. treščit ‘стукаць’, ст.-чэш. treščiti ‘грукаць, трашчаць, лятаць з трэскам’, славац. trieštiť ‘разбіваць’, харв. і серб. старое trieštiť ‘трэснуць, ударыць (пра гром)’, славен. treščiti ‘выклікаць трэск, грукат’, ‘стукаць (пра маланку)’, ‘кідаць раптоўна, шпурляць’ мяркуе, што першаснае значэнне магло быць ‘адкрываць з трэскам’ (вобразна і пра вочы). Гл. трашчаць, трэснуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разда́цца 1, ‑дасца; ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

Прагучаць, пачуцца. Зусім недалёка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Над шалашом раздалася дзіўная песня. Якімовіч.

разда́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

1. Стаць большым, шырэйшым, расшырыцца. Яўген наліваецца сілаю, раздаўся ў плячах. Карпаў. Цьмяным перламутрам пачалі адсвечваць кусты арэшніку, пупышкі на ім крыху раздаліся і выпусцілі малінавыя зорачкі цвету. Лужанін.

2. Расступіцца, рассунуцца, утварыўшы прастору ў сярэдзіне. Народ раздаўся ў бакі.

3. Раскалоцца, раздзяліцца. І трэск аўтаматаў яшчэ не замоўк, Калі разарваўся На купіне мох, — Як бы раздалася Яна папалам, І ўстала дзяўчына З гранатаю там. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трашчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараюць трэск, шум, стук, лёскат. — Ну, хоць бы з парачку трашчотак! — Гаворыць дзядзька: — Ну, нічога, І так мы зробім шуму многа І ўсім зайцам задамо страху! Колас. Адно вартаўнікі хадзілі па вуліцы ды бесперастанна трашчалі трашчоткамі. Чарот. // Ударны музычны інструмент, які складаецца з набору драўляных дошчачак.

2. перан. Разм. Той (тая), хто многа, не сціхаючы, гаворыць; балбатун (балбатуха). — Ды што вам гаварыць, трашчоткам, — стары чамусьці раззлаваўся, махнуў рукой і лёг на печы. Шамякін.

3. Машына для ачышчэння насення лёну.

4. Спец. Прыстасаванне для свідравання адтулін у цяжкадаступных месцах або з вялікім дыяметрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храп 1, ‑у, м.

1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.

2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.

храп 2, ‑а, м.

Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)