ІСКРАВЫ́ РАЗРА́Д, іскра электрычная,

нестацыянарны электрычны разрад у газе, які ўзнікае ў эл. полі пры цісках газу парадку атмасфернага (некалькі соцень кілапаскаляў). Адрозніваецца звілістай разгалінаванай формай і хуткім развіццём (каля 10​−7 с), суправаджаецца характэрным гукавым эфектам («трэск» іскры). Т-ра ў гал. канале І.р. дасягае 10​4 К. Разрад паўтараецца, калі напружанне пасля амаль імгненнага спаду зноў дасягае велічыні напружання прабою. Пры дастатковай магутнасці крыніцы напружання І.р. пераходзіць у дугавы (электрычную дугу) або тлеючы разрад. У прыродных умовах найчасцей назіраецца ў выглядзе маланкі.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)