ГЕМАТАКСІЛІ́Н (ад гемата... + грэч. xylon драўніна),

фарбавальнік расліннага паходжання. Атрымліваюць экстракцыяй эфірам з драўніны кампешавага дрэва. Выкарыстоўваюць у мікраскапічнай тэхніцы для афарбоўкі раслінных і жывёльных тканак у сіні і сіня-чорны колер.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГАТУ́РА ў медыцыне,

нітка, завязаная вакол крывяноснага, лімфатычнага сасуда ці інш. трубчастых органаў для спынення кровацячэння ці яго папярэджвання, злучэння органаў і тканак. Выкарыстоўваюць шоўк, кетгут, лаўсан, капрон, конскі волас і інш.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМАРАЖЭ́ННЕ,

пашкоджанне тканак арганізма ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Абмаражэнню садзейнічаюць высокая вільготнасць халоднага паветра, слабая супраціўляльнасць арганізма, цесныя абутак і адзенне.

Адрозніваюць 4 ступені абмаражэння: 1-я — сінюшная ацёчная скура, боль і сверб; 2-я — пашкоджанне паверхневага слоя скуры, вадзяныя пухіры; 3-я амярцвенне скуры і падскурнай клятчаткі, крывяністыя пухіры; 4-я — амярцвенне мяккіх тканак і касцей. Лячэнне: 1-я і 2-я ступені — саграванне (вадзяныя ванны з т-рай 18—20 °C, потым 35—40 °C з адначасовым масажам; фізіятэрапія — сухое цяпло, кварцавае апрамяненне); 3-я і 4-я ступені — хірургічнае. Прафілактыка: загартоўванне арганізма, зручнае адзенне і абутак, своечасовая дапамога пры першых прыкметах абмаражэння.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРМІНА́ЦЫЯ (ад лац. determinatio абмежаванне, вызначэнне) у эмбрыялогіі ўзнікненне якасных адрозненняў паміж часткамі зародка на стадыях развіцця, якія папярэднічаюць з’яўленню ў іх марфалагічна выразных закладак органаў і тканак; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Вылучаюць Д. тканкавую (спецыфічнасць тканак) — абумоўленую філагенетычна ўласцівасць тканкавых структур змяняцца пад уплывам розных уздзеянняў у акрэсленых межах, захоўваючы якасныя адрозненні адна ад адной і Д. полу, якая абумоўлена наяўнасцю Y-храмасомы. Д. прыводзіць да марфалагічна бачнай дыферэнцыроўкі. На Д. арганізма, які развіваецца, асн. ўплыў аказваюць генетычныя фактары, з’явы экспрэсіі генаў пад уплывам індукцыйных уздзеянняў, уплыў навакольнага асяроддзя, узаемадзеянне клетак і ўзровень інтэграцыі цэласнага арганізма.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,

хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў тканках жывёльных і раслінных арганізмаў у адносна высокіх канцэнтрацыях (10​−2% і вышэй). Да М. адносяцца кісларод, вадарод, вуглярод, азот, кальцый, фосфар, натрый, калій, сера, хлор, магній; з іх утвораны неарган. (мінер. солі, вада) і арган. (бялкі, нуклеінавыя к-ты, тлушчы, вугляводы) рэчывы. Неарган. рэчывы ўдзельнічаюць у фарміраванні цвёрдых тканак (косці, зубы), уваходзяць у склад ферментаў, гармонаў, вітамінаў, нуклеінавых к-т. Разам з вадой мінер. рэчывы фарміруюць у арганізме асяроддзе, у якім працякаюць хім. рэакцыі. Арган. рэчывы ўдзельнічаюць у пабудове мяккіх тканак і клетак крыві. М. паступаюць у арганізм з ежай, вадой, паветрам.

М.​К.​Кеўра.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ЛЕЖАНЬ,

амярцвенне (некроз) мяккіх тканак (скуры з падскурнай клятчаткай, слізістай абалонкі, сценкі полага органа або крывяноснага сасуда) у выніку нейратрафічных расстройстваў і парушанага кровазвароту. Адрозніваюць П. экзагенныя (ад працяглага, інтэнсіўнага сціскання тканак; бываюць вонкавыя і ўнутр.) і эндагенныя (у цяжкахворых, якія доўгі час ляжаць нерухома; у хворых з хранічнымі парушэннямі нерв. сістэмы ад кантузіі спіннога мозга, кровазліцця ў мозг, пашкоджання буйных нерв. ствалоў). Узнікаюць П. на крыжы, лапатках, пятачных буграх, інш. костачках. Калі некратызаваныя тканкі адпадаюць, утвараюцца і доўга не зажываюць язвы. П. можа ўскладняцца гнойнай інфекцыяй. Лячэнне: мазевыя павязкі, агульнаўмацавальныя сродкі. П. бывае і ў аслабленых жывёл пры працяглым вымушаным ляжанні.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэгенера́цыя, -і, ж. (спец.).

1. Ператварэнне шляхам пэўных аперацый адпрацаваных прадуктаў у зыходныя прадукты для паўторнага іх выкарыстання.

Р. адпрацаваных масел.

2. Награванне газу і паветра, што паступаюць у печ, адпрацаванымі прадуктамі гарэння.

3. Аднаўленне арганізмам страчаных або пашкоджаных органаў, тканак, клетак, а таксама аднаўленне цэлага арганізма з яго часткі.

Р. хваста яшчаркі.

|| прым. рэгенерацы́йны, -ая, -ае і рэгенераты́ўны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мярцве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

1. Страчваць прыкметы жывога, станавіцца мёртвым.

2. Страчваць чуллівасць; нямець.

Мярцвеюць рукі ад холаду.

3. перан. Рабіць пустынным, змярцвелым.

Мярцвее лес.

|| зак. змярцве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 2 і 3 знач.), амярцве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е, абмярцве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 2 і 3 знач.) і памярцве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; наз. амярцве́нне, -я, н. (да 2 знач.).

Амярцвенне тканак.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рэгенера́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Аднаўленне першапачатковых каштоўных уласцівасцей адпрацаваных матэрыялаў вытворчасці.

2. Награванне газу і паветра ў печы адпрацаванымі прадуктамі гарэння.

3. Аднаўленне жывёльнымі і расліннымі арганізмамі страчаных або пашкоджаных органаў, тканак, а таксама цэлага арганізма з часткі.

[Ад лац. regeneratio — аднаўленне, зварот.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАРА́ЗМ (ад грэч. marasmos знясіленне, згасанне),

паступовае згасанне псіхічнай дзейнасці чалавека з агульным знясіленнем і атрафіяй органаў і тканак. Абумоўлена атрафіяй кары галаўнога мозга. Бывае пры старэчай прыдуркаватасці, канчатковай стадыі прагрэсіўнага паралічу і інш. хваробах мозга.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)