«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.​А.​Дзмітрыева, А.​Я.​Багдановіча, М.​В.​Доўнар-Запольскага, Е.​Р.​Раманава і інш.

Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.​Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.​Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.​Саланевіча (1902) і інш.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сілуэ́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сілуэта (у 1, 2 знач.); з’яўляецца сілуэтам. Сілуэтнае мастацтва. □ Яны стаялі побач перад апушчаным акном, глядзелі па зорнае неба, на сілуэтнае мільганне тэлеграфных слупоў і то маўчалі, то зноў гаварылі. Брыль.

2. У архітэктуры, скульптуры і пад. — контурны. Старажытныя храмы ў спалучэнні з маляўнічымі руінамі замка ствараюць своеасаблівую сілуэтную кампазіцыю Навагрудка. «Помнікі».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туні́ка

(лац. tunica)

1) доўгая свабодная мужчынская і жаночая кашуля, якую насілі пад тогай старажытныя рымляне;

2) касцюм танцоўшчыцы ў выглядзе ліфа і доўгай спадніцы з цюлю;

3) заал. знешні покрыў тунікатаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЧУ́РЫН (Мікіта Якаўлевіч) (у манастве Іакінф; 9.9.1777, с. Акулёва Цывільскага пав. Казанскай губ. ? — 23.5.1853),

расійскі гісторык, кітаязнавец, перакладчык. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1799). У 1800 прыняў манаства. Займаў шэраг царк. пасад, у т. л. кіраўніка духоўнай місіі ў Пекіне (1808—20). З 1828 чл.-кар. Пецярбургскай АН, з 1831 чл. Азіяцкага т-ва ў Парыжы. Працы па пытаннях мовы, гісторыі, культуры, этнаграфіі і філасофіі Кітая, па гісторыі і культуры народаў Сярэдняй Азіі, Манголіі. Аўтар «Запісак аб Манголіі» (т. 1—2, 1828), «Апісання Тыбета ў цяперашнім яго стане» (пер. з кіт., ч. 1—2, 1828), «Гістарычнага агляду айратаў ці калмыкаў з XV стагоддзя да гэтага часу» (1834), «Статыстычнага апісання Кітайскай імперыі» (ч. 1—2, 1842), «Збору звестак аб народах, якія жылі ў Сярэдняй Азіі ў старажытныя часы» (ч. 1—3, 1851; перавыд. т. 1—3, 1950—53) і інш. твораў.

М.Я.Бічурын.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕ́РЫ,

1) старажытныя плямёны, якія першапачаткова насялялі тэр. Усх. і Паўд. Іспаніі і потым рассяліліся на значнай частцы Пірэнейскага п-ва (адсюль стараж. назва п-ва Іберыя). Упершыню згадваюцца ў крыніцах 6 ст. да н.э. Важнейшым цэнтрам іх культуры была паўд. ч. Іспаніі (сучасныя Андалусія і Мурсія), дзе, паводле звестак стараж. аўтараў, знаходзілася дзяржава Тартэс, заснаваная да 1100 да н.э. У выніку змяшэння І. з кельтамі (уварваліся ў Іспанію ў 6—3 ст. да н.э.) узнікла група плямён — кельтыбераў. І. мелі сваю пісьменнасць. Да 8 ст. да н.э. склалася мастацтва І., якое ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула росквіту. У 5—3 ст. да н.э. заваяваны карфагенянамі, у 3—2 ст. да н.э. — рымлянамі. Паступова раманізаваны.

2) Этнічная назва ў ант. крыніцах усх.-груз. (картлійскіх) плямён, якія жылі на тэр. Іберыі (Іверыі); адыгралі гал. ролю ў працэсе кансалідацыі груз. плямён і фарміраванні адзінага груз. этнасу.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сярэ́бранік 1, ‑а, м.

Уст. Старажытныя дробная сярэбраная манета.

сярэ́бранік 2, ‑а, м.

Спецыяліст па серабрэнню рэчаў і чаканцы серабра. Прыгожым прыкладам мастацтва сярэбранікаў у XIV стагоддзі з’яўляецца аклад Лаўрышаўскага евангелля. «Беларусь».

сярэ́бранік 3, ‑у, м.

Абл. Дуброўка. Дуброўка, або, як яе завуць у другіх мясцінах, гарлянка, сярэбранік, гартанная трава. Тая самая дуброўка, з дробнымі жоўтымі красачкамі. А ў ёй, аказваецца, поўная аптэка. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пустапо́ле, пустаполіца ’няўдобіца’ (ЛА, 2), пустаполя ’тс’ (воран., Сл. ПЗБ). Ад пусты ’неўрадлівы, пусты’ (< *pustь ’тс’) і поле; кампазіту, вядомаму на паўднёвым захадзе Беларусі, адпавядае на поўдні пустое поле ’тс’ (там жа), відавочна, старажытныя аграрныя тэрміны, параўн. беласт. прастаполе, ваўк. прастаполь ’няўгноеная глеба’, адзначанас ў Статуце ВКЛ (Ластоўскі, Выбр. тв., 391); серб.-харв. пустопоље, пустопољина ’пустка’. Семантычны паралелізм гл. у рус. дыял. пустокваша/простокваша ’кіслае малако’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),

старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл. арт. Камяні).

Э.​М.​Зайкоўскі.

Да арт. Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пала́дый

(лац. Palladium, ад гр. Palladion)

l) статуя ўзброенага бажаства, часцей за ўсё Афіны Палады, якая, як лічылі старажытныя грэкі і рымляне, ахоўвала горад ад небяспекі;

2) хімічны элемент, метал серабрыста-белага колеру, які выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, тэхніцы і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАБРУ́ЙСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў Бабруйску ў 1902—20.

Мужчынская гімназія засн. ў 1823 як 3-класнае пав. вучылішча, пераўтворанае ў 1865 у 4-класную прагімназію, з 1902 — 8-класная гімназія з падрыхтоўчым класам. У 1908/09 навуч. г. 365 навучэнцаў. Выкладаліся: Закон Божы, рус., польск., франц., ням., старажытныя мовы, матэматыка, фізіка, гісторыя, заканазнаўства, прыродазнаўства, маляванне, чыстапісанне, спевы, музыка.

Жаночая Аляксееўская гімназія адкрыта ў 1906 як 7-класная, у 1907/08 навуч. г. ўведзены 8-ы пед. і падрыхтоўчы класы. У 1908/09 навуч. г. 393 выхаванкі. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле.

Мужчынская прыватная гімназія адкрыта ў 1907 у складзе 1—5-га і падрыхтоўчага класаў. 264 навучэнцы. Выкладаліся: Закон Божы, рус., франц., ням., лац. мовы, матэматыка, астраномія, чыстапісанне, маляванне, гімнастыка, музыка.

Жаночая прыватная гімназія рэарганізавана ў 1910 з прыватнай прагімназіі М.​М.​Ільінскай. У 1912/13 навуч. г. 294 навучэнкі. Выкладаліся: Закон Божы, рус., франц., ням. мовы, гісторыя, славеснасць, прыродазнаўства, фізіка, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, маляванне, чыстапісанне.

У 1919—20 гімназіі і прагімназіі рэарганізаваны ў адзіныя працоўныя школы 1-й і 2-й ступеняў.

Г.​Р.​Сянькевіч.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)