ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАКАМЕ́ДЫЯ,
жанр кінамастацтва, творы якога адлюстроўваюць камед. характары і сітуацыі, выклікаюць смех гледачоў; адносяцца да эстэт. катэгорыі камічнага. Бывае эксцэнтрычная, лірычная, сатыр., фантаст., абсурдная, парадыйная, кінавадэвіль, кінафарс, трагікамедыя і інш.
Першыя К. — «Паліты палівальшчык» (1895, Францыя, рэж. Л.Люм’ер). Распрацоўка жанру К. звязана з дзейнасцю франц. (М.Ліндэр, Р.Клер, Фернандэль, Бурвіль, Ж.Таці, П.Этэкс, Л дэ Фюнес, П.Рышар), амер. (М.Сенет, Б.Кітан, Г.Лойд, браты Маркс, М.Брукс, В.Ален і асабліва Ч.Чаплін, які аб’яднаў эксцэнтрыку з лірыка-рамант. і трагікамічнымі элементамі), італьян. (П.Джэрмі, В. Дэ Сіка, Тато, А.Сордзі, М.Мастраяні, А.Чэлентана) камед. школ. Для сав. К. характэрна ўзмацненне сац. функцый. Вял. ўклад у яе развіццё зрабілі рэж. Я.Пратазанаў, Б.Барвет, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, А.Мядзведкін, Э.Разанаў, Л.Гайдай, Г.Данелія, акцёры І.Ільінскі, В.Марэцкая, Э.Гарын, Л.Арлова, М Кручкоў, М.Жараў, Ф.Ранеўская, С.Марцінсон, Р.Плят, М.Пугаўкін, Г.Віцын, Л.Гурчанка, Р.Быкаў, Ю.Нікулін, Я.Лявонаў, А.Міронаў, А.Папанаў, Л.Кураўлёў, Л.Ахеджакава і інш.
У бел. кіно канца 1920—30-х г. створаны быт. і сатыр. К.: «Джэнтльмен і певень» (1929, рэж. У.Балюзак), «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.Файнцымер), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936, рэж. М.Вернер); лірычныя К.: «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940, абедзве рэж. У.Корш-Саблін), «Маска» і «Мянтуз» (1938, рэж. С.Сплашноў), «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939, рэж. І.Аненскі; апошнія 4 паводле А.Чэхава). Экранізаваны камед. спектаклі па творах бел. драматургаў: Я.Купалы «Паўлінка» (1952) і В.Вольскага «Несцерка» (1955; рэж. А.Зархі), К.Крапівы «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. Корш-Саблін і К.Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім (1954, рэж. Корш-Саблін), А.Макаёнка «Лявоніха на арбіце» («Рагаты бастыён», 1975, рэж. П.Васілеўскі), М.Матукоўскага «Амністыя» («Траянскі конь», 1980) і «Мудрамер» (1988; рэж. В.Панамароў) і інш. Шмат створана дзіцячых эксцэнтрычных, муз., прыгодніцкіх К.: «Па сакрэту ўсяму свету» (1976, маст. кіраўнік І.Дабралюбаў, рэж. Ю.Аксачанка, У.Папоў, Дз.Міхлееў, В.Канеўскі), «Капітан схлусі-галава» (1979, рэж. М.Лук’янаў), «Ціхія троечнікі» (1980, рэж. В.Нікіфараў), «Як я быў вундэркіндам» (1983, рэж. Я.Маркоўскі), «Не забудзьце выключыць тэлевізар» (1987, рэж. Лук’янаў), серыя кароткаметражных фільмаў «Кешка і іншыя» (1991—93, рэж. Б.Берднер) і інш. Сярод бел. К. апошніх дзесяцігоддзяў: «Белыя росы» (1983, рэж. Дабралюбаў), «Не разумею» (рэж.
Н.Шылок) і «Філіял» (рэж. Маркоўскі), 1988; «Чырвоны востраў» (1991, рэж. А.Фянько), «Хачу ў Амерыку» (1992, рэж. С.Ніканенка), «Кааператыў «Палітбюро» (1993) і «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.Пташук).
Літ.:
Юренев Р.Н. Советская кинокомедия. М., 1964;
Комики мирового экрана. М., 1966;
История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—70;
Волков А.А. Эксцентрическая кинокомедия. М., 1977;
Кушниров М.А. На экране — кинокомедия. М., 1983;
Трауберг Л.З. Мир наизнанку: Соц.-критич. мотивы в американской кинокомической 1910—1930-х гг.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., каго.
1. Прывабіць (чым‑н. прынадным, прыемным і пад.). У свой час .. [Сяргей] думаў Міхася лодкай спакусіць.Шыцік.Кожны прадавец імкнуўся як мага вышэй падняць сваю клетку або жэрдачку, на якой сядзела птушка, каб спакусіць багатых пакупнікоў.Арабей.// Адыграць ролю спакусы, захапіць. Хлопцаў спакусіла рэчка: яны адразу ж парушылі строй, рвануліся да берага.Якімовіч.А можа цябе спакусілі прыгожыя сукенкі і жакеты выпешчаных купецкіх і памешчыцкіх дачок і ты адважыўся прыняць нават іх веру?Паслядовіч.Спакусіў Цабенку ячмень, які спатрэбіўся яму для фермы.Шашкоў.// Прывабіць сваёй прыгажосцю; выклікаць сімпатыю да сябе. Але мяне іншае цікавіць. Раскажы, з кім ты меў спатканне. Што за прыгажуня такая спакусіла цябе? Хто яна, саперніца мая?Машара.Можна сказаць, што.. [Тамара] паставіла сабе за жыццёвую мэту: спакусіць яго, зрабіць палюбоўнікам.Шамякін.
2. Падгаварыць, падбіць на што‑н. нядобрае. І што яшчэ горш, спакусіў на благі ўчынак і легкадумнага таварыша свайго — Барадатага.Лынькоў.Прыйшоў і Пецька, які спакусіў Мішу лавіць сн[е]гіроў.Якімовіч.
3. Пяшчотамі, абяцанкамі дабіцца ад жанчыны (дзяўчыны) інтымнай блізкасці. «Магіла льва» — чуллівая гісторыя разбітага кахання асілка — юнага Машэкі да красуні дзяўчыны Наталькі, якую прывабіў і спакусіў пан.Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. Ступіўшы назад, убок, аддаліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Сяўрук ужо адступіў крыху назад, бо нехта, мусіць знячэўку, разоў два сыпануў яму на ногі мокрай, напалам з глеем зямлі.Кулакоўскі.— Кр-рам-нёў? — усклікнуў Алік і адступіў на крок назад, нібы хацеў лепш разгледзець хлопца.Шашкоў.//перан. Стаць больш аддаленым ад чаго‑н., адсунуцца. Паплылі сіняватыя дымкі, весела затрашчала, разгараючыся, сучча. Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі.Сіняўскі.//перан. Стаць менш важным, менш значным. Адступіць на задні план.
2. Адысці назад пад націскам праціўніка, пакінуўшы свае ранейшыя пазіцыі. Чые гарматы страляюць, .. [Пракоп] не ведаў, але цяпер ён быў упэўнены, што нашы не адступілі.Якімовіч.
3.перан. Адмовіцца ад сваіх намераў, задум; спасаваць. Тыя ж людзі, што зрабілі.. [шлях], праявіўшы ў працы сапраўдны подзвіг, у другой справе здаліся, адступілі перад значна меншым і цяпер, выходзіць, смяяліся самі з сябе.Ракітны.Я ўжо рашыў дазволіць.. [жанчыне] спатканне, але нешта ўстрымлівала мяне сказаць ёй пра гэта адразу, адразу адступіць перад ёю.Васілевіч.
4.перан. Перастаць прытрымлівацца чаго‑н.; парушыць што‑н. прынятае, устаноўленае. Адступіць ад жыццёвай праўды. Адступіць ад плана.
5.Разм. Паменшыцца; адлегчы; спасці. Нарэшце мароз адступіў — сад дацвітаў.Васілевіч.
6. Пішучы, друкуючы, пакінуць месца ад краю ліста. Адступіць на 2 сантыметры ад краю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асты́ць, астыну, астынеш, астыне; зак.
1. Стаць халодным, прастыць. Чай астыў. Абед астыў. □ Куй жалеза, пакуль не астыла яно!Купала.Пятрусь падкідаў вуг[о]лле ў топку, каб паравоз не астыў часам.Лынькоў.Хата за ноч добра такі астыла. Значыць, памацнеў мароз.Пестрак.// Аддаўшы цяпло, прыйсці ў нармальны стан (пра цела). Як конь астыў, [фурманшчык] звадзіў яго пад студню напаіць і ўсыпаў яму аўса.Чорны.Відаць, іх [двух маладых хлопцаў] вось толькі што выклікалі з вечарынкі, яны яшчэ не астылі ад полькі.Лужанін.
2.перан. Стаць спакайнейшым, страціць жвавасць. [Крушынскі:] — Я ўжо астыў. Мне сёлета стукнула сорак год.Бядуля.// Супакоіцца, апамятацца пасля гневу, злосці і пад. Валя ўмомант астыла, і ў словах яе не было ні злосці, ні знявагі да мачыхі.Васілевіч.// Страціць да каго‑, чаго‑н. цікавасць, перастаць цікавіцца кім‑, чым‑н. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа, яна [Аля] ўжо астыла да яго, можа, гэта спатканне ўжо не ў радасць?Мележ.[Мацвей:] — Я загаруся: вот, здаецца б, усе зрабіў — а назаўтра вазьму і астыну.Лобан.Перамяніўся і.. [Баран] сам. Стаў крыклівы дома, менш бавіўся з дзецьмі, астыў да жонкі.Дамашэвіч.// Аслабець, знікнуць (пра пачуцці). Каб не даць астыць пачуццю .. салідарнасці, ён голасна крыкнуў: — Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў!Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.
1.каго-што. Прымусіць пайсці адкуль‑н. [Лабановіч] помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе.Колас.Стары таксама падняўся.., без патрэбы паправіў на стале бялюткі абрус, прагнаў з лавы ката.Васілевіч.// Вызваліць прымусова ад выканання якіх‑н. абавязкаў. [Антаніна Пятроўна:] З завода цябе прагналі, і тут я вінавата.Крапіва.// Прымусіць адступіць (ворага, непрыяцеля). Калі ж прагонім чужаземца, Калі пакінем мы лясы, Случчанка гладзіць зноў красёнцы Ткаць залатыя паясы.Астрэйка.
2.каго-што. Гонячы, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку праз што‑н., побач з чым‑н. і пад. Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў.Гурскі.— Я табе памагу прагнаць [кароў] паўз грэчку, — сказаў Скуратовіч.Чорны.// Накіроўваючы куды‑н., правесці. Прагнаць плыты.
3.перан.; што. Прымусіць знікнуць; рассеяць, спыніць, пазбавіцца чаго‑н. Думкі зусім прагналі сон. [Якаў] адчыніў свіран і сеў на парозе.Чарнышэвіч.Пачуўся недзе далёка-далёка плач трубы пастуха. Гэты знаёмы і блізкі сэрцу гук прагнаў усе змрочныя думкі.Чарот.
4.што і без дап. Вельмі хутка праехаць, прабегчы якую‑н. адлегласць.
5.што. Хутка рухаючыся або накіроўваючы рух чаго‑н., утварыць пракос, разору і пад. Прагнаць пракос. Прагнаць разору.
6.перан.; што. Разм. Напіцца; наталіць. [Нор] піў і ўсё ніяк не мог прагнаць смагу.Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Рмн. ‑чак; ж.
1. Кароткі бой, узброенае сутыкненне. Пасля гарачых баявых сутычак з варожымі бандамі .. адбылося незабыўнае спатканне партызан з франтавікамі.Брыль.У сутычцы з казакамі .. [Багушэвіч] быў паранены ў нагу.С. Александровіч.// Пра палітычныя канфлікты, класавыя баі. Беларуская нацыяналістычная буржуазія ў самы разгар рэвалюцыі, у момант вострых класавых сутычак выкарыстоўвала беспартыйнасць у якасці сваёй ідэалагічнай зброі.Івашын.Барацьба выступае ў рамане не як сутычка двух строга размежаваных варожых лагераў, а як складаны, супярэчлівы працэс грамадскага развіцця.Хромчанка.// Бойка, сутыкненне. Сутычка была немінучая, тым болей, што насарогі заўсёды ахвотнікі пабіцца.Маўр.Усе хлапчукі ў навакольных вёсках былі ўпэўнены, што пры сутычках з чужымі .. [Павел] бярэ ў рукі дручок і разбівае ўсім галовы.Кулакоўскі.
2. Спрэчка, сварка, лаянка. [Таня] аналізавала свае адносіны да гэтага чалавека і прыпамінала, як яны складаліся і як прывялі да ўчарашняй сутычкі.Машара.[Мікульскі і Шаблюк] пасля ранішняй сутычкі адчувалі сябе ніякавата.Марціновіч.
3.перан. Сутыкненне чаго‑н. супярэчнага, несумяшчальнага, а таксама сама супярэчнасць. Сутычка інтарэсаў. Сутычка розных тэндэнцый. □ Куды падзелася яно — немаўля, з’яўленне якога на свет адзначана гэткім выбухам страсцей, сутычкай жорсткасці і гуманізму, высакароднасці і нізкасці?Мехаў.
4. Тое, што і сутыкненне (у 1 знач.). Мы мімаволі ўцялі галовы ў плечы, кожную секунду чакаючы або сутычкі, або якога акрабатычнага піруэта.Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ»,
кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.
Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.Казлоўскі, Н.Навумаў-Страж, Д.Шлюглейт, мастак М.Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.Бяляеў, С.Іваноў, Б.Рабаў, А.Рагоўскі; мастакі С.Мандэль, У.Пакроўскі, Р.Фэдор.
У Вял.Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г.маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).
Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.
У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.Васілеўскі, Л.Голуб, М.Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.Волчак, А.Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт.Беларусь.
Л.І.Паўловіч.
Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Чырвонае лісце». 1958.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Масква—Генуя». 1964.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Іван Макаравіч».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Палескія калядкі».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Наш браняпоезд».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЭ ((Goethe) Іаган Вольфганг фон) (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),
нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб. вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац. незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццю еўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).
Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.Барычэўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, Ю.Таўбін, В.Вольскі, С.Ліхадзіеўскі, А.Зарыцкі, В.Сёмуха, А.Лойка. І.Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).
Тв.:
Бел.пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;
Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;
Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1975—80;
Фауст. Мн., 1971;
Избр. произв.Мн., 1977.
Літ.:
Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;
Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;
Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;
Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;
Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,
твор кіна-, тэле- і відэамастацтва, у якім музыка з’яўляецца вядучым фактарам драматургіі, выконвае важнейшыя сэнсавыя і кампазіцыйныя функцыі, вызначае жанравую і стылістычную прыналежнасць фільма.
Першыя М.ф. ўзніклі ў ЗША ў 1920—30-я г. з пачаткам гукавога кіно («Спявак джазу», 1927, рэж. А.Кросленд; «Мелодыі Брадвея», 1929, рэж. Г.Боман). Сярод асн. жанраў М.ф. муз. кінакамедыя, фільм-рэвю, муз.-біягр. фільм, кінаканцэрт, кінааперэта, кінабалет, кінаопера. Сярод найб. значных М.ф. сав. кіно: «Вясёлыя рабяты» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940; рэж. усіх Р.Аляксандраў, кампазітар І.Дунаеўскі), «Багатая нявеста» (1938), «Кубанскія казакі» (1950, кампазітар абодвух Дунаеўскі), «Трактарысты» (1939, кампазітары браты Пакрас), «Свінарка і пастух» (1941, кампазітар Ц.Хрэннікаў; рэж. усіх І.Пыр’еў), а таксама фільмы І.Саўчанкі, А.Іваноўскага, Р.Рашаля, Э.Разанава і інш.
У бел. кіно створаны М.ф.: «Дзяўчына спяшаецца на спатканне», «Шукальнікі шчасця» (абодва 1936; рэж. адпаведна М.Вернер, У.Корш-Саблін), «Канцэрт Бетховена» (1937, рэж. М.Гаўронскі і У.Шмітгоф), «Маё каханне» (1940), «Новы дом» (1947, рэж. абодвух Корш-Саблін, кампазітар усіх І.Дунаеўскі, апошняга разам з І.Любанам), «Нашы суседзі» (1957, рэж. С.Сплашноў, кампазітар Б.Макравусаў), «Саша-Сашачка» (1967, рэж. В.Чацверыкоў, кампазітар Я.Глебаў), «Раскіданае гняздо» (паводле Я.Купалы, 1981), рэж. Б.Луцэнка, кампазітар С.Картэс), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991, рэж. А.Яфрэмаў, кампазітар А.Несцераў), а таксама тэлевізійныя «Пасля кірмашу» (паводле «Паўлінкі» Я.Купалы), «Веснавая казка» (абодва 1972, рэж. Ю.Цвяткоў, кампазітар Глебаў) і інш., тэлеопера «Ранак» (паводле А.Куляшова, 1968, рэж. В.Карпілаў, кампазітар Г.Вагнер), тэлеэкранізацыі опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1982), «Сівая легенда» (1986) і «Францыск Скарына» (1990) Дз.Смольскага (рэж.-пастаноўшчык усіх Г.Нікалаеў), першай бел. дзіцячай оперы «Марынка» Р.Пукста (1983, рэж. А.Малчанаў). У жанры тэлемюзікла, які спалучае драматургію, музыку, вакал і харэаграфію, створаны фільмы-казкі рэж. Л.Нячаева — «Прыгода ў горадзе, якога няма» (1974, кампазітар Картэс), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоны Капялюшык» (1977, кампазітар абодвух А.Рыбнікаў), «Прададзены смех» (1981, кампазітар М.Дунаеўскі), «Казка пра зорнага хлопчыка» (1983, кампазітар Рыбнікаў), «Рыжы, шчыры, закаханы» (1984), «Пітэр Пэн» (1987, кампазітар абодвух І.Яфрэмаў) і інш. З канца 1970-х г. паявіліся першыя відэафільмы: відэамюзікл «Гэты доўгі кароткі час» (рэж. У.Арлоў, муз. Глебава, В.Раінчыка), відэабалет «Тры пальмы» (абодва 1979; рэж. В.Шавялевіч, муз. А.Спендыярава, балетмайстар В.Дудкевіч). У 1990-я г. створаны шэраг экранізацый і відэаверсій пастановак нацыянальных акад. т-раў оперы і балета Беларусі, у т. л. опера «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1994), балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995; рэж. абодвух Шавялевіч). У дакумент. мастацтве развіваюцца жанры фільма-канцэрта (першы — «Жыві, родная Беларусь», 1944, рэж.
Корш-Саблін, М.Садковіч), муз.-біягр. фільма і фільма-партрэта: «Партытура жыцця» (пра Я.Цікоцкага, 1968, рэж. П.Аліфярэнка), «Кампазітар Яўген Глебаў» (1978, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Успаміны пра Мікалая Равенскага» (1993), «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (пра У.Перліна, 1995; рэж: абодвух М.Жданоўскі), «Душа мая, Элізіум ценяў» (пра А.Багатырова, 1998, рэж. С.Галавецкі), «На шляху да танцуючай зоркі» (пра Г.Праваторава, 1998, рэж. М.Князеў) і інш. Асаблівае месца займаюць этнамуз. фільмы сцэнарыста-этнамузыколага З.Мажэйка: «Пранясі, божа, хмару» (1990, рэж.-аператар А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. Ю.Лысятаў, С.Гайдук, аператар М.Сідорчанка) і інш.
Літ.:
Кудинова Т. От водевиля до мюзикла. М., 1982;
Ханиш М. О песнях под дождем: Пер. с нем. М., 1984;