РУДКО́ЎСКІ (Аляксандр Рыгоравіч) (30.10.1943, в. Даўгалессе Гомельскага р-на — 19.12.1999),
бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1971 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1986 — Дзярж.акад.нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча, з 1999 ансамбля нар. музыкі «Свята»Бел. філармоніі. Валодаў голасам прыгожага і багатага тэмбру. Выкананню былі ўласцівы душэўная шчырасць, высокая пеўчая культура стылю бельканта. Сярод оперных партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Берандзей («Снягурка» М.Рымскага-Корсакава), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.А.Моцарта), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Эрнеста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ). У рэпертуары бел.нар. песні, песні бел. кампазітараў, рамансы рус. і замежных кампазітараў. Лаўрэат 4-га Міжнар. конкурсу імя П.Чайкоўскага (1970), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Барселоне (1975, Іспанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САН-КА́РЛА»
(Teatro San Carlo),
тэатр оперы і балета ў г. Неапаль (Італія). Адкрыты ў 1737. Будынак пабудаваны па праекце архітэктараў Дж.А.Медрана і А.Карасале. У 18 ст. ставіліся оперы Л.Леа, І.Гасе, К.В.Глюка, Дж.Паізіела, Д.Чымарозы і інш. У 19 ст. прайшлі прэм’еры некат. опер Дж.Расіні, Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Ж.Бізэ, Ш.Гуно, Дж.Меербера, Р.Вагнера і інш. У 20 ст.вял. месца ў рэпертуары займалі творы кампазітараў Італіі І.Піцэці, Р.Дзанданаі, Ф.Альфана і інш., творы замежных кампазітараў Р.Штрауса, А.Анегера, І.Стравінскага. У т-ры выступалі вядомыя спевакі І.Кольбран, М.Гарсія, Д.Данцэлі, А.Паці, Б.Джыльі, Г.Пазера, П.Дамінга, М.Кабалье, Р.Кабайванская, Л.Павароці, І.Архіпава і інш.; салісты балета Ф.Чэрыта, К.Грызі, Л. дэ Ларэнца, А.Вісконці, М.Бардзін, Э.Мацукелі, В.Нардзі і інш. Сярод дырыжораў т-ра Дж.Патане, Ж.Прэтр, Дж.Прытчард, М.Росі, К.Франчы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМАРШЭ́ (Beaumarchais) П’ер Агюстэн Карон дэ
(24.1.1732, Парыж — 18.5.1799),
французскі драматург. Першыя п’есы «Яўгенія» (1767) і «Два сябры» (1770) напісаны ў традыцыях «мяшчанскай драмы». Бліскучы ўзор асветніцкай публіцыстыкі — «Мемуары» (1773—74), скіраваныя супраць каралеўскай юстыцыі. Вяршыня творчасці Бамаршэ — п’есы з трылогіі пра Фігаро «Севільскі цырульнік» (1775) і «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» (1785; пер. на бел. мову А.Дудар, 1936), у якіх адлюстраваны канфлікт паміж трэцім саслоўем і дваранствам напярэдадні Франц. рэвалюцыі 1789—94, адноўлены традыцыі сатыр. камедый Мальера і А.Р.Лесажа, найбольш яскрава выяўлены тэндэнцыі асветніцкага рэалізму. У заключнай частцы трылогіі «Злачынная маці» (1794) на першы план выходзяць маральныя праблемы і традыцыі драмы сентыменталізму. Аўтар лібрэта оперы «Тартар» (1787). Выдаў поўны збор твораў Вальтэра (1784—89). На сюжэты камедый Бамаршэ напісаны оперы «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта (1786) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1816).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения Т. 1—2. М., 1966;
Драматические произведения;
Мемуары М., 1971.
Літ.:
Грандель Ф. Бомарше: Пер. с фр. 2 изд. М., 1985;
Пьер Огюстен Карон де Бомарше: Биобиблиогр. указ. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮВА́НАЎ (Міхаіл Акімавіч) (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял.т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
М.А.Зюванаў.М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МЕШАЎ (Сяргей Якаўлевіч) (10.7. 1902, в. Старое Князева Цвярской вобл., Расія — 26.6.1977),
расійскі спявак (лірычны тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус.вак. школы. Нар.арт.СССР (1950). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1925). У 1931—65 саліст Вял.т-ра. У 1959—61 маст. кіраўнік Опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. Валодаў прыгожым голасам мяккага светлага тэмбру. Яго творчасць адметная шчырасцю і яскравай эмацыянальнасцю, тонкім адчуваннем стылю, стараннай апрацоўкай вобраза. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага; адзін з лепшых выканаўцаў), Фра-Д’ябала (аднайм. опера Ф.Абера), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Берандзей («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно), Сін Бі У («Мікіта Вяршынін» Дз.Кабалеўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камернай вак. лірыкі, выканаўца рус. і ўкр.нар. песень. Выступаў як оперны рэжысёр; сярод пастановак «Вертэр» Ж.Маснэ (1957). Здымаўся ў кіно. Аўтар кн. «Шлях да мастацтва» (1968). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕНКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 28.10.1941, г. Гомель),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.Асколкава). З 1972 выкладаў у Гомельскім муз. вучылішчы. З 1974 саліст Свярдлоўскага, з 1981 — Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Яго творчасці ўласцівы драм. асэнсаванасць сцэн. паводзін, вял.ўнутр. экспрэсія пры стрыманасці вонкавага сцэн. малюнка. Сярод партый: Міхал («Новая зямля» Ю.Семянякі), Вял. князь Міндоўг («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Мастак («Візіт дамы» С.Картэса), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Томскі, Эбн Хакія («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Рыгалета, Жэрмон, Аманасра, Макбет і Яга («Рыгалета», «Травіята», «Аіда», «Шэкспір і Вердзі» паводле опер «Макбет», «Фальстаф» і «Атэла» Дж.Вердзі), Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» ВА.Моцарта), Дзянісаў і Напалеон, Стэньё («Вайна і мір», «Мадалена» С.Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» Картэса, «Францыск Скарына» Дз.Смольскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Яраслаў Фёдаравіч) (н. 11.6.1942, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974). З 1973 у Нац.акад. т-ры оперы Беларусі. Валодае моцным голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, сцэнічнай абаяльнасцю. Творчасці ўласцівы тэмперамент і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, гранічная выразнасць кожнага характару. Стварыў запамінальныя эпічна-велічныя, глыбока драм. і разам з тым чалавечныя вобразы. Сярод партый: Найміт («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), Рыгор («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак, князь Ігар, Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Філіп П, Рамсіс, Спарафучыле, Мантэроне («Дон Карлас», «Аіда», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Бартала (Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Зарастра («Чароўная флейта» В.А.Моцарта). У канцэртным рэпертуары бел. і рус.нар. песні, творы бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Вікенцій) (1805 або 1807, в. Нагародавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.1862),
бел. жывапісец, тэатр. дэкаратар. Бацька мастака У.Дмахоўскага. Вучыўся ў Віленскім ун-це на літ. ф-це, адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма (1826—29).
Удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—37 у эміграцыі, потым жыў у Вільні, у 1855—58 у в. Брацянка каля Навагрудка. Аўтар рамант. пейзажаў «Рака Нерыс каля Верак» (1840), «Радзіма» («Двор у Нагародавічах», 1843), «Пажар у лесе» (1850), «На начлезе» (1854), «Каля пераправы», «Замак і вежа ў Троках», «Від замка ва Урадніках», «Вуліца ў Вільні», «Руіны замка ў Гальшанах», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку» і інш. Сярод жывапісных работ «Аўтапартрэт», «Крыжакі пры асадзе крэпасці Пуня» (1837), «Яўрэйскае вяселле» (1860-я г.). Выканаў акварэлі — віды ваколіц Навагрудка, Вільні, «Сядзіба ў Тутанавічах». У 1850—54 афармляў спектаклі ў Віленскім гар. т-ры («Галька» М.Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Фаварытка» Г.Даніцэці і інш.).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Картинная галерея. Вильнюс, 1969.
В.Дмахоўскі. Аўтапартрэт.В.Дмахоўскі. Каля пераправы. 1850-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (24.3.1900, с. Мар’янаўка Васількоўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.12.1993),
расійскі і ўкраінскі спявак (лірычны тэнар). Нар.арт.СССР (1940). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1917—19). З 1924 у оперных т-рах Палтавы, Харкава, Свярдлоўска. У 1926—54 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Высокае драм. дараванне, пеўчае майстэрства, эмацыянальная цеплыня і шчырасць выканання дазволілі яму стварыць вак.-сцэн. вобразы, якія ўвайшлі ў гісторыю опернага мастацтва: Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Берандзей («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно), Ўладзімір («Князь Ігар» А.Барадзіна), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні); выканаў партыі Ленскага, Альфрэда, Фауста, Андрэя і Альмавівы ў пастаноўках (усяго 11 спектакляў) Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі ў 1953. Арганізатар і кіраўнік (1938—41) канцэртнага ансамбля оперы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.
Літ.:
Кузнецова А.С. Народный артист Страницы жизни и творчества И.С.Козловского. М., 1964.
І.С.Казлоўскі.І.Казлоўскі ў ролі Альмавівы з Т.Ніжнікавай пасля спектакля.