ДАШЧЫ́НСКІ (Юзаф) (1781, Вільня — 1844),

бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.​М.​Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.​Сальеры і «Белая дама» Ф.​А.​Буальдзьё, сімфоніі І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.​Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.​К.​Агінскага і К.​Курпінскага).

Літ.:

Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.

А.​Л.​Капілаў.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬДЗЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.5.1948 г. Гродна),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.​Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (Л.​Абеліёвіча, А.​Багатырова, Я.​Глебава, У.​Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.​Сікорскі, В.​Бельцюкова, Н.​Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар. муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.

В.​П.​Савіцкая.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛІ́НСКІС ((Žilinskis) Арвідс) (31.3.1905, в. Саука Екабпілскага р-на, Латвія — 31.10.1993),

латышскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Латвіі (1965), нар. арт. СССР (1983). Праф. (1967). Скончыў Латвійскую кансерваторыю па класах фп. (1927) і кампазіцыі (1933, клас Я.Вітала). З 1927 педагог Рыжскай нар. кансерваторыі, з 1937 — Латв. дзярж. кансерваторыі (з 1992 Латв. муз. акадэмія). Заснавальнік лат. аперэты: «У краі блакітных азёр» (1954), «Шэсць маленькіх барабаншчыкаў» (.1955), «Хлопцы з бурштынавага берага» (1964), «Тайна чырвонага мармуру» (1969), «Толькі ружы» (1977). Сярод інш. твораў: оперы «Залаты конь» (1965), «Ветрык, вей!» (1970), «Мая і Пая» (1980); дзіцячыя балеты «Спрыдытыс» (1968), «Чыпаліна» і «Чароўная птушка Лаліты» (1979), «Кошчын млын» (1986); кантаты; канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1948, 1983), для валторны (1985); больш за 800 хар. і сольных песень; музыка да драм. спектакляў і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1967.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕМЕ́НЦІ ((Clementi) Муцыо) (23.1.1752, Рым — 10.3.1832),

англійскі піяніст-віртуоз, кампазітар, педагог; заснавальнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1766 жыў у Вялікабрытаніі (з 1773 у Лондане). Канцэртаваў у Еўропе (у 1781 у Вене спаборнічаў з В.​А.​Моцартам). Заснавальнік і саўладальнік шэрагу муз.-выдавецкіх прадпрыемстваў і ф-к муз. інструментаў. Адзін з заснавальнікаў і дырыжор (1813—24) Філарманічнага т-ва ў Лондане. Зрабіў значны ўклад у развіццё фп. мастацтва (празваны «бацькам фп. музыкі»), садзейнічаў зацвярджэнню класічнага цыкла санаты. Сярод твораў: араторыя; каля 15 сімфоній (зберагліся 4); уверцюры; канцэрт для фп. з аркестрам; творы для фп. (найб. вядомы зб. эцюдаў «Шлях да Парнаса», 1817—26). Свой выканальніцкі і пед. вопыт абагульніў у працы «Методыка ігры на фартэпіяна» (1801). Сярод яго вучняў: Ф.​Калькбрэнер, І.Б.Крамер, І.Мошэлес, Дж. Філд.

Літ.:

Николаев А.А. Муцио Клементи. М., 1983.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЛЕНД ((Copland) Аарон) (14.11.1900, Нью-Йорк — 2.12.1990),

амерыканскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў сучаснай амер. кампазітарскай школы. Вучыўся ў Р.​Гольдмарка (Нью-Йорк), Н.​Буланжэ (Парыж) і інш. Выступаў як піяніст, дырыжор, чытаў лекцыі ў многіх ун-тах ЗША. Пад уплывам неакласіцызму І.​Стравінскага, імпрэсіянізму і джаза выпрацаваў своеасаблівы індывід. стыль кампазіцыі. Выкарыстоўваў амер. і лац.-амер. муз. фальклор, увасабляў муз. інтанацыі розных народаў Амерыкі. Сярод твораў: оперы «Другі ўраган» (1937), «Ласкавая зямля» (1954); балеты «Хлопец Білі» (1938), «Радэо» (1942), «Апалачская вясна» (1944), «Панэлі, якія танцуюць» (1963); 3 сімфоніі (1924—46) і праграмныя п’есы для арк., канцэрты; камерна-інстр. ансамблі (у т. л. фп. трыо «Віцебск»); хары, песні, музыка для тэатра, кіно і інш. Аўтар кн. «Як слухаць музыку» (1939), «Музыка і фантазія» (1952), «Новая музыка, 1900—1960» (1968).

Літ.:

Шнеерсон Г. Портреты американских композиторов. М., 1977.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ГАРАДСКІ́ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР.

Створаны ў 1968 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як вучэбны калектыў Маладзечанскага музычнага вучылішча. З 1985 гарадскі. У складзе аркестра студэнты, выкладчыкі і выпускнікі муз. вучылішча. У розныя гады калектыў узначальвалі Л.​Саламонік, М.​Казінец, Ю.​Новікаў, З.​Кафанава, В Грыбкоў, Р.​Фрыдман. З 1979 маст. кіраўнік і дырыжор Р.Сарока. У рэпертуары творы муз. класікі, сучасных, у т. л. бел., кампазітараў: уверцюры «Карыялан» і «Эгмант», 5-я сімфонія Л.​Бетховена, сімфоніі 40-я В.​А.​Моцарта, 1-я В.​Каліннікава, 4-я і «Італьянскае капрычыо» П.​Чайкоўскага; канцэрты для фп. з арк. Дж.​Гершвіна, С.​Рахманінава, Чайкоўскага, Э.​Грыга; творы Я.​Глебава, В.​Іванова, У.​Солтана і інш. З аркестрам выступаюць піяніст І.​Алоўнікаў, спевакі М.​Жылюк, Н.​Залатарова, В.​Кучынскі, В.​Скорабагатаў і інш. Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю нар. творчасці (1988).

Л.​В.​Ляшчэвіч.

Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАДО́ЎСКІ (Фларыян Станіслаў) (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),

кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.​Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.​Мендэльсонам, Ф.​Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.

Літ.:

Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.

А.​І.​Ахвердава.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

fortepian, ~u

м. фартэпіяна; раяль;

rozklekotany (rozstrojony) fortepian — разладжаны раяль;

lekcja ~u — урок фартэпіяннай ігры;

utwory na fortepian — творы для фартэпіяна; фартэпіянныя творы;

wirtuoz ~u — піяніст-віртуоз

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

БУЗО́НІ ((Busoni) Феруча Бенвенута) (1.4.1866, г. Эмпалі, Італія — 27.7.1924),

італьянскі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог, музыказнавец. Чл. Балонскай філарманічнай акадэміі (1881), доктар Цюрыхскага ун-та (1919), праф. Берлінскай акадэміі мастацтваў (з 1920). Адзін з тэарэтыкаў неакласіцызму. Тонкі інтэрпрэтатар музыкі І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, Ф.​Ліста. Канцэртаваў у многіх краінах. Вядомыя яго транскрыпцыі для фп. твораў Баха, Ліста, В.​А.​Моцарта і інш. Выступаў як дырыжор («Бузоніеўскія аркестравыя вечары», Берлін, 1902—09). Сярод муз. твораў: 4 оперы, у т. л. «Турандот» (1917), санаты і п’есы для аркестра, канцэрты для фп. і інш. інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы, песні і інш. Прэмія па кампазіцыі на 1-м Міжнар. конкурсе піяністаў імя А.​Рубінштэйна (Пецярбург, 1890). Зрабіў вял. ўплыў на развіццё піяністычнага мастацтва. Сярод яго вучняў А.​Гнесіна. З 1949 у г. Бальцана (Італія) штогод праводзіцца Міжнар. конкурс піяністаў імя Бузоні.

Літ.:

Коган Г.Ф. Бузони. 2 изд. М., 1971.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТРО́ПУЛАС ((Mitropoulos) Дымітрыяс) (1.3.1896, Афіны — 2.11.1960),

грэчаскі і амерыканскі дырыжор, піяніст, кампазітар. Чл.-кар. Афінскай АН (1933). З 1908 вучыўся ў кансерваторыі ў Афінах, у 1920 удасканальваўся ў Бруселі ў П.​Жыльсона, у 1921—24 — у Берліне ў Ф.Бузоні. З 1924 выступаў як дырыжор (выканаў з аркестрам Берлінскай філармоніі сольную партыю ў 3-м канцэрце С.​Пракоф’ева, адначасова дырыжыраваў аркестрам, 1930). З 1937 дырыжор сімф. аркестра ў Мінеапалісе. У 1950—58 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра, выступаў як оперны дырыжор у буйнейшых т-рах свету, у т. л. «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш., кіраваў пастаноўкамі твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні, М.​Равеля, Д.​Міё, П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага і інш. Аўтар оперы «Сястра Беатрыса» (паст. 1920), сімф. паэмы «Пахаванне» (1916), Concerto grosso (1929), камерна-інстр. ансамбляў, музыкі да драм. спектакляў і інш. З 1963 у Нью-Йорку праводзяцца конкурсы маладых дырыжораў імя М.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)