ЛАЎРО́Ў (Кірыл Юр’евіч) (н. 15.9.1925, Кіеў),

расійскі акцёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. СССР (1972). Герой Сац. Працы (1985). З 1950 працаваў у Кіеўскім рус. драм. т-ры, з 1955 у Санкт-Пецярбургскім Вял. драм. т-ры (з 1989 яго маст. кіраўнік). Для Л.-акцёра характэрны паглыблены драматызм, дакладнасць сац.-псіхал. аналізу ролі. Выступае пераважна ў амплуа станоўчага героя. Выконвае і дваістыя, супярэчлівыя натуры: Малчалін («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Ніл («Мяшчане» М.​Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.​Шылера) і інш. Здымаецца ў кіно: «Жывыя і мёртвыя» (1964), «Браты Карамазавы» (1969), «Утаймаванне агню» (1972, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1973; Дзярж. прэмія Расіі 1974), «Акіян» (1974), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978) і інш. У 1986—92 старшыня праўлення Саюза тэатр. дзеячаў СССР, з 1992 прэзідэнт Міжнар. канфедэрацыі тэатр. саюзаў. Дзярж. прэмія СССР 1978, Ленінская прэмія 1982 за тэатр. работы.

Літ.:

Яснец Э.Я. К.​Лавров. Л., 1977.

т. 9, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́ЎСКІ (Міхаіл Леанідавіч) (н. 29.10.1941, Тбілісі),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Сын Л.М.Лаўроўскага. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980, педагог Р.Захараў). У 1961—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Маст. кіраўнік Т-ра імя Паліяшвілі (Тбілісі, 1983—85). Класічны танцоўшчык рамантыка-трагедыйнай накіраванасці. Сярод партый: Блакітная птушка, Зігфрыд, Шчаўкунок («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Ферхад («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана). Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета», джаз-балет на муз. оперы «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна (абедзве 1983) у т-ры імя Паліяшвілі; тэлебалеты і інш. Аўтар успамінаў пра бацьку. 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1965), прэмія В.​Ніжынскага (Парыж, 1972). Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Літ.:

Лопухов Ф. Российские апостолы танпа // Сов. балет. 1986. № 6.

т. 9, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРМІ́Н (Уладзімір Паўлавіч) (н. 17.3.1909, Масква),

савецкі вучоны-механік. Акад. АН СССР (1966). Герой Сац. Працы (1956). У 1930 скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча, дзе працаваў (з 1960 праф.). Асн. працы па кампрэсарабудаванні, халадзільнай тэхніцы, машынабудаванні, механіцы, стартавых комплексах ракет. Аўтар адкрыццяў і вынаходстваў у галіне механікі і машынабудавання. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1967, 1977.

У.П.Бармін.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗЦО́ВА (Алена Васілеўна) (н. 7.7.1939, С.-Пецярбург),

руская спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1964). З 1984 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1964 салістка Вял. т-ра Расіі. Выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала» і інш.). Сярод партый: Марфа, Марына Мнішак («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсах імя П.​І.​Чайкоўскага (Масква), Ф.​Віньяса (Барселона; абодва 1970). Дзярж. прэмія Расіі 1973, Ленінская прэмія 1976.

Літ.:

Тимохин В.В. Е. Образцова: Творч. портрет. 2 изд. М., 1988;

Шейко Р. Елена Образцова: Записки в пути. Диалоги. 2 изд. М., 1987.

А.В.Абразцова.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗЦО́Ў (Сяргей Уладзіміравіч) (5.7.1901, Масква — 8.5.1992),

рускі тэатр. дзеяч, акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1954). Герой Сац. Працы (1971). З 1931 кіраўнік Цэнтр. т-ра лялек у Маскве. Распрацаваў тэорыю і методыку т-ра, стварыў рэпертуар, выхаваў плеяду акцёраў і рэжысёраў. З 1973 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Прэзідэнт Міжнар. саюза лялечнікаў (з 1976, з 1984 ганаровы прэзідэнт) і Сав. цэнтра гэтай арг-цыі (з 1958). Працаваў таксама ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946, Дзярж. прэмія Расіі 1967, Ленінская прэмія 1984.

Тв.:

О том, что я увидел, узнал и понял во время двух поездок в Лондон. М., 1957;

Моя профессия. М., 1981.

Літ.:

Смирнова Н.И. Театр Сергея Образцова. М., 1971.

С.У.Абразцоў.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ СІ́КА ((De Sica) Віторыо) (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),

італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁВА (Галіна Аляксандраўна) (7.3.1932, г. Гарачы Ключ Краснадарскага краю, Расія — 8.1.1995),

расійская спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Расіі (1967), нар. арт. СССР (1974). Скончыла Саратаўскую кансерваторыю (1958). Дэбютавала ў 1958 у Саратаўскім т-ры оперы і балета. З 1960 салістка Марыінскага т-ра. З 1971 выкладала ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (праф. з 1981). Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Анастасія («Пётр I» А.​Пятрова). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе маладых оперных спевакоў (Сафія, 1961), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАЧНІКАЎ (Павел Пятровіч) (29.7.1915, С.-Пецярбург — 2.5.1988),

расійскі кінаакцёр. Нар. артыст СССР (1979). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1935). Дэбютаваў у кіно ў 1935 (фільм «Паўналецце»). У лепшых фільмах дасягнуў шматпланавасці вобразаў: «Подзвіг разведчыка» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Далёка ад Масквы» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Утаймавальніца тыграў» (1955), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977), «Сібірыяда», «Сюды не заляталі чайкі» (абодва 1979), «Расказ невядомага чалавека» (1981), «Шалёныя грошы» (1982) і інш. Рэжысёр фільмаў «Музыканты аднаго палка» (1965, з Казанскім), «Снягурка» (1970), «Я цябе ніколі не забуду» (1984) і інш.

П.Кадачнікаў у ролі А.​Мярэсьева ў кінафільме «Аповесць пра сапраўднага чалавека».

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАШНІЧЭ́НКА (Яўгенія Сямёнаўна) (н. 12.6.1931, с. Радзянскае Валчанскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна),

украінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1965). Скончыла. Кіеўскую кансерваторыю (1957). З 1957 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. Валодае лёгкім рухомым голасам вял. дыяпазону, дасканалай тэхнікай, яскравым артыстызмам. Сярод лепшых партый: Венера («Энеіда» М.​Лысенкі), Іалан («Мілана» Г.​Майбарады), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні), Шамаханская царыца, Марфа («Залаты пеўнік», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (г. Тулуза, Францыя, 1958). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 28.3.1906, с. Папоўка Смаленскай вобл.),

савецкі вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН СССР (1972), Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1929). З 1962 дырэктар Усесаюзнага НДІ лёгкіх сплаваў. Навук. працы па тэхнал. працэсах ліцця металаў, пластычнай дэфармацыі і тэрмічнай апрацоўцы лёгкіх і спец. сплаваў. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1946, 1949.

А.Ф.Бялоў.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)