МУРА́ДАЎ (Шырын) (уста Шырын; 18.8.1880, г. Бухара, Узбекістан — 12.2.1957),
узбекскі нар. дойлід. Засл. дз. маст. Узбекістана. (1943). Ганаровы чл.АН Узбекістана (1943). Мастак-арнаменталіст, рэзчык па ганчы. Развіваў традыцыі ўзб.нар. арнаменту. Ствараў дэкар. кампазіцыі для аздаблення жылых дамоў Бухары (1895—1910-я г.) і палаца Сітараі-Махі-хаса каля Бухары (1912—14). Аўтар разнога дэкору Бухарскай залы Т-ра оперы і балета імя Наваі ў Ташкенце (1947) і інш. Рэстаўрыраваў арх. помнікі. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Літ.:
Ноткин И.И. Бухарская резьба по ганчу в работах усто Ширина Мурадова. Ташкент, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл.Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял.Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.
А.М.Кулагін.
Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЯДЗІ́КТАЎ (Георгій Міхайлавіч) (8.11.1916, г. Саратаў, Расія — 18.11.1992),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1943). З 1954 працаваў у ін-тах Белдзяржпраект, Белдзіпрагандаль, з 1982 выкладаў у Бел.політэхн. акадэміі. Гал. кірунак творчасці — архітэктура грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Асн. работы: будынкі Белдзяржфілармоніі (1963), Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны (1967), Дома прафесіянальных саюзаў (1982, усе ў сааўт.), Палаца культуры трактарнага з-да ў Мінску. Па яго праектах пабудаваны гасцініцы «Юбілейная» і «Планета» ў Мінску, «Магілёў» у Магілёве, «Інтурыст» у Брэсце і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ-АЎСЕ́ЕНКА (Уладзімір Аляксандравіч) (21.3.1883, г. Чарнігаў — 1938),
савецкі ваенны, парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1910—17 у эміграцыі (Францыя). У кастр. 1917 сакратар Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў захопу Зімняга палаца і арышту Часовага ўрада. У грамадз. вайну галоўнакамандуючы Укр. фронтам. У 1922—24 нач. Палітупраўлення РВС рэспублікі. У 1924—33 паўпрэд СССР у Чэхаславакіі, Літве і Польшчы, з 1934 пракурор РСФСР, у 1936—37 ген. консул СССР у Барселоне (Іспанія), з 1937 нарком юстыцыі РСФСР. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́НІЙ (Старац; ? — 1681),
разьбяр па дрэве; майстар беларускай рэзі. Манах Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (пад Оршай). Пасля 1655 працаваў у майстэрні Іверскага манастыра на Валдаі; магчыма, удзельнічаў у стварэнні разных дзвярэй сабора гэтага манастыра. Пазней выконваў работы для Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (г. Істра Маскоўскай вобл.). У 1667 узначальваў майстэрню разьбяроў у Аружэйнай палаце Крамля. Кіраваў работай па аздабленні драўлянай разьбой палаца ў Каломенскім (зараз у межах Масквы). Стварыў «іарданскую сень» на 4 калонах для Суздаля (1668, цяпер — у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі).
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц АДМІНІСТРА́ТАРА,
помнік архітэктуры ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1770—80-я г. ў Гродне, перабудаваны ў 19 ст. Належаў графу М.Валіцкаму, у 1842 куплены праваслаўнай кансісторыяй (адсюль другая назва — архірэйскі дом). Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы, быў абкружаны рэгулярным паркам (збярогся часткова). Па баках палаца сіметрычна пастаўлены 2-павярховыя мураваныя флігелі, якія ўтвараюць перад ім паўадкрыты двор. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Першы паверх цокальны, 2-і і 3-і аб’яднаны на фасадах лапаткамі. Цэнтр гал. фасада падкрэслены рызалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЧЫ ((Gucci) Санці) (каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),
італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРК (Clark) Джон, архітэктар і будаўнік 1-й пал. 19 ст., прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Англічанін. У 1800—26 жыў і працаваў у Гомелі. Сярод работ сядзібны комплекс на беразе р. Сож (1802, не захаваўся), бакавыя флігелі Гомельскага палаца (перабудаваны пры рэканструкцыі 1837—48), царква (1805), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Гомельскага духоўнага вучылішча будынак, гандл. рады з вежай (1818, згарэлі ў 1865), Гомельскай ланкастэрскай школы будынак, бальніца (1819, перабудавана ў 20 ст.), касцёл (1822, не захаваўся), карчма (1822, 2-і паверх перабудаваны ў 1950-я г.), царква ў в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (1822, не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНА́КФУС (Knakfusas, Knackfuss) Марцін (каля 1740, г. Вулька Мазавецкага ваяв., Польшча — каля 1821), літоўскі архітэктар. Выкладаў у Віленскім ун-це (1773—75). З 1777 праф. архітэктуры Віленскай акадэміі (з 1781 Гал. школа ВКЛ). Удзельнік паўстання 1794. Паводле яго праектаў пабудаваны ўсх. і зах.ч. Вяркяйскага палаца (цяпер у межах Вільнюса; пачаты ў 1780), паўд. прыбудова абсерваторыі Віленскага ун-та (1782—88), касцёл у Куртувенай (Шаўляйскі р-н; 1783—92). У Вільні рэканструяваў палацы Лапацінскіх, Тызенгаўзаў і інш. (усе канца 18 ст.), Зялёны мост цераз р. Нярыс (1791). У сааўтарстве будаваў палац у Паэжараі (Вілкавішкскі р-н; 1796—99).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРАРДО́Н ((Girąrdon) Франсуа) (17.3.1628, г. Труа, Францыя — 1.9.1715),
французскі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Труа, потым у Рыме ў Л.Берніні (да 1650), зазнаў уплыў барока. З 1657 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (праф. з 1659). Майстар манум.-дэкар. скульптуры. Аўтар скульпт. груп («Апалон і німфы», 1666—76, «Выкраданне Празерпіны», 1699, і інш.) і дэкар. ваз для палаца і парку ў Версалі, грабніцы кардынала Рышэлье ў царкве Сарбоны (1675—94), коннай статуі Людовіка XIV на Вандомскай пл. ў Парыжы (1683—99; разбурана ў 1792), шэрагу партрэтных бюстаў.