КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,

княжацкі род ВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн. ВКЛ Кейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

агульны спосаб доказаў і вызначэнняў у матэматыцы і матэм. логіцы, які дае магчымасць рабіць агульныя вывады на аснове асобных сцвярджэнняў.

Грунтуецца на прынцыпе матэматычнай індукцыі: сцвярджэнне A(n), залежнае ад натуральнага параметра n, лічыцца праўдзівым, калі праўдзіва A(1) і з меркавання праўдзівасці A(N) для любога натуральнага N вынікае праўдзівасць A(N + 1). Напр., для любога натуральнага n патрабуецца даказаць формулу 1 + 3 + 5 + ... + (2n − 1) = n​2. Пры n = 1 гэтая формула праўдзівая (1 = 1​2), затым мяркуем. што формула даказана для пэўнага ліку N: 1 + 3 + 5 + ... + (2N − 1) = N​2. Далучаем да левай і правай часткі дадзенай формулы яшчэ адно складаемае 2N + 1: 1 + 3 + 5 + (2N − 1) + (2N + 1) = N​2 + (2N + 1) = (N + 1)​2. Такім чынам, з праўдзівасці формулы пры n = N вынікае яе праўдзівасць і пры n = N + 1. Адсюль вынікае праўдзівасць формулы для любога натуральнага n.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,

словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСА́НАЎ Уладзімір Аляксандравіч (15.11.1875, г. Арол, Расія — 1913),

расійскі даследчык Арктыкі. Скончыў Арлоўскую духоўную семінарыю (1897), Парыжскі ун-т (1907). За ўдзел у студэнцкім рэв. руху ў Кіеўскім ун-це ў 1901 сасланы ва Усць-Сысольск (цяпер Сыктыўкар). У 1903 эмігрыраваў у Францыю. У 1908 прымаў удзел у франц., а ў 1909 — у рус. экспедыцыях на Новую Зямлю. У 1910 і 1911 кіраваў экспедыцыямі на гэты архіпелаг, пехатой перасек в-аў Паўночны, на маторна-ветразевых суднах плаваў вакол а-воў Паўночны і Паўднёвы. Правёў шэраг тапаграфічных, геал., і гідралагічных работ. У 1912 кіраваў экспедыцыяй на боце «Геркулес» па даследаванні вугляносных раёнаў Шпіцбергена, затым адправіўся на У і прапаў без вестак. У 1934 на астравах каля зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр знойдзены драўляны слуп з надпісам «Геркулес. 1913» і некат. рэчы ўдзельнікаў экспедыцыі. Імем Р. названы бухта і паўвостраў на Новай Зямлі, ледавік на Паўн. Зямлі, востраў у праліве Вількіцкага, гара ў Антарктыдзе.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэінтраду́кцыя

(ад рэ- + інтрадукцыя)

1) развядзенне раслін у мясцовасцях, дзе яны раней раслі, але затым зніклі, як правіла, па віне чалавека;

2) другасная або кожная наступная інтрадукцыя раслін, якія раней культываваліся.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

халя́ва, ‑ы, ж.

1. Частка бота, якая закрывае нагу ад ступні да калена. Тыя боты як уздзене, Дык халявы па калені, А як пойдзе, дык рыпяць — Варты мо’ чырвонцаў з пяць. Крапіва.

2. У вытворчасці шкла — выдзьмутая шкляная цыліндрычная загатоўка, якую затым распрамляюць у ліст шкла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плю́ндры (іран.) ’штаны’ (маз., Нар. Гом.), плюдры ’тс’, ’лахманы, рыззё’ (Нас.), плюндра ’тс’ (Шат.), ст.-бел. плюдры, плюйдры ’штаны’ (1598, Булыка, Лекс. запазыч., 109). З польск. phtdry — від штаноў нямецка-французскага крою XV–VIII стст.: спачатку кароткія, з буфамі, затым phiderki ’зімовыя штонікі, падбітыя футрам’, пазней гэтая абразлівая назва phtdry пашырылася нават на турэцкія шаравары — скарачэнне з п.-ням. phiderhosen ’штаны з буфамі’ < pludeni ’раздувацца’ (Кюнэ, Poln., 87: Банькоўскі, 2, 61 I).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шы́фер, ‑у, м.

1. Чорны або шэры гліністы сланец. Здабыванне шыферу.

2. Будаўнічы матэрыял у выглядзе плітак або лістоў з такога сланцу, які ўжываецца для пакрыцця даху. Будуць узводзіць другі паверх [будынка], затым ставіць кроквы, каб заўтра шыферам накрыць. Гроднеў. На страсе цесля Лявон клаў апошнія аркушы шыферу. Дубоўка.

[Ням. Schiefer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,

установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.

Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж. цэнтры занятасці.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ Ціхан Якаўлевіч (12.8 1917, в. Агародня-Кузьмініцкая Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 11.1.1983),

дзяржаўны і парт. дзеяч, Герой Сац. Працы (1977). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1941), ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1936 на пед. рабоце ў школах Ельскага р-на Гомельскай вобл. З 1941 выкладчык, дырэктар школы ў Сталінградскай вобл. З 1944 на парт. рабоце ў Гомелі, Брэсце. З 1952 1-ы сакратар Брэсцкага абкома КПБ, з ліп. 1955 сакратар, затым 2-і сакратар ЦК КПБ. З 1959 Старшыня Савета Міністраў БССР, з 1978 1-ы нам. старшыні Савета Міністраў СССР, з кастр. 1980 1-ы сакратар ЦК КПБ. Чл. ЦК з 1952, Бюро ЦК КПБ у 1955—78 і з 1980. Чл. ЦК КПСС з 1961. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1951, Вярх. Савета СССР з 1954, нам. старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1958—62. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР і СССР з 1981. Яго імем названа вуліца ў Мінску.

Тв.:

Советская Белоруссия. М., 1982;

Избранные статьи и выступления. Мн., 1984.

Ц.Я.Кісялёў.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)