КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),
французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз.драматургіі К.В.Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛО́ПШТАК ((Klopstok) Фрыдрых Готліб) (2.7.1724, г. Кведлінбург, Германія — 14.3.1803),
нямецкі паэт і драматург; адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Вучыўся ў Іенскім і Лейпцыгскім ун-тах (1745—48). Пісаў оды, гімны, у якіх упершыню ў еўрап. л-ры выкарыстаў ант. страфічныя памеры (алкеева, асклепіядава, сапфічная строфы) і верлібр. Лірыцы К. ўласціва адмаўленне жорсткай грамат. рэгламентацыі і рацыянальнасці, яе гал. тэмы — усхваленне сяброўства і кахання, хараства прыроды і гармоніі сусвету, творчай моцы Бога і чалавека, пратэст супраць тыраніі і духоўнага рабства народа. Гал. твор — напісаная гекзаметрам на біблейскі сюжэт эпічная паэма «Месіяда» («Месія», 1748—73), якая адзначана глыбокім лірызмам і тонкай пачуццёвасцю, што было новым у развіцці эпасу. Аўтар драм на біблейскія сюжэты. Упершыню звярнуўся да герм. міфалогіі ў лірыцы і гіст. паданняў у драматургіі (драмы-«бардыты» «Бітва Германа», 1769; «Герман і князі», 1784; «Смерць Германа», 1787). Паўплываў на л-ру «Буры і націску».
Літ.:
Гейман Б.Я. Клопшток // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КШТЫС (Тадэвуш Антонавіч) (н. 31.10.1934, в. Хоўхлава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1958 у Бел.акад. т-ры імя Я.Коласа. Характарны камедыйны акцёр. Яго творчасці ўласцівы спалучэнне вострасатыр. фарбаў і прыёмаў падкрэсленага камізму, набліжанага да гратэску і буфанады, з арганічнай рэаліст. манерай выканання. Лепшыя ролі ў нац. рэпертуары: Васількевіч, Жабрак («Навальніца будзе», «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа), Другі шляхціц («Несцерка» В.Вольскага), Салдат («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кічкайла («Амністыя» М.Матукоўскага), Касінскі («Званы Віцебска» У.Караткевіча), Скаромны («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Шаргаёў і Гастрыт («Парог» і «Вечар» А.Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Акім («Улада цемры» Л.Талстога), Дыдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Лапчанка («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Мячоткін («Апошнім летам у Чулімску» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН (Барыс Міхайлавіч) (29.6.1914, г. Віцебск — 22.11.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). У 1931—38 працаваў у Віцебскім ТРАМе, БДТ-3, Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай, у 1938—83 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Валодаў майстэрствам стварэння падкрэслена вонкавага малюнка ролі з выкарыстаннем розных камед. сродкаў (гратэск, буфанада і інш.). Найб. значныя ролі ў т-ры імя Я.Коласа ў нац.драматургіі: Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.Вольскага), Рабінін («Святло з Усходу» П.Глебкі), Дзед («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Альховік («Трывога» А.Петрашкевіча). Сярод інш. роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Прапацей і Бабаедаў («Ягор Булычоў і іншыя» і «Ворагі» М.Горкага), герцаг Албанскі і Кісель («Кароль Лір» і «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Благое («Доктар філасофіі» Б.Нушыча) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁРАЎ (Генрых Аляксандравіч) (н. 6.9.1936, г. Улан-Удэ, Расія),
артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў І.Бельскага (1967—72). З 1972 балетмайстар, з 1977 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі (Кіеў), з 1979 гал. балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Ў 1983—86 у маскоўскім Муз. т-ры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. З 1988 заг. кафедры Маскоўскага харэаграфічнага ін-та. Балеты М. вылучаюцца танцавальнасцю, жыццярадаснасцю, даступнасцю харэаграфічнай драматургіі. Майстар харэаграфічнай мініяцюры. Сярод пастановак: «Паэма досвітку» В.Касенкі (1973), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Вяртанне» на муз. Б.Ляташынскага і «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (1975), «Дзяўчына і смерць» Г.Жукоўскага (1978), «Маленькі прынц» Я.Глебава (1983, Вял.т-р і інш.), «Пунсовыя ветразі» У.Юроўскага (1984) і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў «Курган» Глебава (1982), «Чыпаліна» (1985). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета і балетмайстраў у Маскве (1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭВЕ́РДЗІ ((Monteverdi) Клаўдзіо Джавані Антоніо) (хрышчаны 15.5.1567, г. Крэмона, Італія — 29.11.1643),
італьянскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых класікаў оперы. З 1590 чл. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. З 1590 служыў пры двары герцага Мантуанскага. З 1613 капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. Адзін з арганізатараў першага публічнага опернага т-ра (Венецыя). Апіраючыся на прынцыпы фларэнтыйскай камераты, заклаў традыцыі опернай венецыянскай школы. Ператварыў оперу ў муз. драму, развіў оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, арк. інтэрмедыя), увёў у оперу уверцюру, стварыў розныя тыпы рэчытатыву, узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі. Як музыкант-віртуоз выкарыстаў новыя выканальніцкія прыёмы. Стваральнік т.зв. ўсхваляванага стылю, дасягнуў гранічнай драматызацыі мадрыгала, ператварыўшы яго ў драм. сцэну. Аўтар 8 опер, з якіх цалкам захаваліся «Арфей» (паст. 1607), «Вяртанне Уліса на радзіму» (паст. 1640), «Каранацыя Папеі» (паст. 1642) — узоры эмацыянальна-псіхал. напружанай канфліктнай драматургіі. Сярод інш. твораў балет, хар. канцэрты, месы, матэты, каля 150 свецкіх і духоўных мадрыгалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЙ (Леў Аляксандравіч) (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),
рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус.драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.Гейнэ, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, П.Беранжэ, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Анакрэонта, Т.Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.Глінкай, П.Чайкоўскім, А.Барадзіным, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙДЗЁНАЎ (сапр.Аляксееў) Сяргей Аляксандравіч
(26.9.1868, г. Казань, Расія — 5.12.1922),
рускі драматург. Скончыў Муз.-драм. вучылішча пры Маскоўскім філарманічным т-ве (1889). У 1889—93 акцёр на правінцыяльнай сцэне. У першай п’есе на аўтабіягр. аснове «Дзеці Ванюшына» (паст. 1901) карціна расколу ў асяроддзі рас. купецтва, выкліканага развіццём капіталіст. адносін. У п’есах «Нумар трынаццаты» (1903), «Аўдоціна жыццё» (паст. 1904), «Сцены» (1907), «Раман цёці Ані» (1912), «Работніца» (1915) і інш. паказаў маральную раз’яднанасць людзей у капіталіст. грамадстве. Аўтар п’есы пра рэвалюцыю 1905 «Масква: Сцэны з маскоўскага жыцця 1905 г.» (нап. 1921). Яго драматургіі ўласцівы імкненне ўвасабляць сац. праблемы ў форме інтымнай псіхал. драмы, дынамічнасць у развіцці канфлікту, тонкасць і лаканізм псіхал. характарыстык. П’еса «Дзеці Ванюшына» пастаўлена ў Бел.дзярж. т-ры імя Я.Коласа (1938), Гродзенскім абл.драм. т-ры (1948), Рускім дзярж.драм. т-ры Беларусі (1948 і 1971).
Тв.:
Дети Ванюшина. М., 1955.
Літ.:
Чернышев А.А. Путь драматурга: С.А.Найденов. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
устойлівая форма развіцця літаратуры, якая склалася гістарычна як адна з праяў роду літаратурнага (эпасу, лірыкі, драмы). Вылучаюць асн. віды эпасу — эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, казка і інш., лірыкі — верш, паэма, песня, дыфірамб, элегія і інш., драмы — трагедыя, драма, камедыя. Від літаратурны непасрэдна выяўляе ўзаемасувязь паміж тэмай, ідэяй твора і іх маст. увасабленнем, стылем твора. Таму ў развіцці віду адлюстроўваюцца жыццёвыя і літ. з’явы, якім ён абавязаны сваім узнікненнем, існаваннем. Склаўшыся як пэўная форма літ. твораў, від літаратурны валодае адносна ўстойлівымі кампазіцыйнымі адзнакамі або адзінствам праблематыкі, пафасу. Напр., раман, аповесць, апавяданне вызначаюцца як вялікая, сярэдняя і малая формы, у вызначэнні віду ў лірыцы і драматургіі ўлічваюцца найперш тэматычныя асаблівасці твораў аднаго віду або характар іх пафасу (камедыя, трагедыя, ода, элегія, дыфірамб). Від літаратурны ў сваю чаргу мае свае падвіды, або жанравыя формы (напр., адрозніваюцца раманы філас., псіхал., быт., гіст., дэтэктыўны і інш.). У сучасным літ.-знаўстве часам адбываецца атаясамліванне паняццяў від літаратурны і жанр літаратурны з-за цяжкасці іх тэарэт. размежавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).