ЭСТЭТЫКА
Эстэтычная думка на Беларусі развівалася з часоў сярэдневякоўя. Свае эстэтычныя ўяўленні, цесна звязаныя з язычніцкімі вераваннямі, абрадамі і рытуаламі, мелі крывічы-палачане, дрыгавічы і радзімічы. З прыняццем хрысціянства дамінуючай стала хрысц. эстэтыка, якая своеасабліва спалучалася з нар. і свецкай эстэтыкай, з адметным уплывам візантыйскай культуры. Эстэт. паняцці «краса», «прыгажосць», «аздабленне» і інш. сустракаюцца ў творах Кірылы Тураўскага, які бачыў ідэал прыгажосці ў боскім пачатку, а вышэйшым упрыгажэннем чалавека лічыў маральнасць, дабрадзейнае жыццё. У 15—16 ст. эстэтыка мела прыкметы рэнесансавай культуры, арыентаванай на катэгорыю прыгожага, гармонію прыроды і чалавека, асобы і грамадства, духоўнай універсальнай і нац. самабытнасці; яна адлюстроўвалася ў розных відах мастацтва, асабліва ў дойлідстве (храмы абарончага тыпу ў Сынковічах і Маламажэйкаве, замак-палац у Міры). Элементы эстэтыкі сустракаюцца ў перакладных аповесцях, у мемуарнай («Баркулабаўскі летапіс») і маст. літаратуры, у творах М.Гусоўскага, у публіцыстыцы С.Буднага, В.Цяпінскага, братоў С. і Л. Зізаніяў. Эстэтычнае пранізвае філас. адносіны Ф.Скарыны да свету з пэўнай мерай дабра і красы, праяўляецца ў яго светапоглядзе, паліграфічным мастацтве, у дасканалым маст. гусце гравюр, у яго лексіцы, багата аздобленай эстэт. тэрміналогіяй. У эстэт. дактрынах на Беларусі ў 17—18 ст. знайшлі своеасаблівае выражэнне сістэмы поглядаў, прынятых у межах культуры барока і класіцызму. Сімяон Полацкі распрацаваў сістэму каштоўнасцей у разуменні прыгожага: вышэйшыя яе ступені цесна звязаны з боскім пачаткам, але прырода і чалавек пазнаюцца пры дапамозе органаў пачуццяў. Прадстаўнік бел. барока ў эстэтыцы М.Сарбеўскі зыходзіў з таго, што на вышэйшых ступенях іерархічнай маст. лесвіцы размяшчаюцца «славесныя мастацтвы»: паэзія, рыторыка, гісторыя. Асн. кірункам эстэтыкі і маст. культуры 18—1-й пал. 19 ст. быў класіцызм, які суіснаваў з такімі плынямі, як барока, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм (А.Доўгірд, Л.Бароўскі, І.Капіевіч). У сваіх эстэтычных поглядах В.Дунін-Марцінкевіч зыходзіў з ідэала як асн. катэгорыі, а гал. крытэрыем дасканалага лічыў гармонію. У К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча эстэт. ідэал супадаў з сац.-паліт. і маральным, а гал. праблемай эстэтыкі лічылася стварэнне нац. мастацтва (на аснове нац. мовы), сцвярджэнне прынцыпу праўды, ісціны, дабра і прыгажосці. Сваёй вяршыні дэмакр. эстэтыка Беларусі дасягнула ў 1905—17 у творчасці класікаў бел. літаратуры Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, М.Багдановіча, асаблівую ролю ў яе станаўленні адыграла публіцыстыка «Нашай Нівы» і інш. У савецкі час працэс развіцця эстэтыкі на Беларусі ішоў гал. чынам у рэчышчы марксісцкай філас.-эстэт. думкі. У 1918—20-я г. на яго значна паўплывалі левыя эстэт. кірункі — футурызм, кубізм, супрэматызм. Апошнюю дактрыну распрацоўваў К.Малевіч, у цэнтры якой было сцвярджэнне новага мастацтва, «стварэнне утылітарных форм свету рэчаў». Узнікла нацыянал-камуніст. плынь у эстэтыцы (літ.-маст. аб’яднанні «Маладняк» і «Полымя») і спецыфічна бел. авангардызм—аквітызм (літ.-маст. згуртаванне «Узвышша»). Апублікаваны працы «Пра прыроду эстэтычнай думкі» Я.І.Барычэўскага (1923), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». М.М.Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Эстэтычныя асновы савецкай літаратуры» І.В.Гутарава (1950) і інш.
З 1960-х г. у галіне эстэтыкі працягвалася вывучэнне праблем агульнага мастацтвазнаўства і крытыкі (А.Б.Ладыгіна, В.В.Грынін, В.І.Старавойтаў), гісторыі і тэорыі эстэтыкі як спецыфічнай навук. дысцыпліны (У.М.Конан, Э.К.Дарашэвіч, А.С.Майхровіч і інш.), тэхн. эстэтыкі і тэорыі дызайну (І.Герасіменка, І.Селязнёў, Г.Сытэнка, А.Чарнышоў), дыялектыкі пераемнасці і маст. ўвасаблення прыгожага (Л.А.Гуцаленка, Э.В.Шыкунова), эстэт. засваення рэчаіснасці і ўздзеяння мастацтва на грамадства (П.К.Астроўскі, А.С.Майхровіч, В.А.Салееў і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне для актывізацыі даследаванняў у галіне эстэтыкі мелі манаграфіі М.І.Крукоўскага «Логіка прыгажосці» (1965), «Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: Спроба сістэматызацыі» (1974) і «Кібернетыка і законы прыгажосці» (1977), В.А.Салеева «Мастацтва і яго ацэнка» (1977). Апубл. працы па гісторыі айч. эстэтыкі: «Дэмакратычная эстэтыка Беларусі (1905—17)» (1971) і «Ад Рэнесансу да класіцызму: Станаўленне эстэтычнай думкі Беларусі ў XVI—XVIII ст.» (1978) У.М.Конана, «Эстэтычныя погляды Я.Коласа» А.С.Майхровіча (1970), «Нарыс гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі» Э.К.Дарашэвіча і У.М.Конана (1972), «Сучасная эстэтыка Беларусі» В.А.Салеева і інш. У 1975 выдадзены навуч. дапаможнік «Марксісцка-ленінская эстэтыка. Хрэстаматыя». У 1983 выйшла з друку фундаментальная праца М.І.Крукоўскага «Homo pulcher — Чалавек прыгожы», у якой упершыню прапаноўваліся ацэнкі чалавека з пункту гледжання эстэтыкі. Працягвалася вывучэнне праблем маст.-эстэт. культуры ў дынаміцы сац. засваення (У.А.Скараходаў, Ю.А.Гусеў), узаемаадносін нац. самасвядомасці і маст. культуры, этнапедагогікі і эстэт. развіцця асобы (У.М.Конан, В.А.Салееў, А.У.Івашкевіч), культуралагічнага зместу феномена прыгажосці, мадыфікацыі яго форм у еўрап. і сусв. культуры ( У.Ф.Мартынаў) і інш. У 1990 адбыўся рэсп. з’езд эстэтыкаў, засн. Бел. эстэт. асацыяцыя. У 2003 выдадзены навучальны дапаможнік «Эстэтыка» У.Ф.Мартынава.
Літ.:
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;
Майхрович А.С. Об эстетическом освоении действительности. Мн., 1973;
Шикунова Э.В. Эстетические потребности и художественная культура. Мн., 1986;
Эстетическое воспитание молодежи: проблемы и опыт. Мн., 1986;
Салееў В.А. Эстэтычнае выхаванне ў сучаснай беларускай культуры. Мн., 1993;
Скараходаў У. Мастацкая культура ў дынаміцы сацыяльнага засваення Мн., 1994;
Социокультурные и эстетические основы творчества детей и подростков. Мн., 1998;
Мартынов В.Ф. Философия красоты. Мн., 1999;
Чернышева А.В. Формальная композиция. Творческий практикум по основам дизайна. Мн., 1999.
В.А.Салееў.
т. 18, кн. 2, с. 464