КАЛЯРО́ВАЯ ФАТАГРА́ФІЯ,

разнавіднасць фатаграфіі, звязаная з узнаўленнем каляровага відарыса аб’екта здымкі. Праводзіцца на колерафатаграфічных матэрыялах з дапамогай звычайных фотаапаратаў.

Грунтуецца на прапанаванай (1756) М.​В.​Ламаносавым тэорыі трохкампанентнага каляровага зроку, паводле якой любы колер, у т. л. белы, можна атрымаць змешваннем трох асн. колераў: чырвонага, зялёнага і сіняга. У 1861 Дж.​Максвел прапанаваў здымаць аб’ект паслядоўна праз святлафільтры, афарбаваныя ў асн. колеры, а атрыманыя пазітывы праектаваць праз гэтыя ж святлафільтры на экран (адытыўны спосаб). У аснову сучаснай К.ф. закладзены субтрактыўны метад, прапанаваны ў 1868—69 франц. вынаходнікам Л.​Дзюко дзю Аронам, паводле якога каляровы відарыс атрымліваецца «адыманнем» асн. колераў ад белага. Атрыманне негатыва гэтым спосабам суправаджаецца ўтварэннем на мнагаслойным фотаматэрыяле колераў, якія дапаўняюць асн. колеры аб’екта да белага: для чырвонага колеру дапаўняльным з'яўляецца блакітны, для зялёнага — пурпуровы, для сіняга — жоўты. Пры атрыманні пазітыва адбываецца адваротны працэс: дадатковыя колеры абумоўліваюць утварэнне на ім асн. колераў аб’екта здымкі. Гл. таксама Каляровае тэлебачанне.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́РНАЯ МАШЫ́НА,

паліграфічная машына для вырабу тэкставых друкарскіх форм. Дазваляе механізаваць і аўтаматызаваць асн. аперацыі наборных працэсаў.

Падзяляюцца на машыны метал. набору (радковаадліўныя лінатыпы і літараадліўныя манатыпы, якія даюць набор у выглядзе гранак ці звярстаных палос — старонак выдання), наборна-друкавальныя машыны (падобныя на пішучыя машынкі, але са шрыфтамі рознай шырыні), фотанаборныя машыны (з іх дапамогай атрымліваюць фатаграфічны відарыс тэксту н. плёнцы ў выглядзе гранак ці звярстаных палос) і машыны электроннага набору (настольныя выдавецкія сістэмы з персанальнымі ЭВМ, адпаведнымі праграмамі да іх і перыферыйнымі прыладамі — прынтэрамі, сканерамі і інш.). Падрыхтоўка праграм кіравання наборнымі апаратамі ажыццяўляецца на наборна-праграмавальных апаратах. Гл. таксама Камп’ютэрныя сістэмы выдавецкія.

Наборныя машыны: а — наборны літараадліўны аўтамат (манатып); б — схема фотасекцыі наборна-фатаграфавальнай сістэмы з шрыфтаносьбітам (аўтамат тыпу «Лінатрон»): А — сканіруючая частка (1 — сканіруючая электронна-прамянёвая трубка-ЭПТ; 2 — аптычная сістэма; 3 — шрыфтаносьбіт з фоталітарамі, 4 — кандэнсарная сістэма, 5 — фотапамнажальнікі); Б — фатаграфавальная частка (6 — узнаўляльная ЭПТ, 7 — аптычная сістэма, 8 — люстэрка, 9 — аб’ектыў, 10 — фотаматэрыял, 11 — растравая лінейка, 12 — фотадатчык).

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. projectio літар. кіданне наперад),

відарыс прасторавай фігуры на плоскасці ці інш. паверхні.

Адрозніваюць цэнтральную, паралельную, прамавугольную П. Цэнтральная (канічная) П.: выбіраюць адвольны пункт S прасторы (цэнтр праектавання) і плоскасць α′ (плоскасць П.), якая не праходзіць праз пункт S; праз дадзены пункт A (правобраз) прасторы і цэнтр П. S праводзяць прамую SA да яе перасячэння ў пункце A′ з плоскасцю α′. Пункт A′ (вобраз) наз. цэнтральнай П. пункта A. П. фігуры наз. сукупнасць П. усіх яе пунктаў. Паралельнай (цыліндрычнай) П. пункта A на плоскасць α′ наз. пункт A′ перасячэння гэтай плоскасці і прамой p, якая праходзіць праз A паралельна зададзенай прамой a. У выпадку перпендыкулярнасці прамой n і плоскасці α′ П. наз. прамавугольнай (артаганальнай). Цэнтр. П. — аснова перспектывы. Цэнтр. і паралельная (у прыватнасці, артаганальная) П. знаходзяць дастасаванні ў нарысоўнай геаметрыі. Спец. віды праектавання на плоскасць, сферу, эліпсоід і інш. паверхні выкарыстоўваюцца ў астраноміі, геаграфіі, крышталяграфіі, тапаграфіі і інш.

А.​А.​Гусак.

Цэнтральная праекцыя.
Паралельная праекцыя.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАБА́ЧАННЕ,

атрыманне бачнага відарыса аб’екта, што знаходзіцца ў непразрыстым або празрыстым асяроддзі, з дапамогай гуку; від інтраскапіі. Засн. на пранікальнай здольнасці гукавых хваль. Бывае лінзавае (для стварэння акустычнага відарыса выкарыстоўваюць лінзы акустычныя), галаграфічнае (грунтуецца на прынцыпах акустычнай галаграфіі) і лакацыйнае (засн. на рэхалакацыі).

Найчасцей у гукабачанні выкарыстоўваюць ультрагук у дыяпазоне ад 20 кГц да 10 МГц. Схема гукабачання ўключае звычайна крыніцу ультрагуку, аб’ект назірання, акустычны аб’ектыў (стварае ультрагукавы відарыс) і пераўтваральнік гукавога відарыса ў бачны. Выкарыстоўваецца ў дэфектаскапіі, акіяналогіі, гідралакацыі, мед. дыягностыцы і інш. Пры падводным гукабачанні яго апаратура (гукавізары) можа ўстанаўлівацца на падводных апаратах, прызначаных для пошукавых, даследчых і інш. мэт.

Літ.:

Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ. М., 1982;

Ощепков П.К., Пирожников Л.Б. Звуковидение. М., 1984.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема лінзавага гукабачання з электронным сканіраваннем: 1 — ультрагукавы генератар; 2 — выпраменьвальнік; 3 — прадмет; 4 — акустычная лінза (аб’ектыў); 5 — п’езаэлектрычныя пераўтваральнікі; 6 — электронны камутатар; 7 — электронна-прамянёвая трубка.
Схема галаграфічнага гукабачання з аптычным узнаўленнем відарыса: 1 — ультрагукавы генератар; 2 — выпраменьвальнікі; 3 — прадмет; 4 — п’езапераўтваральнікі; 5 — камутатар; 6 — святло ад лазера; 7 — мадулятар святла; 8 — праекцыйная сістэма; 9 — плоскасць назірання.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯРО́ВАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, у якой узнаўляецца каляровы відарыс аб’екта здымкі. Грунтуецца на колерных уласцівасцях зроку чалавека, колераметрыі, фарміраванні першасных сігналаў асн. колераў (чырвонага, зялёнага і сіняга). Выкарыстоўваецца ў тэлевізійным вяшчанні і прыкладным тэлебачанні; найб. пашыраныя сістэмы К.т. ПАЛ, НТСЦ і СЕКАМ.

Адрозніваюць К.т. з адначасовай (найб. пашырана) і пачарговай перадачай тэлевізійных сігналаў (відарыса і гуку), для фарміравання і перадачы па каналах сувязі якіх выкарыстоўваюць спец. метады кадзіравання каляровай інфармацыі Асн. патрабаванне да сістэм вяшчальнага К.т. — сумяшчальнасць з сістэмамі чорна-белага тэлебачання. Для гэтага фарміруюцца сігналы яркасці і 2 колерарозныя, якія ўтвараюць сігнал колернасці. Відэасігнал займае такую ж паласу частот, што і сігнал чорна-белага тэлебачання і таму перадаецца па тых жа каналах сувязі. У каляровым тэлевізары відэасігналы вылучаюцца шляхам дэкадзіравання тэлевізійных сігналаў і падаюцца на кінескоп ці інш. ўзнаўляльную прыладу (у чорна-белых тэлевізарах выкарыстоўваецца толькі сігнал яркасці). Паляпшэнне якасці відарыса ў К.т. дасягаецца ў сістэмах тэлебачання павышанай якасці і асабліва ў сістэмах высокай выразнасці. У СНД, у т. л. на Беларусі, эксплуатуецца (з 1967) сав.-франц. сістэма К.т. з адначасовай перадачай сігналаў СЕКАМ.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕЛІЧЭ́ННЕ АПТЫ́ЧНАЕ,

адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.

Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл. Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).

Да арт. Павелічэнне аптычнае: суадносіны Г1 = l′/l — лінейнае павелічэнне; Г2 =tgα′/tgα — вуглавое; Г3 = x′/x — падоўжнае.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДАВА́ЛЬНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,

разнавіднасць электронна-прамянёвых трубак, якая пераўтварае аптычны відарыс на святлоадчувальнай паверхні (мішэнь, фотакатод ці інш.) у электронны (рэльеф эл. зарадаў, фотаправоднасць) і пасля ў відэасігнал; асн. частка тэлевізійных перадавальных камер.

Бывае з назапашваннем і без назапашвання эл. зараду. П.т.т. з назапашваннем зараду выкарыстоўваюцца ў вяшчальным тэлебачанні, маюць святлоадчувальную мішэнь, электронны пражэктар, факусавальную і адхіляльную сістэмы і інш. элементы (у залежнасці ад тыпу П.т.т.), якія кіруюць электронным праменем. У адных П.т.т. (напр., у іканаскопе, суперартыконе, суперіканаскопе) светлавыя сігналы выбіваюць электроны за кошт знешняга фотаэфекту, у другіх (напр., у відыконе) — змяняецца папярочная праводнасць фотакатода, у выніку чаго ўзнікаюць эл. зарады, якія назапашваюцца на мішэні. Электронны прамень пры абяганні (сканіраванні) мішэні разраджае яе, у выніку атрымліваецца відэасігнал. У тэлевізійных камерах выкарыстоўваюцца пераважна відыконы і іх разнавіднасці (плюмбіконы, сатыконы); у малагабарытных камерах — цвердацельныя фотапераўтваральнікі, напр., ПЗС-матрыцы. П.т.т. без назапашвання зараду (напр., дысектар) не маюць электроннага пражэктара, а відэасігнал фарміруецца электронамі, выпрамененымі з фотакатода пад уздзеяннем святла, і выкарыстоўваюцца для навук. і інш. мэт.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць сістэм, прылад і фотаматэрыялаў адрозніваць (узнаўляць) блізкія ў прасторы, часе ці па фіз. уласцівасцях аб’екты ці працэсы; колькасная мера такой здольнасці.

Р.з. аптычных сістэм — здольнасць аптычных сістэм даваць раздзельны відарыс двух блізкіх адзін ад аднаго пунктаў прадмета. З-за дыфракцыі святла аптычная сістэма адлюстроўвае святлівы пункт у выглядзе светлай плямы, абкружанай папераменна цёмнымі і светлымі кольцамі. Паводле крытэрыя У.Рэлея, 2 дыфракцыйныя плямы, адпаведныя відарысам пунктаў аднолькавай яркасці, лічацца раздзельнымі, калі светлы цэнтр адной з іх прыпадае на сярэдзіну першага цёмнага кольца суседняй. Р.з. спектральнай прылады — здольнасць такой прылады ўзнаўляць 2 спектральныя лініі з блізкімі даўжынямі хваль. Паводле крытэрыя Дж.​Рэлея такія лініі раздзяляюцца, калі адлегласць паміж максімумамі іх інтэнсіўнасцей не меншая за шырыню ліній. Р.з. фотаматэрыялаў — уласцівасць матэрыялу раздзельна ўзнаўляць у фотаматэрыяле дробныя суседнія дэталі аб’екта. Абумоўлена ступенню дысперснасці святлоадчувальных кампанентаў фотаслоя, залежыць ад кантрасту аптычнага відарыса, спектральнага складу аптычнага выпрамянення, часу асвятлення (экспазіцыі), умоў праяўлення і інш. Вызначаецца найб. колькасцю паралельных ліній на 1 мм фотавідарыса штрыхавой міры, якія бачныя паасобку ў мікраскопе.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ПІС ТЭЛЕВІЗІЙНЫХ СІГНА́ЛАЎ,

запіс відарысаў (напр., тэлепраграм) з мэтай іх захоўвання і наступнага ўзнаўлення. Бывае аналагавы і лічбавы (найб. дасканалы). У адрозненне ад фота- і кіназдымкі пры З.т.с. відарыс напачатку пераўтвараецца ў паслядоўнасць эл. сігналаў (відэасігналаў), якія фіксуюцца на носьбіце запісу. Адрозніваюць магн. (найб. пашыраны), аптычны, магн.-аптычны, эл.-статычны, мех. З.т.с.; пры запісе ў памяць ЭВМ выкарыстоўваюцца накапляльнікі даных.

Магн. З.т.с. падобны на магнітны запіс гуку і ажыццяўляецца на магн. стужцы (або дыску) з дапамогай відэамагнітафона. Адрозніваецца магчымасцю шматразовага выкарыстання носьбіта, дазваляе электронны мантаж фрагментаў відэаінфармацыі і інш. Пры аптычным і магн.-аптычным З.т.с. на носьбіт запісу ўздзейнічае светлавы прамень (звычайна лазерны), у выніку чаго асобныя ўчасткі носьбіта мяняюць свае аптычныя характарыстыкі (напр., каэф. адбіцця, пераламлення ці паглынання святла; гл. Аптычны дыск). Пры эл.-статычным З.т.с. на сігналаграме фіксуецца размеркаванне эл. зарадаў (патэнцыяльны рэльеф) на паверхні носьбіта (дыска). Дыскі выкарыстоўваюцца толькі для ўзнаўлення інфармацыі (як грампласцінкі) з дапамогай ёмістаснага пераўтваральніка. Мех. З.т.с. падобны на мех. гуказапіс; яго носьбіт — метал. ці пластмасавы дыск, на паверхні якога сігналаграма фіксуецца ў выглядзе спіральнай канаўкі, шырыня (ці глыбіня) якой мяняецца ў адпаведнасці з параметрамі відэасігналаў.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВО́БРАЗАЎ,

раздзелы кібернетыкі і інфарматыкі. Вывучае і распрацоўвае спосабы, метады і сістэмы (у т. л. на аснове ЭВМ) ідэнтыфікацыі аб’ектаў (з’яў, працэсаў, жывых істот, сітуацый і інш.) або іх класіфікацыі. Працэс Р.в. заснаваны на супастаўленні прыкмет (уласцівасцей) аб’ектаў, што даследуюцца, з прыкметамі (уласцівасцямі) вядомых аб’ектаў (эталонаў, шаблонаў).

Пры рашэнні задач Р.в. выбіраецца правіла (вырашальная функцыя) на аснове істотных сукупнасцей прыкмет (літар, фігур, контураў і інш.), што складаюць вобраз аб’екта, вырашаецца клас, да якога дадзены аб’ект адносіцца. Напр., пры распазнаванні відарысаў прыкметамі могуць быць яркасці элементарных участкаў, на якія раскладзены відарыс. Работы ў галіне Р.в. складаюць аснову для распрацоўкі інфарм. тэхналогій у эканоміцы, прам-сці, ваен. справе, фізіцы, геахіміі, метэаралогіі, біялогіі і медыцыне, тэхніцы і інш.

На Беларусі работы па Р.в. вядуцца з 1960-х г. у Ін-тах тэхн. кібернетыкі, фізікі, матэматыкі, прыкладной фізікі, прыкладной оптыкі, навук.-тэхн. цэнтры «Экамір» Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ту Дж.Т., Гонсалес Р. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978;

Васильев В.И. Распознающие системы: Справ. 2 изд. Киев, 1983;

Тимохин В.И. Применение ЭВМ для решения задач распознавания образов. Л., 1983;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)