АПТЫ́ЧНЫ ВІДАРЫ́С,

гл. Відарыс аптычны.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сапраўдны відарыс

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стэрэаскапічны відарыс

т. 15, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уяўны відарыс

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,

карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.

Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр. М., 1964.

В.В.Валяўка.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́РНАЯ ТРУБА́,

аптычная прылада для назірання далёкіх прадметаў адным вокам. Вядома з канца 16 — пач. 17 ст. У 1609 П.т. 32-кратнага павелічэння пабудаваў і выкарыстаў для астр. даследаванняў Г.Галілей. Іншы тып П.т. прапанаваў у 1610—11 І.Кеплер (пабудавана каля 1630).

Асн. элементы П.т. — аб’ектыў і акуляр. Аб’ектыў — збіральная сістэма; дае сапраўдны, паменшаны і перавернуты відарыс аддаленага прадмета паблізу факальнай плоскасці. У схеме Галілея акуляр — рассейвальная лінза, размешчаная паміж аб’ектывам і яго факальнай плоскасцю, дае прамы відарыс. У схеме Кеплера акуляр — збіральная лінза, у якую відарыс, атрыманы пасля аб’ектыва, разглядаецца, як у лупу (відарыс застаецца перавернутым); для атрымання прамога відарыса паміж аб’ектывам і акулярам змяшчаюць абарачальную сістэму. Сучасныя П.т. маюць поле зроку 90—100° і павелічэнне ў дзесяткі разоў.

Я.У.Чайкоўскі.

Падзорная труба: а — схема Галілея, б — схема Кеплера, в — труба Кеплера з абарачальнай лінзай; 1 — аб’ектыў, 2 — акуляр, 3 — абарачальная лінза.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ПА (франц. loupe),

сістэма з адной або некалькіх лінзаў з невял. фокуснай адлегласцю (f=0,01÷0,1 м) для разглядвання дробных аб’ектаў, размешчаных на канечнай адлегласці.

Аб’ект размяшчаюць паблізу пярэдняга фокуса Л. (паміж фокусам і Л.) так, каб яго прамы ўяўны відарыс знаходзіўся на адлегласці найлепшага бачання d (для нармальнага вока d = 0,25 м). Пры гэтым павелічэнне Л. вызначаецца формулай Γ = d/x і прымае значэнні ад 2,5 да 25. Вымяральная Л. з размешчанай перад факальнай плоскасцю шкалой выкарыстоўваецца для вызначэння лінейных памераў (адлегласцей паміж блізкімі пунктамі, шырыні і вышыні літар, таўшчыні асобных ліній і інш.). Гл. таксама Відарыс аптычны.

Утварэнне аптычнага відарыса ў лупе: F і F′ — фокусы лупы; A — аб’ект; B — уяўны відарыс аб’екта.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ГРАМА (ад грэч. gramma рыса, літара, напісанне), другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае: запіс, графічны відарыс, напр., галаграма, біяграма, гістаграма.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІНО́КЛЬ (франц. binocle ад лац. bini два + oculus вока),

аптычная прылада, прызначаная для візуальнага назірання аддаленых прадметаў абодвума вокамі, а таксама для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Складаецца з 2 зрокавых трубаў з паралельнымі аптычнымі восямі.

Аптычная схема бінокля ўключае аб’ектыў і акуляр. У біноклі са зрокавымі трубамі тыпу Кеплера прамы відарыс аддаленага прадмета атрымліваецца пры наяўнасці паміж аб’ектывам і акулярам абарачальнай сістэмы, якая дазваляе значна зменшыць даўжыню прылады. Прамежкавы відарыс, што дае аб’ектыў, сапраўдны, у яго плоскасці размешчана сетка для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Такія біноклі даюць павелічэнне да 22 разоў. У біноклі з трубамі тыпу Галілея ролю акуляра выконвае рассейвальная лінза перад плоскасцю прамежкавага відарыса, у выніку чаго відарыс атрымліваецца ўяўным і прамым. З-за абмежаванага вугла зроку такія біноклі выкарыстоўваюцца толькі з малым павелічэннем (да 4 разоў), напр. Тэатральныя.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГРА́МА (ад грэч. holos увесь, поўны + ...грама),

зарэгістраваная на святлоадчувальным матэрыяле (або інш. носьбіце) інтэрферэнцыйная карціна хвалевага поля, якая змяшчае інфармацыю пра аб’ёмны відарыс аб’екта і дае магчымасць узнаўляць гэты відарыс.

Атрымліваецца пры інтэрферэнцыі святла ў тонкім слоі фотаэмульсіі ў выглядзе інтэрферэнцыйных палос — двухмерная (плоская) галаграма або ў тоўстым слоі фотаэмульсіі — трохмерная (аб’ёмная) галаграма. Узнаўленне відарыса аб’екта адбываецца за кошт дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз галаграму (прапускальная галаграма) або пры адбіцці ад галаграмы (адбівальная галаграма). Гл. таксама Галаграфія.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)