спрэ́чка ж.
1. спор м.;
гара́чая с. — горя́чий спор;
вучо́ныя ~кі — учёные спо́ры;
с. за спа́дчыну — спор из-за насле́дства;
2. (перебранка) спор м., переко́ры ед. нет, препира́тельство ср., пререка́ние ср.;
уступі́ць у ~ку — вступи́ть в пререка́ния;
3. только мн. пре́ния;
~кі па дакла́дзе — пре́ния по докла́ду
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае геаметрычныя аб’екты, звязаныя алг. ўраўненнямі, — алг. мнагастайнасці. Узнікла ў 17 ст. з увядзеннем у геаметрыю паняцця каардынат. У сярэдзіне 19 ст. алгебраічная геаметрыя выдзелілася з матэм. аналізу як тэорыя алг. крывых. У канцы 19 ст. італьян. вучоныя К.Сегрэ, Л.Крэмона і інш. стварылі тэорыю алг. паверхняў. У 1930-я г. матэматыкі галандскі Б.Л.Ван-дэр-Вардэн, ням. Г.Гасе і франц. А.Вейль стварылі асновы алгебраічнай геаметрыі над адвольным полем К. Падабенства тэорыі алг. крывых і тэорыі алг. лікаў стымулявала пошукі агульнай алг. асновы (амер. вучоны О.Зарыскі, франц. матэматыкі К.Шэвале і Ж.Сер). Асновай стала тэорыя схем (франц. матэматык А.Гратэндзік), дзе, напр., на геам. мове разглядаліся сістэмы алг. ураўненняў над адвольным камутатыўным кольцам, апісваліся ўласцівасці праектыўных мнагастайнасцяў. Алгебраічная геаметрыя звязана з тэорыяй функцый камплексных пераменных, лікаў тэорыяй, ураўненнямі матэматычнай фізікі і інш.
Літ.:
Шафаревич И.Р. Основы алгебраической геометрии. 2 изд. Т. 1—2. М., 1988;
Гриффитс Ф., Харрис Дж. Принципы алгебраической геометрии: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1982.
В.А.Ліпніцкі.
т. 1, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ МУСЕ́ЯН (ад грэч. museion храм або свяцілішча музаў),
адзін з галоўных навук. і культ. цэнтраў ант. свету. Засн. ў г. Александрыя ў 3 ст. да н.э. Пталамеем Сотэрам I па ініцыятыве Дэметрыя Фалерскага. Створаны на ўзор афінскіх філас. школ, у прыватнасці лікея. Узначальваў Александрыйскі мусеян жрэц вышэйшага рангу, які ў эліністычны перыяд прызначаўся царом, пазней — рымскім імператарам. Вучоныя, што працавалі ў Александрыйскім мусеяне, знаходзіліся на поўным утрыманні александрыйскіх правіцеляў. Росквіт Александрыйскага мусеяна прыпадае на 3—2 ст. да н.э. Вял. поспехі дасягнуты ў матэматыцы і фізіцы (Эўклід, Апалоній Пергскі, Архімед), астраноміі (Эратасфен, Гіпарх), медыцыне (Герафіл, Эрасістрат), механіцы (Ктэсібій, Філон), а таксама ў філалогіі. Пазней з Александрыйскім мусеянам звязана дзейнасць Пталамея Клаўдзія і Галена. Пры Александрыйскім мусеяне знаходзілася Александрыйская бібліятэка. У рымскі перыяд Александрыйскі мусеян паступова страчвала сваё значэнне. У 272—273 войскі імператара Аўрэліяна пры ўзяцці Александрыі спалілі Александрыйскі мусеян.
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988. С. 125—131;
Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр. М., 1989.
Н.К.Мазоўка.
т. 1, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙГАРО́ДАВЫ,
вучоныя і ваенныя дзеячы.
Нічыпар Іванавіч (1810—27.10.1882), матэматык, педагог. Ген.-маёр (1865). Скончыў Першы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1828). Вывучаў матэматыку ў В.Я.Бунякоўскага, паслядоўнік М.В.Астраградскага. У 1836—65 на пед. рабоце ў Полацкім кадэцкім корпусе. Прытрымліваўся пед. прынцыпаў І.Г.Песталоці, быў праціўнікам цялесных пакаранняў.
Міхаіл Нічыпаравіч (1853, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1916), ген. ад інфантэрыі (1914). Сын Нічыпара Іванавіча. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1873), Акадэмію Генштаба (1880). Служыў на камандных і штабных пасадах. У 1901—05 губернатар Нюландскі (Фінляндыя) і Іркуцкі. Са жн. 1913 камендант Гродзенскай крэпасці. Аўтар дапаможнікаў для палявых тактычных заняткаў.
Нестар Нічыпаравіч (26.11.1840, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1910), ген.-лейт. (1906). Сын Нічыпара Іванавіча. Чл. Рускага тэхн. т-ва. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1856), Міхайлаўскія артыл. вучылішча (1858) і акадэмію (1865). Служыў у артыл. войсках, на Охценскім парахавым з-дзе ў Пецярбургу. У 1876—78 пад яго кіраўніцтвам праведзена рэарганізацыя і пераабсталяванне парахавых з-даў Расіі. Камандаваў артылерыяй Севастопальскай і Свеаборгскай крэпасцей. З 1900 камендант Выбаргскай крэпасці. З 1906 у адстаўцы. Друкаваўся ў «Артиллерийском журнале».
А.М.Лукашэвіч.
т. 7, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́РКІ элементаў,
лічбавыя ацэнкі сярэдняй колькасці хім. элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы Зямлі ў цэлым, касм. целах або інш. геахім. (космахім.) сістэмах. Выражаюцца ў масавых, атамных, аб’ёмных працэнтах, праміле (‰), мільённых частках (г/т), у працэнтах адносна аднаго элемента, найб. пашыранага (напр., крэмнію). Маюць значэнне для аховы прыроды, у стратыграфіі, пры пошуках і прамысл. ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў, палеагеагр. рэканструкцыях, трасіраванні разломаў, вывучэнні геахіміі ландшафтаў і інш. У горных пародах рэгіёнаў або геахім. правінцыі К. наз. мясцовымі. К. зямной кары ў працэнтах ад масы вызначаны сав. геолагам П.М.Чырвінскім і амер. геахімікам Ф.У.Кларкам (у гонар якога ў 1923 сав. вучоны А.Я.Ферсман прапанаваў тэрмін «К.»). Атамныя К. ўвёў Чырвінскі. К. біясферы вызначаны У.І.Вярнадскім. Вял. ўклад у вывучэнне К. зрабілі вучоныя нарв. Ю.Г.Л.Фогт і В.М.Гольдшміт, амер. Г.С.Вашынгтон і сав. Вярнадскі, Ферсман, А.П.Вінаградаў і інш. На Беларусі К займаліся Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі і ВА «Беларусьгеалогія». Праведзена геахім. раянаванне тэр. рэспублікі, вылучаны вобласці, перспектыўныя на каляровыя і рэдкія металы, россыпы і інш.
У.Я.Бардон.
т. 8, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),
навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.
Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.С.Грабніцкі, С.С.Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.К.Обердык, А.Дыль, К.Кох, Э.Лукас і інш.
На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел. НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж. абл. с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.
Літ.:
Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;
М., 1930;
Помология БССР. [Т. 1—4]. Мн. 1972—80.
М.Р.Мялік.
т. 12, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД,
асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.
Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.
т. 4, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕ́РНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,
галіна геалогіі, якая вывучае верхнія гарызонты зямной кары і яе дынаміку ў сувязі з інж. дзейнасцю чалавека. Асн. аб’ектамі вывучэння з’яўляюцца фіз.-мех. ўласцівасці горных парод і змены іх у часе; геал. працэсы, іх прагнозная ацэнка і накіраванасць. Выкарыстоўвае метады геафіз. (электраразведка, мікрасейсміка, розныя віды каратажу), петралагічныя, хім., фіз., аптычныя і інш. Складаецца з раздзелаў: грунтазнаўства, механіка грунтоў, інж. геадынаміка, рэгіянальная і спецыяльная І.г. (буд., дарожная, ваен., марская і інш.). Цесна звязана з гідрагеалогіяй, петраграфіяй, геакрыялогіяй, дынамічнай геалогіяй і інш. Пачала развівацца ў 19 ст. Вялікі ўклад у І.г. зрабілі вучоныя рас. Ф.П.Саварэнскі, І.В.Папоў, М.М.Маслаў, В.А.Прыклонскі, Я.М.Сяргееў, В.Д.Ламтадзе, В.Ц.Трафімаў і інш., амер. К.Тэрцагі, Р.Пек, Дж.Тэйлар, англ. А.Скемптан, чэш. К.Заруба і М.Матула, югасл. Б.Куюнджыч і М.Яніч і інш. На Беларусі пытаннямі І.г. займаліся К.І.Лукашоў, Ю.А.Сабалеўскі, Г.А.Калпашнікаў, У.Р.Лабадзенка, В.Ф.Вішнеўскі, І.А.Бусел. Даследаванні І.г. праводзяцца ў Бел.дзярж. ін-це інж. вышуканняў «Геасэрвіс», Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це, Бел. дзярж. політэхн. акадэміі.
П.М.Касцюковіч.
т. 7, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
інстытут духоўнай адукацыі ў ламаізме. Існавалі пераважна пры манастырах, радзей у форме індывідуальнага навучання. Рыхтавалі ламаў. Да паступлення ў манастыр навучанне грамаце, пач. культавым абрадам і малітвам вялося ламай у сям’і. З 6-гадовага ўзросту хлопчыка аддавалі ў манастыр паслушнікам, потым ён займаўся ў пач. рэліг. школе, дзе ўдасканальваўся ў пісьме і веданні культу, вывучаў паэтыку, стылістыку, сінаніміку і кампазіцыю тэксту, астралогію, асновы харэаграфіі і драмы (т. зв. «5 малых прадметаў»). Навучэнцаў знаёмілі таксама з «5 вялікімі прадметамі» (мовазнаўства, логіка, медыцына, філасофія, тэхналогія). Здольных вучняў у 15—20-гадовым узросце размяркоўвалі ў манастырскія (дацанскія) школы, якія падзяляліся на 3 класы: ніжэйшы і сярэдні па 5 гадоў навучання, старэйшы — 4. У дацанскіх школах выкладалася т. зв. «ўнутраная навука» — рэліг.-філас. сістэма будызму. Яе выпускнікі набывалі сярэднюю ступень адукацыі ламы і маглі паступаць у вышэйшую рэліг.-філас. школу (7 гадоў навучання). Заканчэнне яе давала права паступаць на багаслоўскія або філас. ф-ты пры буйнейшых манастырах, дзе 10—15 гадоў вучылі навук. і містычную філасофію, аддаючыся медытацыі для «дасягнення стану Буды». Выпускнікі ва ўзросце 50—60 гадоў атрымлівалі вышэйшыя вучоныя ступені. У 20 ст. шэраг Л.ш. існуе ў Тыбеце і інш. рэгіёнах пашырэння ламаізму.
т. 9, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАРТАЛО́ГІЯ,
медыцынская дысцыпліна, якая вывучае лячэбныя якасці прыродных фактараў: клімату, мінер. вод, лячэбных гразей і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Уключае бальнеалогію і бальнеатэрапію, мед. кліматалогію, пелаялогію і пелоідатэрапію (гразелячэнне), таласатэрапію і інш.
Звесткі пра лекавыя якасці прэснай і мінер. вады сустракаюцца ў працах Герадота і Гіпакрата (5—4 ст. да н.э.). У 16—18 ст. прыродна-кліматычныя фактары для аздараўлення арганізма апісвалі вучоныя і ўрачы Італіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі і інш. У 19 — пач. 20 ст. ствараліся т-вы, якія вывучалі лячэбныя якасці курортных фактараў.
На Беларусі даследаванні па К. вядуцца ў Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924) і інш. Выяўлены крыніцы мінер. вод, вызначаны іх хім. састаў, фізіка-хім. ўласцівасці і лек. эфектыўнасць. Даследаваны радовішчы сапрапелевых і тарфяных гразей, выяўлены іх лек. ўплыў на абмен рэчываў, сардэчна-сасудзістую сістэму. Вывучана станоўчае ўздзеянне лек. уласцівасцей мікракліматычных комплексаў на газаабмен лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, тэрмарэгулявальныя механізмы, скурнае покрыва. Распрацаваны паказанні і проціпаказанні для выкарыстання лячэбных гразей, мінер. вод і кліматычных фактараў і інш.
Літ.:
Шалькевич Б.В., Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984.
т. 9, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)