НЕЙРАЭНДАКРЫНАЛО́ГІЯ (ад нейра... + эндакрыналогія),
раздзел эндакрыналогіі, які вывучае марфал., фізіял. і біяхім. асновы эндакрыннай функцыі нерв. сістэмы і інтэграцыі нерв. і эндакрынных механізмаў рэгуляцыі функцый арганізма. Цесна звязана з бія- і гістахіміяй, генетыкай, малекулярнай біялогіяй, нейрафізіялогіяй, клінічнай медыцынай, фармакалогіяй.
Зараджэнне Н. звязана з працамі Э.Шарэра (увёў тэрмін «нейрасакрэцыя», 1928) і Б.Шарэра (выявіў сакрэцыю ў клетак гіпаталамуса, 1928). Як самаст. кірунак сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. з вызначэннем гарманальнай рэгуляцыі гіпаталамусам дзейнасці гіпофіза (Р.Гіймэн, Э.В.Шалі, англ. вучоны Дж.Харыс, Шарэры і інш.). Уклад у развіццё Н. зрабілі таксама Р.Леві-Мантальчыні, ням. вучоны В.Баргман, англ. вучоны Э.Г.Э.Пірс, сав. вучоныя І.Г.Акмаеў, В.М.Бабічаў, А.А.Вайткевіч, С.М.Лейтэс, А.В.Рэзнікаў, Д.Р.Шэфер і інш. Вызначаны здольнасць да нейрасакрэцыі ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы, інш. тканак, хім. структура, механізмы дзеяння і рэгуляцыя сакрэцыі шэрагу нейрагармонаў, патагенез многіх нерв. і эндакрынных хвароб.
На Беларусі праблемы Н. распрацоўваюцца ў Ін-тах фізіялогіі і біяхіміі Нац. АН Беларусі, НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, Н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Мінскім мед. ін-це. і інш (Ф.В.Аляшкевіч, Л.С.Гіткіна, М.І.Грашчанкаў, В.М.Гурын, Б.У.Дрывоцінаў, У.М.Калюноў, І.Б.Ліўшыц, А.Ф.Смеяновіч, А.А.Холадава, Г.Г.Шанько, А.Г.Мрочак і інш.).
Літ.:
Нейроэндокринология. Ярославль, 1999.
А.А.Холадава.
т. 11, с. 274