ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

ступень насычанасці глебы вадой. Вызначаецца ў працэнтах ад масы сухой глебы (вагавая, або ўласна вільготнасць глебы), аб’ёму глебы (аб’ёмная вільготнасць глебы), вільгацяёмістасці глебы, часцей палявой (адносная вільготнасць глебы). Вільготнасць глебы — асн. характарыстыка забяспечанасці раслін вільгаццю. Адрозніваюць вільготнасць завядання (пры якой расліны вянуць) і розныя формы даступнасці вільгаці для раслін, у т. л. даступную, недаступную, прадукцыйную, непрадукцыйную і інш. Вільготнасць глебы залежыць ад грануламетрычнага саставу, асаблівасцей увільгатнення і сезона года. Ва ўмовах Беларусі яна мяняецца ад 10—13% для пясчаных глеб да 100% і больш у тарфяна-балотных; найбольшая ранняй вясной. Лясныя глебы ў параўнанні з палявымі маюць крыху павышаную вільготнасць у верхніх гарызонтах (да глыб. 0,5—1 м) і паніжаную ў глыбінных.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБУДУ́Р (Borobudur),

будыйскае свяцілішча, помнік інданезійскай архітэктуры і культуры сярэднявечча. На Пд в-ва Ява. Пабудаваны ў канцы 8 — пач. 9 ст. з каменных блокаў (андэзіту) на схілах узгорка ў выглядзе ступеньчатай 10-яруснай піраміды (выш. 31,5 м, даўж. ў аснове 123 м): дарога працэсій, 5 ніжніх квадратных і 3 верхнія круглыя тэрасы (са шматлікімі звонападобнымі ступамі — сховішчамі рэліквій), увянчаныя вял. ступай. У нішах тэрас і ажурных верхніх ступах — 504 статуі Буды і 1460 рэльефаў на тэмы з жыцця Буды. Барабудур з яго багаццем кампазіц. аспектаў, арх. гармоніяй скульпт. элементаў і арнаментальнага дэкору быў задуманы як грандыёзны сімвал Сусвету.

Літ.:

Forman B. Borobudur: Das buddistische Heiligtum. Prag, 1980.

Барабудур. Частка храмавага комплексу.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА.

На З Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобл., часткова ў паўд.-зах. ч. Літвы. Распасціраецца ўздоўж р. Нёман (яго верхняй і сярэдняй ч. басейна) ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады. Мяжуе з Ашмянскім, Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім узвышшамі, Капыльскай градой. Працягласць з 3 на У 160 км, з Пн на Пд 15—55 км, пл. каля 8,3 тыс. км². Выш. 80—160 м над узр. м. Падзяляецца на Верхнянёманскую нізіну і Сярэднянёманскую нізіну. У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з узроўнем верхніх тэрас Нёмана. Найб. азёры: Белае, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава, Рыбніца. Пад лесам 35% тэрыторыі (Нёманскія лясы). У межах Н.н. заказнікі: біял.Гожаўскі, Налібоцкі, Парэцкі, Сапоцкінскі, ландшафтны — Азёры.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДКІ (Gryllotalpidae),

сямейства насякомых надсям. цвыркуновых атр. прамакрылых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды. Шкоднікі палявых, агароднінных, пладовых культур і лясных парод. На Беларусі ў вільготных мясцінах (каля вадаёмаў, у садах, агародах і інш.) трапляецца М. звычайная (Gryllotalpa gryllotalpa).

Цела даўж. 25—60 мм, цёмнае, густа ўкрытае дробнымі валаскамі. Пярэдняспінка вялікая. Пярэднія ногі капальныя, з моцна развітымі сцёгнамі і галёнкамі. Надкрылы кароткія. Крылы шырокія, доўгія, складзеныя ў выглядзе жгутоў. Жывуць у верхніх слаях глебы. Кормяцца падземнымі ч. раслін, насеннем, насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі. На паверхню выходзяць ноччу. Добра плаваюць. Поўны цыкл развіцця 1—3 гады. Зімуюць лічынкі і дарослыя формы.

Да арт. Мядзведкі: 1 — мядзведка звычайная; 2 — пашкоджанні карэньчыкаў сеянцаў хвоі; 3 — гняздо з яйцамі.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,

сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл. Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).

Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл. Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭ́ЗЫ (ад грэч. prothesis далучэнне, дадатак),

прыстасаванні і апараты, якія замяшчаюць форму і функцыю страчаных або функцыян. непаўнацэнных органаў чалавека. Канструкцыі П. заснаваны на дасягненнях фізіялогіі, біямеханікі, электронікі, тэхналогіі матэрыялаў і інш. Пашыраны П. з палімераў, аблегчаных сплаваў (напр., дзюралюміній), камбінаваныя. Раней П. былі пераважна з дрэва, скуры, металаў. Робяць П. рук, ног, зубоў (гл. Пратэзаванне зубоў), вока. Створаны біякіравальныя П. (кіруюцца біяэл. сігналамі з мышцаў куксы) і інш. Адрозніваюць П. часовыя (напр., для фарміравання куксы і абучэння хворага хадзьбе пасля ампутацыі), пастаянныя (верхніх і ніжніх канечнасцей пасля фарміравання куксы), рабочыя (актыўныя), касметычныя (без аднаўлення функцый); гл. таксама Штучныя органы і апараты. На Беларусі П. распрацоўваюць у НДІ траўматалогіі і артапедыі.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

геафо́н

(ад геа- + -фон)

прыбор для ўлоўлівання гукавых хваль, якія пашыраюцца ў верхніх слаях зямной кары; выкарыстоўваецца ў час геолагаразведачных работ, у ваеннай справе і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.2.1888, г. Арол, Расія — 7.3.1940),

рускі вучоны, адзін з заснавальнікаў радыётэхнікі ў СССР. Чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў Інж. вучылішча (1909) і Афіцэрскую эл.-тэхн. школу (1914) у Пецярбургу. З 1922 праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча, з 1932 — Ленінградскага ін-та інжынераў сувязі (з 1940 яго імя). Навук. працы па радыётэхніцы, радыёвяшчанні, радыёлакацыі, фізіцы верхніх слаёў атмасферы. Арганізаваў вытв-сць электронных лямпаў у Расіі (1916—19). У 1918—28 узначальваў радыёлабараторыю ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пад яго кіраўніцтвам створана першая ў свеце магутная радыёвяшчальная станцыя ў Маскве (1922), першыя ў свеце караткахвалевыя накіраваныя антэны і караткахвалевыя лініі далёкай радыёсувязі (1924—30).

Тв.:

Собр. трудов. М.; Л., 1956.

Літ.:

Остряков П.А. М.​А.​Бонч-Бруевич. М., 1953.

М.А.Бонч-Бруевіч.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАС (італьян. basso літар. нізкі),

1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f​1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e​1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d​1 (e​1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c​1).

2) Муз. інструменты нізкага (басовага) рэгістра (туба, кантрабас, саксафон-бас, домбра-бас, бас-кларнет).

3) Самая нізкая партыя шматгалосага муз. твора.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛЕ́ННЕ ЛЁГКІХ, пнеўманія,

вострае і хранічнае запаленне бронхаў, альвеалярнай ці прамежкавай злучальнай тканак лёгкіх. Узнікненню З.л. садзейнічаюць пераахаладжэнне, ператамленні, шкодныя прывычкі, запаленчыя працэсы верхніх дыхальных шляхоў і інш.

Найчасцей бывае 3 формы вострага Зл.: крупознае, ачаговае, віруснае. Крупознае З.л. (долевае, фібрознае, плеўрапнеўманія) — запаленне долі лёгкага і плеўры з фіброзным выпатам у лёгачныя альвеолы. Пачынаецца раптоўна, т-ра цела павышаецца да 39—40 °C, слабасць, моцны боль у баку, кашаль з макротай іржавага колеру (ад дамешку крыві); цягнецца 2—3 тыдні. Ачаговае З.л. (бронхапнеўманія) — запаленне асобных участкаў лёгкіх без выпату. Пачынаецца паступова, слабы кашаль, макрота без крыві, т-ра 37—39 °C. Віруснае З.л. (інтэрстыцыяльнае) узнікае пры грыпе; хварэюць доўга. Ускладненні: плеўрыты, абсцэсы, калапс, хранічнае З.л. Лячэнне: тэрапеўтычнае, шпіталізацыя.

А.​В.​Лявонава.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)