ЛІТВІНО́ЎСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.5.1962, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987, клас Дз.Смольскага). З 1987 рэдактар муз. вяшчання Бел. тэлерадыёкампаніі. Для яго творчасці характэрны цікавасць да бел. тэматыкі, жанравая вынаходлівасць, полістылістыка. Сярод твораў: містэрыя «Францыск» для баса і аркестра (1990; тэкст прадмоў і каментарыяў Ф.Скарыны да «Бібліі»), Грыгарыянская меса (Missa ordinarium, 1994), кантаты «Вяселле» (1987) і «Зборная суботка» (1988) на нар. словы, «Да Маці Божай» (1996), «Stabat Mater» (1997), «Песні на Божае нараджэнне» (1998); сімфонія (1986), сімф. фрэска «Крэва» (1987), «Concertino barocco» для стр. аркестра (1988), п’есы «Zbieg» для флейты, габоя, віяланчэлі і фп., «Wir» для 4 валторнаў, «Пастараль» і «U1» для стр. квінтэта, сюіта «Intavolatura» для гітары; «Filix» для флейты і гітары; цыклы рамансаў на вершы Я.Купалы, А.Пушкіна, С.Ясеніна і інш.; электронныя кампазіцыі; апрацоўкі зборніка інстр. музыкі 17 ст. «Віленскія табулатуры» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Commenti fit opus ad deitatis opus
І да Божай дапамогі патрэбны спрыт чалавека.
И к Божьей помощи нужна сноровка человека.
бел. Божа,памажы, а сам не ляжы. Богу багаваць, а нам працаваць. Богу маліся, а сам працуй.
рус. На Бога надейся, а сам не плошай. Бог-то Бог, да и сам не будь плох. Богу молись, а к берегу гребись. Аминем/молитвой квашни не замесишь. Молитву твори, а муку клади.
фр. Aide-toi, le ciel t’aidera (Помоги себе сам, а небо поможет тебе).
англ. Put your trust in God but keep your powder dry (В Бога верь, а порох держи сухим).
нем. Gott gibt wohl die Kuh, aber nicht den Strick dazu (Вероятно, Бог даёт корову, но не верёвку к ней). Hilf dir selber, so hilft dir Gott (Помоги себе сам, так и Бог тебе поможет).
Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)
БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.
Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял.Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.
Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́, Армяна-грыгарыянская царква,
адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст.царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд. Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.Усходзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (КАЛО́ЖСКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 15—20 ст. у Гродне. Узнік пры Гродзенскай Барысаглебскай царкве. У 1480 пры першым вядомым ігумене Каліксце гродзенскі мешчанін І.Сергіевіч завяшчаў манастыру фальварак Панямонь, Г.Хадкевіч — штогадовую даніну ў 20 бочак мукі. Каля 1500 вял.кн. Аляксандр падараваў манастыру сад на беразе Нёмана, а кцітар (стараста з міран) каралеўскі пісар Б.Багавіцінавіч — фальварак Чашчаўляны (Чашчэвічы). У сярэдзіне 16 ст. манастыр заняпаў і ў ім не было манахаў. У канцы 16 ст. адрадзіўся і стаў уніяцкім. Сярод уніяцкіх ігуменаў быў вядомы пісьменнік-палеміст Леў Крэўза. З сярэдзіны 17 ст. тут вядомы цудатворны абраз Маці Божай Каложскай (эвакуіраваны ў 1915, месца яго знаходжання невядома). У пач. 18 ст. пры ігумене Воўку-Ланеўскім манастыр зноў заняпаў, а ігумен Яхімовіч аддаў усю зямельную маёмасць гродзенскім кармелітам. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў зноў праваслаўным, у сярэдзіне 19 ст. ён пераведзены ў будынкі закрытага Гродзенскага кляштара бернардзінак. Спыніў існаванне ў 1-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ ТЭАЛО́ГІЯ, тэалогія крызісу,
кірунак у пратэстанцкай евангелічнай тэалогіі, што склаўся ў 1920-я г. ў Германіі і Швейцарыі. Пачатак Д.т. дала праца К.Барта «Тлумачэнне і пасланне апостала Паўла да рымлян» (1919), якая стала маніфестам і праграмай новага руху. Канцэпцыі Д.т. распрацоўвалі таксама Э.Брунер, Р.Бультман, Ф.Гогартэн, П.Тыліх і інш. Д.т. выходзіла з ідэі ранняга экзістэнцыялізму і факта татальнага адчужэння чалавека, абумоўленага стратай Бога або памылковым яго ўсведамленнем. Разуменне Бога ў Д.т. канкрэтызуецца ў ідэі здольнасці асэнсаваць парадаксальнасць быцця, кульмінацыяй якой з’яўляецца спалучэнне божай любові з панаваннем зла ў свеце. Ірацыянальная дыялектыка, якая характарызуе адносіны людзей з Богам, не дазваляе чалавеку спадзявацца на ўласныя сілы і розум, а падае яму толькі надзею на божую ласку. Прадстаўнікі Д.т. аднаўлялі лютэраўскае разуменне тэалогіі, найперш як адносін чалавека і Бога, рэабілітавалі трактоўку веры як асабістага дыялогу з Богам. У 1940—60-я г. Д.т. набыла характар выключна акадэмічнай з’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛА́ЦКІ МАНАСТЫ́Р, Гелаты,
адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст. тут створана Гелацкая акадэмія. Арх. комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.
Літ.:
Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.
Гелацкі манастыр. Агульны выгляд. У цэнтры — галоўны храм (1106—25).Да арт.Гелацкі манастыр. Галава архангела Гаўрыіла. Фрагмент мазаікі. 1120-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭХІ́ЗІС (ад грэч. katēchēsis павучанне, вуснае настаўленне),
1) рэлігійная кніга; выкладанне асноў хрысц. веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. Першапачаткова слова «К.» азначала вуснае настаўленне асоб, якія пераходзілі ў хрысціянства, перад прыняццем імі хрышчэння. З 16 ст. К. — кніга, навуч. дапаможнік, мэта якога — агульнае рэліг. навучанне вернікаў. Пачатак такім выданням паклаў М.Лютэр, які ў 1529 надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 у Ватыкане выдадзены «Рымскі катэхізіс», у якім выкладзена каталіцкая дактрына: сімвал веры, таінствы, дэкалог (10 запаведзей), гал. малітвы. У сярэдзіне 19 ст.правасл. мітрапаліт Філарэт (Драздоў) склаў «Прасторны катэхізіс», які доўгі час быў падручнікам па закону Божаму. На бел. мове ў 1562 выдадзены «Катэхізіс» С.Буднага, у 1783 — Л.Зізанія. Існуе некалькі варыянтаў К. Звычайна яны складаюцца з 3 частак: у 1-й даюцца звесткі пра Бога і царкву, у 2-й — этычныя настаўленні, у 3-й апісаны сродкі атрымання божай міласці.
2) У перан. сэнсе — твор, напісаны ў форме пытанняў і адказаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МБЕРГ, Лембергс (Lehmbergs) Аляксандрс (25.3.1921, Рыга — 25.11.1985), латвійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Латвіі (1971). Нар.арт.СССР (1982). Скончыў балетную школу пры Нац. оперы і балетную студыю А.Фёдаравай у Рызе (1938). У 1939—68 (з перапынкам) артыст, з 1968 гал. балетмайстар Латв.т-ра оперы і балета. З 1956 выкладчык, у 1964—68 дырэктар Рыжскага харэагр. вучылішча. Сярод партый: Аўстрыс («Лайма» А.Лепіньша), Тот («Сакта свабоды» А.Скултэ), Лайманіс («Стабурагс» А.Калніньша), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Альберт («Жызэль» А.Адана), Прынц, Рамэо і Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Паставіў балеты; «Спрыдытыс» А.Жылінскіса, «У агні» Ю.Карлсана, «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга, «Сабор Парыжскай Божай Маці» Ц.Пуні, Р.Дрыга, Р.Глазупа, «Скарамуш» Я.Сібеліуса, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына, «Антоній і Клеапатра» Э.Лазарава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКІЯ́НЕ (грэч. Paulikianoi, ад імя апостала Паўла),
удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі. Засн. ў 1-й пал. 7 ст. ў Зах. Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэліг.-філас. дактрыну П. моцна паўплывалі маніхейства і маздакізм (гл.Маздакіцкі рух). Для веравучэння П. (канчаткова аформлена ў пач. 9 ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне 9 ст. П. пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на У Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў інш. раёны імперыі. У 872 візант. войскі разбілі П. каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія П. прымусова пераселены на Балканскі п-аў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.