Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святынь Беларусі. Ушаноўваецца правасл. і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ. Паводле царк. падання, з’явіўся ў 1470 пастушкам у лесе на грушы-дзічцы. Гісторык П.М.Жуковіч лічыў больш верагоднымі датамі падзеі 1493—95. З пач. 17 ст. абраз стаў славіцца за цудоўныя вылячэнні. Пакланіцца яму прыязджалі людзі розных саслоўяў, у т.л. каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі, Аўгуст II, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1730 на абраз ускладзены прывезеныя з Рыма кароны, зроблены дарагі абклад, кароны аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Сангушкай. У 1660 абраз вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян, у 1915 — у Маскву, адкуль ён вярнуўся без большасці аздоб. З яго шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках і палатне, выконваліся гравюры, найб. вядомая Л.Тарасевіча (1682) па малюнку П.Бацэвіча. Абраз пашкоджаны пажарам, верагодна, у 1-й пал. 16 ст. Свята абраза адзначаецца 7(20) мая.
Літ: Пуцко В. Жыровіцкі рэльеф // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 2; Жировицкая святыня: (По материалам митрополита Антония Мельникова) // Вестн. Бел. Экзархата. 1990. № 3; Карнілава Л. Цудатворныя абразы Гродзеншчыны: Абраз Маці Божай Жыровіцкай // Гарадзенскія запісы. Гародня, 1993. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в.Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 × 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.Лукашэвічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.
Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял.кн.ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б.ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛАБЕ́ННЕ,
вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Сапоцкін Цэнтр Баранавіцкага с/с і калгаса. За 8 км на З ад Гродна. 624 ж., 186 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Касцёл Маці Божай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА ((Vico) Джамбатыста) (23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),
італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.Бэкана, Г.Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл.Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. Разыіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.
Літ.:
Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;
Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФЕЛІ́ТЫ (ад мона... + грэч. thelēma воля),
прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ МАНАСТЫ́Р РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ.
Існаваў у г.Бялынічы ў 1877—1918. Утвораны замест зачыненага ў 1877 Мсціслаўскага мужчынскага манастыра. Размяшчаўся ў будынках б. кляштара кармелітаў. Колькасць манахаў дасягала 40 чал. (пач. 20 ст.). Да Бялыніцкага манастыра быў прыпісаны і пазаштатны Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У храме захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай, які застаўся ад кармелітаў.