бактэрыяхларафі́лы

(ад бактэрыі + хларафіл)

зялёныя пігменты пурпурных і зялёных бактэрый, якія абумоўліваюць працэс фотасінтэзу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фагацыто́з

(ад фагацыты)

актыўнае захопліванне і паглынанне фагацытамі чужародных цел, у т.л. і бактэрый.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАР’Е́РНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

здольнасць арганізма чалавека і жывёл праз своеасаблівыя фізіял. механізмы, т.зв. бар’еры, захоўваць сваё ўнутр. асяроддзе (кроў, лімфу, тканкавую вадкасць) ад вонкавых уздзеянняў і падтрымліваць яго адносна пастаянны хім., фіз. састаў і біял. ўласцівасці. Адрозніваюць вонкавыя (скура, дыхальны, стрававальны і выдзяляльны апараты, печань, слізістыя абалонкі) і ўнутраныя (гематалагічныя) бар’еры. Бар’ерная функцыя выпрацавалася ў працэсе эвалюцыі і вызначае жыццядзейнасць органаў і тканак, іх адчувальнасць да бактэрый, ядаў, таксінаў, чужародных рэчываў, лекаў.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЦЭ́ЛЫ (Brucella),

род дробных патагенных шара- або палачкападобных бактэрый, якія выклікаюць бруцэлёз чалавека і жывёл. Бруцэлы — нерухомыя, грамадмоўныя клеткі (0,3—0,4×0,4—3,0 мкм), якія не ўтвараюць спораў, маюць эндатаксін, аэробы. Высокаўстойлівыя да неспрыяльных фактараў вонкавага асяроддзя; захоўваюць жыццяздольнасць у глебе ад 2—3 да 100 і больш сутак, у вадзе — 6—90 і больш сутак. У вільготным асяроддзі гінуць пры т-ры 60 °C праз 30 мін, пры кіпячэнні — імгненна.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗОТФІКСАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ, азотфіксатары,

мікраарганізмы, здольныя засвойваць малекулярны азот атмасферы і пераводзіць яго ў складаныя азоцістыя злучэнні. Сімбіятычныя азотфіксавальныя бактэрыі (найб. актыўныя фіксатары азоту) існуюць у сімбіёзе пераважна з бабовымі раслінамі (гл. Актынаміцэты, Клубеньчыкавыя бактэрыі), несімбіятычныя жывуць свабодна (азотабактэр, кластрыдыі, некаторыя віды цыянабактэрый, фотатрофных бактэрый, асобныя віды грыбоў і дражджэй). Азотфіксавальныя бактэрыі ўдзельнічаюць у кругазвароце азоту ў прыродзе, абагачаюць ім глебу і вадаёмы, пераводзяць яго ў форму, даступную для засваення вышэйшымі раслінамі.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНСЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + лац. insectum насякомае),

комплекс ветэрынарна-сан. мерапрыемстваў па знішчэнні або зніжэнні колькасці шкодных членістаногіх (насякомых, кляшчоў і інш.). Метады Д.: мех. (сеткі, ліпкія стужкі, пасты, ачыстка ферм і тэрыторый), фіз. (уздзеянне высокіх і нізкіх тэмператур, гама-выпрамянення), хім. (інсектыцыды), біял. (выкарыстанне прыродных ворагаў членістаногіх — птушак, рыб, бактэрый, вірусаў, грыбоў). Выкарыстоўваюць супраць пераносчыкаў узбуджальнікаў інфекц. і інвазійных хвароб жывёл, чалавека і раслін, а таксама свірнавых шкоднікаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСТРУ́КЦЫЯ ў біялогіі,

працэс разбурэння мёртвага арган. рэчыва (рэшткаў адмерлых арганізмаў) да больш-менш простых неарган. злучэнняў. Ажыццяўляецца дзякуючы дзейнасці рэдуцэнтаў (дэструктараў), у першую чаргу бактэрый і грыбоў, а часткова і як вынік стрававання і экскрэцыі жывёл (кансументаў). У найб. буйным маштабе працэсы Д. ў наземных экасістэмах адбываюцца ў глебе (разбураецца да 90% першаснай прадукцыі арган. рэчыва). Прадукты Д. — неарган. рэчывы — потым зноў выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі.

В.​В.​Грычык.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЙЗЕНГОФЕР ((Deisenhofer) Іаган) (н. 30.9.1943, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі біяхімік і біяфізік. Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1971). З 1972 у Ін-це біяхіміі імя М.​Планка, з 1988 у Мед. ін-це Тэхаскага ун-та ў Даласе. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца рэакцыйным цэнтрам фотасінтэзу (1982, разам з Р.Губерам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПСУЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

група бактэрый з роду клебсіела, якія маюць здольнасць утвараць слізістую капсулу вакол мікробнай клеткі ў арганізме гаспадара і на пажыўным асяроддзі.

Кароткія, з закругленымі канцамі палачкі, нерухомыя, спор не ўтвараюць, растуць на звычайным пажыўным асяроддзі, факультатыўныя аэробныя арганізмы. Капсулы выяўляюцца пры спец. афарбоўцы тушшу. Адчувальныя да ўздзеяння высокіх т-р і антысептыкаў. К.б. палачка Фрыдлендэра выклікае ў жывёл клебсіялёз. Капсулы ўтвараюць таксама дрожджы і плесневыя грыбы.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАКО́КІ (Micrococcus),

род няспораўтваральных бактэрый шарападобнай формы. Пашыраны ў вадзе, глебе, паветры, харч. прадуктах. Уваходзяць у склад нармальнай мікрафлоры чалавека.

Клеткі дыям. 1—2 мкм, нерухомыя, грамстаноўчыя. Размяшчаюцца пераважна паасобку або ў гронках няправільнай формы. Строгія аэробы. Сапратрофы або факультатыўныя паразіты. Размнажаюцца дзяленнем. Прымаюць удзел у кругавароце азоту ў прыродзе: раскладаюць арган. рэшткі, у якіх ёсць бялкі, да аміяку, рэдукуюць нітраты і нітрыты да свабоднага азоту і інш.

т. 10, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)