СПІРАХЕ́ТЫ (Spirochaetales),

парадак бактэрый. 1 сям., 8 родаў. С. — водныя сапратрофы, жывуць свабодна; крысціспіры — селяцца ў малюсках; дыплакаліксы, пілатыны, халандыны — у тэрмітах; трэпанемы, барэліі, лептаспіры — паразіты жывёл і чалавека (узбуджальнікі сіфілісу, лептаспірозу, зваротнага тыфу і інш.).

Клеткі доўгія і тонкія, спіральна закручаныя. Плавальныя рухі С. забяспечвае сістэма восевых фібрыл. Грамадмоўныя. Аэробы, факультатыўныя або абавязковыя (аблігатныя) анаэробы. Хемаарганагетэратрофы. Спор не ўтвараюць. Размнажаюцца дзяленнем.

А.​І.​Ерашоў.

т. 15, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)