Створаны ў 1928 у Мінску пры Бел. радыёцэнтры на аснове аркестраў Бел.муз. тэхнікума і БДТ-1. З 1930 у штаце радыёцэнтра, з 1937 у складзе Бел. філармоніі. З 1961 Дзярж.сімф. аркестр БССР, з 1980 акадэмічны. Гал. дырыжор М.Кац (з 1997). У рэпертуары творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, сучасных кампазітараў, сімф. і вак.-сімф. творы бел. аўтараў, у т. л. Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, С.Бельцюкова, У.Будніка, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дарохіна, В.Капыцько, С.Картэса, В.Кузняцова, А.Мдывані, П.Падкавырава, Я.Паплаўскага, Р.Пукста, Дз.Смольскага, А.Хадоскі, К.Цесакова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. Сярод аркестрантаў (1997): Р.Ігнацьеў (кларнет), В.Ціхевіч (флейта).
У розны час у аркестры працавалі дырыжоры А.Бяссмертны, І.Гітгарц, М.Міхайлаў, І.Мусін, Т.Каламійцава, М.Шнейдэрман, В.Афанасьеў, В.Дуброўскі, В.Катаеў, Ю.Яфімаў, П.Д.Панэл; канцэртмайстар Ю.Гершовіч. салісты-інструменталісты С.Асновіч і Г.Клачко (скрыпка), В.Волкаў (труба), Г.Забара (кларнет), П.Кірыльчанка (альт), Б.Скабло (віяланчэль), С.Сяргеенка (флейта), В.Фралоў (габой), Ч.Юшкевіч (валторна). З аркестрам выступалі вядомыя рас. і зах.-еўрап. дырыжоры А.Гаўк, Дз.Кітаенка, Я.Мравінскі, Н.Рахлін, Ю.Сіманаў, У.Федасееў, Ю.Цемірканаў, К.Зандэрлінг. К.Мазур, К.Эстэррайхер, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, К.Ігумнаў, Г. і С.Нейгаўзы, С.Рыхтэр, П.Серабракоў, Я.Фліер, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, Дж.Огдан, Д.Полак, Г.Чэрны-Стэфаньская; скрыпачы І.Бязродны, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.Палякін, М.Эрдэнка, І.Менухін, І.Стэрн і інш.
Літ.:
Журавлев Д.Н. Государственный симфонический оркестр Белорусской ССР. Мн., 1961;
Загородний ГН Белорусская государственная филармония. Мн., 1981;
Капилов А.Л. Государственный симфонический // Неман. 1981. № 5.
А.Л.Капілаў.
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.
Музыкальная культура Белорусской ССР: Сб. ст.М., 1977;
Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993;
Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990: Опер. мастацтва, муз. камедыя і аперэта. Мн., 1996;
Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990: Балет. Музыка ў пастаноўках драмат. тэатраў. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв). Мн., 1997;
Белорусская музыка 1960—1980 гг.Мн., 1997;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999;
Капилов А.Л., Ахвердова Е.И. Музыкальная культура Беларуси XIX — начала XX вв. Мн., 2000;
Дадзіёмава В.У. Музычная культура Беларусі XVIII ст.: гісторыка-тэарэтычныя даследаванні. Мн., 2002;
Яе ж. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2004.
Э.А.Алейнікава (стараж.муз. мастацтва, скамарохі), В.У.Дадзіёмава (музыка ў магнацкіх сядзібах, пры княжацкіх дварах, у школьнай драме), Л.П.Касцюкавец (царкоўная музыка), Т.У.Ліхач (каталіцкая і уніяцкая музыка), Т.Б.Варфаламеева (збіранне і вывучэнне муз. фальклору), В.П.Пракапцова (муз. культура канца 19 — пач. 20 ст.), Р.М.Аладава (музыка 1920—80-х г., 1990 — пач. 2000-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАЎ Мікалай Ільіч (21.12.1890, С.-Пецярбург — 4.12.1972),
бел. кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў С.-Пецярбургскую кансерваторыю экстэрнам (1910). Працаваў ва Усх. кансерваторыі (Казань), у Дзярж. ін-це муз. навукі (Масква). Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 у Мінску. Адзін з арганізатараў і выкладчыкаў Бел.муз. тэхнікума і кансерваторыі (з 1946 праф., у 1944—48 дырэктар), удзельнічаў у стварэнні бел. кампазітарскай арганізацыі (1932). Рэдактар многіх муз. выданняў (у т. л. твораў М.Чуркіна, Р.Пукста), збіральнік і даследчык бел., марыйскага, чувашскага, якуцкага фальклору, аўтар апрацовак нар. песень. Творчасць адметная праграмнасцю, сімфанічнасцю мыслення, шырокім выкарыстаннем сродкаў поліфаніі, нац. характэрнасцю музыкі. Сваімі творамі 1920—30-х г. залажыў асновы такіх жанраў бел.прафес. музыкі, як кантата («10 год», 1927), вак.-сімф. паэма («Над ракою Арэсай» на вершы Я.Купалы, 1933), камерна-інстр. ансамбль (фп. квінтэт, 1925). Своеасаблівасцю жанравага вырашэння вылучаецца опера «Тарас на Парнасе» — «муз.-драм. жарт» (па матывах бел. ананімных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» і паэмы В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», 1927). Стварыў першыя ў бел. музыцы ўзоры драм. (2-я, 1930) і лірыка-псіхалагічнай (4-я і 5-я, 1954—56) сімфоніі.
Інш. тв.: опера «Андрэй Касценя» (1947, паст. 1970); кантата «Сорак год» (1956); 10 сімфоній (1921—71), сімфаньета (1936), сімф. паэма «З дзённіка партызана» і сімфонія-балада «У суровыя дні» (1942), 4 сюіты-фантазіі для сімф.арк., канцэртныя фантазіі для скрыпкі і флейты з арк.; камерныя ансамблі; санаты; зб. рамансаў на вершы А.Кальцова, Я.Купалы, М.Багдановіча, М.Танка, Н.Гілевіча і інш.; хары, песні.
Літ.:
Кулешова Г.Г. Н.И.Аладов. Л., 1970;
Аладава Р.М. М.І.Аладаў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАНЮ́К Вадзім Лявонцьевіч (н. 22.3.1946, г. Гродна),
бел. вучоны ў галіне педагогікі, музыказнавец. Д-рпед.н. (1995), праф. (1992). Акад.Бел. акадэміі адукацыі (1998) і Міжнар.АН вышэйшай школы (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1969 у Мазырскім муз. вучылішчы. З 1972 у Мінскім пед. ін-це імя М.Горкага (у 1975—83 заг. кафедры фартэпіяна). З 1983 прарэктар Бел. акадэміі музыкі, адначасова ў 1986—96 заг. кафедры муз. педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва. Навук. працы па праблемах метадалогіі прафес.муз. дзейнасці, рэформы муз. адукацыі ў кантэксце еўрап. інтэграцыі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Аўтар нотных выданняў «Я іграю на раялі. Альбом 1—2» (1994, 1996; з Г.М.Вагнерам), «Спадчына: 100 урокаў піяніста-пачаткоўца. Сш. 1—2» (1994). Распрацаваў канцэпцыю прафес. адукацыі ў галіне мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь (1999). Навук. кіраўнік Дзярж.навук.-тэхн. праграмы «Культура» (з 1997). Прэзідэнт Бел. і віцэ-прэзідэнт Еўрап. асацыяцыі педагогаў фартэпіяна. Гал.рэд.час. «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» (з 2001). Ген. дырэктар 1-га міжнар. конкурсу піяністаў «Мінск-96», чл. журы міжнар. конкурсаў выканаўцаў у Мінску, Рызе, Кішынёве, Варшаве, Нікасіі і інш. Аўтар тэле- і радыёперадач пра бел. кампазітараў М.Аладава, Г.Вагнера, Я.Глебава, Г.Лукшу, П.Падкавырава, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш., сцэнарыя мюзікла «Мес-Менд» паводле аднайм. рамана М.Шагінян (муз. А.Мдывані).
Тв.:
Развитие интереса к профессии учителя музыки. Мн., 1979;
Развивающее обучение в классе фортепиано. Мн., 1985;
Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1993;
Рэформа вышэйшай музычнай адукацыі як навуковая праблема // Весці Бел.дзярж.пед. ун-та. 1995. № 1;
Проблемы глобализации музыкального образования: Взгляд в XXI век // Музычная і тэатральная адукацыя: Праблемы выкладання. Мн., 2002.
Створана ў 1940 у Беластоку як Бел. ансамбль песні і танца. Заснавальнік і кіраўнік да 1970 Р.Шырма, танц. групай кіраваў І.Хвораст. Ў 1950 ансамбль рэарганізаваны ў Дзярж. хор БССР (з 1944 у Гродне, з 1952 у Мінску), з 1955 Дзярж.хар. капэла БССР, з 1957 акадэмічная, імя Шырмы з 1978. З 1988 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Яфімава (з 1987). У рэпертуары капэлы апрацоўкі бел.нар. песень, творы бел. кампазітараў, у т. л. М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Бандарэнкі, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, Э.Казачкова, В.Казлоўскага, І.Кузняцова, М.Куліковіча-Шчаглова, А.Літвіноўскага, І.Лучанка, С.Манюшкі, А.Мдывані, Я.Паплаўскага, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Л.Шлег і інш., хар. і вак.-сімф. свецкая і царк. музыка рус. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: рэквіемы Дж.Вердзі, В.А.Моцарта, Р.Шумана, Л.Керубіні, А.Брукнера, І.Брамса, Дз.Кабалеўскага, месы І.С.Баха, Брукнера, Моцарта, І.Гайдна, араторыі Дз.Шастаковіча, П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, хар. канцэрты С.Танеева, П.Часнакова, Дз.Бартнянскага, А.Архангельскага, С.Рахманінава і інш. Капэла выступала з вядомымі сімф. аркестрамі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі пад кіраўніцтвам Ю.Яфімава, М.Янсанса, Л.Крэмера, Р.Зеехафера, Ч.Грабоўскага, В.Катаева, В.Дуброўскага, П.Д.Панэла, С.Сандэцкіса, Ю.Домаркаса, Ю.Цырука, А.Янчанкі і інш. У розны час капэлай кіравалі У.Раговіч, А.Шунтаў; працавалі спевакі М.Тэадаровіч, Л.Царанкова, М.Шуманскі, В.Юневіч і інш. Калектыў — лаўрэат Міжнар. фестывалю царк. музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча, 1993).
Літ.:
Смольский Б.С. Государственная академическая хоровая капелла БССР. Мн., 1959;
Пуроўскі К. Песні вольных людзей. Мн., 1961.
Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ Міхаіл Іванавіч (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),
бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар.т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап.вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел.нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.Аладава, А.Багатырова, М.Чуркіна, Р.Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел.нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел.нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.Танкам, Р.Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.
Тв.:
Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.
Літ.:
Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;
Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;
Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.
Л.Ф.Голікава.
М.І.Забэйда-Суміцкі.М.Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКЦЮ́РН (франц. nocturne літар. начны),
першапачаткова цыкл рознахарактарных муз. п’ес пераважна для ансамбля струнных ці духавых інструментаў, прызначаны для выканання ў начны ці вячэрні час на вольным паветры. Блізкі да дывертысмента, серэнады, касацыі (В.А.Моцарт, І.Гайдн). Вядомы таксама вак. і хар. Н. З 19 ст. Н. называюць інстр.мініяцюру (пераважна для фп.) лірыка-сузіральнага характару з кантыленнай мелодыяй і акампанементам, які мерна пагойдваецца. Форма звычайна 3-часткавая з кантрастнай сярэдзінай, радзей ронда.
Стваральнік фп. Н. — Дж.Філд. Лепшыя ўзоры Н. належаць Ф.Шапэну, які паглыбіў яго вобразна-эмацыянальны змест. Тып праграмнага Н. ёсць у Р.Шумана (цыкл «начных п’ес» ор. 23) і Ф.Ліста («Мроі кахання»), Часам Н. уваходзіць у склад буйных інстр. форм (7-я сімф. Г.Малера, саната h moli Шапэна), у сцэн. музыку («Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона, «Дафніс і Хлоя» М.Равеля), у камерна-інстр. (2-і квартэт А.Барадзіна) і вак. творы (Дж.Расіні, Дж.Вердзі, М.Глінка, Б.Брытэн). Узоры Н. ў рус. класічнай музыцы стварылі П.Чайкоўскі, А.Скрабін. Тэрмін «Н.» выкарыстаў К.Дэбюсі для назвы праграмнай сімф. сюіты, П.Хіндэміт уключыў Н. у фп. сюіту «1922».
У бел. музыцы Н. ёсць у П.Падкавырава, Я.Цікоцкага. Найчасцей бел. кампазітары пішуць Н. для розных інстр. складаў, уключаюць у цыклы рознахарактарных п’ес (М.Аладаў, А.Багатыроў, Л.Абеліёвіч, С.Картэс, Л.Шлег). У буйных інстр. формах Н. трапляецца пераважна ў перапрацаваным выглядзе ў Абеліёвіча, Аладава, Г.Вагнера (лірыка-філас. павольныя часткі сімфоній). Блізкія да Н. некат. лірычныя сцэны бел. балетаў («Мара», «Маленькі прынц» Я.Глебава).
Літ.:
Панкратова В. Малые инструментальные формы (прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962;
Попова Т. Одночастные инструментальные жанры // Музыкальные жанры. М., 1968;
Цуккерман В. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЕРЦЮ́РА (франц. ouverture ад лац. apertura адкрыццё, пачатак),
1) інструментальны ўступ да муз.-тэатр. (опера, балет, аперэта), вак.-інстр. (араторыя, кантата), інстр. (сюіта) твораў, а таксама да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Увасабляе абагульненыя ідэйна-маст. сэнс, вобразы або характар твора. Звычайна грунтуецца на асн.муз. матэрыяле, часам самастойная.
Узнікла ў Італіі як уступ да оперы («Арфей» К.Мантэвердзі, 1607). Тэрмін «У.» вядомы з 2-й пал. 17 ст. У 17 ст. сфарміраваліся яе ўстойлівыя тыпы: італьян. (хуткая — павольная — хуткая ч.), франц. (павольная — хуткая — павольная ч.); у 18 ст. сцвердзілася ў санатнай форме. Узмацненне вобразна-тэматычных сувязей з операй, узбагачэнне муз. драматургіі і форм спрыялі далейшаму развіццю У. Сустракаюцца У. складанай 3-часткавай і варыяцыйнай формы імправізацыйнага тыпу: наз. уступ, інтрадукцыя, прэлюд і інш. (уступ да опер «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Сівая легенда» Дз.Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, «Барвовы золак» К.Цесакова). Характэрна таксама для балетаў, музыкі да спектакляў драм.т-ра, аперэт.
2) Самастойная арк. п’еса ў санатнай форме, звычайна праграмнага тыпу. Узнікла на аснове канцэпцыйных драматургічна завершаных оперных У. Як канцэртны твор сцвердзілася ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў («Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона).
Праграмныя У. блізкія да сімфанічнай паэмы, фантазіі, карціны («Рамэо і Джульета» П.Чайкоўскага, «Дума пра пагранічніка Лагоду» М.Аладава, «Эпітафія І.Ф.Стравінскаму» А.Мдывані і інш.). Узбагачэнню сімфанізму спрыялі У. на нар. тэмы («Камарынская», іспанскія уверцюры М.Глінкі), святочныя У. У бел. музыцы вядомы У. для арк.бел.нар. інструментаў (В.Войцік, Я.Глебаў, В.Іваноў, Мдывані, М.Чуркін і інш.), ансамбля нар. інструментаў (Р.Бутвілоўскі, Э.Зарыцкі, А.Чыркун, Л.Шлег, М.Шнейдэрман і інш.), духавога (Ю.Бяльзацкі, Я.Дзягцярык, Р.Сурус, Шнейдэрман) і эстр. (Глебаў, Бутвілоўскі, У.Прохараў, Сурус) аркестраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМС (Brahms) Іаганес (7.5.1883 7.5.1833, г. Гамбург, Германія — 3.4.1897),
нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор. Музыцы навучаўся ў бацькі. З 1862 у Вене, выступаў як піяніст, пазней і як харавы дырыжор у Пеўчай капэле і Т-ве сяброў музыкі. З сярэдзіны 1870-х г. прысвяціў сябе пераважна творчай дзейнасці, выступаў як дырыжор і піяніст з выкананнем уласных твораў. Яго муз. спадчына ахоплівае многія жанры (за выключэннем оперы). 4 сімфоніі Брамса, асабліва апошняя (1885), у ліку вяршынь сімфанізму 2-й пал. 19 ст. Цыклічную кампазіцыю сімфоніі ён разумеў як інстр. драму, часткі якой аб’яднаны пэўнай ідэяй. Да сімфоній па маст. значнасці прымыкаюць і яго інстр. канцэрты, трактаваныя як сімфоніі з саліруючымі інструментамі (самыя вядомыя скрыпічны, 1878, і 2-і фп., 1881, канцэрты). З вак.-аркестравых твораў найб. значны «Нямецкі рэквіем» (1868) з эпічным размахам і пранікнёнай лірыкай. У вакальнай музыцы важнае месца займаюць апрацоўкі нар. песень (каля 100). Лепшым камерна-інстр. творам уласцівы героіка-эпічныя рысы і адначасова суб’ектыўна-лірычная накіраванасць (фп. трыо, фп. квінтэт, санаты для скрыпкі і віяланчэлі з фп. і інш.). Фартэпіянныя творы вылучаюцца кантрапунктычна развітой фактурай, тонкай матыўнай распрацоўкай. У фп. вальсах і «Венгерскіх танцах» выявілася захапленне Брамса венг. фальклорам. Сярод інш. твораў: «Песня лёсу» і «Трыумфальная песня» (1871), кантата «Рынальда» (1868), «Рапсодыя» (1869, усе для хору з арк.); 2 серэнады, «Варыяцыі на тэму І.Гайдна», «Акадэмічная» і «Трагічная» уверцюры (1881, усе для арк.); канцэрты для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1887); камерна-інстр. ансамблі — санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., клавесіна і фп., 3 фп. трыо, 3 стр. квартэты, 2 стр. квінтэты, фп. квінтэт; санаты, варыяцыі, балады, фантазіі, рапсодыі і інш. для фп.; для аргана — 11 харальных прэлюдый і інш.; каля 60 мяшаных хароў; для голасу з фп. — 60 вак. квартэтаў, 20 дуэтаў, каля 200 рамансаў і песень і інш.
Тв.:
Briefwechsel. Bd. 1—16. Berlin, 1908—22.
Літ.:
Гейрингер К. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1965;
Грасбергер Ф. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІТА́ЦЫЯ (ад лац. imitatio перайманне),
1) падробка чаго-н. пад што-н. (каштоўных парод дрэва, камянёў, мармуру і інш.); рэч, выкананая з матэрыялу-заменніка.
2) Перайманне, прыпадабненне каму-н., чаму-н., дакладнае ўзнаўленне. Выкарыстоўваецца ў тэатры, кіно, цырку і інш. для стварэння ілюзіі рэальнасці: І. гукаў, рухаў і стану персанажаў, прыродных з’яў (вецер, навальніца, пажар) якога-н. асяроддзя (гл.Дэкарацыя), прадметаў, якімі карыстаюцца ў спектаклях замест сапраўдных (гл.Бутафорыя).
3) У выяўленчым мастацтве — перадача аб’ектаў прыроды; таму некат. яго віды (жывапіс, скульптура) наз. імітацыйнымі мастацтвамі. І. таксама называюць наследаванне творам, выкананым інш. майстрамі. У эпоху Адраджэння эцюды і наследаванне рабоце майстра («studio»), перадача прыроды («ingenio») былі асновай навучання жывапісу. У шырокім сэнсе І. — копія, падробка подпісу, паціны, кракелюру і інш. на творах мастацтва.
4) У музыцы — пачарговае правядзенне ў розных галасах адной і той жа меладычнай пабудовы. Голас, які першы выкладае гэту пабудову, наз. пачатковым або прапостай (італьян. proposta прапанова), тыя, што яе паўтараюць, — імітуючымі або рыспостамі (італьян. risposta адказ). Колькасць галасоў, што імітуюць асн. мелодыю, можа быць рознай (звычайна ад 2 да 5). І. магчыма ў любы інтэрвал зверху або знізу, бывае дакладная і недакладная. Трапляюцца І. з асобымі тэматычнымі суадносінамі прапосты і рыспосты — правядзенні пач. меладычнай пабудовы ў абярненні, памяншэнні, павелічэнні, у ракаходным руху і інш.
І. — адзін з найстараж. элементаў шматгалосся; вядома ў фальклоры многіх народаў свету. Як прыём фактурнага выкладання была пашырана ў еўрап.прафес. музыцы 13 ст. Высокага развіцця дасягнула ў нідэрл. майстроў 15—16 ст. У 17—1-й пал. 18 ст. — аснова т. зв. імітацыйных форм — канона, рычэркара і найвышэйшай з іх — фугі. На Беларусі ўзоры І. трапляюцца ў кантах. Як адзін са спосабаў распрацоўкі тэматычнага матэрыялу вядомы ў творах бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага, Я.Цікоцкага і інш.
Літ.:
Турышаў А. Аб некаторых поліфанічных прыёмах у творах беларускіх кампазітараў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.