АКЦЯБРЫ́СТЫ, «Саюз 17 кастрычніка»,

праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.​І.​Гучкоў, П.​Л.​Корф, М.​У.​Радзянка, Дз.​М.​Шыпаў і інш. Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс. чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.

На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп

(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),

бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл. Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.​Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.

Літ.:

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.​А.​Падокшын.

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),

1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл. Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.

2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),

мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл. Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл. Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.

В.​В.​Красноеа.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вальдэ́нсы

(п.-лац. valdenses, ад фр. P. Valdo = прозвішча ліёнскага купца 12 ст.)

рэлігійная секта, якая ўзнікла ў канцы 12 ст. на поўдні Францыі і прапаведавала адмаўленне ад прыватнай уласнасці, вяртанне да ранняга хрысціянства; некаторыя абшчыны захаваліся (пераважна ў Італіі) і зараз.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сі́ндык

(гр. syndikos = абаронца)

1) абаронца, адвакат у судзе ў Стараж. Грэцыі;

2) старшыня гільдыі ў радзе заходнееўрапейскіх краін перыяду сярэдневякоўя;

3) прадстаўнік якой-н. установы, абшчыны ці карпарацыі ў некаторых сучасных краінах (напр. у Італіі, Швейцарыі, ЗША), упаўнаважаны на вядзенне спраў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Пу́стка ’пусташ, няўдобіца; зямля, якая не апрацоўваецца’ (ТСБМ; палес., ЛА, 2; ТС, Сл. ПЗБ, Шат., Бяльк.), ’нежылое, пакінутае памяшканне’ (Жд. 1, ПСл), ’арэндны ўчастак зямлі, на якім няма ніякіх “дваровых выгод” (дома, хлявоў, агароджы і г. д.)’ (Яшк. Мясц.), pústka ’апусцелая сяліба’ (Варл.), пу́сткі ’адсутнасць жывой істоты; уражанне нежылога памяшкання’ (Мядзв.), пустке́ ’пустая зямля’ (Сцяц.), пу́стка ’беспарадак’ (Нік. Очерки), ’пусты арэх’ (Нас.), пу́сткі ’глупствы; пустата, адсутнасць грошай’: пу́стки в кише́ни (Нас.), укр. пу́стка ’нежылы, пакінуты дом; участак зямлі, які належыць асобе, што выбыла з сельскай абшчыны’, рус. дыял. пу́стка ’пусташ; пустое, закінутае жыллё’, польск. pustka ’бязлюднае месца; нежылы дом; разваліна’, чэш. poustka ’пустое месца, адлог’, ст.-чэш. pústka ’пусташ’. Утворана ад пусты́ ’парожні, бязлюдны, непатрэбны’ (*pustъ); параўн. пу́ста ’нежылое памяшканне; пусташ; пустата’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

брат, -а, М бра́це, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Сын у адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў.

Родны б.

2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы, інтарэсаў, становішча, умоў і пад.

Браты па зброі.

3. Форма сяброўскага звароту да мужчыны (разм.).

4. К бра́це. Ласкавы зварот да мужчыны, дарослага хлопца (разм.).

У шпіталь ездзіў, б.?

5. Член рэлігійнай абшчыны, брацтва (у 2 знач.); манах.

◊

Ваш брат (разм.) — вы і на вас падобныя.

На брата (разм.) — на кожнага.

Свой брат (разм.) — пра чалавека аднолькавага стану, становішча.

|| памянш.-ласк. бра́цік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.) і брато́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. (да 3 знач.).

|| прым. бра́тні, -яя, -яе (да 1 знач.) і бра́цкі, -ая, -ае (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Максім Максімавіч) (8.9.1851, г. Харкаў, Украіна — 5.4.1916),

расійскі гісторык, юрыст, сацыёлаг, этнограф. Акадэмік Пецярбургскай АН (1914, чл.-кар. 1899). Скончыў Харкаўскі ун-т (1872), адукацыю працягваў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Праф. Маскоўскага (1878—87), Пецярбургскага (1905—16) ун-таў і шэрагу ун-таў Еўропы і Амерыкі. З 1895 віцэ-старшыня, з 1907 старшыня Міжнар. ін-та сацыялогіі, чл. Т-ва сацыялогіі ў Парыжы. Вымушаны доўгі час працаваць за мяжой, К. часта выкарыстоўваў замежную тэматыку і матэрыялы для вырашэння рас. праблем, звязаных з развіццём капіталізму. Асн. законам сацыялогіі лічыў закон прагрэсу. Як гісторык выкарыстоўваў гіст.-параўнальны метад, асабліва з мэтай супастаўлення дзярж., паліт. і эканам. дакапіталіст. грамадстваў Еўропы, у т. л. і Расіі. Аўтар прац па гісторыі абшчыны, Франц. рэвалюцыі канца 18 ст., праблемах зах.еўрап. феадалізму і агульных пытаннях сац. развіцця, этнаграфіі.

Тв.:

Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;

Закон и обычай на Кавказе. Т. 1—2. М., 1890;

Происхождение современной демократии. Т. 1—4. М., 1895—97;

Экономический рост Европы до возникновения капиталистического хозяйства. Т. 1—3. М., 1898—1903;

Социология. Т. 1—2. М., 1910.

Літ.:

Сафронов Б.Г. М.​М.​Ковалевский как социолог. М., 1960.

М.М.Кавалеўскі.

т. 7, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АБШЧЫ́НА СЯСЦЁР МІЛАСЭ́РНАСЦІ ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА.

Засн. ў 1889 Мінскім упраўленнем Расійскага т-ва Чырв. Крыжа. У абшчыну ўваходзілі 15 членаў. Пасведчанне сястры міласэрнасці атрымлівалі пасля гадавога выпрабавання і 2 гадоў працы ў абшчыне (праца не аплачвалася, абшчына давала інтэрнат, харчаванне, вопратку, абутак і невялікую грашовую дапамогу). У 1903 пры абшчыне адчынены гадавыя курсы, на якіх выкладалі фізіялогію, хірургію і дэсмургію, гігіену, анатомію, унутр. хваробы, псіхіятрыю, фармакалогію, догляд і пач. дапамогу і інш. Да 1915 падрыхтаваны 143 сястры міласэрнасці. Сёстры абшчыны ўдзельнічалі ў дапамозе параненым у рус.-яп. вайне 1904—05, у барацьбе з тыфам, шкарлятынай, воспай у Мінскай губ. (1900), з халерай у Мазырскім пав. (1908), дапамагалі галадаючым Акмолінскай, Табольскай, Закаспійскай губ. (1911). У 1910 абшчына адчыніла лячэбніцу на 14 ложкаў, у 1914 — на 40. З пач. 1-й сусв. вайны накіравала на фронт шпіталь на 200 ложкаў (пазней пашыраны да 800). З 1921 у складзе Т-ва Чырв. Крыжа Беларусі.

Літ.:

Хоров Г. К истории подготовки медицинских сестер в Белоруссии // Вопросы истории медицины и здравоохранения. Мн., 1968;

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976.

Т.​П.​Разуменка.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)