По́сах1 ’доўгі кій, на які апіраюцца пры хадзьбе; жазло святара’ (ТСБМ), по́сох ’кіёк, палка’, ’прылада, якой палохаюць і заганяюць рыбу ў сетку’ (ТС), ст.-бел.посохъ ’кій’ (Сл. Скар.), укр.по́сох, рус.по́сох, ц.-слав.посохъ, ст.-слав.посохъ ’тс’. Вытворнае ад *soxa ’расоха, разгалінаванне’, што дае падставы рэканструяваць першаснае значэнне ’палка з загнутым канцом’ (Праабражэнскі 2, 113). Гл. саха́.
По́сах2, пусо́х ’яйка (наседжанае)’ (хойн., Мат. Гом.). Відавочна, таго ж паходжання, што і паса́г (гл.), рус.поса́г, польск.posag, чэш.posah ’тс’. Насуперак прынятай этымалогіі, якая ўзводзіць пасаг да *sōg‑os, што звязана з літ.ségti ’прышпільваць, далучаць’ (Махэк₁ 385; Фасмер, 3, 338), мэтазгодна узводзіць да прасл.*sědti > *sěsti. У Брукнера (432) побач з усходнеславянскім посаг ’месца, дзе маладая сядзіць падчас шлюбнага абраду’ адзначаецца і варыянт посад, што лічыцца другасным, памылковым. Тым не менш, посаг і посад могуць быць варыянтамі адной формы, параўн. укр.осуга ’асадак’, рус.осяжать ’асядаць (пра асадак)’, вытворнае ад дублетных форм *sięg‑/*sied‑ і *sąg‑/*sad‑ (Анікін, Этимология–1983, 48), сюды ж ц.-слав.посагати, ст.-рус.посѧгати ’выходзіць замуж’. Такім чынам, гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад *sěsti. Форма по́сох — вынік гіперправільнага окання ў корані ‑саг‑. Гл. паса́г. Відаць, не мае падстаў меркаванне Кліменкі (Язык, слово, действительность, 1, 139), якая звязвае по́сах ’яйка (наседжанае)’ з рэліг. святам Пасха і магчымымі трансфармацыямі гэтай назвы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЯСЕ́ЛЛЕ,
комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл.Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.
Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц.бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.
Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.
Літ.:
Вяселле: Абрад. Мн., 1978;
Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,
жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.
Публ.:
Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;
Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;
Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел.нар. творчасць).
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМН (грэч. hymnos),
урачыстая песня. У сучасным разуменні разам з дзярж. гербам і дзярж. сцягам з’яўляецца афіц. сімвалам дзяржавы (гімн дзяржаўны). Існуюць таксама гімны рэв., парт., вайск., рэліг., спарт., прысвечаныя пэўным гіст. падзеям, святам, героям і інш. Іх выконваюць у час афіц.дзярж. мерапрыемстваў, масавых маніфестацый, святкаванняў, мітынгаў, сходаў, спарт. спаборніцтваў і інш. Прызначэннем гімна абумоўлены іх муз.-паэт. асаблівасці: заклікальнасць, узнёсласць, рытарычнасць муз. лексікі, велічнасць, шырыня, рытмічная размеранасць (часта маршавасць) музыкі. У розныя часы ствараліся і сатырычна-парадыйныя гімны. Змест паняцця гімна змяняўся ў працэсе гіст. развіцця. Найстаражытнейшыя гімны — малітоўныя песнапенні лірычнага характару (Егіпет, Месапатамія). У Стараж. Грэцыі гімнамі называлі харавыя песні ў гонар багоў і герояў, разнастайныя культавыя песнапенні (дыфірамб, праомія, прасодыя, пеон і інш.). У перыяд ранняга хрысціянства гімнамі лічыліся страфічныя духоўныя песні. У богаслужэнне хрысц. Рымскай царквы гімн ўведзены ў 4 ст.н. э., у інш. краінах Зах. Еўропы — у 5—6 ст. З 14 ст. вядомы ўзоры гімнічнага шматгалосся (творы Г.Дзюфаі). Сац.-рэліг. рух 15—16 ст. спарадзіў новыя, аддаленыя ад царк.абраду формы гімна, разнастайныя пратэстанцкія гімны, у якіх адчувальны ўплыў нац. фальклору. На Беларусі пашырэнне рэфармацыйных ідэй суправаджалася пранікненнем пратэстанцкіх песнапенняў. Своеасаблівай разнавіднасцю гімна сталі распаўсюджаныя на Беларусі з 2-й пал. 16 ст.канты і псальмы (свецкія харавыя песні) — носьбіты сутнасных рыс беларусаў, адлюстраваных у муз.-паэт. вобразнасці гэтых твораў (напр., героіка-патрыят. кант «Даруй спакой» А.Філіповіча, 1646). Канты-гімны друкаваліся ў канцыяналах, багагласніках, у т. л. ў адных з першых ва Усх. Еўропе друкаваных зб-ках «Брэсцкі канцыянал» (1558), «Нясвіжскі песеннік» (1563). Да 19 ст. гімн сфарміраваўся як урачыстая песня свецкага характару. У працэсе рэв. і нац.-вызв. барацьбы з’явілася шмат песень-гімнаў, у т. л. «Марсельеза» К.Ж.Ружэ дэ Ліля, «Гімн свабодзе» Ф.Гасека, «Гімн розуму» Э.Мегюля (Францыя), «Гімн Гарыбальдзі» А.Аліўеры (Італія), «Гімн Рыега» Ф.Уэрты (Іспанія), «Ракацы-марш» (Венгрыя), «Мазурка Дамброўскага» (Польшча). «Інтэрнацыянал» П.Дэгейтэра стаў гімнам салідарнасці працоўных. На Беларусі ў час паўстання 1863—64 пашырыліся баявыя (ваяцкія) песні-гімны (таксама польскія і бел. паўстанцкія гімнічныя песні на вершы Ф.Ражанскага). Шмат бел. песень-гімнаў напісана ў час рэв. руху пач. 20 ст.: «А хто там ідзе?» Л.Рагоўскага, «Не пагаснуць зоркі ў небе» М.Янчука, «Гэй, наперад, покі сэрца б’ецца» (усе на вершы Я.Купалы), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» М.Тэраўскага на вершы М.Краўцова, «Пагоня» М.Куліковіча-Шчаглова на словы М.Багдановіча і інш.
У 1955 Дзярж. гімнам Рэспублікі Беларусь зацверджана песня «Мы беларусы», напісаная кампазітарам Н.Сакалоўскім на словы М.Клімковіча. У характары і стылістыцы гімна шмат песень створана бел. кампазітарамі: «Радзіма мая дарагая» У.Алоўнікава на словы А.Бачылы, «Беларусь — мая песня» Ю.Семянякі на словы М.Браўна, «Песня пра Нёман» Сакалоўскага на словы А.Астрэйкі, а таксама «Жыві, Беларусь» А.Багатырова, «На родных прасторах» Р.Пукста, «Красуй, Беларусь» Я.Цікоцкага, «Беларусь — наша родная маці» Сакалоўскага. У пач. 1990-х г. песні-гімны створаны У.Мулявіным («Пагоня» на словы М.Багдановіча), В.Раінчыкам («Жыве Беларусь» на словы Л.Пранчака), В.Войцікам («Патрыятычны кант» на словы аўтара) і інш. Жанравыя рысы гімна маюць асобныя часткі, фрагменты, тэмы ў буйных муз. творах розных жанраў (фінал 9-й сімфоніі Л.Бетховена, 8-я сімфонія Г.Малера, хор «Слаўся» з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Гімн вялікаму гораду» з балета «Медны коннік» Р.Гліэра, «Гімн жыццю» — фінал 10-й сімфоніі М.Аладава, «Жыццесцвярджэнне» — фінал 5-й сімфоніі Цікоцкага і інш.).
Літ.:
Бернштейн Н.Д. История национальных гимнов. Пг., 1914;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Gerber R. Zur Geschichte des mehrstimmigen Humnus. Musikwissenschaftliche Arbeiten. B. 21. Kassel, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НЕ,
каталіцкія манахі ўсх.абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.В.Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.Лісоўскаму І.Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра I закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая I ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.
Літ.:
Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;
Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,
жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.
З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.
У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт.Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.
Публ.:
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;
Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каляда́ ’даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Нас.; Сержп. Грам.), ’царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст. ст. і ў наступныя дні да вадохрышча’ (Сцяшк.), каляда ’калядны вечар, куцця’ (Сл. паўн.-зах., Шат.), каляда посная, каляды ’свята нараджэння Хрыста’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., навагр., КЭС; Нік. Очерки., Мядзв., Нас., Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Чач., Шат.), каляда ’песня, якая спяваецца падчас гэтага абраду’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.) ’прадукты, якія дарылі ў час каляд’ (ТСБМ, Мал., Сл. паўн.-зах., ТС), ’плата свяшчэнніку за хрэсны ход у час каляд’ (Нас.), параўн. яшчэ ў Радчанкі: «Ой панъ иде, коляду несе, Три куски сала, чтобъ коза встала», ’хвост вяпрука, які вараць на куццю і ядуць у «багатую каляду»’ (Сцяц., Нар.), ’вяпрук, якога колюць на каляды, туша яго’ (зах.-бел.: Жд. 2; Сцяц. Нар.; Сцяшк., Янк. I). Таксама сустракаецца ў песнях (параўн. у Насовіча: «Ехала коляда, колядуючи… Пошла коляда по лёду, разсыпала коледа коляду…» і Радчанкі: «Ишла коляда с конца в конец, Зайшла коляда к Ивану…»), што дало падставу Сержпутоўскаму пісаць пра персаніфікацыю каляды: раней Шпілеўскі адзначаў: каляда ’бог весялосці і радасці’ (Архіў АН СССР, фонд Сразнеўскага). У Насовіча яшчэ коледа ў выразе збор‑коледа ’пра розныя рэчы, сабраныя ў адну купу’. Форма коляды адзначаецца ў Сл. паўн.-зах. і Растаргуевым (з Косіч?), барыс. зафіксавана форма калёды (Сл. паўн.-зах.). Укр.коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі пяюць калядныя несці’, ’песні ў калядны вечар’, ’падарунак каляднікам за песні’, рус.коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі ходзяць па дамах і пяюць калядныя песні’, ’вечар напярэдадні каляд’, а таксама ’абрадавая песня’, ’падарункі і грошы каляднікам за песні’ смал., калуж., наўг., кур., арл. ’вяпрук, якога колюць па каляды’ (геаграфія невядомая) і шэраг іншых, польск.kolęda ’калядная песня’, ’навагодні або калядны падарунак’, ’адведванне веруючых ксяндзом’, дыял. і ст.-польск. ’хаджэнне па хатах з песнямі і збіранне дароў’, шэраг іншых значэнняў, славін.-каш.kaląda ’калядная песня’, ’абрад хаджэння па хатах з песнямі’, н.-луж.уст.koloda ’навагодні падарунак’, чэш.koleda ’калядная песня’, таксама ’час, калі пяюць калядныя песні’, ’падарунак каляднікам, падарунак на Новы год’, славац.koleda ’калядная песня, якую пяюць на Новы год’, славен.kalę́da ’абрад, свята, калі ходзяць па хатах з музыкаў і песнямі; пры гэтым збіраюцца падарункі’, адзначаецца і форма ’куцця (вечар)’, дыял.kòlēňde ’навагодні падарунак’, серб.ко̀леда, коле́да ’калядаванне, хаджэнне на хатах з песнямі’, макед.коледа ’калядаванне, куцця (вечар), свята нараджэння Хрыста’, балг.коляда, коленда, коледа ’каляды’ (у Герава і ў дадатках да слоўніка), ст.-слав.калѧда ’calendae’ (’навагодняе свята’). Прасл.kolęda запазычанне з лац.calendae ’першы дзень месяца’, першапачаткова, відаць, свята, звязанае з пачаткам года, паколькі даўнія рымскія святы «календы» адзначалі з 1 па 5 студзеня, далей у сувязі з хрысціянскім уплывам адносна да свята нараджэння Хрыста (гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 135). Міклашыч (24) выказваў меркаванне аб пачатковым распаўсюджванні ў славян Паноніі; праславянскае паходжанне як быццам пацвярджаецца шэрагам фактаў, але не вельмі надзейна. Распаўсюджанне слова на ўсходнеславянскай тэрыторыі сведчыць, магчыма, аб познім характары. Параўн. і Дзясніцкая, Слав. языкозн., 329–332, дзе мяркуецца аб пранікненні балканскай назвы на захад і ўсход славянскага свету.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус.рай, польск., в.-луж., н.-луж.raj, чэш.ráj, славац.raj, славен.ràj, серб.-харв.pȃj, балг.рай, макед.paj, ст.-слав.рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ.rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл.*rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав.*rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч.παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав.*rajь з авест.rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд.rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав.*rajь з інд.-іран.rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е.roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав.рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест.źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд.jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл.*iroi‑ (параўн. і.-е.*erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр.вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр.обрій ’гарызонт’, рус.дыял.ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус.ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск.wyraj ’тс’, польск.iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел.вір ’вір, вадаварот’, рус.вир, выр ’тс’, славен.ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен.rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус.дыял.вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус.дыял.райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус.проводить в последний путь, рус.дыял.птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен.večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл.rīan ’рака, дарога’, ням.Rain ’мяжа’, швед.ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл.*radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.
Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк.ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап.рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус.паўдн.раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран.rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).
Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус.уладз., раз.рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПО́ЛЬШЧА (Polska),
Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, у басейне рэк Вісла і Одра. Мяжуе на З з Германіяй, на Пд з Чэхіяй і Славакіяй, на У з Літвой, Беларуссю і Украінай; на Пн абмываецца Балтыйскім м. і мяжуе з Калінінградскай вобл. Расіі. Пл. 312,7 тыс.км². Нас. 38,7 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — польская. Сталіца — г.Варшава. Падзяляецца на 16 ваяводстваў. Нац. святы — Дзень Канстытуцыі 1791 (3 мая), Дзень незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1997. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы (выбіраецца на 5 гадоў праз усеагульныя выбары), і Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — парламент, які складаецца з 2 палат: сейма і сената. Дэпутаты сейма (460 чал.) і сенатары (100 чал.) выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Судовая ўлада аддзелена ад заканад. і выканаўчай улад. Вышэйшая суд. інстанцыя П. — Вярхоўны суд.
Прырода. П. пераважна раўнінная краіна, нізіны і раўніны займаюць каля 75% плошчы. На Пн паласа ўзгорыста-марэннага рэльефу з вял. колькасцю азёр (Паморскае і Мазурскае Паазер’і). У цэнтр. раёнах з 3 на У працягваюцца нізіны (Велікапольская, Шлёнская, Мазавецка-Падляская), на Пд ад іх — Малапольскае і Люблінскае ўзвышшы. На Пд горы: Карпаты з масівам Татры (г. Рысы, 2499 м), на ПдЗ Судэты (г. Снежка, 1602 м). П. багатая каменным (геал. запасы 130 млрд.т да глыб. 1200 м) і бурым (геал. запасы 40 млрд.т) вугалем, серай, меднай і свінцова-цынкавымі рудамі, каменнай соллю. Ёсць барыт, жал. руда, фасфарыты, невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы і З каля -1 °C, у цэнтр. раёнах і на У -3 °C, ў гарах каля -6 °C. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C; у гарах халадней. Ападкаў за год на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 1200—1500 мм. Найб. рэкі Вісла з Наравам, Одра з Вартай. З азёр найб. Снярдвы (113,8 км²) і Мамры (104,4 км²) у Мазурскім Паазер’і. Лясы і хмызнякі займаюць 29% тэр. У лясах пераважае хвоя, у Судэтах — елка, у Карпатах — хвоя, елка, бук. Асн. масівы лясоў на Пн, З, у гарах. Жывёльны свет: зубр, сарна, буры мядзведзь, рачны бабёр (усе ахоўваюцца), высакародны алень, дзік, лось, барсук, воўк, рысь, зайцы; з птушак фазан (ахоўваецца), глушэц, цецярук, курапатка, вадаплаўныя. У краіне 22 нац. паркі (буйнейшыя з іх Татранскі, Бяшчадскі, Карканешскі, Белавежскі), 106 ландшафтных паркаў, якія займаюць 9,3% пл. краіны. Белавежскі нац. парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 97% складаюць палякі, 0,5% — украінцы (ПдУ), 0,4% — беларусы (пераважна Падляскае ваяводства, цэнтр — г. Беласток). Жывуць таксама немцы, славакі, рускія, літоўцы, чэхі і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 95%). Сярэдняя шчыльн. 123,8 чал. на 1 км²: найб. ў горна-прамысл. раёне на Пд — да 300—400 чал. на 1 км², найменшая на ПнУ і Пн — каля 50 чал. на 1 км². Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве каля 62% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Варшава — 1800, Лодзь — 1000, Кракаў — 850, Вроцлаў — 730, Познань — 660, Гданьск — 550, Шчэцін — 500. У прам-сці і буд-ве занята 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 26%, у абслуговых галінах — 44%.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з эпохі палеаліту (рэшткі найб.стараж. паселішчаў у паўд. раёнах краіны). Ў 4—3-м тыс. да н.э. тут жылі фіна-угры, аб чым сведчаць і некат. тапонімы, напр., назва р. Нараў. У 3-м тыс. да н.э. сюды з Прычарнамор’я прыйшлі плямёны культуры стужачнай керамікі, у пач. 2-га тыс. да н.э. з’явіліся плямёны шнуравой керамікі культуры. З 1-га тыс. да н.э.найб. вядомая лужыцкая культура (вучоныя рэканструявалі іх стараж. паселішча на Біскупінскім воз.). Лужыцкія плямёны гандлявалі са стараж. рымлянамі (пераважна бурштынам), пра што сведчыць і карта стараж. Еўропы, складзеная К.Пталамеем, дзе пазначаны г. Calissia (цяпер г. Каліш). У канцы 2 ст. да н.э. складвалася пшэворская культура, носьбіты якой — аснова фарміравання зах. славян.
У пач.н.э. землямі П. намагаліся авалодаць стараж.-герм. плямёны, але продкі славян адстаялі тэр. паміж рэкамі Вісла і Лаба (Эльба). Розныя ч. П. насялялі паморы (гл.Памаране), ругі, мазуры, куявы (гл.Куявія), віслякі, апаляне, слянзакі, палякі (паляцы), смаляне, якія кантактавалі з этнічна блізкімі палабскімі славянамі, продкамі чэхаў і славакаў. Найб. развітымі былі памаране і паўд. плямёны. У Памор’і ўзніклі першыя польск. гарады (Бялоград, Слаўна, Гданьск, Шчэцін, Волін). У паўд., або Малой Польшчы (гл.Малапольшча), узнікла княства з цэнтрам у Кракаве. Віслінскі князь падпарадкаваў ч. Галіцыі і Сілезіі. Але ў 2-й пал. 9 ст. Малая П. трапіла пад уладу Вялікамараўскай дзяржавы. З Маравіі ў П. прыйшло і хрысціянства, у Кракаве ўтварылася епіскапства паводле візант.абраду. Этнічна блізкія стараж.-польскія плямёны ўдалося аб’яднаць у дзяржаву племя палян, якое жыло ў цэнтры Вялікай Польшчы. Ад іх паходзіць назва краіны і нацыі (Польска, паляцы). У канцы 9 ст. ў палян на чале ўлады зацвердзілася дынастыя Пястаў, першымі прадстаўнікамі якой былі князі Земавіт, Лешак, Земамысл. Пісьмовая гісторыя П. пачалася з 4-га князя з дынастыі Пястаў — Мешкі I. Ён заснаваў першую сталіцу П. — г. Гнезна, герб Пястаў (белы арол) стаў дзярж. гербам краіны. У 960-я г. Мешка аб’яднаў б.ч.тэр. сучаснай П., у т. л. ў саюзе з Чэхіяй і з дапамогай яе войска падпарадкаваў Шчэцін і інш. гарады Зах. Памор’я. Ажаніўшыся з чэш. князёўнай, Мешка I у 966 прыняў хрысціянства паводле лац.абраду ад герм. епіскапаў, і з гэтага часу П. стала каталіцкай краінай. Аб’яднанне польск. зямель завяршыў старэйшы сын Мешкі — Баляслаў I Храбры, які ў 999 падпарадкаваў Малую П. з Кракавам, а яшчэ раней адабраў у чэхаў Сілезію; у 1000 Баляслаў заснаваў у Гнезне першую касцельную мітраполію на польскіх землях. Пры Пястах пачалося фарміраванне польск. народнасці (зацвердзілася яе агульная саманазва — палякі) і яе нац. самасвядомасці, адзінай польскай мовы.
У 11—13 ст. дынастыя Пястаў падзялілася на кланы і страціла кантроль над цэнтр. уладай у краіне, пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дзяржава распалася на шэраг удзельных княстваў. Сілезія трапіла пад уладу Чэхіі, а Зах. Памор’е — герм. князёў. Міжусобіцы спусташалі краіну. У 1180 вял.кн. Казімір II склікаў у г. Лянчыца ўсяпольскі з’езд князёў, знатных шляхціцаў (рыцараў) і епіскапаў. З’езд замацаваў прывілеі і імунітэты магнатаў і шляхты, іх права спадчынна валодаць княствамі, валасцямі, маёнткамі. Удзелам вял. князя прызнаваліся Кракаў і ч. Малой П. Знешнепаліт. становішча польскіх зямель пагоршылася ў сувязі з экспансіяй крыжацкага Тэўтонскага ордэна (пасля 1226) і набегаў мангола-татараў (1241, 1259, 1287). Нягледзячы на знешнюю пагрозу і ўнутр. міжусобіцы, у 13 ст. большасць польск. гарадоў атрымала магдэбургскае права. Але гар. самакіраванне ў П. ўскладнялася праблемай ням. міграцыі (б.ч. гандляроў і рамеснікаў была перасяленцамі з Германіі).
Пэўныя юрыд. нормы існавалі і на вёсцы, у т. л.мясц. самакіраванне і суд.Сял. сем’і валодалі надзеламі памерам ад 15 да 50 га. З канца 13 ст. ў П. разгарнулася барацьба за аб’яднанне польск. зямель, якую ініцыіравалі князі Малой П. і г. Кракаў (сталіца краіны ў 11—16 ст.). Значных поспехаў у гэтым дасягнуў Уладзіслаў I Лакетак, які ў 1320 каранаваны польск. каралём. Справу кансалідацыі польскіх зямель працягваў яго сын Казімір III. Пры ім П. знаходзілася ў дынастычнай уніі з Венгрыяй (1370—82). У 14 ст. ў склад П. не ўваходзілі Сілезія і Памор’е, да 1526 самаст. княствам заставалася Мазовія. Пагроза з боку Тэўтонскага ордэна абумовіла заключэнне з ВКЛКрэўскай уніі 1385. У саюзе з ВКЛ П. ў выніку Грунвальдскай бітвы 1410 паспяхова спыніла крыжацкую экспансію. Унія паступова выклікала ўнутр. супярэчнасці (канфлікт паміж Ягайлам і Вітаўтам, напружанасць паміж праваслаўнымі і католікамі з-за прывілеяванага становішча апошніх). Унія садзейнічала і ліквідацыі спадчыннай манархіі. Пасада караля стала выбарнай, а вышэйшая ўлада ў краіне перайшла да шляхецкага сейма (саслоўная манархія).
Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз П. з ВКЛ. З часоў падпісання каралём Казімірам IV Няшаўскіх статутаў 1454 у дзяржаве ўзмацнілася роля шляхты. У 15—16 ст. каралямі П. выбіраліся прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў. У выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66 з Ордэнам П. вярнула сабе Усх. Памор’е з гарадамі Гданьск, Торунь, Эльбланг, пазней (1526) мірным шляхам далучана Мазовія з Варшавай (пасля 1596 гэты горад стаў сталіцай П.). У пач. 16 ст. запрыгонены польскія сяляне. З 2-й пал. 16 ст. знешняя палітыка П. была скіравана пераважна на У. Вял. спусташэнні нанесла краіне Паўночная вайна 1655—60. Пасля працяглых перагавораў з ВКЛ ва ўмовах Лівонскай вайны 1558—83 заключана Люблінская унія 1569, паводле якой утварылася федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. Гэта дзяржава мела агульных караля і сейм, але ВКЛ захоўвала аўтаномію (уласныя выканаўчая ўлада ў Вільні, заканадаўства, фінансы, войска). Паводле дзярж. ладу Рэч Паспалітая фактычна была шляхецкай рэспублікай, каралі выбіраліся таксама з прадстаўнікоў еўрап. каралеўскіх дамоў (Генрых III Валуа, Стафан Баторый, Сігізмунд III Ваза). Паміж уласна П. і ВКЛ была таксама заключана царкоўная унія (гл.Брэсцкая унія 1596). У 17 ст. Рэч Паспалітая ваявала са Швецыяй, Украінай, Расіяй, Турцыяй (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57, Польска-турэцкія войны 17 ст., Аліўскі мір 1660).
Унутры П. ўсё большую ўладу набывала шляхта (гл.Ліберум вета), што разам з крызісам фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі вяло да паступовага заняпаду краіны. Значную ч.тэр. П. закранула Паўночная вайна 1700—21. Умяшанне ў справы аслабленай П. з боку Расіі (у т. л. з-за пытання аб дысідэнтах), а таксама Аўстрыі і Прусіі прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). У канцы 18 ст. ў П. мелі месца спробы ўнутр. рэформ (гл.Чатырохгадовы сойм 1788—92, Канстытуцыя 3 мая 1791). У 1793 Рас. імперыя і Прусія ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай, які быў змушаны зацвердзіць сейм, скліканы ў Гродне (гл.Гродзенскі сейм 1793). Акупацыя краіны выклікала паўстанне 1794, якое ўзначальваў ураджэнец Беларусі Т.Касцюшка (на бел. землях — Я.Ясінскі). Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795), у выніку якога П. на працяглы час (да 1918) страціла дзяржаўнасць, а польскія землі і народ былі падзелены паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Патрыят. сілы польскага грамадства не спынялі барацьбы за аднаўленне дзяржаўнасці, шукалі дзеля гэтага знешніх саюзнікаў, гуртаваліся ва ўмовах эміграцыі. Гэтай мэце павінны былі служыць легіёны польскія (каманд.ген. Я.Г.Дамброўскі), якія з 1797 ваявалі на баку Францыі. Частка польскай шляхты на чале з кн. А.Чартарыйскім арыентавалася на рас. імператара Аляксандра 1 у разліку на аднаўленне П., звязанай уніяй з Расіяй.
У час напалеонаўскіх войнаў утворана Варшаўскае герцагства (1807), у якім было скасавана прыгоннае права. Герцагства ўдзельнічала ў вайне 1812 супраць Расіі. Б.ч. гэтага васальнага ад Францыі дзярж. ўтварэння паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 была перададзена Рас. імперыі і склала Каралеўства Польскае.
Больш за 100 гадоў тры часткі П. (пад уладай Аўстрыі, Прусіі, Расіі) развіваліся паасобку. Цэнтрам нац.-вызв. руху заставалася Варшава. Але паўстанне 1830—31 і паўстанне 1863—64 таксама пацярпелі няўдачу. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўлады фактычна скасавалі аўтаномію Каралеўства Польскага (гл.Арганічны статут Каралеўства Польскага 1832). Нац.-вызв. паўстанні адбываліся і ў інш. частках П. — у Кракаўскай рэспубліцы (гл.Кракаўскае паўстанне 1846) і Пазнанскім вялікім княстве (гл.Пазнанскае паўстанне 1848). Пасля паўстання 1863—64 ад супрацоўніцтва з польскім нац.-вызв. рухам адышоў бел.нац.-вызв. рух. бо польскія патрыят. сілы сталі атаясамліваць паняцце «Рэч Паспалітая» толькі з П. На працягу 19 ст. ў П. фарміраваліся паліт. партыі і арг-цыі, у сувязі з пэўнай індустрыялізацыяй у польскіх землях актывізаваўся рабочы рух. У 1882 узнікла рабочая партыя «Пралетарыят», у 1893 — Польская сацыялістычная партыя (ППС) і Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы), у 1897 — Нацыянальна-дэмакратычная партыя (існавала да 1945), якая працяглы час мела вял. ўплыў у польскім грамадстве. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся магчымасці для аднаўлення дзяржаўнасці П. Гэтаму спрыялі дзейнасць польскай эміграцыі ў Парыжы (гл.Польскі нацыянальны камітэт), Ю.Пілсудскага, які абапіраўся на створаныя ім Польскія Легіёны, а таксама знешнія абставіны (паражэнне ў 1-й сусв. вайне Аўстрыі і Германіі, Кастр. рэвалюцыя 1917 у Расіі). 11—14.11.1918 ваен. і цывільную ўладу ў Варшаве ўзначаліў Пілсудскі. Пры ўрадзе І.Падарэўскага П. падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога незалежнасць краіны прызнала Антанта. Але ў склад адноўленай П. ўвайшлі не ўсе польскія землі, П. атрымала абмежаваны выхад да Балт. мора праз т.зв.«Польскі калідор». У выніку польска-сав. вайны 1919—20 (у час вайны адбылася буйная Варшаўская аперацыя 1920) і Рыжскага мірнага дагавора 1921 у склад П. ўключаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Спрэчкі паміж П. і Літвой адносна дзярж. прыналежнасці Вільні і Віленскага краю выклікалі Віленскі канфлікт 1920—39.
17.3.1921 прынята канстытуцыя адноўленай П. (Другой Рэчы Паспалітай), што замацавала рэсп. лад краіны. Пры гэтым Другая Рэч Паспалітая (1918—39) была унітарнай дзяржавай, дзе, нягледзячы на фармальную юрыд. роўнасць, нярэдка парушаліся правы нац. меншасцей — беларусаў, украінцаў, яўрэяў і інш., якія разам складалі больш за 30% яе насельніцтва. Пасля дзярж. перавароту 12—14.5.1926 у П. ўстаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым». Да мая 1935 фактычным дыктатарам быў Пілсудскі, прэзідэнтам у 1926—39 з’яўляўся І.Масціцкі. У міжваен. перыяд П. рабіла захады па ўмацаванні сваёй бяспекі, у т. л. заключыла германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе. П. была першай краінай, у якую ўварваліся і развязалі гэтым 2-ю сусв. вайну ўзбр. сілы нацысцкай Германіі (гл.Польская кампанія 1939). Адначасова ў вер. 1939 у выніку паходу сав. войск і паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939Зах. Беларусь і Зах. Украіна далучаны да СССР (з-за гэтага польскі ўрад у эміграцыі да нападу Германіі на СССР лічыў сябе ў стане вайны і з СССР). У кастр. 1939 Сав. Саюз перадаў Віленскі край Літве. Нягледзячы на ўстаноўлены ў П. ням. войскамі жорсткі акупац. рэжым (дзейнічалі канцлагеры Асвенцім, Майданак і інш. «фабрыкі смерці», усяго за ваен. час загінула каля 6 млн. грамадзян П.), унутры краіны і па-за яе межамі разгортвалася вызваленчая вайна польскага народа 1939—45. У 1940 у СССР загінула некалькі тысяч інтэрніраваных там польскіх афіцэраў (гл.Катынь).
У гады 2-й сусв. вайны ў польскім руху Супраціўлення склаліся кірункі нацыянальны (узначальваў эмігранцкі ўрад, якому падпарадкоўваліся Армія Краёва, Андэрса армія і інш.) і камуністычны (абапіраўся на Гвардыю Людову, Саюз польскіх патрыётаў у СССР і інш. сілы). Прыкладамі антыфаш. супраціўлення і мужнасці грамадзян П. былі Варшаўскае паўстанне 1943 (паўстанне вязняў у Варшаўскім гета) і Варшаўскае паўстанне 1944. У ходзе вызвалення тэр. П. сав. войскамі, з якімі ўзаемадзейнічала Першая польская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі, уладу ў краіне ажыццяўлялі Краёва Рада Нарадова (існавала ў 1944—47) і Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, што арыентаваліся на Сав. Саюз і не падтрымлівалі ўрад С.Мікалайчыка. Замацаванню знешнепаліт. арыентацыі П. на СССР садзейнічалі рашэнні Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945. Паводле рашэнняў гэтых канферэнцый устаноўлены і сучасныя межы польскай дзяржавы, у т. л. на польска-бел. сумежжы (гл.Савецка-польскі дагавор 1945). На працягу 1944—47 (поўнасцю землі П. вызвалены ад ням. войск да мая 1945) у П. ўстаноўлена фактычна аднапарт. сістэма (у 1948 засн.Польская аб’яднаная рабочая партыя; ПАРП) і разгорнуты эканам. пераўтварэнні на ўзор СССР (нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прам-сці, спробы калектывізацыі вёскі і інш.). Насаджэнне сацыялізму ў П. выклікала стыхійныя выступленні рабочых у Познані супраць ваяводскіх улад, мясц.к-та ПАРП і службы бяспекі (1956). У 1956 новым кіраўніком партыі стаў У.Гамулка, які крыху лібералізаваў курс на пабудову ў П. сацыяліст. грамадства. У знешнеэканам. і знешнепаліт. адносінах П. была членам Савета эканамічнай узаемадапамогі (1949—91), Варшаўскага дагавора 1955 (да 1991, на тэр. П. размяшчалася Паўн. група сав. войск). Згажэліцкі дагавор 1950 з ГДР і дагавор ад 7.12.1970 аб нармалізацыі адносін з ФРГ пацвердзілі ўстаноўленыя пасля 2-й сусв. вайны межы П. з гэтымі краінамі. Сац. нестабільнасць і ідэалаг. ўціск з боку парт. і дзярж. органаў выклікалі антыўрадавыя выступленні моладзі ў Варшаве (1968), рабочых у Гданьску і Гдыні (1970), Шчэціне (1971) і інш. гарадах (1976, 1980), якія былі жорстка задушаны ўладамі. У 1970—80 лідэрам ПАРП быў Э.Герак. У сярэдзіне 1970-х г. незадаволенасць у грамадстве эканам. сітуацыяй выклікала забастоўкі і дэманстрацыі рабочых. У абарону рэпрэсіраваных рабочых выступілі каталіцкая царква і апазіц. групоўкі, скансалідаваныя пратэстамі супраць змен у канстытуцыі (у 1976 створаны К-т абароны рабочых, у 1977 Рух у абарону правоў чалавека і грамадзяніна). Вял. ўплыў на грамадскія настроі мела абранне ў 1978 польскага кардынала К.Вайтылы папам рымскім (гл.Іаан Павел II), які ў 1979 наведаў П. У 1980 на хвалі забастовачнага руху ўзнік незалежны прафсаюз «Салідарнасць» (яго старшынёй з 1981 быў Л.Валенса).
Ва ўмовах канфрантацыі з апазіцыяй улады П. ўвялі ў краіне ваен. становішча (дзейнічала ў 1981—83). У 1980-я г. партыю і ўрад узначальваў ген. В.Ярузельскі (у 1989—90 прэзідэнт П.). Пошукам шляхоў дасягнення нац. згоды ўнутры П. спрыялі і знешнія ўмовы (палітыка перабудовы ў СССР, дэмакр. змены ў дзяржавах Усх. Еўропы). Пасля правядзення «круглага стала» паміж прадстаўнікамі ўлад і апазіцыі (1989) у П. адбыліся паўсвабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамаглі апазіц. сілы. У пач. 1990 ПАРП самараспусцілася, ч. яе актыву (пераважна моладзь) утварыла Сацыял-дэмакратыю Рэспублікі П. У снеж. 1989 сейм прыняў сучасную назву дзяржавы — Рэспубліка П. (замест Польская Нар. Рэспубліка), дэнансаваў дагавор аб саюзе з СССР. Пры першым некамуніст. урадзе на чале з Ў.Мазавецкім (1989—90) пачалося ажыццяўленне праграмы радыкальных ліберальных пераўтварэнняў у гаспадарцы (т.зв. план Л.Бальцаровіча, або «шокавая тэрапія») з мэтай стварэння ў П. эфектыўнай рыначнай і сацыяльна арыентаванай эканомікі. У выніку першых свабодных прэзідэнцкіх выбараў (канец 1990) прэзідэнтам стаў Валенса, у 1995 яго змяніў А.Квасьнеўскі (перавыбраны ў 2000). У 1997 прынята сучасная канстытуцыя П., якая гарантуе і выкананне нац.-культ. правоў нац. меншасцей. У 1990-я г. краіна дасягнула значных сац.-эканам. поспехаў (утаймаванне інфляцыі і стабілізацыя курсаў нац. грашовай адзінкі — злотага, рэфармаванне сістэмы сац. абароны насельніцтва, стварэнне больш як 100 недзяржаўных ВНУ і інш.). У знешняй палітыцы П. імкнецца да інтэграцыі ў еўрап. рэгіянальныя і транснац. арг-цыі, умацавання гандл.-эканам. і культ. сувязей з суседнімі дзяржавамі, у т. л. з Беларуссю. Апошнія гады на чале ўлады знаходзіцца кааліцыя Уніі Вольнасці і Выбарчай акцыі Салідарнасці. П. — чл.ААН (з 1945), «Вішэградскай групы» (з 1990—91), Савета Еўропы (з 1991), НАТО (з 1999), асацыіраваны партнёр Зах.-еўрап. і Еўрап. саюзаў (абодвух з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 2.3.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Выбарчая акцыя Салідарнасць, Польская сял. партыя, Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі П., Саюз свабоды, Хрысц.-нац. аб’яднанне, Канфедэрацыя незалежнай П., Рух за адраджэнне П., Хрысц. дэмакратыя Трэцяй Рэчы Паспалітай, Нар.-дэмакр. партыя, і інш. Інтарэсы беларусаў у П. прадстаўляе Бел.дэмакр. аб’яднанне. Найбуйнейшыя прафес. аб’яднанні — Усяпольскае пагадненне прафес. саюзаў, Незалежны самакіравальны прафес. саюз «Салідарнасць», Агульнапольскі прафсаюз сялян, сял. аб’яднанняў і арг-цый.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. дзяржава з сярэднім узроўнем развіцця. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 263 млрд.дол., каля 6800 дол. на чалавека. 26,6% ВУП атрымліваюць у прам-сці, 5,1% — у сельскай гаспадарцы, 68,3% — у сферы паслуг. Пераход да рыначнай эканомікі ў П. быў параўнальна доўгі і складаны. Лібералізацыя эканомікі праведзена ў 1990, дадатныя зрухі пачаліся з 1992. У 1995—98 умовы для развіцця эканомікі былі вельмі спрыяльныя, штогадовы рост ВУП склаў 6—8%, узровень інфляцыі не перавышаў 10%. У гэты перыяд ажыццёўлена структурная перабудова ў прам-сці, доля сыравінных і энергаёмістых галін зменшылася, павялічылася доля перапрацоўчых галін. У буд-ве і гандлі прыватны сектар складае 90%, у прам-сці — 60%. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі. За 1989—99 іх аб’ём склаў 35,5 млрд. долараў. Створаны 17 свабодных эканам. зон з удзелам капіталаў ЗША і краін Еўропы. Ліквідаваны нярыначныя формы тавараабароту, сістэма цэнтралізаванага планавання. У прамысловасці развіты паліўна-энергет. комплекс, які базіруецца ў асн. на ўласных рэсурсах. Здабыча каменнага вугалю 111,9 млн.т (1999, Верхнесілезскі і Ніжнесілезскі басейны), бурага — 60,8 млн.т (басейны ў цэнтр. і зах. раёнах). Экспарт каменнага вугалю склаў 25 млн.т (1998, 2-е месца ў свеце). Нафта пераважна імпартная, каля 40% яе паступае з Расіі. Буйнейшыя нафтаперапр. з-ды ў Плоцку і Гданьску. Вытв-сць бензіну 3,9 млн.т, дызельнага паліва 6,1 млн.т, мазуту 4,7 млн.т (1999). Прыродны газ паступае з Расіі, здабыча ўласнага (Перадкарпацце і марскі шэльф) склала 4,7 млрд.м³ (1999). Вытв-сць электраэнергіі 140 млрд.кВт∙гадз. (1999), у т. л. 97% на ЦЭС, 3% на ГЭС. Чорная металургія прадстаўлена буйнымі камбінатамі «Катавіцы» ў г. Дамброва-Гурніча і «Нова-Гута» ў г. Кракаў. Сталь выплаўляюць таксама ў Варшаве, Сталёва-Волі, Чанстахове, Глівіцах і інш.Вытв-сць (1999) сталі 8,8 млн.т, пракату 6,3 млн.т. Жалезная руда паступае пераважна з Украіны, Расіі, Бразіліі, Швецыі. Каляровая металургія прадстаўлена ў асн. свінцова-цынкавай і меднай прам-сцю. Цэнтр здабычы свінцу і цынку — г. Бытам (Сілезска-Кракаўскі басейн), іх перапрацоўкі — гарады Глогаў і Лягніца. Здабыча медзі на ПдЗ краіны, вытв-сць з уласнай сыравіны 470 тыс.т (1999, 1-е месца ў Еўропе). Выплаўляецца серабро, кадмій, кобальт, ванадый, золата і інш. Выплаўка алюмінію — 46,7 тыс.т (1999). З інш. галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча серы (1,2 млн.т, 1999, цэнтр — г. Тарнобжаг), каменнай солі (каля 4—5 млн.т штогод, цэнтр — г. Інавроцлаў), барыту, буд. матэрыялаў.
Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (больш за 30% занятых у прам-сці); вылучаюцца транспартнае: вытв-сць (1997) легкавых (522 тыс.) і грузавых (60,2 тыс.) аўтамабіляў (Варшава, Люблін, Старахавіцы, Бельска-Бяла, Кельцы, Тыхы); марскіх і рачных суднаў (Гдыня, Гданьск, Шчэцін, Быдгашч, Тчэў); рухавікоў для суднаў (Познань, Гданьск), лакаматываў і вагонаў (Вроцлаў, Познань), авіятэхнікі (Варшава, Жэшаў, Свіднік), матацыклаў і веласіпедаў (Быдгашч, Свіднік) і інш. Развіта станкабудаванне (Варшава, Вроцлаў, Быдгашч, Познань, Лодзь, Катавіцы), вытв-сцьс.-г. і дарожнай тэхнікі. Вялікае значэнне мае вытв-сцьбыт. электратэхнікі (1999): пральных (352 тыс.) і швейных машын (58,7 тыс.), быт. халадзільнікаў (726 тыс.), пыласосаў (1,2 млн.), тэлевізараў (5,1 млн.) і інш.Хім.прам-сць вылучаецца выпускам прадукцыі неарган. хіміі на базе ўласнай сыравіны: сернай кіслаты, фосфарных і азотных угнаенняў, каўстычнай соды; гал. цэнтры — Гданьск, Тарнобжаг, Хожаў. Развіта вытв-сцьхім. валокнаў (85,8 тыс.т, 1999) у Торуні, Лодзі, Шчэціне і інш. У 1999 выпушчана 15,9 млн. шын для легкавых і грузавых аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Вял. цэнтры шыннай і гумавай прам-сці — гарады Ольштын, Познань, Лодзь, Грудзёндз, Бялхатаў. Ёсць вытв-сць лакаў, фарбаў, лекаў. Развіта вытв-сць цэменту — 15,3 млн.т (1999). П. мае значную дрэваапр.прам-сць, асабліва вытв-сць мэблі. Вытв-сць (1999) піламатэрыялаў з хвойных парод 2,3 млн.м³, з лісцевых — 448 тыс.м³. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва выпуск тканін (388 млн.м², 1997, 1/3 іх вырабляецца ў г. Лодзь), абутку (43,9 млн. пар, 1999), трыкатажу і швейных вырабаў. З галін харчасмакавай і харч. прам-сці вылучаюцца (1999) тытунёвая (94,6 млрд. папярос і цыгарэт), алейная (699 тыс.т алею), цукр. (1,8 млн.т цукру), малочная (133 тыс.т масла), вінна-гарэлачная (736 тыс. дэкалітраў гарэлкі), піваварная. Развіты шкляная, фарфора-фаянсавая, паліграф., парфумерная, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў прам-сць. Выраб муз. інструментаў (Лягніца, Каліш і інш.).
У сельскай гаспадарцы пераважае дробнатаварны ўклад.С.-г. ўгоддзі займаюць 18,5 млн.га, або 59,2% тэр. краіны, з іх 14,1 млн.га ворыва (1997). Прыкладна 50% апрацаваных зямель займаюць гаспадаркі пл. да 5 га. Асн.с.-г. культуры (пасяўныя пл., млн.га, 1999): пшаніца — 2,6, жыта — 2,3, ячмень — 1,2, авёс і трыцікале — па 0,6, зернебабовыя — 1,4. Валавы збор збожжа (1997) склаў 24,3 млн.т, ураджайнасць 28,7 ц/га, у т. л. пшаніцы — 8,2 млн.т, ураджайнасць 35,7 ц/га. Пад бульбай 1,3 млн.га, збор (1997) 27,2 млн.т, ураджайнасць 203 ц/га. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі — 16 млн.т (1997), ураджайнасць 392 ц/га, рапс, лён, тытунь. Валавы збор гародніны 5,3 млн.т, пладоў і ягад — 2,6 млн.т (1997). Сярод краін Еўропы П. вылучаецца значнай вытв-сцю хмелю і фасолі. Жывёлагадоўля мае мяса-малочны кірунак. Гадуюць (1999, млн. галоў): буйн. раг. жывёлу —6,1 (у т. л. кароў 3,3), свіней — 18,2, авечак і коз — каля 0,5. Вытв-сць (1997) мяса ў забойнай вазе 1,2 млн.т, малака 12,1 млн.т (сярэдні надой ад адной каровы 3506 л за год), яек — 7,7 млрд. штук, настрыг воўны — 2 тыс.т.
Транспарт — чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1998) чыгунак 24,3 тыс.км (каля палавіны электрыфікавана), аўтадарог 377 тыс.км, унутр. водных шляхоў 3,8 тыс.км, газаправодаў 17 тыс.км, нафтаправодаў 2,3 тыс.км. Гал. марскія парты Гданьск, Гдыня, Калобжаг, Шчэцін, Свінауйсьце; рачныя — Глівіцы, Варшава, Вроцлаў. У марскім флоце 61 карабель агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн.т (1998). У перавозках грузаў 58,9% прыпадае на аўтатранспарт, 29,6% — на чыгуначны, у перавозках пасажыраў 71,4% — на аўтатранспарт, 28,2% — на чыгуначны. У краіне 74 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Варшавы, Лодзі, Вроцлава, Кракава, Гданьска. У 1999 экспарт склаў 27,4 млрд.дол., імпарт — 45,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: каменны вугаль, сера, каляровыя металы, прадукцыя машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, лекі. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, сыравіна для чорнай металургіі, харч. тавары, разнастайнае абсталяванне, трансп. сродкі, хім. прадукты. Важнейшыя гандл. партнёры: Германія (32,9% экспарту, 24,1% імпарту), Італія (адпаведна 5,9 і 9,9%), Расія (8,4% і 6,3%), Францыя (4,4% і 5,9%), Вялікабрытанія, Украіна, Нідэрланды, ЗША і інш.Гандл. абарот Беларусі з П. склаў (1999) 422,3 млн. долараў, у т. л. экспарт 208,3 млн.дол. і імпарт 214 млн.дол. Беларусь пастаўляе хім. валокны і ніці, казеін, трактары, калійныя ўгнаенні, некат. віды сыравіны і тавары нар. ўжытку; атрымлівае з П. акумулятары, помпы, абутак, харч. тавары, лекі і інш. Значную ролю ў выраўноўванні гандл. балансу адыгрывае замежны турызм. П. ў 1998 займала 8-е месца ў свеце па колькасці замежных турыстаў — 18,8 млн.чал., даходы ад турызму склалі 8,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — злоты.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (205 тыс.чал., 2000) і ваенізаваныя фарміраванні (33 тыс.чал.), у т. л. войскі МУС і адміністрацыі (10 тыс.чал.), пагран. аховы (20 тыс.чал.), фарміраванні грамадз. абароны (каля 3 тыс.чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляе міністр абароны (цывільная асоба), аператыўнае кіраванне (баявая падрыхтоўка, тылавое забеспячэнне, мабілізацыйная работа) — нач.ген. штаба. Камплектаванне паводле закона аб усеагульнай воінскай павіннасці. Тэрмін абавязковай ваен. службы — 12 месяцаў. Тэр. П. падзелена на 2 ваен. акругі — Паўночную (Быдгашч) і Паўднёвую (Вроцлаў). У сухап. войсках 138 тыс.чал., 1 аэрамабільны корпус, 7 дывізій, у т. л. 5 механізаваных, 1 танкавая, 1 аховы ўзбярэжжа, а таксама 12 асобных брыгад, з якіх 2 горна-пяхотныя, 1 танк., 2 дэсантна-штурмавыя і інш. На ўзбраенні 50 пускавых установак аператыўна-тактычных і тактычных ракет, 1730 танкаў, 1440 баявых браніраваных машын, каля 1600 адзінак палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню, мінамётаў і інш. У ВПС і войсках ППА, якія з’яўляюцца (з 1989) адзіным відам узбр. сіл, 2 корпусы, 50 тыс.чал., 340 баявых самалётаў, да 245 пускавых установак зенітных кіроўных ракет, да 100 верталётаў і інш. У ВМС, якія ўключаюць флот, авіяцыю ВМС, камандаванні берагавой абароны і раёна базіравання ВМС на Балтыйскім м., 17 тыс.чал., 42 баявыя караблі (3 падводныя лодкі, 1 эсмінец, 1 фрэгат, 4 карветы, 24 тральшчыкі і інш.), 26 баявых катэраў, 39 дапаможных суднаў, 45 баявых самалётаў, 10 верталётаў. Асн. базы ВМС: Гдыня, Гэль, Свінауйсьце, Калобжаг і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў (2000). Смяротнасць 9,7 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 180 чал., урачамі — 1 на 436 чалавек. Узровень нараджальнасці — 10,6 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,089%. Дзіцячая смяротнасць у 1971 складала 29,7, у 1999—12,8 на 1 тыс. нованароджаных. Вядуцца рэформы з мэтай стварэння свабоднага рынку мед. паслуг. Дзярж. статут 1998 аб забеспячэнні аховы здароўя прадугледжвае пашырэнне самафінансавання, права свабоднага выбару хворым урача і бальніцы. Ствараюцца т.зв. Касы хворых (рэгіянальныя, галіновыя і інш.), якія з’яўляюцца ўстановамі самакіравання і фінансуюцца ў памеры 7,5% ад даходаў падаткаплацельшчыкаў. Існуе прыватная медыцына.
Асвета. Сістэма адукацыі П. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. З 1998/99 навуч.г. ў П. пачалася рэформа сістэмы адукацыі, паводле якой у агульнаадук. школе ўведзены 4 ступені адукацыі з 3-гадовым тэрмінам навучання на кожнай з іх. 1-я ступень — пач. школа для дзяцей з 7-гадовага ўзросту (інтэграванае навучанне); 2-я — базавая школа (блокавае навучанне); 3-я — гімназія (прадметнае навучанне выраўноўвання); 4-я — ліцэй (профільнае навучанне, якое заканчваецца дзярж. экзаменам і атрыманнем атэстата аб поўнай сярэдняй адукацыі). Пасля гімназіі можна атрымаць у прафес. школе рабочую прафесію або пасля дадатковага 2-гадовага курса — атэстат. Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, вышэйшыя школы. Званне ліцэнцыята можна атрымаць пасля 3—3,5 года навучання ў ВНУ, інжынера — 3,5—4, магістра — 5 гадоў прафес. падрыхтоўкі. У 1998/99 навуч.г. ў дашкольных установах 492,8 тыс. дзяцей; больш за 21 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. каля 40 бел., працуюць 2 бел. ліцэі (5551,3 тыс. дзяцей); 7660 сярэдніх спец.навуч. устаноў (1565,5 тыс. навучэнцаў); 120 ВНУ (1,2 млн. студэнтаў, у т. л. замежных 5541, з іх 693 з Беларусі). Найбуйнейшыя ВНУ: Ягелонскі універсітэт і Эканам. акадэмія ў Кракаве; Вроцлаўскі ун-т (з 1702); Варшаўскі універсітэт, Мед. акадэмія, Варшаўская палітэхніка, Вышэйшая гандл. школа (усе ў Варшаве); Ун-т імя А.Міцкевіча ў Познані (з 1919); Каталіцкі ун-т (з 1918) і Ун-т М.Кюры-Складоўскай (з 1944) у Любліне; Ун-т М.Каперніка ў Торуні (з 1945) і інш. Найбольшыя б-кі: Ягелонская (з 1364; выконвае функцыю нац. б-кі), Польская нацыянальная бібліятэка ў Варшаве (з 1928; 7 млн.экз.), Варшаўскага ун-та (з 1817; каля 2,5 млн.экз.), Ун-та імя А.Міцкевіча (з 1902), «Ossolineum» (з 1817 у Львове, з 1945 у Вроцлаве), Польск. АН у Варшаве і інш. Музеі: Нац. (з 1862; мае філіялы ў Вілянаве, Лазенках, Нябораве), Каралеўскі замак (з 1980) у Варшаве; экспазіцыя на Вавелі, Ягелонскага ун-та, археал., гіст., этнагр. музеі (усе ў Кракаве); Нац. музей у Вроцлаве (з 1948), Нац. музей у Познані (з 1857); Музей Ф.Шапэна ў Жалязова-Волі; кляштар на Ясна-Горы ў Чанстахове; Замкавы комплекс у Мальбарку (з 1961), каралеўскія замкі ў Пяскова-Скале і Любліне, Дзярж. музеі Асвенцім-Бжазінка (з 1947), Мазавецкі ў Плоцку (з 1821) і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Польск. АН, н.-д. установах, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у П. больш за 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя штодзённыя газеты: «Gazeta Wyborcza» («Выбарчая газета», з 1989), «Rzeczpospolita» («Рэспубліка», з 1982), «Życie Warszawy» («Жыццё Варшавы», з 1944), «Kurier Polski» («Польскі кур’ер», з 1957), «Trybuna» [«Трыбуна»; у 1948—90 наз. «Trybuna Ludu» («Трыбуна народа»)], штотыднёвікі — «Nie» («Не», з 1990), «Polityka» («Палітыка», з 1957), «Wprost» («Супраць», з 1982). Бел.перыяд. выданні: штотыднёвік «Ніва» (з 1956), часопісы «Сустрэчы» (з 1987), «FOS» («ФОС», з 1989), «Czasopis» («Часопіс», з 1990), «Дыскусія» (з 1993) і інш.Інфарм. агенцтвы — Польскае агенцтва друку і Польскае інфарм. агенцтва (ПІА; у 1967—91 наз. Польскае агенцтва Інтэрпрэс). Працуюць службы «Польскае тэлебачанне AT» і «Польскае радыё АТ» (абедзве з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нац. савет па радыёвяшчанні і тэлебачанні (з 1992). Тэле- і радыёвяшчанне ўключае каналы агульнанац., асобных ваяводстваў і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. Дзейнічаюць 36 тэлецэнтраў, у т. л. 11 дзярж., і 167 радыёстанцый, у т. л. 17 дзяржаўных. Тэлебачанне з 1952 (рэгулярнае з 1953). Перадачы трансліруюцца па 3 дзярж. каналах (ТВП 1, ТВП 2, «Палонія»). З 1993 існуюць камерцыйныя каналы («Польсат», «Канал +», «РТЛ-7» і інш.). Радыёвяшчанне вядзе перадачы па 4 каналах, у т. л. на замежжа. З 1990 развіваецца камерцыйнае радыёвяшчанне (Радыё Зэт і інш.). У Беластоку працуе радыё «Рацыя» (з 2000 бел. праграмы трансліруюцца на Беларусь). Перадачы вядуцца таксама на англ., франц., ням., італьян., ісп., фін., швед., араб. і эсперанта мовах. П. належыць да еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі ЭУТЭЛСАТ (з 1990).
Літаратура. Развіваецца на польскай мове. Л-ра дахрысц. перыяду амаль не захавалася. Стараж. польская л-ра (966 — пач. 19 ст.) падзяляецца на некалькі перыядаў: сярэднявечча, Адраджэнне (Рэнесанс), барока, Асветніцтва. Л-ра сярэднявечча (11—15 ст.) развівалася на лац. мове пад уплывам каталіцтва. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 11 ст.Асн. жанры: казанні, малітвы, жыціі. Вял. ролю ў станаўленні польскай л-ры адыгралі летапісы і гіст. хронікі (Гал Ананім, Вінцэнты Кадлубак). Адметнай была «Велікапольская хроніка» Гадзіслава Башкі (?, 14 ст.), які выкарыстаў стараж.слав. паданне пра Леха, Чэха, Руса (прабацькоў палякаў, чэхаў і ўсх. славян) і зах.-еўрап. эпас. Важную ролю ў развіцці польскай культуры адыграў Кракаўскі ун-т. Найб. значны твор — 6-томная «Гісторыя Польшчы» Я.Длугаша. Разам з вучонай лац. л-рай узнікла л-ра на польскай мове: з сярэдзіны 13 ст.рэліг. зместу (пераклады, гімны), з 15 ст. — паўсвецкага і свецкага характару («Верш пра паводзіны за сталом» П.Слоты, дыялогі). У эпоху Адраджэння (16 ст.) пашырыліся ідэі гуманізму і Рэфармацыі. У цэнтры новай культуры — Кракаве — наладжана кнігадрукаванне перакладаў з лац., чэш. і ням. моў, першых падручнікаў па польскай арфаграфіі (Я.Паркашовіц) і граматыцы (П.Статорыус-Стаенскі). Працы М.Каперніка і А.Маджэўскага-Фрыча паўплывалі на развіццё сусв. навукі і грамадскую думку. Побач з лац. паэзіяй (К.Яніцкі) ствараліся арыгінальныя творы на польскай мове, дзе закраналіся паліт., сац., рэліг. і быт. праблемы. М.Рэй у «Кароткай гутарцы» (1543) і «Зярцале» (1568) адстойваў паліт. інтарэсы шляхты, але выступаў і ў абарону сялян, праслаўляў рэнесансавыя ідэалы. Буйнейшым паэтам польскага Адраджэння быў Я.Каханоўскі, які заклаў асновы нац. паэзіі. На мяжы 16—17 ст. росквіту дасягнула гарадская л-ра: творы прадстаўнікоў адукаванага, заможнага мяшчанства (С.Ф.Клёнавіч, Ш.Шымановіч) і т.зв. савізжальская, мяшчанска-плебейская л-ра (гумарэскі, песні, драм. сцэнкі, інтэрмедыі). 17 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд польскага барока. У выніку феад. анархіі, спусташальных войнаў, аслаблення ўплыву шляхты ў л-ры ўзмацніліся песімістычныя тэндэнцыі, уплыў мастацтва Іспаніі, Італіі, Францыі. Вядучае месца заняла творчасць прыдворных пісьменнікаў (тэарэтык М.Сарбеўскі, паэт і перакладчык Я.А.Морштын, драматург С.Любамірскі). Шляхецкую л-ру прадстаўлялі паэт В.Патоцкі, празаік В.Кахоўскі, мемуарыст Я.Х.Пасек. Л-ра эпохі Асветніцтва (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) адлюстравала працэс перабудовы грамадства, звязаны з ліберальнымі рэформамі. Узніклі літ.маст. і грамадска-паліт. часопісы, створаны публічная б-ка і нац.т-р (1765), актывізаваліся выдавецкая дзейнасць і кнігадрукаванне. Правадніком новых ідэй стала драматургія («бацька нацыянальнай сцэны» В.Багуслаўскі, Ю.У.Нямцэвіч). Пісьменнікі-класіцысты І.Красіцкі (стваральнік першага польскага асветніцкага рамана), А.Нарушэвіч, С.Трамбецкі, Ф.Заблоцкі, Т.К.Венгерскі ў сатыр. і іроікамічных паэмах, байках, камедыях, памфлетах выкрывалі абмежаванасць і заганы магнатаў, манаскія ордэны, прыхільнікаў старых парадкаў. Развівалася паэзія ракако і сентыменталізму (Ф.Д.Князьнін, Ф.Карпінскі). На мяжы 18—19 ст. з’явілася група пісьменнікаў-«псеўдакласікаў», якія знаходзіліся пад уплывам зах.-еўрап. л-ры (А.Фялінскі, К.Брадзінскі, Нямцэвіч).
Л-ра 19 ст. развівалася ва ўмовах нац. і сац. прыгнёту з боку рус. царызму, аўстр. і ням. манархій. На яе развіццё паўплывала паўстанне дзекабрыстаў (1825), нац.-вызв. паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і Літве 1830—31, 1863—64. Рамант. кірунак у л-ры звязаны з творчасцю А.Міцкевіча, які ўвёў новага героя — простага чалавека з яго мовай, паэзіяй, ідэаламі. Творы паэта прасякнуты народнасцю, рэв.-вызв. ідэямі, лірычнымі ўспамінамі пра «малую айчыну» — Навагрудчыну. Вострым пачуццём трывогі за лёс Польшчы вызначалася паэзія Ю.Славацкага — заснавальніка рамант. драмы. Мальераўскія традыцыі развіваў А.Фрэдра, да гіст.хрысц. праблематыкі звяртаўся З.Красінскі, вылучалася інтэлектуальна багатая лірыка Ц.К.Норвіда. У цыкле раманаў пра айч. гісторыю Ю.А.Крашэўскага (заснавальніка польскай рэаліст. прозы), творах Ю.Кажанеўскага, У.Сыракомлі выявіліся антыпрыгонніцкія настроі. Пасля паражэння паўстання 1863—64 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: узмацніліся яе сувязі з грамадскім рухам. Л-ра зазнала ўплыў пазітывізму (прапагандавалася арган. праца і разважлівы стасунак да жыцця, увага да сац. праблематыкі, асветніцкая дзейнасць сярод сялянства). Гэта сцвярджала прынцыпы рэалізму і ўзмацняла ролю публіцыстыкі. З твораў Э.Ажэшкі пачаўся росквіт польскага рэаліст. рамана. Гал. тэма сац. паэзіі М.Канапніцкай — цяжкая доля народа; праблемам сац. расслаення грамадства прысвечана творчасць В.Пруса; майстрам гіст. эпікі з моцнай патрыят. тэндэнцыяй быў Г.Сянкевіч. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначыўся прынцыповымі зменамі ў развіцці польскай л-ры. Гэты перыяд вядомы пад назвай «Маладая Польшча». Актывізаваліся рэаліст. тэндэнцыі і прыёмы псіхалагізацыі, побач з імі ў складаным узаемадзеянні развіваліся мадэрнісцкія плыні. Гал. месца заняла паэзія (К.Тэтмаер, Я.Каспровіч, Б.Лесьмян). Аднавіў класіцыстычныя традыцыі Л.Стаф. Сац. завостранасцю і глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека вылучыліся творы С.Жаромскага. Пра разбуральныя ўплывы цывілізацыі, праблемы мастацтва і творцы пісаў В.Берант. Тэма сялянства і сац. расслаення вёскі — гал. ў творчасці У.Рэйманта, тэма рэвалюцыі — у творах А.Струга, З.Налкоўскай. Драмы С.Выспянскага, І.Міцінскага адметныя метафарычнасцю і глыбінёй філас. абагульненняў, перапляценнем сімволікі, фантастыкі і рэальнасці. Пасля атрымання П. незалежнасці (1918) у яе л-ры ішла вострая ідэалаг. барацьба. Частка пісьменнікаў выступала ў абарону новага ладу і імкнулася да актывізацыі сувязей з культурамі краін Зах. Еўропы. Уплывала на л-ру і каталіцтва. Аднак развіццё л-ры вызначалі дэмакр. і рэаліст. тэндэнцыі. У паэзіі 1920-х г. адбывалася ідэйна-эстэт. дыферэнцыяцыя. У абарону «класічных» традыцый пад лозунгам «паэзіі будзённасці» выступіла група «Скамандр» (Ю.Тувім, Я.Івашкевіч, А.Сланімскі). Авангардныя групоўкі прадстаўлены творчасцю Б.Ясенскага, Ю.Пшыбася, Т.Пэйпера. Вакол час. «Kultura robotnicza» («Рабочая культура») групаваліся прыхільнікі «пралетарскай культуры» (У.Бранеўскі, Ясенскі). У сац.-паліт. прозе з выкрывальнай накіраванасцю адлюстраваны складаныя праблемы пасляваен. жыцця (раманы Жаромскага, Налкоўскай, Струга, Ю.Кадэн-Бандроўскага). У драмах С.А.Віткевіча назіраліся гратэскава-сатыр. тэндэнцыі. Адметная рыса л-ры 1930-х г. — росквіт рамана: сац.-псіхалагічнага (М.Дамброўская, Налкоўская), псіхалагічнага (М.Кунцэвіч, А.Рудніцкі), гістарычнага Д.Кручкоўскі, Івашкевіч, З.Косак-Шчуцкая), рэв.-пралетарскага (В.Васілеўская, Кручкоўскі). Развівалася проза «малога рэалізму» і дакумент. (П.Гаявічынская, З.Унілоўскі). Блізкай да л-ры натуралізму была група «Прадмесце» (1933—37), прадстаўнікі якой паводле прынцыпаў «літаратуры факту» паказвалі жыццё пралетарыяту, сялянства, дэкласаванай часткі грамадства (Г.Багушэўская, Е.Карнацкі, Г.Марцінак). Ідэі катастрафізму выявіліся ў творчасці Віткевіча, Тувіма, Пшыбася, Бранеўскага, а таксама ў гратэскава-сатыр. прозе прадстаўнікоў маладога пакалення (В.Гамбровіч, Б.Шульц). У драматургіі назіраліся тэндэнцыі сімвалізму і псіхалагізму (Е.Шаняўскі, Налкоўская).
У гады 2-й сусв. вайны пераважалі канспіратыўныя перыяд. выданні, малыя формы дакумент. прозы і паэзія (К.К.Бачынскі, Стаф, М.Жулаўскі). У эміграцыі выдавалі свае творы Тувім, Бранеўскі, Сланімскі (на Захадзе), Васілеўская, Л.Шэнвальд, Е.Путрамант (у СССР). У першыя пасляваен. гады вядучая роля належала рэаліст. прозе пра вайну, акупацыю, барацьбу польскага народа супраць фашызму (творы Налкоўскай, В.Жукроўскага, Путраманта, Івашкевіча, Е.Анджаеўскага). Асобнае месца займала «лагерная» тэматыка (С.Шмаглеўская, Налкоўская, К.Жывульская, Т.Бароўскі). Вылучыліся творы, якія адлюстроўвалі складанасць жыцця ў гіст. і сац.-псіхал. аспектах (К.Брандыс, І.Неверлі, Дамброўская, В.Мах, Т.Голуй), цыкл раманаў-біяграфій пра дзеячаў польскай гісторыі і культуры (М.Яструн, Е.Брашкевіч). Развіццё паэзіі звязана з творчасцю К.Галчынскага, Бранеўскага, Пшыбася, Яструна. У драматургіі пераважала «лагерная» і антыфаш. тэматыка (Кручкоўскі, Голуй, С.Атвіноўскі), авангардная плынь прадстаўлена творамі Гамбровіча, Шаняўскага. Пасля 1956 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: адчувалася яе большая адкрытасць, цікавасць да пытанняў этыкі, палітыкі, гіст. і сац. абумоўленасці асобы. Барацьба са стэрэатыпамі мыслення і ўвага да ўнутр. свету чалавека спрыялі росквіту жанру эсэ (Т.Брэза, К.Брандыс, А.Рудніцкі). Узмацнілася інтэлектуалізацыя прозы, яе маст. і жанравае абнаўленне (Ю.Кавалец, Івашкевіч, Дамброўская). Багаццем фальклорна-алегарычных сродкаў адметныя творы Т.Новака, В.Мысліўскага, Э.Радлінскага. Да падзей 2-й сусв. вайны і яе трагічных вынікаў звярталіся Р.Братны, Б.Чэшка, М.Белашэўскі. Побач з творамі пра сучаснасць (Т.Канвіцкі) развіваецца гіст. і гісторыка-біягр. раман (Я.Бахенскі, Т.Парніцкі, У.Л.Тарлецкі, Л.Электаровіч, Я.Парандоўскі), папулярная філас. фантастыка С.Дема. Пашырылася развіццё эксперыментальнай (авангарднай) прозы: навелы М.Хласкі, раманы Л.Гамаліцкага, Маха, Анджаеўскага. Паэзія прадстаўлена новай тэматыкай і маст. пошукамі (Ч.Мілаш, Івашкевіч, Т.Ружэвіч, В.Шымборская, С.Граховяк, З.Герберт). У драматургіі развіваецца рэаліст. (Брашкевіч, Кручкоўскі, Івашкевіч) і алегарычна-метафарычны (С.Мрожак, Гамбровіч, Ружэвіч, І.Ірадынскі) кірункі. У галіне крытыкі выступаюць літ.-знаўцы К.Выка, С.Жалкеўскі, Г.Маркевіч, Р.Матушэўскі, М.Янён, Ю.Бахуж, М.Главінскі і інш.
Польска-бел. літ. сувязі на працягу стагоддзяў вызначаліся агульнасцю лёсаў, блізкасцю моў і культуры бел. і польскага народаў. Стараж.бел. мовай напісаны граматы польскага караля Уладзіслава II (Ягайлы), у т. л.кн. Скіргайлу 1387. На старабел. мову перакладзены з лац. арыгінала Вісліцкі статут 1347. Ягелонскі ун-т у Кракаве — alma mater для многіх пакаленняў бел. інтэлігенцыі (Ф.Скарына, С.Будны і інш.). У канцы 15 ст. ў Кракаве засн. друкарня (Ш.Фіёль), дзе выдаваліся кнігі кірыліцай, пераважна рэліг. зместу для правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны. З пачаткам кнігадрукавання ў 16 ст. на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пераклады папулярнай л-ры з латыні, чэш. і ням. моў. Пасля Люблінскай уніі 1569 П. і ВКЛ, у складзе якога была Беларусь, аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую; пашырылася польская культура, а з сярэдзіны 17 ст. польская мова стала пануючай. У 16—17 ст. на бел. мову перакладзены са шматлікімі паланізмамі польскія спісы «Александрыя», «Троя», «Гісторыя пра Атылу», польскія хронікі М.Бельскага, М.Стрыйкоўскага, «Аповесць пра Скандэрбега», «Вялікае зярцала», «Жыціі святых» П.Скаргі. У сваю чаргу з бел. на польскую мову перакладзены статуты ВКЛ, бел.-літ. хронікі і інш. творы. Бел. паэт А.Рымша — аўтар паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў... Крыштофа Радзівіла» (1585), перакладаў з лац. на польскую мову. Ананімны гіст.-мемуарны твор «Дзённік падзей, якія адносяцца да смутнага часу» напісаны бел. мовай. З Беларуссю звязаны творы пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі (Сарбеўскі, Морштын). Аснову барока ў бел. л-ры закладваў Сімяон Полацкі, які развіваў традыцыі Каханоўскага, пісаў таксама вершы на польскай мове. З канца 17 ст.бел. мова пачала выцясняцца з афіц. ўжытку польскай і лац., было забаронена бел. кнігадрукаванне. Выкладанне ў Віленскай акадэміі і калегіумах Мінска, Брэста, Полацка, Навагрудка, Нясвіжа, Гродна і інш.бел. гарадоў вялося на лац. мове. Нешматлікія творы на бел. мове ствараліся ананімна і распаўсюджваліся пераважна ў рукапісах («Прамова Мялешкі»). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. асветніцкія ідэі праніклі і на Беларусь, дзе, як і ў П., асветнікі найперш выступілі супраць «сармацкага» абскурантызму, проціпаставіўшы яму ідэі ўсе.магутнасці розуму. У шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. польская мова займала адно з гал. месцаў. Пад уплывам польскай рэліг. песні «Прыбеглі ў Віфлеем пастухі» напісаны парадыйны бел. верш «Стары Восіп барадаты». 18 ст. — перыяд росту цікавасці да Беларусі, з ёю звязана жыццё і творчасць Князьніна, Карпінскага, Нямцэвіча. У 19 ст. ў прагрэс. л-ры Беларусі і П. паявіліся тыранаборчыя тэндэнцыі, узмацніўся пратэст супраць нац. прыгнёту.
На бел. і польскую л-ры паўплывала творчасць Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага. На аснове сабраных бел. песень Я.Чачот пісаў асветна-дыдактычныя вершы на бел. мове. На скрыжаванні польскай і бел. л-р складвалася творчасць Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, Сыракомлі, В.Каратынскага і інш. Пад уплывам польскіх нар.-вызв. ідэалаў узнікла першая падп.бел.газ.«Мужыцкая праўда». Упершыню ў П. надрукаваны зб-кі вершаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) Ф.Багушэвіча. Бел. тэматыка адлюстравана ў творах Ажэшкі, Канапніцкай. Сяброўскія адносіны звязвалі В.Дуніна-Марцінкевіча і Крашэўскага, Багушэвіча і Ажэшку, Я.Лучыну і Канапніцкую. Рэвалюцыю 1905—07 прагрэс. дзеячы культуры тлумачылі як агульную справу народаў, якія ўзняліся на барацьбу. У развіцці бел. л-ры значную ролю адыграла пашырэнне ў П. дзейнасці бел. кніжных выд-ваў. На бел. мове ў Кракаве апубл. творы Сянкевіча, у Вільні — творы Ажэшкі. У бел.газ. «Наша ніва» друкаваліся вершы Міцкевіча, Канапніцкай і інш. Да перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Канапніцкай, Бранеўскага звяртаўся Я.Купала. З 1929 у Мінску пачаў працаваць Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, з 1939 у Гродне — Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У гэты перыяд значную ролю ва ўзмацненні польска-бел. літ. сувязей адыгралі час. «Sygnały» («Сігналы»), «Kamena» («Камэна»), «Ruch Słowiański» («Славянскі рух»), у якіх надрукаваны вершы П.Труса, М.Чарота, Я.Пушчы, М.Машары, М.Васілька і інш., артыкулы пра бел. паэзію. У сваю чаргу польская рэв.л-ра была шырока вядома на Беларусі, яе папулярызавалі і перакладалі Я.Купала, Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Танк і інш. У 1929 выдадзена анталогія польскай паэзіі «Мы ідзём» і зб. прозы «З нашых прац». На Беларусі выходзілі перыяд. выданні на польскай мове «Młot» («Молат»), «Orka» («Ворыва»), «Prawda» («Праўда») і «Prawda Polska» («Польская праўда»), «Sztandar wolności» («Сцяг свабоды»). Польскія пісьменнікі выступілі супраць фашызму і палітыкі польскіх улад (Налкоўская). У аб’яднанні прагрэс. сіл вял. ролю адыграў Антыфашысцкі кангрэс дзеячаў культуры 1936.
Якасна новы характар літ. ўзаемасувязі бел. і польскай л-р набылі пасля 1945.
Тэма 2-й сусв. вайны — адна з найб. важных тэм братніх л-р. На польскую мову перакладзены творы на ваен. тэматыку М.Лынькова, В.Быкава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, У.Калесніка, Я.Брыля і інш. Класічная бел.л-ра прадстаўлена асобнымі выданнямі выбр. твораў Я.Купалы, М.Багдановіча, Лынькова, Быкава, Я.Коласа, К.Крапівы. На польскай мове выдадзены творы Брыля, М.Танка ў перакладах Я.Гушчы, М.Канановіча, С.Яновіча, Э.Кабаца, І.Сікірыцкага і інш. Польскай зямлі прысвяцілі свае творы Я.Купала, Ц.Гартны, П.Пестрак, В.Вярба і інш.Бел.л-ра на польскай мове прадстаўлена і творамі І.Мележа, У.Караткевіча, І.Пташнікава, Д.Бічэль-Загнетавай і інш., анталогіямі бел. паэзіі, апавяданняў, казак, кн. «Беларускі фальклор» (1983). Сярод польскіх перакладчыкаў бел. л-ры Л.Рысінскі, Т.Хрусцялеўскі, А.Яворскі і інш. З даследаваннямі бел. л-ры выступаюць А.Баршчэўскі, Б.Белаказовіч, У.Монах, Ф.Няўважны, З.Скібінская-Харыла і інш. З 1956 працуюць кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і беларусазнаўчы аддзел у Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Бел. фальклор вывучаюць Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш. Польская л-ра на бел. мове прадстаўлена найб. значнымі творамі Міцкевіча, Норвіда, Крашэўскага, Ажэшкі, Пруса, Сянкевіча, Каспровіча, Стафа, Жаромскага, Лесьмяна, Тувіма, Івашкевіча, Лема, Мрожака, Шымборскай і інш., анталогіямі — апавяданняў («Гэля будзе трактарысткай», 1955; «Ад Буга да Одры», 1969; «Сад», 1982), паэзіі («Сучасная польская паэзія», 1955; «Горад мільённы і мы», 1972), гумарыст. і сатыр. твораў («Вясёлы калейдаскоп», 1979), нар. творчасці («Цудоўныя зярняты: Польскія народныя казкі», 1959; «Польскія народныя песні», 1962), зб-ках «Далягляды», перыяд. друку. На бел. мову творы польскіх пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць Брыль, П.Бітэль, Я.Бяганская, М.Валошка, М.Дубянецкі, У.Жылка, А.Клышка, Н.Мацяш, М.Машара, А.Мінкін, С.Мінскевіч, Б.Сачанка, Я.Семяжон, В.Сёмуха, М.Танк і інш. Даследавалі польскую л-ру і яе сувязі з бел. А.Лойка («Адам Міцкевіч і беларуская літаратура», 1959), М.Ларчанка («Славянская супольнасць», 1963), А.Мальдзіс («Творчае пабрацімства», 1966; «На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), Н.Перкін («У сям’і братніх літаратур», 1967), В.Гапава («Эліза Ажэшка», 1969; «Зменлівае і спрадвечнае», 1975), І.Саламевіч («Міхал Федароўскі», 1972), У.Казбярук («Ступені росту», 1974), К.Цвірка («Слова пра Сыракомлю», 1975), С.Мусіенка («Творчасць Зоф’і Налкоўскай», 1989), У.Мархель («Лірнік вясковы», 1983; «Крыніцы памяці», 1990; «Прадвесце», 1991; «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры», 1998) і інш. У 1989 у Гродзенскім ун-це адкрыта кафедра польскай філалогіі. Выдадзены зб-кінавук. прац «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (абодва 1995).
Архітэктура. Драўляныя святыні язычніцкім божаствам з 10 ст. паступова выцясняліся хрысціянскімі мураванымі збудаваннямі ў аскетычным перадраманскім стылі (капэла-ратонда Дзевы Марыі ў Кракаве). У 2-й пал. 11 ст. пад уплывам архітэктуры Саксоніі ў П. склаўся раманскі стыль: 3- і 5-нефавыя базілікі з трансептам, квадратнымі, круглымі, 8-граннымі вежамі (часткова захаваныя касцёлы ў Познані і Гнезне, касцёлы св. Анджэя ў Кракаве, Туме), часам з парталамі і міжнефавымі слупамі, укрытымі багатай разьбой (касцёл Марыі Магдаліны ў Вроцлаве). Выразнасцю і строгасцю форм вызначаюцца раманскія крыпты (св. Леанарда ў саборы на Вавелі ў Кракаве). У 12—1-й пал. 13 ст. раманскі стыль перажываў уздзеянне інтэрнац. цыстэрцыянскага кірунку з уласцівай яму строгасцю і канструктыўнасцю арх. вырашэнняў: прэсбітэрый сабора дапаўняўся капліцай, больш узнёслымі сталі крыжовыя скляпенні (касцёлы цыстэрцыянцаў у Вонхацку, Капшыўніцы; дойлід манах Сымон). З 1240-х г. ордэны францысканцаў і дамініканцаў пашырылі гатычны стыль. Элементы готыкі з’явіліся ў цыстэрцыянскіх саборах пры кляштарах у Сулееве, Янджэеве і інш. Развіццё гарадоў прывяло да ўтварэння лакальных тыпаў готыкі ў Малапольшчы і Сілезіі, Памор’і і Мазовіі, паўн.ч. Велікапольшчы. На Пд узведзены 3-нефавыя базілікальныя храмы з каменю і цэглы (прэсбітэрый сабора на Вавелі і касцёл Дзевы Марыі ў Кракаве, саборы ў Вроцлаве і Познані), на Пн — зальныя цагляныя касцёлы (Дзевы Марыі ў Гданьску). Яскравы ўзор готыкі 13 ст. — касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. Вонкавая строгасць гатычных храмаў у розных рэгіёнах П. дапаўнялася ўзорыстымі завяршэннямі парталаў і аконных праёмаў, дахаў у выглядзе аркатур, вежачак, нішаў. Позні перыяд польскай готыкі (канец 15 — пач. 16 ст.) вылучаўся нарастаннем дэкаратыўнасці, з’явіліся скляпенні з маляўнічай арнаментацыяй (касцёл у Пельпліне). Пабудавана шмат парафіяльных і кляштарных касцёлаў, камерных па памерах, у т. л.св. Крыжа ў Кракаве. Кампазіцыю каменных храмаў паўтаралі драўляныя з захаваннем традыцый нар. дойлідства: касцёлы ў Дэмбне (2-я пал. 15 ст.), Грывальдзе (каля 1500) і інш. Гарады ў 14—15 ст. забудоўваліся паводле рэгулярных планаў: іх абкружалі каменнымі сценамі з брамамі, вежамі, умацоўвалі барбаканамі (у Кракаве, Варшаве). Багаццем гатычнага дэкору адметныя грамадскія пабудовы — ратушы, бурсы, школы, склады-пакгаўзы, будынкі купецкіх і рамесніцкіх аб’яднанняў і інш. (гандл. рады «Сукеніцы», б. будынак Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У 15 ст. вежы набылі ратуша, касцёлы св. Тройцы, Яна, Кацярыны ў Гданьску, ратуша ў Вроцлаве. Замкі ў 14—15 ст. мелі на Пд нерэгулярны план (Бендзін), на Пн — прамавугольны (Цяханаў). На Пн захаваліся ўмацаваныя комплексы кляштараў крыжакоў (Мальбарк, 13—15 ст.). З пач. 16 ст. Кракаў стаў асяродкам рэнесансавай архітэктуры італьян. арыентацыі, якая ў П. спалучалася з познагатычнымі традыцыямі. У 1502—36 арх. Ф.Ф’ёрэнціна і Б.Берэчы перабудавалі сярэдневяковы замак на Вавелі ў рэнесансавую рэзідэнцыю з рэпрэзентатыўным дваром, 2-яруснымі аркадамі. У 1519—33 Берэчы пабудаваў капэлу Жыгімонта 1 Старога ў фларэнційскім стылі (адзіны прыклад класічнага рэнесансу па-за межамі Італіі). Рэнесансавыя капліцы прыбудоўвалі да гатычных сабораў, на фасадах палацаў і ратуш ствараліся лоджыі. Адначасова ў 16 ст. ўзводзіліся касцёлы паўн.-гатычнага тыпу з ажурным арх. дэкорам, крышт. скляпеннямі (касцёлы ў Бечу, Кентшыне і інш.). У жылых дамах і ратушах разам з лоджыямі, аркаднымі ўнутр. дварамі, ордэрнымі парталамі шырока выкарыстоўваліся дэкар. атыкі з урачыстай арнаментальнай разьбой (гандл. рады «Сукеніцы» ў Кракаве, 1558, арх. Дж.М.Падавана; ратуша з 3 паверхамі лоджый у Познані). У рэнесансавым арх. дэкоры акрэсліўся пачатак уплыву маньерызму. Ажыццёўлена рэгулярная рэнесансавая планіроўка г. Замасць (праект арх. Б.Маранда). У архітэктуры канца 16 — пач. 17 ст. адбілася моцнае ўздзеянне нідэрл. маньерызму (Вял. арсенал у Гданьску, дамы ў Казімежы-Дольным). З 2-й пал. 17 ст. пашырыўся стыль барока: урачыстая фасадная і інтэр’ерная кампазіцыя касцёла святых Пятра і Паўла ў Кракаве (арх. Дж.Трэвана, Я.Брыціус), манум. 2-вежавы фасад касцёла камедулаў на Бялянах (арх. А.Спеца), новы Каралеўскі замак у Варшаве з характэрнымі для ранняга барока буйнымі формамі гал. вежы, шматгранным унутр. дваром (арх. Я.Трэвана), замкі ва Уяздзе, Віснічу, палац біскупа ў Кельцах. Палацы канца 17 — пач. 18 ст.найб. арыентаваныя на франц. ўзоры, загарадныя рэзідэнцыі будаваліся з курданёрамі і рэгулярнымі паркамі: палацы ў Вілянаве (цяпер у межах Варшавы), Красінскіх у Варшаве, Браніцкіх у Беластоку. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. пад уплывам барока Венецыі і Рыма пашырыўся тып касцёла цэнтрычнай 8-граннай кампазіцыі з выразным купалам (касцёлы сакраментак у Варшаве, філіпінцаў у Гостыні). З Аўстрыі запазычаны авальныя ў плане пабудовы з падоўжнымі шматвугольнымі інтэр’ерамі (капэла Патоцкіх касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне, касцёлы ў Лондзе, Асечнай). Інтэр’еры аздаблялі ў стылі ракако (касцёл у Кабылцы пад Варшавай). У драўляным дойлідстве спалучаліся барочныя і гатычныя формы (касцёл у Алесне, царква ў Паўрожніку). З 1770-х г. фарміраваўся класіцызм з захаваннем элементаў барока (каралеўскі палац у Варшаве), які найб. вытанчана і камерна праявіўся ў палацава-паркавым комплексе Лазенкі ў Варшаве. У прыватных палацах і вілах. увасобіліся венецыянскія ўзоры 17 ст. (палацы Дзялынскіх у Познані, Патоцкіх у Кракаве).
Архітэктура 1-й пал. 19 ст. стала больш манум.-рэпрэзентатыўнай. Варшава набыла характар буйнога адм. і культ. цэнтра. Найб. вылучаюцца работы арх. А.Карацы (ансамблі цэнтр. плошчаў, палац Сташыца, Польскі банк, Вял.т-р), Я.Кубіцкага (палац Бельведэр). Своеасаблівую камерную плынь класіцызму прадстаўляюць шляхецкія 2-павярховыя палацы са строгім цэнтр. порцікам у паркавым асяроддзі (палацы ў Бялачаве, Бейсце). Рамант. плынь у архітэктуры 19 ст. звязана з гатычнымі рэмінісцэнцыямі. Перабудовы арх. помнікаў з элементамі гіст. стыляў (готыкі, барока, рэнесансу) характэрны Х.П.Айгнеру (палац Намесніка ў Варшаве, б. палац Радзівілаў). Фасадам касцёлаў надаваўся складаны познагатычны дэкор (перабудова касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, арх. А.Ідзкоўскі). Касцёлы і палацы ў духу неаготыкі з ням. і англ.гіст. элементамі пабудаваны паводле праектаў ням.арх. К.Ф.Шынкеля. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацнілася гіст. эклектычнасць у гар. прыватных і грамадскіх пабудовах. Пашырыўся тып даходных дамоў з дварамі-«калодзежамі», добраўпарадкоўваліся прамысл. гарады (забудова вул. Пётркоўскай у Лодзі). На ўзор будынка Парыжскай оперы пабудаваны Тэатр імя Ю.Славацкага ў Кракаве. Будынку Крэдытнага і земскага т-ва ў Варшаве нададзены характар неарэнесансавага палаца. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў пошуках нац. стылю архітэктура арыентавалася на прыклады венскага сецэсіёну і парыжскага «ар нуво» (мадэрн): будынкі Т-ва сяброў выяўл. мастацтва і Старога т-ра ў Кракаве. На мяжы 19—20 ст.арх. С.Віткевіч стварыў т.зв. стыль Закапанэ, у якім апіраўся на традыцыі нар. архітэктуры. У Варшаве мадэрн быў больш рацыянальны і дэманстраваў ясную канстр. логіку (мост Панятоўскага, будынкі Банка каап. т-ваў, Польскага т-ра). У архітэктуры 1920—30-х г. тэндэнцыі неакласіцызму і функцыяналізму (будынкі т-ва «Прудэнтыяль» у Варшаве, Ягелонская б-ка ў Кракаве) суіснавалі з мадэрнісцкай стылізацыяй у духу нар. дойлідства (польскі павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы). Пасляваен. перыяд у П. звязаны з аднаўленнем разбуранай краіны (арх. Ш.Сыркус, Б.Пнеўскі, Б. і С. Брукальскія). Будынкі 1950-х г. узводзіліся ў духу канструктывізму (круглы гандл. дом у Познані, стадыён 10-годдзя ў Варшаве). 2-я пал. 20 ст. адметная наватарскімі пошукамі рэканструкцыі цэнтраў гарадоў, прамысл. аб’ектаў, развіццём функцыян. стылю ў прыватным буд-ве. Узніклі новыя гарады: Нова-Гута (цяпер у межах Кракава), Нове-Тыхы каля Катавіц і інш. Пабудовам 1970—80-х г. уласцівы функцыян. мэтазгоднасць планіроўкі, арыгінальнасць канстр. вырашэнняў (Дом студэнтак у Кракаве, магазін «Суперсам» у Варшаве). Гар. комплексы аздабляюцца скульптурай, мазаікай, вітражамі. Канец 1980—90-я г. адметныя пошукамі новай маст. стылістыкі. Культавая архітэктура набыла большую камернасць, эстэт.вытанчаны стыль (касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве, 1980—85, арх. М.Будзынскі; уніяцкі храм у Бялы-Боры на Зах. Памор’і, 1992—97, арх. Б.Катарба, абразы маст. Е.Навасельскага). Збудаванні камерцыйнага прызначэння набылі падкрэслена прадстаўнічыя формы (Бізнес-цэнтр у Варшаве, 1991—93; атэлі «Холідэй» у Варшаве, 1989, арх. Т.Спыхала, і «Радысан» у Шчэціне, 1993, арх. М.Думеньчыч, пабудаваны паводле міжнар. праектаў). З’явілася шмат аб’ектаў у духу постмадэрнізму і функцыяналізму (офісы, банкі, гандл. цэнтры). Сярод найб. значных грамадскіх пабудоў — б-ка Варшаўскага ун-та (з 1993, будуецца, арх. Будзынскі, З.Бадоўскі і інш.). Важнае значэнне надаецца рэканструкцыі і мадэрнізацыі гіст. раёнаў і цэнтраў гарадоў, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Ствараюцца новыя мікрараёны палепшанай планіроўкі, рэалізуецца шырокая праграма індывід.буд-ва ў гарадах і ваяводствах.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі выяўл. мастацтва на тэр. П. адносяцца да канца палеаліту (касцяныя наканечнікі дзідаў з зааморфнымі выявамі), неаліту (арнаментаваныя пасудзіны, статуэткі жанчын, бурштынавыя выявы птушак і звяроў) і бронзавага веку (вазы з зааморфным аздабленнем, урны з выявамі твару чалавека, кераміка, фібулы і інш.). У 9—10 ст. на язычніцкіх капішчах ставілі драўляныя і каменныя скульпт. выявы багоў, якія вызначаліся абагульненасцю і статычнасцю форм. Пасля прыняцця ў 966 хрысціянства пашырылася дэкар. аздабленне храмаў (пляцёнкавы арнамент на калонах Вавельскага кафедральнага сабора і інш.). З 2-й пал. 12 ст. ў мастацтве П. дамінаваў раманскі стыль. Пад уплывам франц. і ням. мастацтва развіваліся скульптура (рэльефы на тымпанах парталаў касцёлаў св. Тройцы ў Стшэльне і Дзевы Марыі «на пяску» ў Вроцлаве, на дзвярах касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне і інш.), манум. жывапіс (фрэскі ў касцёлах у Туме, Чэрвінску і інш.), кніжная мініяцюра. Унікальны твор дэкар.-прыкладнога мастацтва — каранацыйны меч «Шчэрбец» (1230), аздоблены гравіроўкай. Пад уплывам школы разьбяроў з Марбурга ствараліся статуі святых («Мадонна» з Вісліцы, 1280; «Саламея» з Глогава, 1290, і інш.), надмагіллі са скульпт. выявамі [Генрыха IV Пробуса ў касцёле св. Крыжа ў Вроцлаве, 1300—10; Казіміра III Вялікага ў Вавельскім саборы, 1370—82, і Уладзіслава II (Ягайлы) на Вавелі, 1440]. Драўляная скульптура развівалася ў рэчышчы «мяккага стылю» («Мадонны на льве» са Скальбмежа, 1370; «П’ета» з Вроцлава, 1384; «Укрыжаванне» з Шамотул, 1410, і інш.). Экспрэсіўнасцю вобразаў вызначаюцца фрэскі касцёлаў («Пакутніцтва св. Цэцыліі» і «Пакутніцы» ў Непаламіцах, 1360; «Разумныя дзевы» ў Лодзі, 1370; «Св. Матфей і св. Ядвіга» ў Тшэбуні, 1400, і інш.). На стылістыку гатычных размалёвак 15 ст. паўплываў візант. стыль (фрэскі віленскага майстра Андрэя ў каралеўскай капліцы ў Любліне, 1418; Свентакшыскай капліцы ў Кракаве, касцёлах у Сандаміры, Гнезне і інш.). У 2-й пал. 15 ст. дамінаваў «ломаны» стыль позняй готыкі, які вызначаўся сінтэзам ідэаліст. і натураліст. матываў (аўтар касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве, 1477—89; надмагілле Казіміра IV Ягелончыка на Вавелі, 1492; абодва скульпт. Ф.Штос). Алтарны жывапіс развіваўся пад уплывам нідэрл. і ням. мастацтва ранняга Адраджэння (алтар св. Барбары ў Вроцлаве, 1447; алтарныя кампазіцыі «Зняцце з крыжа» ў Вавельскім кафедральным саборы; «Аплакванне» ў касцёле ў Олькушы, мастак Ян Вялікі, 1485). У кампазіцыі насценных размалёвак уключаліся пейзажныя і жанравыя матывы. Познагатычнай вытанчанасцю форм і майстэрствам апрацоўкі вызначаюцца творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (карона Казіміра III Вялікага, чаша тынецкага абата, брамы ратушы ў Вроцлаве і інш.).
У канцы 15 — пач. 16 ст. са станаўленнем гуманіст. ідэй склалася культура Адраджэння. У скульптуры пашырыўся тып надмагілля-саркафага ў нішы з выявай памерлага на верхняй пліце (надмагілле Яна Ольбрахта ў Вавельскім кафедральным саборы, скульпт. Ф.Ф’ёрэнціна, 1505). Уплывамі фларэнційскай школы вызначаюцца надмагілле Жыгімонта I, статуі св. Пятра і св. Жыгімонта ў Жыгімонтаўскай капліцы на Вавелі (1519—33, майстар Б.Бярэчы), надмагілле Б.Тарноўскай у Тарноўскім кафедральным саборы (1536, скульпт. Дж.М.Падавана), маньерызму — надмагіллі Жыгімонта II Аўгуста ў Жыгімонтаўскай капліцы (1573, скульпт. С.Гучы), Стафана Баторыя (1595, скульпт. Гучы, усе на Вавелі). Рысы рэнесансу найб. яскрава выявіліся ў мініяцюры (ілюстрацыі да «Кодэкса Балтазара Бэхема» са статутамі кракаўскіх цэхаў, 1505, да малітоўніка Жыгімонта I, мастак С.Самастшэльнік). У алтарным жывапісе рысы позняй готыкі спалучаліся з рэнесансавымі тэндэнцыямі (паліпціх св. Яна ў касцёле св. Катажыны ў Кракаве, мастак І.Лібнаў). Дэкар. фрызамі з выявамі рыцарскіх турніраў і парадных шэсцяў аздоблены залы Вавельскага замка. Адзін з найб. ранніх узораў батальнага жанру — абраз «Бітва пад Оршай» (1515). Высокім маст. узроўнем вызначаліся вышыўка, ткацтва, кафлярства, злотніцтва. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся рэпрэзентатыўны парадны партрэт (партрэты Жыгімонта I, 1546, магчыма, майстар Андрэй; Стафана Баторыя, 1583, М.Кобер). У 1-й пал. 17 ст. маньерыстычныя традыцыі флам., ням. і італьян. школ спалучаліся са стылістыкай ранняга барока. Развіваліся манум. скульптура (калона Жыгімонта III Вазы ў Варшаве, 1644, К.Тэнкала, К.Молі, Д.Тым), дэкар. разьба па стука (Ж.Б.Фальконі, Б.Фантана, А.Шлютэр і інш.).
Жывапіс 17—1-й пал. 18 ст., звязаны з рухам контррэфармацыі, зазнаў уплывы венецыянскай і нідэрл. школ (Б.Штробель, І. ван дэн Блоке, Х.Ф. дэ Фрыз, С.Б.Вудка, Т.Далабела, Е.Коен, А.Мёлер, Ф.Найсер, В.Цяшынскі і інш.). У рэліг. сюжэты часта ўключаліся нар. тыпажы, элементы нац. адзення («Уваскрэсенне Петравіна» Т.Наваковіча; цыкл з жыцця св. Яцака ў касцёле дамініканцаў у Кракаве, мастак Далабела, 1619—25; абраз у Яснагорскім кляштары ў Чанстахове, 1622) і творы гіст. тэматыкі («Бітва пад Ляпана». мастак Далабела, 1620-я г.; «Уезд Ежы Асалінскага ў Рым», мастак С. дэла Бела, 1633). Пашырыліся тыпы сармацкага і пахавальнага партрэта (М.Альтмонтэ, А.Палоні, Е.Ф.Ругендас, Я.Трэтка і інш.). Манум. размалёўкі вызначаліся паветраным ілюзіянізмам (фрэска «Апошні суд» у капліцы св. Крыжа ў Любліне, 1654, мастак Т.Мушынскі). У графіцы пераважалі створаныя паводле жывапісных узораў партрэты, ілюстрацыі, абразкі. У дэкар. мастацтве стылістыка еўрап. барока спалучалася з рысамі ўсх. мастацтва. У скульптуры пач. 18 ст. пашырылася ракако (А.Асінскі, Я.Е.Плерш, Я.Е.Урбанскі, А.Францкевіч і інш.). У жывапісе пад уплывам мастацтва Саксоніі пераважалі рэпрэзентатыўныя партрэты (Ю.Кацяноўскі, А.Місеўскі, Л. дэ Сільвестр), рэліг. жывапіс (К.Д.Асам, К.Карлоне, Ф.А.Себасціні, К.Хандке, Ш.Чаховіч, А.Шэфлер). Высокім узроўнем вызначалася маст. ткацтва (выраб шпалер, «персідскіх» паясоў і інш. на мануфактурах у Варшаве, Кракаве, Бяла-Падлясцы, Станіслававе, Бродах, Алеску). 2-я пал. 18 ст. — перыяд Асветніцтва. У 1770-я г. ў каралеўскім замку ў Варшаве створана маст. майстэрня пад кіраўніцтвам М.Бачарэлі, якая стала першай польскай маст. школай. Быт. сцэны, падзеі паўстання 1794 адлюстроўвалі жывапісцы А.Арлоўскі, Я.П.Норблін, М.Плонскі; у жанры партрэта працавалі К.Вайнякоўскі, Ю.Фаворскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся класіцызм (скульпт. У.Аляшчынскі, Л.Каўфман, П.Малінскі, Я.Татаркевіч, мастакі А.Брадоўскі, А.Какуляр, Ю.Пешка, Ф.Смуглевіч, М.Стаховіч), які паступова змяніўся рамантызмам (А.Гротгер, П.Міхалоўскі і інш.). З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся гіст. жывапіс, які дасягнуў свайго апагею ў творчасці Я.Матэйкі. Рэв. сітуацыя 1860-х г. паўплывала на развіццё жанравага жывапісу, які звярнуўся да адлюстравання жыцця сялянства і гар. беднаты (творы В.Герсана, Ф.Кастшэўскага, А.Котсіса, Ю.Шармянтоўскага). У 1870—80-я г. тэндэнцыі дэмакр. рэалізму выявіліся ў творчасці М. і А. Герымскіх, Ю.Хелмонскага. Сац. праблематыцы проціпастаўляўся позні акадэмізм, часам з фальклорна-сімвалічнымі рысамі (Г.Семірадскі, В.Прушкоўскі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм (В.Базнанская, Л.Вычулкоўскі, Ю.Панкевіч, Я.Станіслаўскі), мадэрн (пераважна ў галіне сімвалізму; С.Выспянскі, В.Вайткевіч, Я.Мальчэўскі, Ф.Рушчыц). Новы ўздым адбыўся ў графіцы (гравюры Вычулкоўскага, А.Каменскага, кніжнае афармленне Выспянскага, плакаты Ю.Мехофера, К.Фрыча). У скульптуры спалучаліся рысы. рэалізму, мадэрну і імпрэсіянізму (К.Ф.Дунікоўскі, К.Ляшчка, В.Шыманоўскі і інш.). Абнавілася стылістыка дэкар.-прыкладнога мастацтва, адраджаліся нар.-маст. промыслы (кераміка, кавальства, ткацтва, набіванка, вышыўка, выцінанка). У 1-й пал. 20 ст. пад уплывам зах.-еўрап. культуры мастацтва П. развівалася пераважна ў рэчышчы мадэрнізму. У жывапісе пашырыліся каларыстычныя пошукі (З.Валішэўскі, Г.Рудзка-Цыбісова, Ю.Чапскі, Я.Цыбіс), кубізм і экспрэсіянізм (Т.Кантар, З.Пранашка, Т.Чыжэўскі, Л.Хвістак, М.Ярэма), лінеарны дэкаратывізм (Э.Зак, Р.Крамштык), супрэматызм, унізм, абстрактнае мастацтва (К.Кобра, У.Стшамінскі, Г.Стажэўскі). У галіне графікі працавалі Ф.Бартошак, Г.Краеўская, Ю.Краеўскі, Б.Лінке, У.Скачыляс, Т.Цяслеўскі і інш. У скульптуры пашырыліся стылізацыя ў духу нар. мастацтва (Я.Шчапкоўскі) і неакласічныя тэндэнцыі (В.Віціг, А.Замойскі). Своеасабліва спалучаў прыёмы кубізму і прымітывізму Ю.Т.Макоўскі. У 1950-я г.гуманіст.нац. традыцыі развіваліся ў скульпт. партрэце (Дунікоўскі, А.Карны), станковай графіцы і плакаце (Кулісевіч, Т.Трапкоўскі). У жывапісе захоўваліся традыцыі мадэрнізму пач. 20 ст. У сярэдзіне 1950-х—1970-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва, сюррэалізм, оп-арт, поп-арт. Сярод вядучых жывапісцаў Я.Тарасін, Е.Тхужэўскі, А.Урублеўскі, Ярэма, скульптараў М.Абакановіч, У.Гасёр, Г.Земла, М.Канечны, А.Шапачнікаў і інш. Росквіту дасягнула станковая і кніжная графіка, якая вызначаецца экспрэсіяй і дэкар. вытанчанасцю вобразаў, шматпланавасцю маст. прыёмаў. У 1980—90-я г. побач з традыц. актыўна развіваліся новыя маст. формы (інсталяцыя, перформанс, хэпенінг, відэаарт, бодыарт і інш.). Сцвердзілася новае пакаленне мастакоў: У.Бароўскі, З.Бяксінскі, Е.Берась, К.Вадзічка, М.Давідзюк, К.Казыра, М.Кіеўскі, А.Маеўскі, Ф.Маслюшчак, Я.Младажэнец, М.Пінінская-Берась, Ю.Рыбакоўскі, Л.Тарасевіч і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве пошукі сучасных форм спалучаюцца з традыцыямі нар. мастацтва.
Музыка. Нар. музыцы П. ўласцівы аднагалоссе, цесная сувязь песні з танцам. Папулярныя стараж.нар. танцы: кракавяк, мазурка, куявяк, абэрак, хадзоны — папярэднік паланэза і інш. У нар. інструментарыі з перыяду сярэднявечча да нашага часу захаваліся бубны, свістулькі, ляскоткі; смыкавыя — генсле, мазанкі; духавыя — лігаўкі, басуны; ударныя — клякоткі. З хрысціянізацыяй краю ў 9—10 ст. праніклі грыгарыянскія спевы (першыя запісы 11 ст.). У 11—12 ст. пачалі дзейнічаць касцельныя пеўчыя школы, дзе ў грыгарыянскі харал уводзілі інтанацыі нар. музыкі. Уплывы нар.муз. мастацтва праявіліся ў містэрыях (з 12 ст.), якія выконваліся семінарыстамі (на лац. мове), пацешнікамі (на польск. мове). Побач з царк. развівалася свецкая музыка. Узніклі прыдворныя капэлы, з 13 ст. — рыцарскія і пазалітургічныя духоўныя песні («Багародзіца»), раннія ўзоры секвенцый. Першы вядомы кампазітар — Вінцэнты з Кельцаў (2-я пал. 13 ст.). У 13 ст. зарадзілася вак. поліфанія, якая ў 15 ст. пранікла ў свецкую вак.-інстр. музыку (Мікалай з Радама). З 14 ст. ў гарадах ствараліся гільдыі, з 16 ст. — гільдыі і цэхі гарадскіх музыкантаў; ва універсітэтах выкладалася тэорыя музыкі (Себасцьян з Фельштына), друкаваліся зб-кі песень, нотныя выданні. У 16 ст. з пашырэннем Адраджэння і Рэфармацыі ўзмацніліся свецкія элементы, паявіліся песні тыпу мадрыгала (Мікалай з Кракава), развівалася інстр. музыка, узмацніліся ўплывы італьян. і нідэрл. поліфанічных школ. Сярод поліфаністаў Мікалай з Кракава, Вацлаў з Шамотул, М.Леапаліта, М.Гамулка, лютністы Д.Ката, В.Длугорай, майстры стр. інструментаў Гроблічы, Данкварты. Шырока распаўсюджвалася свецкая музыка (Ката, Длугорай, Я.Поляк). Сярод кампазітараў канца 16—17 ст., якія абапіраліся на ідэі барока, — М.Зяленскі (майстар шматхаравой тэхнікі), М.Мяльчэўскі (абодва ўвялі ў польскую музыку жанр канцэрта), А.Яжэмбскі (скрыпач і архітэктар), Б.Пенкель (аўтар першай польскай араторыі), Д.Стаховіч, А.Пашкевіч, С.С.Шажынскі, Г.Г.Гарчыцкі. Першыя оперныя спектаклі пастаўлены пры каралеўскім двары ў 1628 італьян. музыкантамі. З адкрыццём у 1765 Нац.т-ра ў Варшаве створаны першыя нац. оперы («Ашчасліўленая галота» М.Каменскага, 1778; «Кракаўцы і горцы» Я.Стафані, 1794). У 18 ст. напісаны першыя сімфоніі (Я.Шчуроўскі, А.Мільвід, Я.Ваньскі, В.Данкоўскі, Ю.Эльснер, Я.Галомбак), інстр. канцэрты (Ф.Яневіч, Я.Клячынскі). Першыя прадстаўнікі муз. рамантызму — М.Клеафас Агінскі, кампазітар і піяністка М.Шыманоўская. Значны ўклад у развіццё музыкі зрабілі кампазітар, дырыжор, выдавец і педагог Эльснер — заснавальнік і дырэктар Ін-та музыкі і дэкламацыі (пазней — кансерваторыя); кампазітар, дырыжор, педагог і муз. пісьменнік К.К.Курпінскі, які каля 30 гадоў кіраваў Варшаўскай операй (з 1833 Вял.т-р). Заснавальнік муз. фалькларыстыкі — О.Кольберг; яго традыцыі прадоўжыў Я.Карловіч. Да вял. дасягненняў польскай музыкі належыць творчасць Ф.Шапэна. Стваральнік нац. класічнай оперы С.Манюшка. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. працавалі: кампазітары В.Жаленскі, З.Наскоўскі (вучань Манюшкі), дырыжоры В.Бярдзяеў, П.Клецкі, Э.Млынарскі (кампазітар, скрыпач), А.Радзінскі, Г.Фітэльберг; выканаўцы браты Генрык (скрыпач) і Юзаф (піяніст) Вяняўскія, Апалінарый (скрыпач) і Антоній (піяніст) Концкія, С.Барцэвіч, У.Гурскі, П.Каханскі; скрыпачы К.Ю.Ліпінскі, І.Лота, Б.Губерман; піяністы І.Гофман, Р.Кашальскі, Т.Лешаціцкі, А.Міхалоўскі, Х.Я.Падарэўскі, А.Рубінштэйн, Ю.Турчынскі; спевакі А.Бандроўскі-Сас, А.Дзідур, Э. і Я. Рэшке, М.Зембрых і інш.
Вял. роля ў адраджэнні нац.муз. мастацтва П. ў пач. 20 ст. належала Варшаўскаму муз. т-ву, групе кампазітараў «Маладая Польшча» (Л.Ружыцкі, К.Шыманоўскі, Фітэльберг, А.Шалюта, М.Карловіч), якія імкнуліся аднавіць муз. мову, арыентуючыся на нац., у т. л. фальклорныя, традыцыі і на тагачасныя плыні еўрап. музыкі (позні рамантызм, імпрэсіянізм). Пасля 1918 у муз. жыцці П. найб. пашыраны быў неакласіцызм. У 1920—30-я г.вял. значэнне мела дзейнасць Шыманоўскага — стваральніка сучаснай нац. кампазітарскай школы. Узнікалі новыя муз. т-вы, аркестры, муз.навуч. ўстановы. Адбыліся першыя ў П. міжнар.муз. конкурсы. У першыя пасляваен. гады адной з гал. задач дзярж.культ. палітыкі была папулярызацыя музыкі, якая абапіралася на прынцыпы сац. рэалізму. Паліт: перамены ў 2-й пал. 1960-х г. спрыялі аднаўленню кантактаў з зах.-еўрап. краінамі і ўзбагачэнню музыкі новымі элементамі: узніклі дадэкафонія і блізкія да яе муз. тэхнікі (Т.Бэрд, К.Сяроцкі, В.Лютаслаўскі, А.Дабравольскі, К.Пендарэцкі). П. стала адным з цэнтраў сучасных муз. плыней. У 1970-я г. перанасычанасць авангардысцкімі тэндэнцыямі прывяла да таго, што многія творцы пачалі спрашчаць сваю муз. мову (Пендарэцкі, В.Кіляр, Г.М.Гурэцкі, М.Стахоўскі, З.Рудзінскі). Маладое пакаленне кампазітараў (Р.Аўгустын, К.Бацулеўскі, С.Круповіч, М.Малецкі, Л.Зялінская, П.Шыманскі) развівала розныя муз. жанры. Рэліг. музыку пісалі Пендарэцкі, А.Пануфнік, Гурэцкі, Р.Твардоўскі; у оперных т-рах ставіліся творы Пендарэцкага, Бэрда, З.Баргельскага, Р.Палестра, Зялінскай, Бацулеўскага і інш. Сярод прадстаўнікоў польскай музыкі 2-й пал. 20 ст. кампазітары Сяроцкі, Г.Бацэвіч, Б.Шабельскі, К.Сікорскі, В.Рудзінскі, П.Пяркоўскі, В.Шалёнак, А.Блёх, К.Меер, Стахоўскі, З.Рудзінскі, З.Буярскі, Э.Кнапік, дырыжоры З.Ляташэўскі, Б.Вадзічка, В.Равіцкі, С.Віслоцкі, Г.Чыж, Я.Крэнц, К.Корд, Е.Семкаў, Р.Сатаноўскі, Е.Максымюк, хар. дырыжор С.Стуліграш, піяністы З.Джавецкі, Г.Чэрны-Стафанская, К.Цымерман, Б.Гесе-Букоўская, П.Палечны, скрыпачы Я.Умінская, І.Дубская, К.А.Кулька, спевакі Б.Папроцкі, А.Хіёльскі, Б.Ладыш, В.Охман, М.Фолтын, Е.Подлесь, У.Крыгер.
У П. (1997) 9 оперных т-раў, 8 т-раў муз. камедый, 20 філармоній, 29 сімф.арк., ансамблі нар. песні і танца «Мазоўша» і «Шлёнск», 8 муз.ВНУ, у т. л.Муз. акадэмія імя Шапэна, кансерваторыі ў Варшаве (з 1946 Вышэйшая муз. школа), Катавіцах, Познані і інш. Праводзяцца Міжнар. конкурсы: піяністаў імя Шапэна (з 1927, Варшава), скрыпачоў імя Вяняўскага (з 1935, Варшава; з 1952, Познань; з 1956 — таксама кампазітараў, з 1957 — скрыпічных майстроў), міжнар.муз. фестывалі «Варшаўская восень» (з 1956), аратарыяльнай музыкі «Wratislavia Cantans» (з 1966, Вроцлаў), стараж. музыкі краін Усх. Еўропы (Быдгашч), джазавай музыкі «Джаз джамборы» (з 1958, Варшава), эстраднай песні (Сопат); фестываль сучаснай песні (Зялёна-Гура) і інш. У 1945 створаны Саюз польск. кампазітараў.
Многія польск. музыканты былі звязаны з Беларуссю. У 16 ст. пры двары М.Радзівіла Чорнага працавалі і друкавалі свае муз. творы ў Брэсце дзеячы польск. муз. адраджэння Ц.Базылік і Вацлаў з Шамотул. У канцы 18 ст. дырыжорам Нясвіжскага т-ра быў аўтар вядомай камічнай оперы «Агатка» Я.Д.Голанд. У 19 ст. на Беларусі жылі кампазітары М.Клеафас Агінскі, Ф.С.Міладоўскі, С.Манюшка, які паставіў у Мінску свае першыя вадэвілі і камічныя оперы (сярод іх «Сялянка» на бел. і польск. мовах, з шырокім выкарыстаннем бел.муз. фальклору). Бел. фальклорныя мелодыі ўключаў у свае сімф. творы Карловіч, хар. апрацоўкі бел. песень рабілі Д.Шалігоўскі, С.Казура, Рудзінскі. Сярод удзельнікаў Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні (1910-я г.) кампазітар Л.М.Рагоўскі. піяністка М.І.Кімант-Яцына. Уклад у збор і вывучэнне бел.муз. фальклору зрабілі этнографы Кольберг, Карловіч, К.Машынскі, М.Федароўскі. Ураджэнцамі Беларусі былі многія вядомыя польск. музыканты (Манюшка, Міладоўскі, Карловіч, скрыпач К.Горскі, дырыжор Бярдзяеў і інш.).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва ў нар. абрадах, ігрышчах, у творчасці вандроўных акцёраў-франтаў. Асн. формы сярэдневяковага т-ра — літургічная драма, містэрыя. У 15—16 ст. у рэліг. сюжэты часам уключаліся свецкія нар. матывы («Гісторыя пра слаўнае Уваскрэсенне Гасподняе» Мікалая з Вільковецка, каля 1570—80). Пашырыліся лялечны т-р шопка і школьны т-р. У 1633 у каралеўскім замку ў Варшаве адкрыта першае пастаяннае тэатр. памяшканне. Пры каралю Станіславе Аўгусце Панятоўскім, тэатр. мецэнаце, у Варшаве пабудаваны т-р «У апельсінавай аранжарэі» (1788), амфітэатр «На востраве» (1790). З 2-й пал. 18 ст. на ўзор прыдворных ствараліся т-ры ў магнацкіх сядзібах. У 1765 у Варшаве адкрыўся публічны пастаянны «Тэатр Нарадовы». Сярод яго акцёраў К.Аўсінскі, Л.Дмушэўскі, А.Жулкоўскі-бацька, Ю.Ледухоўская, К.Б.Свяжаўскі, Т. і А. Трускаляскія, М.Шыманскі. Рух за перадавое дэмакр. мастацтва ўзначаліў стваральнік нац.прафес.т-ра В.Багуслаўскі, які садзейнічаў арганізацыі і станаўленню т-раў у Кракаве, Вільні, Познані і інш. На развіццё т-ра 19 ст. значна ўплывала драматургія А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Фрэдры, З.Красінскага. У 1829 як філіял «Тэатра Нарадовага» адкрыўся т-р «Размаітосці» (зліўся з ім у 1836; першы кіраўнік Б.Кудліч, акцёры А.Жулкоўскі-сын, Л.Гальперт, Я.Круглікоўскі, Ю.Рыхтэр і інш.). З канца 1860-х г. вядучую ролю адыгрываў Кракаўскі т-р, трупа якога (кіраўнік С.Козьмян, акцёры Ф.Бэнда, А.Гофман, В.Рапацкі, пазней А.Зельвяровіч, Г.Маджаеўская, Л.Сольскі і інш.) сфарміравала т.зв. кракаўскую школу, што вызначалася рэаліст. скіраванасцю і псіхалагізмам. На мяжы 19—20 ст. ставіліся сац.-значныя творы С.Выспянскага, С.Жаромскага, Г.Запольскай. Рэаліст. традыцыі развівалі рэжысёры Ю.Катарбінскі, Т.Паўлікоўскі, Л.Шылер, акцёры К.Адвянтовіч, Ю.Астэрва, А.Венгерка, С.Высоцкая, С.Ярач. Лепшыя ўзоры польск. і сусв. драматургіі прапагандаваў «Тэатр Польскі» (засн. ў 1913 у Варшаве). Значны ўплыў на развіццё т-ра П. зрабіла мастацтва Маскоўскага маст.акад.т-ра (т-р «Рэдута», 1919—39). У 2-ю сусв. вайну ўсе польскія т-ры закрыты. У 1940 у Варшаве створана падп. «Тэатральная рада» (кіраўнікі Э.Вярцінскі, Б.Кажанеўскі, Шылер), якая распрацоўвала праграму адраджэння т-ра пасля вызвалення. Дзейнічалі падп.тэатр. групы студыйнага характару, з 1941 у Кракаве — «Тэатр Рапсадычны» (кіраўнік М.Катлярчык) і «Тэатр Незалежны» (кіраўнік Т.Кантар). У 1944—45 адкрыліся т-ры ва ўсіх буйных гарадах П. Значным дасягненнем гэтага часу сталі пастаноўкі Астэрвы, Вярцінскага, Шылера, рэж. дэбюты Э.Аксера і Кажанеўскага. У рэпертуары — п’есы Б.Брэхта, Ф.Дзюрэнмата, А.Мілера, Ж.П.Сартра, М.Фрыша, польскіх аўтараў Е.Брашкевіча, Э.Брыля, Л.Кручкоўскага, С.Мрожака, Т.Ружэвіча, Е.Юрандата і інш. З канца 1940-х г. дзейнасць т-раў П. падпарадкавана прынцыпам сац. рэалізму. У 1955—56 змены ў паліт. і культ. жыцці П. абумовілі новы ўздым тэатр. жыцця. Пашырыліся пастаноўкі сусв. і нац. класікі, з’явіліся авангардысцкія творы зах.-еўрап. аўтараў (С.Бекет, Ж.Жэнэ, Э.Іанеска) і польскіх драматургаў міжваен. перыяду (С.І.Віткевіч, В.Гамбровіч, Т.Пэйпер). Высокі маст. ўзровень т-ра П. вызначыла творчасць рэжысёраў Аксера, А.Вайды, Е.Гратоўскага, К.Дэймека, Кантара, Л.Рэне, К.Свінарскага, К.Скушанкі, Г.Тамашэўскага, А.Ханушкевіча, Е.Яроцкага, акцёраў Д.Альбрыхскага, Н.Андрыч, Э.Баршчэўскай, Я.Вашчаровіча, М.Войта, Р.Вільгельмі, Г.Галоўбека, К.Яндрусік, Я.Крэчмара, Т.Ламніцкага, Г.Махаліцы, Г.Мікалайскай, М.Паўлікоўскага, Я.Свідэрскага, Т.Фіеўскага, М.Цвіклінскай, І.Эйхлера, сцэнографаў О.Аксера, З.Вярховіч, У.Дашэўскага, Т.Рашкоўскай, А.Стопкі, З.Стшалецкага і інш. У 1990-я г. ў П. працавалі 87 драм. і 32 лялечныя т-ры (1995), найб. значныя — «Тэатр Нарадовы», «Тэатр Драматычны» (з 1956), «Тэатр Вспулчэсны» (з 1945), «Тэатр Польскі», «Атэнэум» (з 1929) у Варшаве, «Тэатр імя Ю.Славацкага» ў Кракаве (з 1893), «Тэатр Новы» ў Лодзі (з 1949), «Тэатр Людовы» ў Нова-Гуце (з 1955) і інш. Сярод найб. значных рэжысёраў Т.Брадэцкі, М.Вайтышка, Е.Гжэгажэўскі, Б.Гусакоўскі, К.Залескі, Р.Зёла, К.Люпа, М.Прус, А.Стшалецкі, М.Энглерт, сярод акцёраў — М.Апаня, Я.Гаяс, З.Запасевіч, М.Камароўская, К.Кольбергер, М.Кондрат, А.Лапіцкі, О.Лукашэвіч, П.Махаліца, Б.Паўлік, Ф.Печка, Е.Радзівіловіч, А.Сяверын, Е.Трэля, П.Франчэўскі, А.Ханушкевіч, Я.Энглерт, К.Янда, сярод сцэнографаў — П.Дабжыцкі, К.Захватовіч, З. дэ Інэс, М.Калодзей, А.Кілян, А.Маеўскі, К.Панкевіч, А.Садоўскі і інш.
Тэатр. сувязі паміж П. і Беларуссю існуюць здаўна. На агульных асновах развіваліся бел. лялечны т-р батлейка і польская шопка. У 1802—09 рэж. С.Дэшнер арганізавала ў Гродне пастаянны т-р. У канцы 18—19 ст. на Беларусі выступалі Варшаўскі т-р В.Багуслаўскага, трупы М.Кажынскага, К.Камінскага, А.Руткоўскага, Я.Хелмікоўскага і інш. У 1925—29 у Гродне гастраліраваў т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1913 у Варшаве гастраліравала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1920 — пач. 1940-х г. на Беларусі дзейнічалі Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі т-р лялек БССР (кіраўнік У.Ярэма), у т-рах Беларусі ставіліся п’есы Запольскай, Т.Кажушніка, Мрожака, Славацкага, А.Фрэдры, П.Хайноўскага, І.Юргелевіч, інсцэніраваліся творы Э.Ажэшкі, С.Жаромскага. У т-рах П. пастаўлены бел. п’есы В.Вольскага, К.Крапівы, А.Макаёнка і інш.
Кіно. З 1897 у П. здымалі рэпартажы і навук.-папулярныя фільмы (Б.Матушэўскі, К.Прушынскі). У 1902 створана студыя «Плеограф», якая здымала і распаўсюджвала кароткія фільмы з удзелам польскіх тэатр. акцёраў. Першы польскі ігравы фільм — «Вяртанне гулякі» (1902). У 1908—18 з утварэннем кінафірм («Сфінкс» і інш.) пачаўся рэгулярны выпуск фільмаў, пераважна экранізацый твораў нац. л-ры: «Гісторыя граху» паводле аповесці С.Жаромскага (рэж. А.Бяднарчык), «Суд Божы» паводле драмы С.Выспянскага «Суддзі» (рэж. С.Кнаке-Завадзкі), «Меір Езафовіч» паводле Э.Ажэшкі (рэж. Ю.Астоя-Сульніцкі; усе 1911) і інш. Здымаліся таксама меладрамы і камедыі («Антось першы раз у Варшаве», 1908, рэж. Е.Меер). У 1918—25 кінавытв-сць заняпала, выпускаліся фільмы прапагандысцкага характару. У 1926—30-я г. адбыўся пэўны ўздым кінематографа, з 1933 здымаліся гукавыя фільмы. Прапагандай эстэт. каштоўнасці кіно займалася авангардная група «Старт» (1930—34). У 1937—39 дзейнічала Т-ва кінааўтараў. Экранізаваліся творы У.Рэйманта («Зямля запаветная» 1927, рэж. А.Герц, З.Гняздоўскі), А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», 1928, рэж. Р.Ардынскі), Жаромскага («Прадвесне», 1928, рэж. Г.Шара; «Верная рака», рэж. Л.Бучкоўскі; «Ружа», рэж. Ю.Лейтэс, абодва 1936), С.Пшыбышэўскага («Моцны чалавек», рэж. Шара), Г.Запальскай («Паліцмайстар Тагіеў», рэж. Ю.Гардан, абодва 1929), Г.Сянкевіча («Янка-музыкант», 1930, рэж. Ардынскі), П.Гаявічынскай («Дзяўчаты з Наваліпак», 1937), З.Налкоўскай («Мяжа», 1938; абодва рэж. Лейтэс) і інш. Пашырыліся фільмы гіст.-патрыятычнай тэматыкі («У Сібір», 1930; «Дзесяцёра з Павяка», 1931, і інш.). Сярод акцёраў Э.Баршчэўская, З.Бода, Ю.Венгжын, А.Дымша, А.Зельвяровіч, Б.Ляшчынскі, Я.Смасарская, Е.Піхельскі, І.Эйхлер, С.Ярач і інш. У гады ням.-фаш. акупацыі 1939—44 польскае кіно было забаронена. У 1944 кінахранікёры на чале з А.Багдзевічам канспіратыўна здымалі эпізоды Варшаўскага паўстання. З канца 1940-х г. у фільмах пашырылася тэма лёсу польскага народа ў час 2-й сусв. вайны, уздымаліся праблемы асобы і гісторыі: «Забароненыя песенькі» (1947, рэж. Бучкоўскі), «Апошні этап» (рэж. В.Якубоўская), «Стальныя сэрцы» (рэж. С.Урбановіч, у сав. пракаце «Начны выбух»; абодва 1948) і інш. Ставіліся фільмы на тэмы тагачаснага жыцця: «Скарб» (у сав. пракаце «Мой скарб», 1949, рэж. Бучкоўскі), «Першыя дні» (1952, рэж. Я.Рыбкоўскі), «Здарэнне на Марыенштаце» (1954, рэж. Бучкоўскі) і інш. У 1948 створана Вышэйшая кінашкола ў Лодзі (цяпер Вышэйшая школа т-ра, кіно і тэлебачання імя Л.Шылера). Творчасць яе выпускнікоў стала асновай станаўлення польскай школы кіно, якая вызначалася ідэйнай і эстэт. палемікай з метадам сацыяліст. рэалізму, неарамантызмам, экспрэсіўнай эмацыянальнасцю сродкаў выражэння, імкненнем да ўслаўлення або крытыкі нац. характару, адчуваннем ірацыянальнасці бунту і абсурднасці лёсу чалавека ў сутыкненні з катаклізмамі гісторыі, раскрыццём псіхал. стану героя ў канфліктных і драм. сітуацыях, часта з дамешкам іроніі і сарказму: «Зімовыя прыцемкі» (рэж. С.Ленартовіч), «Пятля» (рэж. В.Е.Хас), «Вольны горад» (рэж. С.Ружэвіч), «Канал», «Попел і дыямент» (рэж. А.Вайда), «Героіка» (усе 1958) і «Касавокае шчасце» (1959), «Пасажырка» (1963; абодва рэж. А.Мунк), «Маці Іаанна ад Анёлаў» (1961, рэж. Е.Каваляровіч) і інш. Вядучыя акцёры гэтага перыяду Т.Ламніцкі, З.Цыбульскі, Л.Вініцкая, Г.Галоўбек, Б.Кабеля, Б.Крафт, Э.Кшыжэўская, Л.Немчык, А.Паўлікоўскі, Т.Янчар і інш. У 1960-я г. дэбютавалі рэж. К.Занусі, Р.Палянскі («Нож у вадзе», 1961), Е.Скалімоўскі («Апісанне», 1964) і інш. Сярод лепшых экранізацый «Крыжакі» (1960, рэж. А.Форд), «Пан Валадыеўскі» (1969) і «Патоп» (1974, абодва рэж. Е.Гофман) паводле Сянкевіча, «Фараон» (1965, рэж. Каваляровіч), «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» паводле Я.Патоцкага (1965), «Лялька» паводле Б.Пруса (1968; абодва рэж. Хас), «Зямля запаветная» (1975, рэж. Вайда) і інш. Сярод вядучых акцёраў Д.Альбрыхскі, Б.Брыльская, В.Голас, М.Камароўская, А.Лапіцкі, С.Мікульскі, Я.Навіцкі, П.Ракса, Б.Тышкевіч і інш. У 1970—80-я г. ўзнікла т.зв. кіно маральнага неспакою, якое характарызавалася нязгодай з рэчаіснасцю, што дэградавала асобу чалавека: фільмы Вайды («Чалавек з мармуру», 1979; «Чалавек з жалеза», 1981), Занусі («Ілюмінацыя», 1973; «З далёкага краю», 1981), К.Кеслёўскага («Дэкалог», 1988), А.Голанд («Правінцыяльныя акцёры», 1979; «Гарачка» паводле А.Струга, 1980). З’явілася новае пакаленне акцёраў: К.Кольбергер, М.Кондрат, Е.Радзівіловіч, Е.Штур, К.Янда і інш. Здымаліся меладрамы і забаўляльныя фільмы: «Ва-банк 1» (1982), «Ва-банк II» (1985, рэж. абодвух Я.Махульскі), «Знахар» (паводле Т.Далэнгі-Мастовіча, 1982, рэж. Гофман) і інш. З 1989 у выніку паліт. змен пашырылася плынь «звядзення рахункаў», якая запаўняла т.зв. белыя плямы ў гісторыі краіны: «Уцёкі з кіно «Свабода» (рэж. В.Марчэўскі), «300 міль да неба» (рэж. М.Дэйчар, абодва 1989), «80 мм да Еўропы» (1993, рэж. М.Дазінскі), дакумент. фільмы пра Катынь, лёс палякаў у Сібіры, Казахстане і інш. У 1990-я г. ў кінематографе П. значную ролю адыгрывала творчасць новага пакалення рэжысёраў, якія выяўлялі свае адносіны да хуткіх перамен у жыцці грамадства: «Кроль» (1991), «Псы» (1992), «Псы-2» (1994, усе рэж. В.Пасікоўскі), «Чалавек з...» (рэж. К.Шалайскі), «Кантраляваныя размовы» (рэж. С.Хенцінскі), «Лепш быць прыгожай і багатай» (рэж. Ф.Баян, усе 1993) і інш. Агульначалавечая праблематыка ўздымаецца ў фільмах «Падвойнае жыццё Веранікі» (1991), «Тры колеры: Сіні. Белы, Чырвоны» (1992—93, рэж. усіх Кеслёўскі), «Дотык рукі» (1992), «Жыццё як смяротная хвароба, што перадаецца палавым шляхам» (2000, рэж. абодвух Занусі) і інш. Здымаліся фільмы на гіст. тэматыку («Эскадрон», 1992, рэж. Ю.Махульскі). Экранізаваліся творы Міцкевіча («Пан Тадэвуш», рэж. Вайда), Сянкевіча («Агнём і мячом», рэж. Гофман, абодва 1999). Сярод вядучых акцёраў А.Бяджынская, Я.Гаяс, Б.Лінда, О.Любашэнка, Ц.Пазура, А.Ферэнцы і інш. Праводзяцца Усяпольскія фестывалі кароткаметражных (з 1961) Ί маст. (з 1974) фільмаў, Міжнар. фестываль кароткаметражных фільмаў (1964) у Кракаве.
Беларусы ў Польшчы. Бел.-польскія кантакты вядомы з часоў Кіеўскай Русі (гандл. сувязі, дынастычныя шлюбы, ваен. сутыкненні і г.д.), бел. прысутнасць у П. і абмен насельніцтвам пачаліся ў час ВКЛ. Продкі беларусаў часта траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Напр., калі ў 1325 вял.кн.ВКЛ Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава I Лакеткі, з П. ў ВКЛ была вернута пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў П. накіраваны выхадцы з ВКЛ. Умоўна лічыцца, што ў сярэдзіне 14 ст. ў П. жыло каля 40 тыс. продкаў беларусаў. У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца 18 ст. былі ў адзінай федэратыўнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай. Пасля 3 падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Рас. імперыі. Паводле перапісу 1897 у Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7% усяго насельніцтва (каля 30 тыс.чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях. Пасля 1-й сусв. вайны, калі была адноўлена незалежная польская дзяржава, на яе землях засталася частка этн. беларусаў. Павелічэнне тут колькасці беларусаў адбылося за кошт Заходняй Беларусі, якая да вер. 1939 знаходзілася ў складзе П. Паводле падлікаў стат. органаў СССР лічылася, што ў П. засталося 3250 тыс. беларусаў. Паводле польск. перапісу насельніцтва ад 30.9.1921 у краіне налічвалася 1035 тыс. беларусаў, але перапісчыкі не ўлічвалі бел. жыхароў Віленшчыны, запісвалі палякамі беларусаў-католікаў і інш. Вынікі перапісу насельніцтва ад 9.12.1931, які ахопліваў усю тэр. П., таксама не былі дасканалымі: паводле моўнага крытэрыя беларусамі лічылася 990 тыс.чал. (3,1% насельніцтва П.). Розныя даследчыкі вызначаюць колькасць беларусаў у П. ў гэты перыяд ад 1,2 да 2 млн.чал. (ад 4,3 да 6% усяго насельніцтва П.). Па падліках польск. гісторыка А.Жарноўскага, у П. жыло каля 1,7 млн. беларусаў, а паводле Е.Тамашэўскага, — 1,95 млн., у т. л. ў Палескім ваяв. 654 тыс., Навагрудскім 616 тыс., Віленскім 407 тыс., Беластоцкім 269 тыс.чал. Беларусы былі трэцяй па колькасці нац. меншасцю ў П. (пасля ўкраінцаў і яўрэяў). Паводле польск. даследчыкаў Г.Халупчака і Т.Браварака, у П. ў гэты час жыло каля 1,9 млн. беларусаў (5,9% ад усяго насельніцтва П.), у т. л. ў Палескім ваяв. яны складалі 43,4%, Навагрудскім — 39,1%, Віленскім — 22,7% і Беластоцкім — 16,3% насельніцтва. Да 1938 колькасць беларусаў у П. павялічылася да 2750 тыс.чал. Пры гэтым з-за мала- і беззямелля, беспрацоўя, адм. праследаванняў частка беларусаў эмігрыравала ў краіны Зах. Еўропы, Паўн. і Паўд. Амерыкі (з 1921 па 1939 каля 145 тыс.чал., а паводле бел. даследчыка А.А.Ракава — каля 190 тыс.чал.), У Зах. Беларусі — адносна адсталай агр. ускраіне П. — абс. большасць насельніцтва складалі сяляне (каля 90%), 7% — наёмныя рабочыя (да 20 тыс.чал.). Малалікімі былі бел. інтэлігенцыя і памешчыкі (апошнім належала толькі 4,1% маёнткаў). Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў. Як і інш.нац. меншасці, беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баях пач. 2-й сусв. вайны (гл. ў арт.Польская кампанія 1939), уваходзілі ў Андэрса армію, Армію Краёву, Першую польскую пяхотную дывізію імя Т.Касцюшкі і інш. антыфаш. ваен. фарміраванні. У канцы 2-й сусв. вайны паводле сав.-польск. пагадненняў аб мяжы ад 26.7.1944 і 16.8.1945 улады СССР перадалі П. са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. У ходзе дэмаркацыі мяжы паміж П. і БССР і ўзаемнай рэпатрыяцыі насельніцтва з Беларусі ў П. (пераважна на Беласточчыну) у 1944—48 пераехалі больш за 270 тыс.чал. (паводле ўмоў рэпатрыяцыі беларусы-католікі дэкларавалі сябе палякамі). З-за тэрору польск. нацыяналіст. падполля, неспрыяльнага эканам. становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданьска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадах. Да 1948 улады П. афіцыйна не прызнавалі існаванне бел.нац. меншасці ў краіне. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў, якая пачалася тут у канцы 1940-х г. з аднаўлення бел. школьніцтва, актывізавалася ў 1956, калі ў П. створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і інш. З 1956 выдаецца газ.«Ніва», з 1957 — «Беларускі каляндар», з 1958 дзейнічае літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», створаны бел. ліцэі ў гарадах Бельск-Падляскі і Гайнаўка (Беласточчына). Паводле сац. статуса да канца 1950-х г. большасць беларусаў у П. былі сялянамі. У 1970-я г. і ў час ваен. становішча 1981—83 з-за абмежаванняў з боку польскіх улад назіраўся спад грамадска-культ. актыўнасці беларусаў. У 1980-я г. ўзніклі Бел. аб’яднанне студэнтаў (1981, зарэгістравана ў 1988), Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, шэраг бел. выд-ваў і перыяд. выданняў. Уліку этнічнага складу насельніцтва П., у т. л. беларусаў, у сучасных перапісах не вядзецца. Да канца 1980-х г. у П., на думку польск. даследчыка К.Падляскага, жыло ад 250 да 400 тыс. беларусаў, паводле звестак Польск. аўтакефальнай правасл. царквы — 290 тыс. беларусаў (1/3 яе вернікаў), а паводле статыстыкі выбараў у сейм 1989 па Беласточчыне беларусы складалі тут 30% насельніцтва (206,8 тыс.чал.), у т. л. ў Беластоку 25% (65,5 тыс.чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тыс.чал.). У 1990-я г. зарэгістраваны Рада бел. арг-цый у П., Саюз гмін усх. Беласточчыны, Зьвяз бел. моладзі, Бел.гіст.т-ва (кіраўнік А.Латышонак), Асацыяцыя бел. журналістаў і інш. Створаны Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, бел.культ.-асв.т-ва ў Гданьску «Хатка» (з 1992), бел. гурток у Ольштыне. З 1992 у Варшаве працуе бел. рэдакцыя Польск. радыё. У 1995 бел. мова выкладалася ў 44 школах і 2 ліцэях Беласточчыны. З 1997 у Беластоку існуе ун-т (б. філіял Варшаўскага ун-та), дзе ёсць кафедра бел. культуры. У 1997 у сейм выбраны кіраўнік БГКТ Я.Сычэўскі. Гісторыю, культуру, побыт бел. дыяспары ў П. адлюстроўваюць даследаванні А.Глагоўскай, А. і Я. Мірановічаў, Ю.Туронка і інш. польск. гісторыкаў бел. паходжання; выдаюцца літ. творы А.Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, С.Яновіча, В.М.Шведа і інш.бел. пісьменнікаў П. Абароне правоў і інтарэсаў бел.этн. супольнасці ў П. служаць Дэкларацыя аб бел.-польск. адносінах (падпісана ў кастр. 1990), пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мін-вам нар. адукацыі П. і Мін-вам адукацыі Беларусі (сак. 1992), бел.польскі Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23.6.1992 і пагадненне аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны грамадзян абедзвюх краін.
Літ.:
Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;
Samsonowicz H. Historia Polski do roku 1795. 5 wyd. Warszawa, 1990;
Kieniewicz S. Historia Polski 1795—1918. Warszawa, 1987;
Roszkowski W. Najnowsza historia Polski 1918—1989. Warszawa, 1991;
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000;
История польской литературы. Т. 1—2. М., 1968—69;
Горский И.К. Польский исторический роман и проблема историзма. М., 1963;
Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-х г. XIX в. М., 1971;
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Лойка А.А., Перкін Н.С. Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963;
Адам Міцкевіч і сусветная культура. Т. 1—5. Гродна etc., 1998—2000;
Literatura polska: Przewodnik encyklopedyczny. T. 1—2. Warszawa, 1984—85;
Słownik literatury staropolskiej. Wrocław, 1990;
Słownik literatury polskiej XIX wieku. Wrocław, 1991;
Słownik literatury polskiej XX wieku. Wrocław, 1992;
Тананаева Л.И. Польское изобразительное искусство эпохи Просвещения: Живопись. Рисунок. М., 1968;
Яе ж. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;
Łoziński J.Z. Pomniki sztuki w Polsce. T. 1—2. Warszawa, 1985—92;
Kębłowski J. Dzieje sztuki polskiej. Warszawa. 1987;
Miłobędzki A. Architektura ziem Polski. Kraków, 1994;
Z dziejów polskiej kultury muzycznej. T. 1—2. Kraków, 1958—66;
Baculewski K. Polska twórczośćl kompozytorska, 1945—1984. Kraków, 1987;
Bartkowski B. Polskie śpiewy religijne w żywej tradycji: Style i formy. Kraków, 1987;
Шидловский Р. Театр в Польше. Варшава, 1972;
Dzieje teatru polskiego. T. 1—5. Warszawa, 1977—93;
Almanach sceny polskiej. T. 1—28. Warszawa, 1961—94;
Рубанова И.И. Польское кино: Фильмы о войне и оккупации, 1945—1965. М., 1966;
Соболев Р.П. Встреча с польским кино. М., 1967;
Кушевский С. Современное польское кино: Пер. с пол. Варшава, 1978;
Historia filmu polskiego. T. 1—6. Warszawa, 1966—44;
Encyklopedia kultury polskiej XX wieku: Film. Kinematografia. Warszawa, 1994;
Podlaski K. (Skaradziński B.). Białorusini, Litwini, Ukraincy. Białystok, 1990;
Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Mironowicz E. Białorusini w Polsce, 1944—1949. Warszawa, 1993;
Яго ж. Białorusini // Mniejszości narodowe w Polsce: Państwo i społeczeństwo polskie a mniejszości narodowe w okresach przełomów politycznych (1944—1989). Warszawa, 1998.
Герб і сцяг Польшчы.Да арт.Польшча. Вуліца Маршалкоўская ў Варшаве.Да арт.Польшча. Цэнтральная частка г. Катавіцы.Да арт.Польшча. Горад Закапанэ ў перадгор’ях Карпат.Да арт.Польшча. Ландшафт у цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Польшча. Спуск на ваду новага судна на верфі ў г. Шчэцін.Да арт.Польшча. Курган Т.Касцюшкі ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. 13 ст.Да арт.Польшча. Бізнес-цэнтр у Варшаве. 1991—93.Да арт.Польшча. Інтэр’ер ратушы ў Познані.Да арт.Польшча. Плошча Рынак у г. Замасць.Да арт.Польшча. Замак у Віснічу.Да арт.Польшча. Гандлёвыя рады «Сукеніцы» ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве. 1980—85.Да арт.Польшча. Я.Матэйка. Партрэт дачкі Беаты з канарэйкай. 1882.Да арт.Польшча. С.Выспянскі. Аўтапартрэт. 1902.Да арт.Польшча. Я.Мальчэўскі. Смерць Эленаі. 1907.Да арт.Польшча. Г.Стажэўскі. Фактурная кампазіцыя. 1930—31.Да арт.Польшча. Т.Цяслеўскі. Фантастычная Варшава. 1926.Да арт.Польшча. Вялікі тэатр у Варшаве.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Попел і дыямент» А.Вайды 1958.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Зямля запаветная» А.Вайды. 1975.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Патоп» Е.Гофмана. 1974.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Эскадрон» Ю.Махульскага. 1992.Да арт.Польшча. Калектыў «Каласкі» з Беластока ў час выступлення на V агульнапольскім фестывалі «Беларуская песня-98».Да арт.Польшча. Выданні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. 1960-я г.