Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

церушы́ць, церушу, цярушыш, цярушыць; незак.

1. што. Пераціраць, здрабняць што‑н. сухое. Васіліне не трэба было церушыць на далоні каласы і браць зерне на зуб, яна вокам вызначыла ступень спеласці збожжа. Хадкевіч. Васіль узяў жменьку трасты, пачаў церушыць: пасыпалася кастрыца, агаляючы тоўстыя, цемнаватага колеру валокны. Савіцкі.

2. што і чым. Прымушаць што‑н. сыпацца, падаць. Стаяла восень: вецер, пранізлівы і калючы, церушыў пажоўклае лісце бяроз, вольхі, асін, усцілаў гм дарогу. Сіўцоў. [Шыковіч] доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі. Шамякін.

3. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў. Купала. З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. В. Вольскі. / у вобразным ужыв. На чысты дол Пілы гнуткія цярушаць Пілавіння жоўты дождж. Панчанка.

цячы́, цячэ; цякуць; пр. цёк, цякла, ‑ло; незак.

1. Ліцца струменямі, патокам; ліцца, струменіцца ў якім‑н. напрамку. Рака цячэ. Слёзы цякуць. Кроў цячэ. □ Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка. Колас. У тры ручаі, мяшаючыся з густым пылам на твары за дарогу, цяклі з-пад мокрых валасоў рагі поту. Нікановіч. / у безас. ужыв. Са стрэх цякло.

2. Сыпацца, падаць струменьчыкамі (пра сыпкія рэчывы). З-пад ног сухі пясок цячэ Янтарнымі драбінкамі. Хведаровіч. Зерне цякло праз пальцы залатымі крупінкамі. Хадкевіч.

3. перан. Праходзіць, працякаць (пра час). Міналі, цяклі ночы і дні. Сачанка.

4. перан. Праходзіць, адбывацца; ісці сваім парадкам. Доўга гутарка цякла. Гілевіч. // Развівацца ў пэўнай паслядоўнасці. Ветрык ад халодных водаў дзьмуў у твар Данілу, а думкі ўсё роўна цяклі далей. Пестрак. Калі быць — дык мастом Над імклівай вадой, — Каб каханне цякло наша Рэчкай жывой. Куляшоў. Спакойна цякло жыццё. Гурскі. // Бесперапынна плаўна гучаць. І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня, Плыве ў душу, у сэрца хлапчука. Караткевіч.

5. перан. Ісці, рухацца суцэльным патокам, масай (пра вялікую колькасць людзей). Абуджаюцца вуліцы, цякуць патокі людзей. Гамолка. Цячэ праспект ракой шумлівай... Лойка.

6. Ісці ад чаго‑н., пахнуць; павяваць. Грыбны водар цёк з зямлі. Чорны. Ветры з поўдня на ўсход цякуць. Лявонны.

7. Прапускаць ваду (праз адтуліну, дзірку і пад.); мець цечу. Кацёл цячэ. Боты цякуць.

•••

Слінкі цякуць гл. слінкі.

Цёкам цячы — моцна цячы.