Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ка́рта, ‑ы, ДМ карце; Р мн. карт; ж.

1. Зменшаны чарцёж зямной паверхні або яе часткі з пераважным улікам тых або іншых спецыяльных прымет. Геаграфічная карта. Тапаграфічная карта. Лінгвістычная карта. // Чарцёж зорнага неба або паверхні планеты. Астранамічная карта. Карта Месяца.

2. Адзін з цвёрдых папяровых лісткоў, якія складаюць набор (калоду) для гульні і адрозніваюцца паміж сабой па намаляваных на іх умоўных фігурах або ачках чатырох масцей. Калода карт. Тасаваць карты. Казырная карта. // мн. (ка́рты, карт). Гульня пры дапамозе такіх лісткоў. Гуляць у карты. □ Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Чарнышэвіч.

3. Ліст паперы, бланк, які трэба запоўніць спецыяльнымі звесткамі. Санаторная карта. Тэхналагічная карта.

•••

Контурная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены абрысы вадаёмаў і сушы без назвы іх.

Нямая карта — вучэбная геаграфічная карта без абазначэння назваў.

Сінаптычная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены звесткі аб надвор’і, атрыманыя адначасова ў розных месцах (служыць для прадказання надвор’я).

Зблытаць карты гл. зблытаць.

(І) карты ў рукі каму — пра таго, хто мае ўсе магчымасці, умовы для чаго‑н.

Карта (стаўка) біта — пра чый‑н. пройгрыш, правал.

Раскрыць карты гл. раскрыць.

Скласці карты гл. скласці.

Ставіць на карту гл. ставіць.

кацяло́к, ‑лка, м.

1. Памянш. да кацёл; невялікі кацёл. Вечарамі загараліся вогнішчы, засынаючы іскрамі зорнае неба, у кацялках булькаў чай і ў змроку плыла то гарэзная, то ціхая і задуменная песня. Грахоўскі. // Невялікая металічная пасудзіна з дужкай і глыбокай накрыўкай, у якой вараць страву ў палявых умовах і з якой ядуць. Салдацкі кацялок.

2. Цвёрды мужчынскі капялюш з акруглым верхам і вузкімі палямі. Перад пачаткам канцэрта з’явіўся сівабароды чалавек у кацялку, чорным .. гарнітуры. Лужанін.

3. Разм. пагард. Галава. Кацялок варыць.