зе́рне, ‑я; мн. зерні, ‑яў і зярняты, ‑нят; н.
1. Дробны плод, семя злакаў; семя некаторых іншых раслін. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // зб. Насенне хлебных злакаў. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі.
2. Асобная частка, крупінка якога‑н. рэчыва. Хларафілавае зерне. Зерне пораху.
3. перан.; чаго. Зародак, ядро чаго‑н., зыходны пачатак. Водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды [у Палессе] .. з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды. Колас.
зерне... (а таксама зерня...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: «зерне», «зерневы», напрыклад: зернесушылка, зернеўборачны, зернесаўгас.
зерня... (гл. зерне...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «зерне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: зернясховішча, зерняедны.
зернепадо́бны, ‑ая, ‑ае.
Па форме і выгляду падобны на зерне. Зернепадобныя клеткі.
зярня́тка і зе́рнетка, ‑а; Р мн. ‑так; н.
Памянш.-ласк. да зерне (у 1 знач.).
•••
Макавага зярнятка ў роце не было гл. быць.
зе́рневы, ‑ая, ‑ае і зернявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да зерня (у 1 знач.). Зерневы фураж. // Звязаны з вырошчваннем зерня. Зерневая гаспадарка.
2. Які дае плады ў выглядзе зярнят. Зернявыя культуры. // у знач. наз. зе́рневыя, ‑ых. Злакавыя сельскагаспадарчыя культуры (жыта, пшаніца, авёс і пад.), зерне якіх выкарыстоўваецца як прадукт харчавання. Уборка зерневых.