жо́рны, ‑аў; адз. няма.
Ручны млын, які складаецца з двух гладка абчэсаных круглых камянёў, пры дапамозе якіх зерне пераціраецца на муку. Маня з мачыхай прасявалі пшанічную муку на пірагі к святу і дамолвалі высеўкі ў жорнах. Васілевіч.
жамчу́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жэмчугу, жамчужыны. Жамчужны промысел. Жамчужнае зерне. // Зроблены з жэмчугу; з жэмчугам, з жамчужынамі. Жамчужны пояс. Жамчужныя маністы. // перан. Падобны на жэмчуг, жамчужыну сваім выглядам, бляскам, белізною. Жамчужнае ззянне. Жамчужныя зубы.
•••
Жамчужны пат гл. пат.
жы́та, ‑а, М жыце, н.
1. Аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба. Зжаць жыта. Звезці жыта ў гумны. Абмалаціць жыта. □ З каласоў завязалі Бараду, як вялося, Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілася. Калачынскі.
2. Зерне гэтай расліны. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Затым пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч.
3. толькі мн. (жыты́, ‑оў). Жытнія палі. Дзівіўся: гэтакіх ніколі Не бачыў у жыцці жытоў. Прануза. На многа вёрст было відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.
жамчу́жына, ‑ы, ж.
1. Асобнае зерне жэмчугу. // Упрыгожанне з такога зерня. Прагныя вочы гасцей міжволі спыняліся на цудоўнай жамчужыне, якая вісела на грудзях у гэтай жанчыны. Маўр.
2. перан.; чаго або якая. Непаўторны скарб, лепшае ўпрыгожанне. Паэма Я. Коласа «Новая зямля» — жамчужына беларускай літаратуры.