бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.
2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.
бая́н, ‑а. м.
1. Вялікі гармонік з складанай сістэмай ладоў. А тут невялічкі, хударлявы Валерый Фралоў, углядаючыся ў зорнае неба, перабірае лады на баяне і ціха спявае «Школьны вальс». Грахоўскі.
2. Гіст. Паэт, пясняр. Песні для народа Тварыў баян Купала. Аўрамчык. Для вечнасці, спетай баянам сурова, Жыве Руставелі. Колас.