ахво́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які выказвае ахвоту, жаданне на што‑н., да чаго‑н. і пад. Малодшы Марцін да гаспадаркі не быў ахвочы. Карпюк. Каму з вас не цікава І хто з вас не ахвочы Прылегчы спаць на травы Пад зорны полаг ночы. Аўрамчык.
2. Руплівы, старанны. Валя Арэшка была чалавек пакладзісты, ахвочы. Скрыган.
ве́тах, ‑а, м.
Месяц у апошняй квадры, на зыходзе. Ад маладзіка да ветаха. □ Неба было зорнае і чыстае, толькі ля ветаха самотна вісела хмурынка. Асіпенка.
во́гнішча, ‑а, н.
1. Распаленая куча ламачча, дроў; агонь. Каля высокай меднастволай сасны палала вогнішча. Сіняўскі. З’явіліся першыя сем палатак на беразе Дзвіны, вечарамі загараліся вогнішчы, засынаючы іскрамі зорнае неба, у кацялках булькаў чай і ў змроку плыла.. песня. Грахоўскі.
2. Месца, дзе гарэў агонь. Патух агонь, пра яго ўсе забыліся, толькі белы попел ляжаў на вогнішчы. Чарнышэвіч. Збоку на вогнішчы ледзь-ледзь дымілася галавешка. Кулакоўскі. // Пажарышча. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчы палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва.
акве́ціць, аквечу, аквеціш, аквеціць; зак., што.
Паэт. Надаць каму‑, чаму‑н. прыгожы, прыемны выгляд пры дапамозе каго‑, чаго‑н. Не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.
вы́зарыць, ‑рыць; зак.
Стаць ясным, зорным (пра неба). [Нічыпар:] — Бачыце, як неба вызарыла. У такую ноч і пешкі прайсціся хораша... Хадкевіч.
іскры́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць, якасць іскрыстага. Зорная іскрыстасць. Іскрыстасць віна.
зіхаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.
1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.
2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.
бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.
2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.
захалада́ць, ‑ае; зак., безас.
Разм. Стаць халадней; пахаладаць. Узняўся вецер, у лясах загуло, к вечару захаладала. Чорны. Зноў захаладала, нават падкінула сняжку трошкі; ночы былі ясныя, зорныя. Савіцкі.
мацу́нак, ‑нку, м.
Разм.
1. Уласцівасць моцнага; моц, трываласць. — Гэта ж квас, як вада. У ім жа мацунку ўсяго, можа, адзін градус, — заспакоіў Косцік. Сабаленка. Дваццаць пяць год не кранулі перабродаўскіх будынкаў .. Яшчэ і да самай Айчыннай вайны яны захавалі свой мацунак і свежы колер гладка вычасанага бярвення. Чорны. Ядранымі зорнымі начамі набіраў мацунак мароз. Марціновіч.
2. Тое, чым можна падмацавацца, чаго можна пад’есці. Хлеб чорны, хлеб жытні, — Мацунак здаровы. Броўка.