тры́зненне, ‑я, н.

1. Стан паводле дзеясл. трызніць (у 1 знач.). У паўдрымоце, у гарачым трызненні .. [Саша] прыціскала .. галаву [Шапятовіча] да сваіх грудзей. Шамякін.

2. Бяссэнсавая гаворка хворага, які знаходзіцца без памяці. На задніх фурманках везлі, відаць, цяжка параненых, бо цяпер над дарогай чуліся прыглушаныя стогны, словы трызнення. М. Ткачоў. Трызненне адразу сціхла. Ранены прамармытаў нешта скрозь сон, роўна задыхаў. Лупсякоў. // Разм. Пазбаўленая сэнсу балбатня, бязглуздзіца. [Рыбакоў:] — Усё, што вы пагаварылі тут, — дзікае трызненне. Асіпенка.

3. Галюцынацыя. Некалькі гадзін .. [Іван] спаў непрабудна і глыбока, потым ліпкая мешаніна трызнення і рэальнасці пачала блытацца, кружыць у яго цьмянай, соннай свядомасці. Быкаў.

4. Мары, думкі аб кім‑, чым‑н. Але Ірма там будзе. І будзе аўтарскае трызненне ёю, шчымліва-ціхае і бясконцае — як песня падбітай птушкі. Карамазаў. Страх гэты дзіўна не цьмеў у яве, ён як бы пераходзіў з трызненняў у жыццё. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усадзі́ць, усаджу, усадзіш, усадзіць; зак.

1. што. З сілай уваткнуць вострым канцом, краем у што‑н. Усадзіць рыдлёўку ў зямлю. □ Дзядзька ўсадзіў сякеру ў бервяно, выпрастаўся і раптам глуха і хрыпла пачаў выгаворваць пляменніку. Мікуліч. У лесе было вядома, што Саўка ўсадзіў нож у бок войта, што Саўку аддалі ў рукі польскай улады. Колас. // Выстраліўшы, трапіць куды‑н. Дзік ходу, а паляўнічыя яшчэ па набою ў бакі ўсадзілі яму. Пальчэўскі. Народны мсцівец параўняўся з ім, зазірнуў у твар, каб не памыліцца, а потым павярнуўся і ўсадзіў кулю ў спіну здрадніку. Няхай.

2. што. Усунуць унутр чаго‑н., у што‑н. Люба ўжо не замыкала і шчыльна не зачыняла дзвярэй, каб.. [Стафанковіч], вярнуўшыся, не стукаў, а проста сам усадзіў галаву і сказаў бы сабе, што яму спатрэбіцца. Чорны. Потым усадзіў [Анупрэй] руку ў кішэню, пачаў шукаць люлькі. Пестрак. Усадзіла [Ніна] ногі ў шлёпанцы і вярнулася к тэлефону — пазваніць Васілю Кузьмічу. Лобан. // перан. Уставіць сваю заўвагу, сваё слова і пад. у чыю‑н. размову. Ірма хацела, відаць, паддобрыцца, а можа і тут убачыла штосьці смешнае, бо ўсадзіла сваё: — Фрау Грубэр, і я ўжо бачыла.. [палонных]. Брыль.

3. каго-што. Прапанаваць, прымусіць або памагчы сесці; пасадзіць. Сынклета Лукінічна правяла.. [Шашу] ў пярэдні пакой, усадзіла на канапе каля стала. Шамякін. Гаспадыня зноў усадзіла гасцей за стол. Гурскі. Кастусь усадзіў Ліпу ў кабіну, а сам палез у кузаў. Гаўрылкін. [Раненых] ўсадзілі і ўлажылі на пярэднія падводы, дапамаглі ямчэй умасціцца. Жычка.

4. каго. Прымусіць займацца чым‑н. (звычайна седзячы). [Вера Антонаўка] без дай прычыны, проста па звычцы, абышла пакоі, усадзіла за піяніна Леначку і села побач. Карпаў. Прывучаць мяне сталі да працы, За шавецкі ўсадзілі варштат. А. Александровіч.

5. што. Разм. Пасадзіць пячыся. Усадзіць хлеб у печ.

6. што. Заняць раслінамі які‑н. участак зямлі; засадзіць. Усадзіць градку кветкамі.

7. перан.; што і чаго. Разм. Расходаваць, патраціць вялікую колькасць чаго‑н. Зіна паехала .. у зімовым паліто без таліі, бо вясковы кравец, калі яго шыў, кіраваўся толькі адным прынцыпам: пастарацца як найбольш усадзіць у яго ваты. Карпюк. — Чакай, — кажа Усевалад. — От гэта правільна, якраз ты [Барыс] мне і думку падаў. Гэта ж таксама тыя лішнія запасы, у якія мы бог ведае колькі грошай усадзілі. Скрыган.

•••

Усадзіць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)