І́лка ’лапта, дзіцячая гульня з мячом’, ’палка, якой б’юць мяч у гульні ў лапту’ (Бяльк.; Рам., 8, 576). Ад іліць (гл.) з суф. ‑к‑а, які характарызуе прадмет паводле яго прызначэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ілі́ць ’ухіляцца, рабіць выкруты; круціцца, быць неспакойным; моцна дамагацца, настойваць’ (Нас.), ’круціцца’ (Гарэц.). Рус. юли́ть, дан. и́лить ’падаваць мяч у гульні’. Найбольш верагодна этымалагічная сувязь з віць (гл.); параўн. віліць, віляць. Не выключана таксама магчымасць супастаўлення з вір1, вірыць (гл.). Іншыя тлумачэнні слова юлить у рус. мове выклікаюць пярэчанні фармальнага і семантычнага характару; гл. крытычныя заўвагі Фасмера (4, 529–530). Гл. ілка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

павады́р, ‑а, м.

1. Той, хто водзіць каго‑н. Павадыр мядзведзя. □ Па дарозе ў вёску Ціхі Бор ішоў сляпы жабрак Мітрафан, трымаючыся рукою за плячо свайго хлопца-павадыра. Чарот. Сляпы сляпому не павадыр. Прыказка. // Той, хто паказвае дарогу; праваднік. Павадыр каравана. □ Ісці было нядоўга, але такімі сцежкамі, што без павадыра загубіўся б тут на першай вярсце. Якімовіч.

2. Разм. Важак, кіраўнік якой‑н. групы. Павадыр атрада. □ Толькі адзін павадыр табара аднавокі Ілка сядзіць .. з малымі пры самым агні. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадзява́цца, ‑дзяю́ся, ‑дзяе́шся, ‑дзяе́цца; ‑дзяёмся, ‑дзеяце́ся; незак.

1. на што, з інф., без дап., са злучн. «што». Мець надзею, спадзяванне, разлічваць на што‑н. Ішоў [Папас] вуліцаю ля кааператыва, спадзяваўся напаткаць каго [са] знаёмых. Галавач. Ілка ўсё яшчэ на нешта спадзяецца і сядзіць на месцы. Лупсякоў. А я ўсё спадзяваўся І верыў... Эх, надзеі! Калачынскі. // чаго, са злучн. «што». Чакаць чаго‑н. Апошнія словы балюча кальнулі Сцёпку, хоць гэтага ён і спадзяваўся ад бацькі. Колас. Што дасі заўтра, доля зманлівая, Спадзяюся пацехі я мала. Купала. — Гм, — паморшчылася пані, — гм, я не спадзявалася, што ты кепска выхаваны. Бажко. / 1 ас. адз. цяпер. спадзяю́ся, у знач. пабочн. [Доктар:] — А тое, што я тут вам гаварыў, спадзяюся, застанецца між намі. Машара. [Ганя:] — Без маёй прысутнасці вы, спадзяюся, усё высветліце і разберацеся... Грамовіч.

2. на каго-што. Мець упэўненасць у кім‑, чым‑н.; мець спадзяванні на каго‑н. А сябры чакаюць, спадзяюцца на яго — Янку Корвуна. П. Ткачоў. Значыць, .. [Рабы] хітруе і не вельмі спадзяецца на мяне. Якімовіч. На .. [Бумажкова] спадзяваліся як на чалавека, які ў рашучы момант дасць верную параду. Чорны.

•••

Спадзявацца на манну нябесную — разлічваць на выпадковую ўдачу, на што‑н. дармавое.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)