Іва́нчык1 ’конік лугавы, Saxicola rubetra’ (Бел. нав. тэрм., 12, 32), іва́ньчык ’салавей’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. ива́нчик калуж. ’птушка-рыбалоў’, дан. ’сінічка’, укр. ивано́к ’зімародак’ (Грынч.). Утворана ад уласнага імя Іван з памянш. суф. ‑чык, на які накладваецца гукапераймальны элемент (Антропаў, дыс.).

Іва́нчык2 ’страўнік свінні, напханы мясам і правялены’ (Вешт., 379). Утварэнне з суф. ‑чык ад уласнага імя Іван. Семантычная матывацыя застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пата́пцы, пота́пцы, пота́пці, адз. пота́пец; пота́пыць ’крышаныя ў ваду, малако, квас, боршч кавалачкі хлеба ці сухароў’ (Вешт., Маш.; глус., Янк. Мат.; Сержп., Грам.; ганц., калінк., Мат., Сл. ПЗБ; пін., лун., Сл. Брэс.). Укр. палес. пота́пци ’тс’. Відаць, да ⁺патопец ’тое, што патоплена’ — кавалачкі хлеба топяцца ў вадкасці. Да тапі́ць (тану́ць) (гл.). Канчаткова лексема набыла форму пад уплывам слова (імя) Патап (параўн. іва́нчык ’вантрабянка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зда́цца 1, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; заг. здайся; зак.

1. Спыніўшы супраціўленне, прызнаць сябе пераможаным. Гарнізон здаўся. Армія здалася. Здацца ў палон. □ Шмат разоў дзень змяняўся ноччу, а крэпасць жыла і на прапанову здацца адказала шквалам агню. Кудраўцаў. / Пра спыненне супраціўлення ў спартыўных гульнях. Шахматыст здаўся на трыццатым ходзе. // Адступіць перад цяжкасцямі, перашкодамі; паддацца, уступіць каму, чаму‑н. Нарэшце Іван здаўся: махнуў на ўсё рукой і паехаў у горад, завербаваўшыся ў брыгаду па будаўніцтву чыгуначных мастоў. Васілевіч. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Дай, га? — На, паднясі, — здаўся Чыжык. Няхай.

2. Даверыцца каму‑, чаму‑н., паспадзявацца на каго‑, што‑н. — Я ўжо цалкам здаюся на цябе, — пасмяяўся .. [Рыгор]. Гартны.

3. Разм. Аслабець фізічна; заняпасці. — Нешта я зусім здалася, — сказала [маці]. — Памажы хіба, сынок. Якімовіч.

•••

Здацца на літасць каго — здацца безагаворачна, без усякіх умоў.

зда́цца 2, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Паўстаць у якім‑н. выглядзе, выклікаць пэўнае ўражанне. І сам Іванчык здаўся Міканору не гэткім, як раней, быццам яшчэ падрос хлопчык. Кулакоўскі. Стройная, рухавая, з кранутым ужо сонцам прыемным тварам, дзяўчына здалася Паходню знаёмай. Хадкевіч.

2. безас. каму. Узнікнуць у думках, адчуваннях; уявіцца. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

•••

Неба з аўчынку здалося гл. неба.

зда́цца 3, буд. і заг. не ужываецца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак., каму.

Разм. Спатрэбіцца. — І нашто табе здаўся гэты хор? Поп маўчыць, не лезе з хорам, дык табе трэба свае тры грошы ўткнуць. Колас. — Макар, там з ног збіліся, шукаючы цябе. — Навошта я каму здаўся? Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)