Яго́р

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. Яго́р Яго́ры
Р. Яго́ра Яго́раў
Д. Яго́ру Яго́рам
В. Яго́ра Яго́раў
Т. Яго́рам Яго́рамі
М. Яго́ру Яго́рах

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

Аб’яго́рыць ’ашукаць’ (Бяльк., Юрч. Сін.) < рус. объегорить або самастойна ад Ягор. Звязана з Юрʼеў або Ягораў дзень. Праабражэнскі, 1, 633; Унбегаун, BSL, 52, 172. Праабражэнскі думае пра кантамінацыю з обыграть, спасылаючыся на бел. аб’яхерыць ’ашукаць’ (Нас.) (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пасіне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пасінеў. Уся пасінелая ад холаду бегла следам за Косцікам Аксіння, трымаючы ў руках яго торбачку з кнігамі. Пальчэўскі. Ягор.. безліч разоў бачыў гэты пачырванелы і пасінелы адначасова вечаровы Сож, зарэчныя лугі, пагорыстыя далягляды. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́кельшчык, ‑а, м.

1. Той, хто нясе факел у час шэсця, працэсіі.

2. Той, хто падпальвае што‑н. пры дапамозе факела. Ягор ведаў прыёмы гітлераўскіх факельшчыкаў: абліць сцены газай і на хаду падпаліць. Кавалёў. // перан. Той, хто падбухторвае на вайну. Факельшчыкі вайны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старарэ́чышча, ‑а, н.

Старое рэчышча ракі. Па Кавалёўцы даўно хадзілі чуткі, [я]шчэ Ягор быў малы, што недзе тут ляжала старарэчышча, і калі французскі імператар Напалеон уцякаў з Масквы, то ў гэтым месцы пусціў пад лёд сваю залатую карэту. Карамазаў. Дняпро заліў паплавы .. Старарэчышчы ператварылася ў пратокі, у доўгія азёры. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зара́за, ‑ы, ж.

1. Хваробатворныя мікраарганізмы, носьбіты і распаўсюджвальнікі хваробы. Баяцца заразы. Рассаднік заразы. □ Так і ляжыць [балота], засланае прэллю гнілых туманоў, поўнае машкары, камарэчы, разносячы заразу. Колас. // перан. Адмоўная з’ява ў сферы грамадскага жыцця, якая з’яўляецца перашкодай для прагрэсу. Рэлігійную заразу Ненавіджу, не цярплю! Я за ўсё жыццё ні разу Не заглянуў у царкву. Гілевіч.

2. перан. Разм. лаянк. Пра шкоднага, паганага чалавека або жывёліну. — У-у, зараза! — прасіпеў Ягор услед Піню. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да радаслоўя (у 1 знач); генеалагічны. Радаслоўная кніга. Радаслоўныя запісы.

2. у знач. наз. радасло́ўная, ‑ай, ж. Пералік пакаленняў аднаго роду, які ўстанаўлівае паходжанне і ступень роднасці. Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак. Толькі аднойчы Ягор Захаравіч прыадчыніў акенца ў сваю радаслоўную: — Бацька мой бунтаўшчыком быў. Карамазаў.

•••

Радаслоўнае дрэва гл. дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плява́ць, плюю, плюеш, плюе; плюём, плюяце; незак.

1. Выкідваць, выдаляць з рота сліну, макроту і пад. Дубовік ведаў, што Доўнар ненавідзіць яго, таму і ішоў ззаду, каб не пападацца яму на вочы, а той штохвілінна азіраўся, зняважліва пляваў на снег і мармытаў нешта ўпаўголаса. Чарнышэвіч. [Стары] курыў і пляваў сабе пад ногі. Чорны.

2. перан.; на каго-што. Разм. Адносіцца да каго‑, чаго‑н. з пагардай, зусім не лічыцца з кім, чым‑н. Наогул, як гэта можна пляваць на тое, што зрабіў рабочы чалавек! Шахавец. // інф. пляваць у знач. безас. Усё адно, усё роўна. — У-у, зараза! — прасіпеў Ягор услед Піню. — Што чалавек загінуў, яму пляваць. Каня шкадуе. Корбан.

•••

Пляваць у вочы — зневажаць каго‑н.

Пляваць у столь — нічога не рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шуснуць, нырнуць, шмыгнуць хутка куды‑н., рэзка падацца куды‑н. Хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Быкаў. [Юлька] скокнула з адхоннага берага на плыт, ды крыху раней, чым Ягор Навалёк падаў руку, — каўзанулася на акораным бервяне і, войкнуўшы, шаснула ў ваду. Карамазаў.

2. З шумам, хутка ўпасці, зляцець, паваліцца. Храснула апошні раз [дрэва] і з страшэнным хрустам шаснула на грэблю. Маўр. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка.

3. Моцна стукнуць па чым‑н. Адрэзаны кавалак дошкі хруснуў, шухнуўся ўніз, шаснуў па шчэбеню. Ставер.

4. З шумам, свістам хутка праляцець. Кулі роем шаснулі над галовамі. Б. Стральцоў.

5. Разануць. Падумала была [Марфа] шаснуць нажом у хаце, але не стала — панясе цэлы [кавалак сала]. Чыгрынаў.

6. Хутка запісаць. — А ну, — кажа мне дзядзька Паўлюк, — шасні гэта, Лявон, на паперку. Гэта ж, брат, казка! Брыль.

7. Разбіць. Баба міскі шаснула Ды рукамі пляснула. Бічэль-Загнетава.

8. Лінуць. [Аўдотка] шаснула ваду ў надоенае малако. Вітка.

9. Утварыць шоргат, глухі шум. Раптам нешта шаснула ў кустах. Бядуля. У рацэ і над ракою Шаснуў вецер неспакойны. Панчанка. Вусцішна Зосі адной паміж лесу.. Дзе што шасне, яна ўздрыганецца, адагнецца, прыглядаецца ў той бок, пакуль не заўважыць, што там птушка з галінкі на галінку пералятае. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, форм. Прыгожы від. Прыгожы дом. Прыгожая знешнасць. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. // Які вызначаецца сваёй гарманічнасцю, стройнасцю, зграбнасцю рухаў. Прыгожы танец. □ Усё .. рабіла .. [Таццяна], не спяшаючыся, скупымі і прыгожымі рухамі спрытнай гаспадыні. Шамякін. // Добры, пагодлівы; маляўнічы (пра час, пару). Прыгожы вечар. Прыгожы зімні дзень. □ Сухая, прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны: дыму, копаці, смерці. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Які прыемна гучыць, добра ўспрымаецца на слых. Прыгожае імя. Прыгожая мелодыя. Прыгожая песня.

2. Які мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараством. Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое,.. як адданы былі [рэвалюцыянеры] сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе. Зарэцкі. Самая прыгожая ў свеце — У краіне нашай маладосць! Броўка.

3. Неадабр. Эфектны знешне, але беззмястоўны. — Сапраўдны чалавек мірнае жыццё плануе, — заўважыў Ягор і .. засароміўся, што словы выйшлі занадта ўжо прыгожымі... Кавалёў.

4. у знач. наз. прыго́жае, ‑ага, н. Тое, што адпавядае ідэалам прыгажосці, хараства. Пачуццё прыгожага. Праблема прыгожага. □ Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Купала. Метад крытычнага рэалізму не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе ідэал, прыгожае, якое сцвярджаецца, між іншым, праз адмаўленне агіднага. Конан.

•••

Прыгожае пісьменства гл. пісьменства.

Прыгожы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)