шчаню́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Тое, што і шчаня.

2. перан. Пра маладога, неспрактыкаванага чалавека (лаянк., разм.).

Як ты размаўляеш са старэйшымі, ш.!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шчаню́к

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. шчаню́к шчанюкі́
Р. шчанюка́ шчанюко́ў
Д. шчанюку́ шчанюка́м
В. шчанюка́ шчанюко́ў
Т. шчанюко́м шчанюка́мі
М. шчанюку́ шчанюка́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

шчаню́к, -ка́ м., прям., перен. щено́к

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

шчаню́к, ‑а, м.

1. Тое, што і шчаня. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых іголак. Брыль. Шчанюк круціўся каля плота. Малы, таўсматы, на кароткіх і шырокапастаўленых лапах. Паўлаў.

2. перан. Разм. Пра маладога, неспрактыкаванага чалавека. Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі, Праязджаў... Убачыў... Адняў... Як я мог не адчуць: ты скутая? Не пачуць здалёк: ты ў бядзе? Караткевіч. Побач з гэтым мацёрым бандытам Палітаў выглядаў шчанюком. «Маладосць». / Ужываецца як лаянка. Чыкілевіч правёў Мікіту злосным вокам... «У, шчанюк!» — працадзіў ён скрозь зубы. Колас. — Ах ты, шчанюк! — злосна прабурчаў паліцай. — Чаго крычыш на ўсю вуліцу? Самі бачым... Няхай. Шчанюк! — зашыпеў Сімон, яшчэ раз пляснуўшы Іліко па шчацэ. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́щенок бран. шчаню́к, -ка́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кутёнок м., обл. шчаня́ и шчанё, -ня́ці ср.; шчаню́к, -ка́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

щено́к м., прям., перен. шчаня́ и шчанё, -ня́ці ср., шчаню́к, -ка́ м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

малакасо́с, ‑а, м.

Пагард. Пра вельмі маладога чалавека, які не ведае жыцця, не можа яшчэ стала разважаць. — Давай, давай!.. Малакасос!.. Не згубіся. Цягнецца, што цяля. У твае гады я з прыскокам... — Гэта крычыць на яго, Юрку, Акцызнік. Пташнікаў. — Ну і людзі! Рабі ім дабро, старайся, а яны табе... Хоць якія там людзі. Лёшка — шчанюк, малакасос. Асіпенка. Прызнацца, не вельмі прыемна, калі вось такі рыжаваты малакасос, як дарослы, совае нос не ў сваю справу. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; незак.

1. Цягнуцца па зямлі, падлозе і пад. За трактарамі валачыліся прывязаныя да іх счэпы з плугоў, баран, культыватараў, сеялак. Хадкевіч. Крывая тонкая шабля паручніка валачылася па зямлі. Скрыган. // Хадзіць услед за кім‑н. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк. Лужанін.

2. Разм. Вандраваць, блукаць; бадзяцца. Курачка валачыўся па вёсках і хутарах пад выглядам шаўца. Чарнышэвіч. [Мікола:] — Валачыцца тут [Капейка] хутка год. А хто, адкуль — так і не дойдзеш да ладу. Брыль. [Бацька:] — Дзе ты ноч у ноч валочышся? Навуменка.

3. за кім. Разм. пагард. Заляцацца. А што за.. [Варай] валочыцца і пры кожнай сустрэчы чэпіцца да яе гэты белабрысы брыгадзір Даніла Анішчык, Вара і не вінавата. Дуброўскі.

4. Зал. да валачыць (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цягнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпасці з чаго‑н. ад штуршка, неасцярожнага руху; вышмаргнуцца. Выцягнулася нітка з іголкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца даўжэйшым, падоўжыцца. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую кучу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.

3. Вырасці, стаць высокім, рослым. [Хлапец] падрос, выцягнуўся, як тая сасёнка ў бары, пашырэў у плячах. Асіпенка.

4. Выцягнуць сваё цела на ўсю даўжыню; расцягнуцца. Шчанюк выцягнуўся на пяску доўгім целам сваім і ціха завыў. Чорны.

5. Выпрастаўшыся, стаць прама. Майбарада спалохана падхапіўся, выцягнуўся перад камандзірам, апраўляючы пакамечаны бушлат. Шамякін.

6. Стаць у адну лінію, размясціцца радамі, ланцугом і пад. На гэты раз тут [у інтэрнаце] .. двума радамі выцягнуліся сталы. Васілевіч. Коннікі, пяхота.. доўгім вужам выцягнуліся па лугавой дарозе. Брыль.

7. Разм. Выйсці адкуль‑, куды‑н., ледзь перастаўляючы ногі; вывалачыся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)