прасёлачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прасёлка, з’яўляецца прасёлкам. Шашура выбраў на гэты раз ціхую, мала аб’езджаную прасёлачную дарогу. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́тутны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да статута. Пры камісару Шашура заўсёды стараўся трымацца статутных правіл. Мележ. — Вы ўжо не першы раз парушаеце строгі статутны парадак, — пачаў камандзір, калі Зуб зайшоў у канцылярыю. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насці́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. насціг, ‑гла і насцігнуў, ‑гнула; зак., каго-што.

Дагнаць, гонячыся за кім‑, чым‑н. Гітлеравец, скарыстаўшы хвіліну замяшання, неспадзявана рвануўся назад. «Стой!» — крыкнуў Шашура. Праз два крокі ён насціг уцекача. Мележ. Іван хацеў запярэчыць, але Якаў загаварыў далей: — Значыць, і цябе мой лёс насцігнуў. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсцёбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго.

Падганяючы, сцебануць злёгку чым‑н. гнуткім. Шашура ўзяў лейцы, лёгка падсцёбнуў каня, і павозка кранулася. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць рабіць што‑н. хутчэй, лепш; паскорыць што‑н. — З Пецярбурга, — коратка буркнуў англічанін. І гэта як бы падсцёбнула карчмара. Ён закрычаў: — Хая, Сорка, Клара, Шмуль!.. Паспяшайцеся. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

труха́, ‑і, ДМ труса, ж.

Разм. Перацёртае сена, салома і пад.; пацяруха. Шашура злез на зямлю і атрос з сябе саламяную труху. Мележ. // Дробныя сухія рэшткі чаго‑н. наогул (паперы і пад.). Недасушаны торф траціць свае высокія паліўныя якасці, а пад дзеяннем марозу і зусім разбураецца, ператвараецца ў труху. «Беларусь». // перан. Што‑н. нікчэмнае, якое не мае карысці. Хто ж рые ямы на шляху, у пыл паваліцца той ніцма, і ператруць яго ў труху пуцін далёкіх навальніцы. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. кім-чым. Кіраваць на працягу нейкага часу. За адзін учарашні дзень Грышка паспеў пабываць у кабіне магутнага тралёвачнага трактара і пакіраваць лесавозам. Паслядовіч. — Дык от, Галіна Казіміраўна, .. вам давядзецца пакіраваць калгасам, пакуль вернецца Леўчык. Сабаленка.

2. Разм. Тое, што і накіраваць (у 1, 2 знач.). Шашура прайшоў у канец палоскі, налёг на ручкі, перавёў плуг на другі край вагона і накіраваў назад. Мележ. Людзі з першай жа хвіліны пакіравалі свае думкі да пераспелага жыта. Чорны.

3. Разм. Тое, што і накіравацца (у 1 знач.). [Зося] прабегла ўсю сценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; заг. прыкладзі; зак., што.

1. Пакласці на што‑н., наблізіць да сутыкнення з чым‑н. Маці прыклала да галавы дзеду намочаную халодную хустачку, і дзед паспакайнеў, пачаў дыхаць раўней. Хомчанка. [Майбарада] непрыкметна прыклаў палец да вуснаў, што значыла маўчы і згаджайся. Шамякін. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Мележ. // Паклаўшы што‑н. зверху, прыціснуць. Прыкласці сыр каменем. // чым. Пакрыць, абкласці чым‑н. з мэтай лячэння. Прыклала да раны бабуля Гаючыя лекі з травы. Смагаровіч.

2. Дадаць, далучыць да чаго‑н. Прыкласці да заявы даведку з месца жыхарства. Прыкласці да дакументаў фотакартку. □ Запоўніць лепш анкету, Прыкласці біяграфію, Чым скласці кнігу гэту. Вітка. // Разм. Прыдумаць, дадаць ад сябе (пры пераказе чаго‑н.).

3. Накіраваць дзеянне чаго‑н. на што‑н., выкарыстаць з якой‑н. мэтай. Прыкласці ўсе намаганні. Прыкласці веды. □ — Старанна нам не пазычаць, абы знайшлося, дзе яго прыкласці, — адказаў Даніла. Пальчэўскі. Сходы на фронце заўсёды выклікалі ў Язэпа прыліў сіл, энергіі і празрыстую яснасць, як і куды прыкласці гэтую сілу. Асіпенка.

•••

Прыкласці рукі да каго-чаго — тое, што і прылажыць рукі да каго-чаго (гл. прылажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каці́ць, качу, коціш, коціць; незак.

1. каго-што. Рухаць, перамяшчаць які‑н. круглы прадмет, прымушаючы яго вярцецца. Каціць бочку. Каціць мяч. □ А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас. // Рухаць, везці што‑н. на колах. Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг процітанкавую гармату. Мележ. Па цяністай алеі малады мужчына асцярожна каціў дзіцячую каляску. Гроднеў.

2. што. Перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад. Толькі Бярэзіна, вада ў якой пацямнела ад холаду і хмурнага неба, спакойна і велічна коціць сваю плынь. С. Александровіч. Наша возера хвалямі б’ецца, Коціць пену сваю на пяскі. Калачынскі.

3. перан.; што. Губіць, нішчыць (пра эпідэмія), павальную хваробу). Геня ніяк не мог адразу зразумець, што хоча сказаць Кася, бо тая так хвалявалася, нібы на ферме .. чума.. коціць усю жывёлу. Пташнікаў.

4. Разм. Тое, што і каціцца ​1 (у 2, 3, 4 і 5 знач.). І машына коціць.. мякка, бясшумна. Лынькоў. Па дарозе, уздымаючы слуп пылу, коціць на кірмаш айцец Парфіры. Чарот. А час ідзе, на захад коціць сонца. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)