цыркуля́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (разм.).

Машына для распілоўкі дрэва з дыскавай пілой; цыркулярная піла.

Круглая піла для цыркуляркі.

|| прым. цыркуля́рачны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цыркуля́рка

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. цыркуля́рка цыркуля́ркі
Р. цыркуля́ркі цыркуля́рак
Д. цыркуля́рцы цыркуля́ркам
В. цыркуля́рку цыркуля́ркі
Т. цыркуля́ркай
цыркуля́ркаю
цыркуля́ркамі
М. цыркуля́рцы цыркуля́рках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

цыркуля́рка ж. пилора́ма с ди́сковой пило́й

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

цыркуля́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Машына для распілоўкі дрэва, рэжучай часткай якой з’яўляецца дыскавая піла. У Качанах невялікі шпаларэзны завод, і вясной я прыязджаў сюды разжыцца круглай пілой для нашай цыркуляркі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пилора́ма цыркуля́рка, -кі ж., пілара́ма, -мы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

чо́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Утвараць глухія адрывістыя гукі (пра рухавік, гадзіннік, сякеру і пад.). Недзе працавіта чохкаў рухавічок і з посвістам скуголіла цыркулярка. Сабаленка. Над акенцамі білетнай касы бойка чохкалі просценькія з прычэпленай гайкай-падвескай ходзікі і паказвалі ні многа ні мала — дзевяць. Ракітны. Шоргалі звонкія пілы, гахалі і чохкалі сякеры, цвыркалі скоблі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпунт, ‑а, М ‑нце; мн. шпунты, ‑оў; м.

Спец.

1. Спецыяльны падоўжны выступ ці паз для злучэння дошак, брусоў, блокаў і пад., а таксама злучэнне такога віду, пры якім выступ адной са злучаных частак уваходзіць у паз другой часткі. У тыя пазы заходзяць шпунты другіх дошак, і, такім чынам, сценкі вулея становяцца вельмі шчыльнымі. Ваданосаў.

2. Дошка, брус, бэлька і пад., на адным канце якой зроблены падоўжны выступ, а на другім — паз. [Аспірант:] — Во, чуеш, і цыркулярка заспявала. За сасонку ўзяліся: шпунты для катлавана апілоўваюць. Брыль.

3. Спецыяльны корак, якім затыкаюць бочку з віном або півам. А .. [піва] так усхадзілася, што выбіла шпунт. Грахоўскі.

•••

Ад усіх бочак шпунт; пад усе бочкі шпунт — пра чалавека, якога калі трэба і калі не трэба пасылаюць выконваць розныя даручэнні, просьбы.

[Польск. szpunt ад ням. Spund.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)