адна́к, (зрэдку ў спалучэнні з часціцай «жа»).
1. злучнік супраціўны. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа. Па сваім значэнні адпавядае злучніку «але» з абмежавальным адценнем. Качак пакуль што няма, аднак яны могуць быць. Брыль. Каб адагнаць сон, [Марылька] устала, прабегла па беразе, аднак праз нейкі час паўтарылася тое ж самае. Кулакоўскі. // У гэтым жа значэнні злучае сказы і члены сказа са значэннем неадпаведнасці. Сашы было не да гэтага хараства, аднак і яна звярнула ўвагу на такі цуд прыроды. Шамякін. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Аднак жа вецер густа халадзіў цела. Чорны. — Што толькі тут можна насіць? — прабурчаў Алесь, узважыўшы сумку на руцэ, аднак закінуў сабе за спіну. Шыцік. // Ужываецца ў складаназалежных уступальных сказах для проціпастаўлення галоўнай часткі даданай. У кватэры хоць і ўсё, здаецца, было па-ранейшаму, аднак адчувалася раптоўная, рэзка падкрэсленая пустата. Зарэцкі. Хаця Уолтэр меў пад шэсцьдзесят, аднак быў бадзёры, рухавы. Гамолка.
2. пабочн. Тым не менш, усё ж, усё-такі. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Капітан, аднак, не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ. [Рыгор:] «Што яна [Ганна] робіць цяпер? Цікавая, аднак, дзяўчына! І трэба ж было мне з ёю спаткацца». Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што. Рэзка ўзняць, падняць што‑н. уверх. Ускінуць сцяг над калонай дэманстрантаў. □ Сяржант ускінуў угару карабін, у момант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Музыкі раптам ускінулі ўгару трубы і.. грымнулі вальс. Дайліда. // і чым. Зрабіць рэзкі рух уверх якой‑н. часткай цела. Ускінуць галаву. □ — Вон! — пачуўся раптам стогн. Зубр сярдзіта ўскінуў рогі. Вітка. — Што ж я буду гаварыць? — ускінула тонкія бровы дзяўчына і зачырванелася. — Бачыце, я ж занятая... Кухараў. У адзін момант ускінуў.. [Сяргей Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас.
2. каго-што. Кідаючы, ускласці, навесіць, начапіць на што‑н. Ускінуць граблі на воз. Ускінуць рукзак на плячо. Ускінуць плашч на руку. □ Цяля хуценька ўскінулі на воз, прыкрылі саломай — і на ферму. Дуброўскі.
3. што. Накінуць паверх чаго‑н., укрываючы, закрываючы каго‑, што‑н. [Ратушняк] ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку. Пташнікаў.
4. што. Разм. Надзець, накінуць на сябе што‑н. (звычайна на скорую руку). Стары Ермаліцкі насунуў шапку задам наперад, ускінуў на плечы кажушок і пабег у стайню. Грахоўскі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку, завязаўшы ражкі каля шыі. Ваданосаў.
•••
Ускінуць вочы (позірк) — хутка глянуць уверх або на каго‑н. Уолтэр здзіўлена ўскінуў вочы на генерала. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)