ты́рыцца

дзеяслоў, непераходны, незакончанае трыванне, зваротны, 2-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. ты́руся ты́рымся
2-я ас. ты́рышся ты́рыцеся
3-я ас. ты́рыцца ты́рацца
Прошлы час
м. ты́рыўся ты́рыліся
ж. ты́рылася
н. ты́рылася
Загадны лад
2-я ас. ты́рся ты́рцеся
Дзеепрыслоўе
цяп. час ты́рачыся

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Насты́рны ’ўпарты, настойлівы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’упарты, задзірысты’ (ТС), nastyrniony ’тс’ (Пятк. 2), сюды ж настыра́цца ’псаваць адносіны, задзірацца’ (ТС, Жд. 2), nastyrniàcsa ’задзірацца’ (Пятк. 2), насты́рыцца ’завесціся, пасварыцца’ (ТС), параўн. укр. насти́рний ’надаедлівы’, рус. насты́рный ’назойлівы, нахабны’, славен. nástoren ’упарты, надаедлівы, злы’. Відаць, звязана чаргаваннем галосных таксама з балг. дыял. наста́рам са, насто́ра са ’падбухторваць, паклёпнічаць, псаваць адносіны’, серб.-харв. nastoriti ’адчуваць агіду’, якія разам з серб.-харв. nástor ’нянавісць, злосць’, славен. nástor ’упартасць, варожасць’ узводзяць да *na‑sъ‑tor‑ ад прасл. *terti, *tьrǫ, гл. церці (Варбат, Слав. языкозн., 1973, 98; Морфонологические и словообр. аспекты реконстр. и этимологизации праслав. лексики. АДД. М., 1980, 14); адносна чаргавання галосных параўн. це́рціся і ты́рыцца ’ацірацца’ (Нас.). Сюды ж, відаць, і рус. сты́рить ’дражніць; сварыцца; спрачацца, упарціцца і інш.’, паводле Фасмера (3, 789), няяснага паходжання, якое, аднак, чаргаваннем галосных можа быць звязана з паўднёваславянскімі формамі і польск. storzyć ’хваліцца, ганарыцца, задавацца’ (Брукнер, 517, да *stor‑, *ster‑, параўн. старана́, распасце́рці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)