Трэп ‘дарога, сцежка’: адным трэпам ходзіць (Вушац. сл.). Відавочна, варыянт да троп (гл.) з дыялектным чаргаваннем о > э ў аснове пад націскам, параўн. Карскі 1, 104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́пнуць ‘нечакана ўдарыць, брыкнуць нагой (пра каня, карову)’ (Шат., Варл., Сцяшк. Сл.), ‘стукнуць’ (Мат. Гом.), трэпну́ць ‘тс’ (ТС), трі́пнуты ‘страпянуцца, уздрыгануцца’ (кам., ЖНС), трэпну́цца ‘тс’ (ТС). Аднакратныя дзеясловы да тро́паць, трэ́паць, трапа́ць, гл. таксама выклічнікі трэптрэп ‘брык-брык’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ‘стук-стук (пра сэрца)’ (ашм., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́пуцень экспр. ‘несур’ёзны, непаслухмяны чалавек’ (Руб.), сюды ж, магчыма, трэп — мянушка чалавека па прозвішчы Трыпуцень (Аляхн.). Відаць, звязана з трэпнуць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапа́ ’сцежка’ (Бяльк., Адм.), трапі́на ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ), тропі́на ’тс’ (Мат. Гом.), тро́па ’сцяжынка’ (ігн., Сл. ПЗБ), трапі́нка ’тс’ (Ян.), тропі́нка ’тс’ (ТС), тропэ́на ’дарога’ (драг., Ск. нар. мовы), тро́пка ’сцяжынка’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Др.-Падб.). Укр. тропа́, троп, тріп ’след’, ’вузкая горная сцежка’, ’шлях, кірунак’, укр. гуц. трапа́ш ’зімовая дарога, вытаптаная авечкамі’, рус. тропа́ ’сцежка, дарожка’, стараж.-рус. тропа ’шлях, дарога’, польск. trop ’след, каляіна’. Дапускаюць прасл. *tropa, відавочна, звязанае з тра́паць, тро́паць ’стукаць нагамі, тупаць’ (гл.), параўн. роднасныя лат. trapa ’натоўп, куча’, алб. trap ’сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ’сцяжынка’ (Фасмер, 4, 105; Чарных, 2, 496–497; Брукнер, 577; ЕСУМ, 5, 649). Гл. таксама троп ’дарога, след’, трэп ’дарога, сцежка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Троп ‘след, крок’ (Нас., Касп., Сцяшк., Др.-Падб., Сл. Брэс.): некруцікі вучуцца хадзіць троп у троп (Нас.), ‘след на роснай траве’ (лун., Шатал.), ‘сцежка, слядзіна’ (Некр. і Байк., Мат. Гом.), ‘жыццёвы шлях’ (Сцяшк.), ‘кірунак, шлях, дарога’ (Адм.), ‘метад, спосаб, шлях да дасягнення мэты’ (Ласт.), у выразах збіць (збіцца) з тропу ‘выклікаць замяшанне, заблытаць’ (ТСБМ), тропу добы́тысь ‘дабраць розуму, скеміць’ (Клім.), шукаць тропу ‘шукаць дарогі’ (Кал.), узяць троп ‘знайсці след’, узяць (ухопі́ць) тропу ‘зведаць, убачыць, заўважыць след’ (ТС). Укр. дыял. троп ‘конская рысь з падскокам’, трип ‘адбітак нагі звера на снезе’, тріп ‘сцежка ў гарах’, польск. trop ‘адбітак следу звера на зямлі ці снезе’, ‘след, каляіна’, ‘след ад ступні’, ‘дарога’, ‘ход каня’, каш. trop ‘след’. Пераважна паўночнаславянскае ўтварэнне. Сюды ж далучаюць а спецыфічнай семантыкай славен. tróp, tropíne ‘жамерыны з вінаграду’, серб. тро̏п ‘тс’, ‘вытапкі масла’, ‘выскваркі сала’, ‘асадак’, ‘адстой’ і выводзяць прасл. *tropъ, утворанае з чаргаваннем галосных кораня ад дзеяслова *trepati ‘ўдараць, біць, трэсці, бразгаць’ з першапачатковым значэннем ‘выбітае, выціснутае, вытрасенае’, гл. тропаць, трапаць. Параўн. таксама лат. trapa ‘натоўп, вялікая колькасць, мноства’, алб. trap ‘сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ‘сцежка, сцяжынка’ (Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648; Вербіч, Студіі з ономастики та етимологіі. 2010, 290). Гл. таксама трапа, трэп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)