Недасе́ка ’насмешлівая мянушка таго, хто нарадзіўся ў Мсціславе’ (Нас.). Назва грунтуецца на гістарычным факце: «у 1654 годзе князь Трубяцкой спаліў Мсціслаў і выразаў 30 000 чалавек у 33‑тысячным горадзе, а тых, хто застаўся, і па сённяшні дзень не-не дый завуць «недасекамі» (Крыніца, 1989, 2, 18). Параўн. укр. недоломок ’прадмет не зусім зламаны, надламаны’ і ’пагардлівая назва людзей, часткова страціўшых сваю нацыянальнасць пад націскам чужой’ (Грынч.). З неда- ’недастаткова, не поўнасцю’ і сячы ’біць, рэзаць і пад.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мысль ’думка’, ’дума’ (ТСБМ, Яруш.), мыслі ’думкі’ (мядз., іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. мисль, мисля, рус. мысль, польск. myśl, н.-, в.-луж. mysl, чэш. mysl, славац. mysel, славен. mȋsel, mísel, серб.-харв. ми̑сао, макед. мисла, балг. мисъл, ст.-слав. мысль. Прасл. myslь традыцыйна выводзяць з mud‑tlь (Трубяцкой, ZfslPh, 2, 117) і падаюць роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. maũsti (maudžiù) ’ныць’, ’сумаваць’, ’вельмі жадаць’, ãpmaudas ’прыкрасць’, гоц. gamaudjan ’прыгадваць’, ufarmaudei ’забыццё’, ст.-грэч. μύθος ’мова, слова’, у Гамера ’думка’ μυθέομαι ’гавару, размаўляю, абмяркоўваю’, новаперс. mōye ’скарга’, магчыма, ст.-ірл. smūainim ’думаю’ (< *smoudniō). (Міклашыч, 208; Траўтман, 171; Мее, 416; Фасмер, 3, 25; Махэк₂, 385; Бязлай, 2, 185). Фрэнкель (420) адхіляе роднаснасць паміж слав. myslь і літ. maũsti і суадносіць з мудзіць (гл.). Тапароў (Этимология–1963, 5–43) пераканаўча сцвярджае, што прасл. myslь — стары аддзеяслоўны назоўнік *monslĭ‑ (< і.-е. *men‑), роднасны да mǫdrъ (гл. мудры), і параўноўвае з літ. mąslùs ’удумлівы, кемлівы, разважлівы’, mąstýti ’мысліць, меркаваць, разважаць’ (< і.-е. *man‑ < *men‑), звязваючы прасл. myslь з mьnitъ. Ва ўсх.-слав. мовах у лексемы myslь завужана семантыка, і яна амаль выцеснена прасл. duma > ду́ма (гл.) (Мартынаў, Лекс. взаимод., 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сем, Р. скл. сямі́ ‘лік і лічба’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. седмь, семь, семъ (Альтбаўэр). Укр. сім, Р. скл. семи́, рус. семь, Р. скл. семи́, стараж.-рус. семь, седмь, польск. siedem, палаб. siděm, каш. sėtme, в.-луж. sedom, sydom, н.-луж. sedym, чэш. sedm, славац. sedem, серб.-харв. се̏дам, славен. sédem, балг. се́дем, се́дъм, макед. седум ‘тс’, ст.-слав. седмь. Прасл. *sedmь. Гэта форма з’яўляецца вынікам змяшэння парадкавага лічэбніка *sedmъ і колькаснага *setь (аналагічна і ў ліч. pętь < pętъ, šestь < šestъ); падрабязна гл. Семерэньі, ВЯ, 1967, № 4, 9 і наст. Слав. *setь заканамерна працягвае і.-е. *septṃ‑, параўн. літ. septynì, лат. septiņi, ст.-інд. saptá, грэч. έπτά, лац. septem, ням. sieben ‘тс’; гл. Траўтман, 257; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Вальдэ-Гофман, 2, 517 і наст. Прычыну захавання ‑d‑ у заходне- і паўднёваславянскіх мовах (параўн. выпадкі з заканамерным яго выпадзеннем plemę < *pledmę, vymę < *vydmę) і страту яго ва ўсходнеславянскіх (Карскі, 1, 352 адзначае, што д выпадае часам у помніках XI ст.) Трубяцкой (ZfslPh, 4, 375 і наст.) тлумачыць розным часам працякання працэсаў асіміляцыі і скарачэння канцавой групы зычных. Гл. таксама Борысь, 545; Сной₁, 557; Фасмер, 3, 599; Шустар-Шэўц, 1396–1397; БЕР, 6, 579; ESJSt, 13, 797; Нов. в рус. этим., 205; SEK, 4, 259–260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́да1 ’каханы (каханая), любы (любая), мілы (мілая)’ (ТСБМ), ’муж’ (паўд.-усх., КЭС), ’(згодна з нашай міфалогіяй) выдатная багіня прашчураў, жонка бога Сонца і маці бога Ярылы’ (КЭС, лаг.), зах.-бран. ’нялюбы муж’. Укр. лада ’старажытнаславянская багіня’, ладо‑ладо! ладі‑ладі! ’прыпеў у фальклорных песнях’, ’мужык’, ’жонка’, ладува́ти ’спяваць вясельныя песні’; рус., ст.-рус. лада ’муж, жонка’, ладо, ладый ’мілы, каханы каханая’, ц.-слав. ладо ’каханы’; польск. łado! łado! ’прыпеў у вясельных песнях’ (Любліншчына, Холмшчына), ст.-польск. łado ’вокліч, назва бога’ (XV ст.), в.-луж. łado ’распусніца’, ст.-чэш. lada ’цнатлівая дзяўчына’, магчыма, і славен. lada ’крык’, lado gnati ’лямантаваць, хныкаць’, ládati ’спяваць’ (гл. Куркіна, Этимология–1976, 22), серб.-харв. ла̏да ’паэтычная назва замужняй жанчыны’, ла́дати ’спяваць напярэдадні вясенняга Юр’я, ідучы ад хаты да хаты: łado (m)oj, lado le, lȃdo, lȃdole — прыпеў у народнай песні, балг. лада ’другая дачка ў сям’і, што (у вясельнай цырымоніі) ідзе за вадой, з якой пасля варожачы дастае пярсцёнак’. Прасл. lada звязана з ladъ > лад (гл.) асноўным значэннем ’адпаведны, роўны, згодны’ (Крэчмер, Glotta, 30, 91–92; Фасмер, 2, 447; Слаўскі, 4, 420–421). Нельга згадзіцца з Махэкам₂ (317), які ўслед за Полакам (LF, 70, 27) адносіць слова да ліку чарнаморскіх, малаазіяцкіх. Выпадковае падабенстваз авар. tladi, λadi ’жанчына’ (Лідэн, KZ, 56, 223; Трубяцкой, BSL, 23, 199–200); Будзімір (RJAZU, 309, 97) звязвае прасл. lada са ст.-грэч. Λήτα, Λητώ, лац. Latōna, этрус. Voltumnus і інш. — усе з і.-е. *veldh‑ ’валодаць, панаваць’ > *vlāhā. Міклашыч (159) лексему lada звязвае з такімі, як чэш. láska ’каханне’, ladný, слав. lagoda, лац. Latōna, лік. lada ’пані’. Самая новая этымалогія ў Трубачова (История терм., 99–101) — з і.-е. *al‑ ’расці’, *al‑dho‑s ’які вырас’. Гл. таксама этымалогію да лада: Menges, Oriens, IX, 1956, 86–94.

Ла́да2 ’прыгатаванне’ (КЭС, лаг.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ладзіць ’рыхтаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)