трашча́ць

дзеяслоў, непераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 2-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. трашчу́ трашчы́м
2-я ас. трашчы́ш трашчыце́
3-я ас. трашчы́ць трашча́ць
Прошлы час
м. трашча́ў трашча́лі
ж. трашча́ла
н. трашча́ла
Загадны лад
2-я ас. трашчы́ трашчы́це

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

трашча́ць, -чу́, -чы́ш, -чы́ць; -чы́м, -чыце́, -ча́ць; -чы́; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Утвараць трэск.

Лёд трашчыць.

2. Утвараць гукі, падобныя на трэск (пра насякомых).

Т. начныя цвыркуны.

3. перан. Хутка, многа, не змаўкаючы гаварыць.

Яна можа т. гадзіну без перапынку.

4. перан. Быць напярэдадні краху, распаду; знаходзіцца пад пагрозай зрыву.

План па перавозках грузаў трашчыць.

5. Пра вельмі моцны мароз.

На двары трашчыць мароз.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

трашча́ць несов.

1. в разн. знач. треща́ть;

лёд ~шчы́ць — лёд трещи́т;

падло́га ~шчы́ць — пол трещи́т;

маро́з ~шча́ў — моро́з треща́л;

у траве́ ~шча́лі ко́нікі — в траве́ треща́ли кузне́чики;

пясо́к ~шча́ў на зуба́х — песо́к треща́л на зуба́х;

ко́фтачка ~шчы́ць па швах — ко́фточка трещи́т по швам;

~шча́лі аўтама́ты — треща́ли автома́ты;

гэ́ты чалаве́к ~шчы́ць не сціха́ючыэ́тот челове́к трещи́т без у́молку;

галава́ ~шчы́ць — голова́ трещи́т;

2. (от изобилия) ломи́ться;

сталы́ ~шча́лі ад яды́ — столы́ ломи́лись от еды́;

за вуша́мі ~шчы́ць — за уша́ми трещи́т;

т. па ўсіх швах — треща́ть по всем швам

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

трашча́ць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; незак.

1. Утвараць трэск (у 1 знач.). Ступіць не паспееш два крокі — Лядок яшчэ тонкі трашчыць. Прыходзька. Дах трашчаў, развальваўся, са скрыгатам спаўзаў уніз. Хомчанка. Сухія сцябліны трашчалі пад нагамі, лісце чаплялася за рукі. Даніленка. Весела трашчалі ў печы сухія бярозавыя дровы. Васілевіч. / Пра моцны мароз. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. Мароз трашчыць, снягі мяце, Снягір, як макаў цвет, цвіце, Спявае, весяліцца, Марозу не баіцца. Хведаровіч. // Рабіць рэзкі шум, грукат, стук і пад. Матацыкл, фыркае раз, другі і раптам аглушальна трашчыць. Жычка. Трашчаў будзільнік доўга і звонка. Гаўрылкін. Трашчалі бульдозеры, разраўноўваючы зямлю для бетоннай падушкі. Паслядовіч. Трашчалі аўтаматы і кулямёты, глуха бухалі гранаты, а потым пракацілася гулкае «ура!». Няхай. // Утвараць траскучы гук. Пясок трашчыць на зубах. // Абзывацца гукамі, падобнымі па трэск (пра насякомых, птушак). У лесе цішыня, толькі начныя цвыркуны.., забыўшыся на сон, трашчаць увесь час. Ігнаценка. Сарока-белабока Трашчыць тут недалёка. Астрэйка. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. перан. Хутка, доўга, не змаўкаючы, гаварыць; гаварыць без патрэбы. Маці маю, у гутарцы са мною, .. [Болесь] ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады. Гарэцкі. Я чужой зямлі не зычу ліха. Гід, канчай, над вухам не трашчы! Панчанка.

3. Быць перапоўненым, запоўненым кім‑, чым‑н. Людзей сабралася столькі, што аж клуб трашчаў. Навуменка. Сенам пуня пабіта, З дабром ток аж трашчыць. Купала. // Разм. Напоўніцца звыш моры. Жывот трашчыць ад вады. □ — Наеўся бульбы з селядцамі, аж пуза трашчыць, — апраўдваўся Алесь. Ваданосаў. // Разм. Ламацца ад дастатку, вялікай колькасці чаго‑н. Ад смажаніны і вяндліны трашчалі сталы. «ЛіМ». Прасторная хата Чаборыхі, як звалі ў Бярозаўцы Маніну матку, застаўленая шырокімі сталамі, якія трашчалі ад яды і выпіўкі, была поўна людзей. Васілевіч. // Разм. Быць цесным (пра адзенне). Кароценькі, цесны халат аж трашчыць на .. дужых плячах [Кузьмы Цопы]. Асіпенка.

4. перан. Быць напярэдадні краху, распаду. Каланіялізм ужо трашчыць хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». // Быць над пагрозай зрыву, невыканання. Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Пташнікаў. Тысячы маіх землякоў валам валяць на поўдзень лячыцца. Трашчаць і стогнуць дарожныя і паветраныя графікі. Пянкрат.

•••

Аж за вушамі трашчыць — хутка, з апетытам (есці).

Галава трашчыць гл. галава.

Трашчаць па ўсіх нівах — быць пад пагрозай краху, развалу, распаду, зрыву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трашча́ць (трашчэ́ць, трашча́ць, трышча́ць) ‘утвараць траскучы гук, трэск’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Гарэц., Пятк. 2, ТС), ‘цвыркаць’ (даўг., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад пераядання (пра жывот)’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ‘стракатаць (пра сароку)’ (брэсц., паўд.-мін., зах.-гом., ЛА, 1), трышчя́тэтрашчаць (аб марозе)’ (кам., Сл. ПЗБ), трашча́ць ‘моцна балець (пра галаву)’ (Ян.), ‘хутка, гучна гаварыць, гаварыць не змаўкаючы’ (мёрск., Нар. лекс., ТСБМ, Мат. Маг.), трышча́цітрашчаць’ (Вруб.), трашчэ́ць ‘бразгатаць, брынчаць (пра пабітую міску)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трещати, трищатитрашчаць’ (ГСБМ). Сюды ж трашчо́тка ‘прыстасаванне для ўтварэння трэску, шуму, стуку, лёскату’, ‘балбатуха; чалавек, які вельмі хутка гаворыць’ (ТСБМ, Мат. Маг. 2, Шат.), ‘гаваркая жанчына’ (Нар. Гом.); ‘клін для ўмацоўвання пярэдняга навоя ў кроснах’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ‘машына для ачышчэння лёну’ (ТСБМ). Параўн. укр. тріщати, рус. трещать, польск. trzeszczeć, чэш. třeštět, славац. trešťať, славен. treščati, балг. трещя́, макед. трешти. Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, параўн.: лес схіляецца чуць не да зямлі, трашчыць і стогне (Сержп. Прымхі, 35); роднаснае літ. treškėtiтрашчаць, ламацца’ (Борысь, 649). Гл. трэск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трашчаць, патрэскваць, хрусцець, храбусцець, хрупаць, хрупасцець

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

патрэ́скваць, -аю, -аеш, -ае; незак.

Трашчаць злёгку, час ад часу.

Пад нагамі патрэсквала галлё.

|| наз. патрэ́скванне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чараця́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Пеўчая птушка атрада вераб’інападобных, якая жыве ў чароце і ўзбярэжных кустах.

Трашчаць няспынна чарацянкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

затрашча́ць, -чу́, -чы́ш, -чы́ць; -чы́м, -чыце́, -ча́ць; -чы́; зак.

Пачаць трашчаць.

Затрашчалі дошкі памоста.

Пінжак затрашчаў па швах.

Затрашчалі на агні яловыя лапкі.

Затрашчалі конікі ў траве.

Затрашчалі аўтаматы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

трашчэ́ць

дзеяслоў, непераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 2-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. трашчу́ трашчы́м
2-я ас. трашчы́ш трашчыце́
3-я ас. трашчы́ць трашча́ць
Прошлы час
м. трашчэ́ў трашчэ́лі
ж. трашчэ́ла
н. трашчэ́ла
Загадны лад
2-я ас. трашчы́ трашчы́це
Дзеепрыслоўе
цяп. час трашчучы́

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)