трафе́й

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. трафе́й трафе́і
Р. трафе́я трафе́яў
Д. трафе́ю трафе́ям
В. трафе́й трафе́і
Т. трафе́ем трафе́ямі
М. трафе́і трафе́ях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

трафе́й, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Узбраенне і ваенная маёмасць, захопленыя ў пераможанага праціўніка.

Ваенныя трафеі.

2. Рэчы, здабыча як сведчанне або вынік перамогі, поспехаў у якой-н. галіне.

Паляўнічыя трафеі.

3. Арнаментальнае ўпрыгожанне ў выглядзе ваенных даспехаў.

|| прым. трафе́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

трафе́й, ‑я, м.

1. часцей мн. (трафе́і, ‑яў). Узбраенне і ваенная маёмасць, захопленыя ў пераможанага праціўніка. Трафеяў знайшлі не дужа багата: адну нямецкую вінтоўку без затвора, патроны розных калібраў, ракетніцу і дзве гранаты. Сіняўскі. Не ўратавалі і адхонныя скалы, і навейшая зброя імперыялістаў: фалангістаў разбілі ўшчэнт, і багатыя ваенныя трафеі напоўнілі арсенал пераможцаў. Кухараў.

2. часцей мн. (трафе́і, ‑яў). Рэчы, здабыча як сведчанне або вынік перамогі, поспеху ў якой‑н. галіне. Паляўнічыя трафеі. □ Акуратненька ачысціўшы ад пяску,.. [Лабановіч] палажыў грыбы ў хустачку і з гэтымі трафеямі пайшоў далей. Колас. Амаль з кожных спаборніцтваў .. [Мечыслаў Палом] вяртаецца са спартыўнымі трафеямі. «Беларусь».

3. Арнаментальнае ўпрыгожанне ў выглядзе ваенных даспехаў.

[Фр. trophée.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Зрабіць больш поўным, дабавіўшы чаго‑н.; павялічыць. Папоўніць роту. □ Багатыя ваенныя трафеі напоўнілі арсенал пераможцаў. Кухараў. Марта паспяшыла папоўніць закуску смятанаю з блінцамі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кары́сць, укр. користь, рус. корысть, чэш. kořist ’здабыча, трафеі’, польск. korzyść ’карысць’, серб.-харв. ко̏рист, славен. korȋst ’здабыча’. Зыходнае значэнне ’здабыча’ (Фасмер, 2, 343). Тады прасл. koristь ад koriti ў значэнні ’пакараць’ (чэш. kořiti, в.-луж. korić, рус. корить і інш.) (Міклашыч, 130), гл. карыць. Аднак гэта версія не мае тлумачэння з пункту гледжання словаўтварэння. Мы не ведаем суфікса ‑stь, з дапамогай якога б фарміраваліся назоўнікі ад дзеясловаў. Вельмі праблематычная версія аб koristati < ko‑ristati (ristati ’гнацца’) (Варбот, Этимология, 1970, 65–70). Іншыя этымалогіі яшчэ менш надзённыя. Агляд версій гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 71–73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цвісці́, цвіту, цвіцеш, цвіце; цвіцём, цвіцяце; незак.

1. Раскрывацца, распускацца (пра кветкі). Спарыш і дзяцельнік гусціліся ля дарог, цвілі і вялі жоўтыя кветкі. Чорны. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей. // Мець кветкі; быць пакрытым кветкамі. На полі першая раса. І сталі яблыні цвісці... Броўка. Сад цвіў густа і дружна. Дуброўскі. Касі луг, як цвіце. З нар. / у перан. ужыв. Паглядзі, як наўкол прыгожа, Калі неба цвіце на ўсходзе. Гілевіч. На Санькавым твары цвіце вясёлая ўсмешка. Якімовіч. Густою чырванню цвілі На мне мае бінты. Пысін.

2. перан. Знаходзіцца ў стане фізічнага росквіту; быць здаровым, прыгожым. «Цвіце кабета, хоць і турбот у яе багата», — мімаволі падумаў Ваўчок. Хадкевіч. // Быць радасным, ажыўленым. Пералічваючы ў лагеры захопленыя трафеі, партызаны цвілі ад радасці. Бураўкін. Аляксей заўсёды цвіце ўсмешкай, яго можна назваць сімпатычным. Навуменка.

3. перан. Паспяхова развівацца, квітнець. Нядаўна тут цвіло, дыхала прыгожае, зайздроснае жыццё. Лупсякоў. Наша мова, якая вякамі пагарджалася, нарэшце цвіце і красуе разам з народам. Дамашэвіч.

4. Пакрывацца цвіллю. Спрадвеку цвіла вада ў гэтых сажалках. «Звязда». Уставайце, хлеб даядайце, а то вы спіцё, а хлеб цвіце. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ві́цязь (БРС). Рус. ви́тязь, укр. ви́тязь, ст.-рус. витязь, в.-луж. wićaz ’герой; селянін, арандатар’, чэш. vítěz, славац. víťaz, славен. vȋtez, серб.-ц.-слав. витѧѕь, серб.-харв. ви̏те̑з, балг. ви́тез, макед. витез. Ст.-прус. witing (з 1299 г.) ’служылае дваранства’ запазычана з польск. (Брукнер, AfslPh, 20, 485; ZfslPh, 2, 296). Большасць даследчыкаў лічаць славянскае слова запазычаным з герм., але канкрэтны шлях запазычання няясны. Фасмер (1, 322 і наст.) і інш. (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Стэндэр–Петарсан, ZfslPh, 4, 44 і наст.; Шварц, ZfslPh, 2, 105; Янка, WuS, 1, 108 і наст.) узводзяць vitędzь да герм. *vikíng‑, ст.-ісл. víkíngr, якія звязаны са ст.-саксон. wîk ’жыллё’, ст.-в.-ням. wîch ’тс’; славянская форма ўзнікла ў выніку другой палаталізацыі і дысіміляцыі. Тлумачэнне слова як запазычання са ст.-ісл. hvítingr ’светлавалосы, знатны’ (Янка, там жа; Экблом, ZfslPh, 16, 272 і наст.) не пераконвае, таму што яно не ўлічвае распаўсюджання слова ў в.-луж. і серб.-харв. мовах. Маркварт (Festschrift. V. Thomsen, 104) атаясамлівае англа-сакс. Wicingas з эруламі, якія рабілі набегі з III ст. н. э. і былі адціснуты датчанамі толькі ў VI ст., і тым самым тлумачыць наяўнасць слова ў серб.-харв. Шварц (там жа) указвае на магчымасць распаўсюджання слова лангабардамі або варнамі. Мартынаў (Лекс. взаим., 105) выводзіць слав. vitędzь з прагерм. wīkinga*wīginga), якое ў сваю чаргу было ўтворана ад wīgan ’змагацца, забіваць’ пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑inga, г. зн. wīginga ’пабеданосны воін’. Версіі славянскага паходжання ад *vit ’дабыча, трафеі’ з суф. ędzь (Брукнер, 658; AfslPh, 42, 139 і ZfslPh, 6, 64) і ад вітаць ’абітаць’ (Янка, Slavia, 9, 343; Младэнаў, 68) малаверагодныя. Падрабязна літаратуру гл. Фасмер, 1, 322 і наст. і Шанскі, 1, В, 111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)