Тарно́ ’чал, вяроўка, якой вадаплаў прымацаваны да берага’ (Ласт.). Відаць, наватвор Ластоўскага на аснове тарнава́ць2 (гл.) па тыпу стырно (гл.), карно́ ’карма’ (Ласт.) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарано́ўка ’вялікая шарсцяная хустка ў яркія кветкі, звычайна фабрычнай работы’ (Бел. нар. адзенне, Сцяшк. Сл.; слуц., Нар. словатв.; Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’вялікая квяцістая хустка з махрамі’ (Жд. 2), ’вялікая квяцістая хустка ядвабнай работы’ (Паўл.), тарно́вка, тэрно́вка ’шарсцяная хустка ў кветкі’ (Сл. Брэс.), тарыну́ка ’невялікая хустка з воўны’ (навагр., З нар. сл.), церно́ўка ’шаліноўка’ (ТС), тарыно́ўка, терыну́ўка, терно́ўка, таріно́ўка, тарно́ўка, церно́ўка ’шарсцяная хустка са шлякам’ (Лекс. Бел. Палесся). Варыянтнасць сведчыць пра запазычанасць зыходнай формы. Звычайна звязваюць з імем французскага ўладальніка мануфактуры Тарно (Ternaux), адкуль ням. Ternauxwelle, рус. терно́ ’тонкая тканіна з шэрсці казы, кашамір’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 556). На ўтварэнне “поўнагалосных” форм і асабліва формы тарнатоўка (гл.), магло паўплываць збліжэнне са ст.-бел. тарантова́тый ’у яблыкі (конь)’ (Булыка, Лекс. запазыч., 124), таранта́вый ’белай масці з чорнымі або гнядымі плямамі’ (1565 г., КГС), што з польск. tarantowy ’стракаты, белы, з чорнымі плямамі’ (першапачаткова пра масць), параўн. укр. таранова́тий, таранкува́тий ’плямісты, стракаты, белы, з чорнымі або іншага колеру плямамі’, адносна паходжання якіх гл. Брукнер, 565; ЕСУМ, 5, 519.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарнава́ць1 ’малаціць перавернутыя неразрэзаныя снапы’ (Нас.), ’малаціць неразвязаныя снапы’ (Байк. і Некр.), ’малаціць перакуленыя неразрэзаныя снапы’, ’адбіваць калоссе і адкідваць яго ўбок’ (Касп., Стан.). Параўн. рус. дыял. тарнава́ть ’малаціць збожжа ў снапах, папераменна іх пераварочваючы’, торно́вка ’малацьба звязаных снапоў’. Гл. тара́ніць ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (гл.), паводле Насовіча (Нас.), звязана з таран2 (гл.). Няясна. Рускія словы выводзяць са сторновать ’тс’, якое суадносяць са стернь (Праабражэнскі, 2, 385; Фасмер, 4, 84), гл. сцёран2, стырня, або са сторона (Новое в рус. этим., 219), гл. старана.

Тарнава́ць2 ’табаніць, прычальваць, прыставаць да берага’ (Ласт.), ’кіраваць, накіроўваць у пэўным напрамку’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’тармазіць, затрымліваць (плыт)’ (віл., іўеў., брасл., Сл. ПЗБ), тарнава́цца ’швартавацца’ (карэліц., ЖНС). З мовы плытагонаў, параўн.: “Гануля тарнуй: выкрык плытнікаў на Нёмане, азначаючы каманду прыбіваць плыт да берагу” (Ласт., 698). Няясна; мяркуюць пра сувязь з ням. steuern ’кіраваць’ (Сл. ПЗБ, 5, 90). Гл. таксама тарно, тарнавы.

Тарнава́ць3 ’біцца ў канвульсіях’: тарну я кунвурсія; тарнуе (пра эпілепсію) (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’трэсціся ў ліхаманцы’ (Жд. 1), ’турбаваць, хваляваць’ (Растарг.), тарнава́цца ’калаціцца ад злосці, страху’ (Жд. 1), ’мардавацца’ (жлоб., Нар. словатв.), ’неспакойна стаяць, кідацца ва ўсе бакі’ (чач., ЖНС), ’насіцца, бегаць’ (Ян.), ’гарэзіць, шумець (пра дзяцей)’ (ветк., Ск. нар. мовы), сюды ж таранава́ць ’пра стан, калі чалавек неспакойна сябе паводзіць’ (там жа). Запазычанне, параўн. польск. дыял. tarny ’мурашкі, дрыжыкі (на целе)’, tarnieć ’дранцвець’, tarnąć ’церпнуць’, што, паводле Брукнера (566), з першаснага *tarpnąć, гл. цярпець, церпнуць.

Тарнава́ць4 ’прыстасоўваць, прымяняць’ (Стан.), ’адносіць; рабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення’: ён гэта тарнуе да мяне (віл., Стан.), тарнава́цца ’прыстасоўвацца’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’уладкоўвацца, размяшчацца’, ’прыстасоўвацца, дапасоўвацца’ (віл., Стан.). Наватвор 20‑х гадоў на базе тарнаваць3 з першасным значэннем ’турбаваць, хваляваць’; зафіксавана ў першым выданні слоўніка братоў Гарэцкіх (Гарэц. 1) у прыставачным дзеяслове прытарно́ўваць ’прыстасоўваць, дапасоўваць’, параўн. у сучасным ужыванні тарнаванае мастацтва ’ўжытковае, прыкладное мастацтва’ (Беларусіка, 19, 226), з далейшым развіццём значэння ’дастасоўвацца, датычыцца’.

Тарнава́ць5 ’цягнуць, несці, везці цяжкае ці вялікае’ (Мілк.). Відаць, звязана з тараніць3 ’несці’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)