Сітцо́ ‘сузор’е Плеяды’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк.; паст., лях., шальч., узд., Сл. ПЗБ), сі́тцы ‘тс’ (Касп.), сітцо́ ‘сузор’е Дзевы’ (Жд. 3), сі́тко ‘тс’ (Сержп. Грам.), сі́цечка ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.) ‘тс’, сі́тка, сі́тко́, сі́точка, сі́тца ‘сузор’е Вялікая Мядзведзіца’ (смарг., паст., віл., шчуч., гродз., Сл. ПЗБ; ЛА, 2). Да сіта (гл.); сузор’і названыя па скапленні невялікіх зорак, параўн. “…гусценька-гусценька звёзды садзяць” (Сл. ПЗБ). Паводле Машынскага (Atlas, 1, 3), назвы з такой матывацыяй вядомыя ў Беларусі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і інш. краінах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́тца. Гл. сітцо.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́та ‘прылада для прасейвання’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ), сі́то ‘тс’ (ТС), сіто́ ‘тс’ (воран., Сл. ПЗБ), сі́тка ‘сіта’ (Сл. ПЗБ), сі́тко, сітко́, сітцо́ ‘пчалярская сетка для засцярогі ад пчол’ (Шат., Сцяшк., Скарбы, Мат. Гом., З нар. сл., Сл. ПЗБ). Укр., рус. си́то, польск. sito, н.-луж. syto, чэш. síto, славац. sito, серб.-харв. си̋то, славен. síto, балг. си́то, макед. сито ‘тс’. Прасл. *sito утворана ад *sěti (гл. сеяць) з суф. ‑to; гл. Слаўскі, SP, 2, 39. Слова мае балтыйскія адпаведнікі, параўн. літ. síetas ‘дробнае сіта’, лат. siêts ‘тс’ (Траўтман, 254; Мюленбах-Эндзелін, 3, 836, 861; Міклашыч, 296; Фасмер, 3, 628). Інакш Махэк₂ (545), які ўтварае ад дзеяслова *sějati ‘сеяць’ < *sēi‑o‑ з першасным значэннем ‘трэсці нечым’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1403; БЕР, 6, 709. Ужо Міклашыч (296) дапускаў сціранне розніцы паміж зыходнымі лексемамі са значэннем ‘сеяць’ і ‘прасяваць’, якія ўспрымаюцца як амонімы, гл. ESJSt, 13, 810.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́шата1 ’прылада для прасейвання мукі ў выглядзе шырокага абруча з сеткай’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), ’надзвычай рэдкае сіта’ (Янк. Мат.), рэ́шато ’рэшата’ (Сцяшк.), рэшэто, рышыто ’тс’ (Сл. Брэс.), рэшота, рэшото, рэшэто ’тс’ (ТС); сюды ж рэшатнік ’хто вырабляе рашоты’ (Сл. ПЗБ). Укр. ре́шето, рус. решето, польск. rzeszoto, палаб. rîsetü, в.-луж. ŕešo, чэш. řešeto, славац. rešeto, славен. rešétọ, серб., харв. решѐто, макед. решето, балг. реше́то. Прасл. *rešeto. Паводле асноўнай семантычнай прыметы (’рэдкае перапляценне’) часта звязваюць з асновай *rěch‑ (параўн. рус. прореха, бел. прарэх) < *rěd‑ch < rědъkъ ’рэдкі’ (Праабражэнскі, 2, 237; Брукнер, 476; Чарных, 2, 115). На карысць гэтай версіі можна прывесці літ. rẽtis ’рэдкасць; рэшата’. Але Фасмер, прымаючы гэтую версію ў семантычных адносінах, лічыць неверагодным вывядзенне прасл. *rešeto ад *rědъkъ, паколькі давялося б прымаць чаргаванне галосных у першым складзе. Паводле іншай версіі, прасл. *rešeto суадносяць з літ. rezgu, regti ’плесці, вязаць’, лат. režģis ’сетка; краты’ (Махэк₂, 530). Фасмер лічыць такое параўнанне неапраўданым фанетычна (Фасмер, 3, 479). А паводле Куркінай, на славянскай глебе і.-е. корань *rezg‑ перанёс некаторыя змены, пры якіх меў месца пераход zg > sk > x/š (Куркіна, Этимология–1974, 54).

Рэ́шата2 рэшота, рэшото, рэшэто ’стаўная рыбалоўная пастка’ (ТС). Да рэшата1 (гл.) паводле знешняга падабенства, паколькі гэтая прылада мае выгляд рэдкай сеткі з абручамі.

Рэ́шата3 (рэшэто) ’рашэтнік, падрашэтнік (грыб)’ (ТС). Гл. рашэтнік.

Рэ́шата4 (рэшэто) ’гульня, падобная да гульні ў класы’ (ТС). Да рэшата1 (гл.), паколькі для гэтай гульні на зямлі крэсляць лініі, якія утвараюць рэдкую сетку.

Рэ́шата5 астр.сітцо (Вялікая Мядзведзіца)’ (Сл. ПЗБ), астрав. ’Пляяды’ (Федар., 1, 150). Паводле легенды, тры каралі пакінулі сіта, з якога сыпалі авёс сваім коням, разам з дарункамі для Ісуса. Гэтым сітам карысталася Божая Маці, а пасля ўзнясення на неба, павесіла яго сярод зорак. Паводле Купішэўскага ў балтаў і фінаў назва гэтага сузор’я мае семантыку ’сіта’ (Władysław Kupiszewski. Polskie słownictwo z zakresu astronomii i miar czasu. Warszawa, 1974. S. 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)